ЖАНРЫ

Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў

Лепешаў Іван Якаўлевіч

Шрифт:

Выраз па вялікім рахунку, як і яго папярэднік, напачатку меў адзінае акалічнасна-прыслоўнае значэнне ацэнкі чаго-небудзь з найбольшай патрабавальнасцю. Прыкладна такі ж сэнс гэтага фразеалагізма, а менавіта ‘сур’ёзна, прынцыпова, без скідак і ўступак’, захаваўся і сёння, не парываючы, такім чынам, першапачатковай, хоць і забытай ужо, этымалагічнай сувязі з першакрыніцай. Вось толькі некалькі прыкладаў: «Я абураны тым, што рэпрэсіўныя метады прымяняюцца супраць такога таленавітага вучонага… Аднойчы камусьці за гэта прыйдзецца адказваць па вялікім рахунку» (Н. Гілевіч); «Апошнімі гадамі часцяком успамінала цябе, асабліва калі хацела папракнуць мяне у нечым. I не па дробязях, а, як кажуць, па вялікім рахунку» (А. Петрашкевіч); «Хочацца большага? Але чаго? Паразумення? Поўнага? Відаць, так. Знешне яно нібыта і ёсць. А вось калі па вялікім рахунку, шмат чаго не хапае для ўзаемнага шчасця» (А. Крэйдзіч); «Уважліва прыгледзьцеся да сённяшняга мужыка: хто ён зараз, калі браць па вялікім рахунку?» (В. Гроднікаў).

Маюць пэўную сувязь з зыходным вобразам гамбургскага рахунку і два другія значэнні, якія развіліся ў фразеалагізме па вялікім рахунку. Адно з іх — ‘па-сапраўднаму, належным чынам, як і павінна быць’: «Па вялікім рахунку менавіта творчае парыванне, літаратурная дзейнасць мацуе духоўную і грамадскую актыўнасць» («Настаўн. газ.»); «Падзеі, што адбываюцца ў межах дзяржавы, па вялікім рахунку ёсць справа суверэннай дзяржавы» (С. Дзедзіч); «Ад кожнага з нас, дзе б хто ні працаваў, залежыць многае. А па вялікім рахунку — быць ці не быць Беларусі незалежнай, цывілізаванай, духоўна і матэрыяльна багатай дзяржавай» (С. Законнікаў); «А калі гаварыць па вялікім рахунку, Леанід Ігнацьевіч, ніякіх асабіста вашых комплексаў тут няма: вы ствараеце праекты, а мы іх ажыццяўляем» (Я. Кантылёў).

Яшчэ адно значэнне (трэцяе), якое можна выявіць на аснове маўленчай практыкі, — ‘фактычна, у адпаведнасці з рэальнасцю’: «Прайшло больш за сорак гадоў, а сітуацыя па вялікім рахунку тая ж. Хіба што сучасны чытач яшчэ больш зменшыўся і стаў зусім кароткім…» (Л. Галубовіч); «Па вялікім рахунку вышэйшай установе ўсё роўна, як ацэньваюцца веды вучняў у школе. Галоўнае, каб гэтыя веды былі не ніжэй, чым на ўзроўні прымянення ў стандартнай сітуацыі» («Настаўн. газ.»); «Цяжка сёння з упэўненасцю казаць, што з гістарычных дакументаў магло быць вядома Купалу, а па вялікім рахунку інфармацыя тады была больш даступнай, чым нават сёння» (І. Жук); «Дарэмна аўтар манаграфіі канстатуе ў ранняга Я. Чыквіна „дакладны памер“, „выразнасць рытмічнага малюнка, рыфмоўкі“. Гэтага па вялікім рахунку проста няма ў першым зборніку, хоць крытыку вельмі хочацца згаданыя здабыткі знайсці» (А. Пяткевіч).

