Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў
Шрифт:
А між тым в порядке вещей — гэта паводле свайго ўзнікнення не ўласна рускі фразеалагізм, а калька з французскай мовы: с’еst dans J’оdre dеs сhоsеs (літаральна «гэта ў парадку рэчаў»). Таму ў форме ў парадку рэчаў ён мае ўсе падставы на функцыянаванне і ў беларускай літаратурнай мове. Сведчаннем яго нарматыўнасці з’яўляецца маўленчая практыка аўтарытэтных аўтараў. Ён шырока выкарыстоўваецца ў нашым друку. Вось толькі тры прыклады з вялікага мноства: «Цяжар таго, што застаецца толькі тваім, да болю ясны позірк на самога сябе збоку, незадавальненне сабой наогул і апошняй работай у прыватнасці. Няўжо гэта — у парадку рэчаў, нармальна?» (Я. Брыль); «Жонка бегала па магазінах, варыла, мыла бялізну, нават машыну вадзіла. Ён [муж] лічыў, што гэта ў парадку рэчаў» (І. Навуменка); «Тут усё ў парадку рэчаў А зямля так пахне зямлёй!» (А. Вярцінскі).
Як бачым, і ў нашай мове, гэтак жа, як у французскай, рускай і некаторых іншых, фразеалагізм ужываецца як выказнік, часцей пры дзейніку-займенніку гэта, і абазначае ‘звычайна, нармальна, натуральна’. Можна спадзявацца, што беларускія акадэмічныя слоўнікі ўключаць гэты выраз у фразеалагічны фонд мовы як неаспрэчны моўны факт.
2. У беларускай літаратурнай мове ёсць каля 300 фразеалагізмаў з нерэальным вобразам у іх аснове. Іх узнікненне — плён народнай фантазіі. Асобныя з іх склаліся і пад пяром пісьменнікаў. Напрыклад, К. Крапіва стварыў выраз выдраць лысаму валоссе, З. Бядуля — рыцар ночы, К. Чорны — адмыкаць адамкнёныя дзверы.
У аснову гэтых і падобных фразеалагізмаў пакладзены прыдуманыя, нерэальныя вобразы, вельмі многія з іх сэнсава алагічныя: ваду ў ступе таўчы, грушы на вярбе, дзірка ад абаранка, сёрбаць лапцем боршч, голаму за пазуху, як босаму разуцца, сабакам сена касіць, сем пятніц на тыдні, ад яйца адліць, вароты пірагамі падпёрты (у каго), выходзіць сухім з вады, абуць сэрца ў лапці, смаловы дуб, бярозавая каша, цырк на дроце і шэраг іншых залацінак народнай мудрасці.
Сюды можна было б аднесці і фразеалагізм птушынае малако, але гэта патрабуе некалькіх агаворак.
Па-першае, у адрозненне ад папярэдніх, ён інтэрнацыянальны, яго ўжываюць (з такой самай вобразнасцю, значэннем, стылістычнай афарбоўкай і аднолькавай ці пашыранай граматычнай структурай) не толькі славяне, але і грэкі, італьянцы, іспанцы, французы, літоўцы, татары, венгры, албанцы і шмат якія іншыя народы. Выраз з’яўляецца калькай з грэчаскай мовы: gаlа огпithon (літаральна «малако птушынае»). Ён неаднаразова сустракаецца ў творах старажытных грэчаскіх паэтаў, якія, апяваючы прыродныя багацці вострава Самаса, пісалі, што там ёсць нават птушынае малако.
Па-другое, у беларускіх, рускіх, украінскіх і польскіх тлумачальных і фразеалагічных слоўніках выраз падаецца не як двухкампанентны, а ў пашыранай граматычнай структуры — толькі (аднаго) птушынага малака няма (не хапае, бракуе) у каго — і абазначае ‘усяго ўволю, удосталь’. Напрыклад: «Пра Казіміра Ляшчынскага гаварылі, што ў таго не хапае толькі птушынага малака» (М. Парахневіч). Праўда, як будзе далей паказана, на самай справе ў нашай мове выраз існуе і як назоўнікавы — у форме птушынае малако.
Па-трэцяе, можна меркаваць, што на ўзнікненне гэтага фразеалагізма паўплывалі не прыдуманыя, а рэальныя з’явы з жывёльнага і расліннага свету. Як вядома, шмат якія птушкі, напрыклад галубы ці пінгвіны, кормяць сваіх птушанят падобнай на малако тварожыстай масай, што выпрацоўваецца ў валляку бацькоў-птушак. Біёлагі называюць такую ежу птушыным малаком. I яшчэ: ва ўсіх батанічных даведніках адна з раслін мае назву птушкамлечнік (оrnithодаlum), вядомую ўжо старажытным рымлянам. Гэта — цыбулевая расліна з бязлістым сцяблом (кветкавай стрэлкай) і прыкаранёвым лісцем. Сокам гэтай расліны, якую ў народзе называюць птушыным малаком, ласуюцца птушкі. Такім чынам, птушкамлечнік можна лічыць першым значэннем фразеалагізма птушынае малако. Прыклад з рамана З. Бядулі «Язэп Крушынскі»: «— Не бойся, маленькая, — супакойвае Настачка. — На табе птушынае малако! — Настачка нагінаецца, адрывае траўку пад назваю „птушынае малако“. 3 сцяблінак мяккай расліны паказваецца густы, як малако, сок».
Найбольш вядомае ж і ўсім знаёмае значэнне гэтага фразеалагізма — ‘нешта неверагоднае, казачнае, яўна немагчымае (часцей пра яду)’: «У нас, бывае, разбэшчваюць спартсменаў з самых юных гадоў Ты толькі выступі добра, а мы табе і птушынага малака не пашкадуем. Рэкорды спартсменаў адыходзяць, а звычка да птушынага малака застаецца» (М. Замскі); «У рэстаранах гэтых, казалі, хіба толькі птушынага малака не падавалі» (І. Шамякін); «Сакратар [паслаў мяне] да вас. У нёго, кажэ, все е, і картопля, і, калі захочаце, птушынае малако»(А. Макаёнак); «Лідачка старалася ўсяк дагадзіць яму. Каб захацеў ён птушынага малака, то, здаецца дастала б» (Г. Далідовіч); «Чаго ж у нас бракаваць будзе? Птушынага малака хіба?» (І. Козел). Дарэчы, у англійскай мове прыметнікавы кампанент фразеалагізма з гэтым значэннем іншы, канкрэтызаваны: рідеоп's тіlk (літаральна «галубінае малако»).
Птушыным малаком называюць яшчэ і вельмі смачны торт, а таксама цукеркі асобнага гатунку: «Няёмка спрачацца з прадстаўнікамі радыяцыйнай службы, бо няма ніякіх сумненняў, што яны добра ўяўляюць абстаноўку ў пацярпелых раёнах, калі іх не заманіш у забруджаныя мясціны нават птушыным малаком — дэфіцытам, які сапраўды вырабляецца з мясцовых прадуктаў у брагінскай кулінарыі» (А. Крыга); «Люда знайшла на вышках у саломе скрынку з-пад „птушынага малака“» (В. Бабкова).
3. Апошнім часам сталі даволі моднымі асобныя выразы і словы. Сустракаючы іх у друкаваных тэкстах ці чуючы ў вусным маўленні, не заўсёды лёгка дакапацца да іх сэнсу. Ды і многія з тых, хто іх ужывае, наўрад ці адкажуць, што абазначае той ці іншы выраз або слова. У свой час Леў Талстой, можа, і занадта сурова ставіўся да такіх выпадкаў: «Калі б я быў цар, то выдаў бы закон, што пісьменнік, які ўжыў слова, значэнне якога ён не можа растлумачыць, пазбаўляецца права пісаць і атрымлівае сто ўдараў розгаў».
Часцей парушаюць дакладнасць маўлення якраз не пісьменнікі, а людзі іншых прафесій. За апошнія два гады я выпісаў з газет, часопісаў, кніг больш як 30 прыкладаў з ужываннем фразеалагізма па вялікім рахунку. Немагчыма зразумець, што значыць гэты выраз, напрыклад, у такіх сказах: «Уся мая хітрасць, па вялікім рахунку, — у прастаце, у адмаўленні ад „цяжкавагавых“ тэхналогій навучання замежнай мове»; «Калі настаўнік сам для сабе не вызначыць цвёрдай грамадзянскай пазіцыі, мала верагодна, што выхаванцы яго стануць сапраўднымі патрыётамі Беларусі, ды і ўвогуле па вялікім рахунку людзьмі».
У беларускую мову гэты фразеалагізм прыйшоў як паўкалька з рускай мовы (по большому счету), дзе ён упершыню быў ужыты ў рамане В. Каверына «Здзяйсненне жаданняў» (1935), але стаў шырока выкарыстоўвацца ў газетных жанрах толькі ў 1960-х гадах — пасля 3-га выдання згаданага рамана масавым тыражом у 1959 г. У В. Каверына гэты выраз склаўся на базе іншага — гамбургскі рахунак, — папулярнага ў літаратараў 1920–1930-х гадоў, асабліва пасля таго, як у 1928 г. пад такой жа назвай выйшаў у свет зборнік крытычных артыкулаў літаратуразнаўца В. Шклоўскага. Сэнс гэтай назвы сам аўтар тлумачыць так: «Гамбургскі рахунак — надзвычай важкае паняцце. Усе барцы, калі боруцца, жульнічаюць і кладуцца на лапаткі па загадзе антрэпрэнёра. Раз у год у гамбургскім тракціры збіраюцца барцы. Яны боруцца пры зачыненых дзвярах і завешаных вокнах… Тут устанаўліваюцца сапраўдныя класы барцоў, — каб не схалтурыцца». Зрэдку гэты выраз можна напаткаць і ў сённяшнім друку: «Сяброўства, знаёмствы, агульныя справы не мелі тады той улады, як сёння. Рахунак быў гамбургскі — мяркуйце самі…» (Г. Кісліцына). Сустрэўся і такі маўленчы гібрыд, як па вялікім гамбургскім рахунку: «У сэнсе патэнцыяльнай недапраяўленасці па вялікім гамбургскім рахунку — Барыс Пятровіч адзін з вельмі і вельмі нямногіх сярод трывала сфармаваных літаратараў» (В. Акудовіч).