Пераважаюць, аднак, выпадкі, калі выраз па вялікім рахунку ўжываюць недарэчна, без пэўнай сэнсавай нагрузкі, ператвараюць яго ў штамп (накшталт славутага Зноскавага «меджду протчым» з «Тутэйшых» Янкі Купалы), робяць яго нейкім пабочным словазлучэннем і выдзяляюць ці аддзяляюць коскамі: «А што робіць аўтар са сваімі героямі? Ён проста іх забівае. Бо, па вялікім рахунку, не ведае, што з імі рабіць»; «Па вялікім рахунку, дзякуючы ім [педагогам], мы на пытанне: „Ці хочаце вярнуцца ў школу?“ — адказваем: „А я там сёння ўжо быў“»; «Інвестыцый — кот наплакаў. А без іх і ні туды і ні сюды. Іх, па вялікім рахунку, і не будзе пры цяперашняй уладзе»; «Наша акадэмічная падрыхтоўка становіцца бездапаможнай на амерыканскіх вуліцах, у інтэрнатах і кавярнях, дзе ёсць свае правілы зносінаў, свае словы, свая па вялікім рахунку мова».

Зразумела, што такія недакладнасці — не на карысць культуры маўлення пэўных аўтараў і самой беларускай мове ў цэлым.

СПІС СКАРАЧЭННЯЎ

агульнаслав. — агульнаславянскі

адз. — адзіночны англ. — англійскі

балг. — балгарскі

бел. — беларускі

він. — вінавальны гл. — глядзі

грэч. — грэчаскі

дыял. — дыялектны ж. — жаночы запазыч. — запазычаны

і пад. — і падобнае

іспан. — іспанскі

італ. — італьянскі

л. — лік лац. — лацінскі

м. — мова мн. — множны мужч. — мужчынскі

н. — ніякі

— н. — небудзь ням. — нямецкі

параун. — параўнай польск. — польскі

р. — род род. — родны руск. — рускі

серб. — харв. — сербскахарвацкі

скл. — склон ужыв. — ужываецца укр. — украінскі

устар. — устарэлы усходнесл. — усходнеславянскі

франц. — французскі

царк. — слав. — царкоўнаславянскі

чэшск. — чэшскі

А

Абарваць тэлефон. Відаць, запазыч. з руск. м. Часта, доўга званіць і размаўляць па тэлефоне. На стале ляжала запіска: «Ты, канечне, забыў, што ў Васіля дзень нараджэння. Ён абарваў тэлефон…» (М. Кацюшэнка. Урок маўчання).

Сэнсавым цэнтрам гэтага фразеалагізма з’яўляецца назоўнікавы кампанент, які выконвае сэнсаўтваральную функцыю і суадносіцца, але не супадае з адпаведным словам свабоднага ўжывання.

Абводзіць (абкручваць) вакол (кругом) пальца каго. Агульны для ўсходнесл. і польск. м. (руск. обводить вокруг пальца, укр. обводити (обкручивати, обертати) круг (кругом, навколо) пальца, польск. окгeсі'c, owina'c wokol раlса). Спрытна, хітра ашукваць, падманваць каго-н. Пакуль я падумаю, як абдурыць яе, дык яна мяне незлічона разоў вакол пальца абвядзе (Г. Пашкоў. Палескія вандроўнікі). Таго Міканора каморнік сорак разоў абкруціць вакол пальца! (І. Мележ. Людзі на балоце).

Ёсць некалькі версій пра ўзнікненне гэтага выразу. Паводле адной з іх, ён паходзіць ад жульніцтва базарных ілюзіяністаў. Фокуснік браў у гледачоў які-небудзь прадмет і абводзіў ім вакол пальца, адцягваючы іхнюю ўвагу, а ў гэты час фокуснікавы хаўруснікі ачышчалі кішэні гледачоў.

Абдымаць (абняць) неабдымнае. Калька з руск. м. (объять необъятное). Ставіць нерэальную задачу вельмі шырокага ахопу чаго-н. — Лепш, па-мойму, не абдымаць неабдымнае. Нам будзе дорага ўсё, напісанае табой, але каб нешта выйшла на людзі… — Галя паківала галавой (Э. Ярашэвіч. Белыя Лугі).

3 афарызмаў К. Пруткова, змешчаных у «Плёне роздуму» (1854, 1860): «Ніхто не абдыме неабдымнага», «Ці ёсць на свеце чалавек, які мог бы абняць неабдымнае?».

Абедзвюма рукамі. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі ‘з вялікай ахвотай, жаданнем, радасцю (падтрымліваць каго-н.)’ і ‘вельмі моцна, з вялікай зацікаўленасцю (брацца за што-н.)’. [Праменны: ] Будзе і ўмяне жонка… Цудоўная, чулая жанчына… Падтрымліваеш? [Язва]: Абедзвюма рукамі (К. Крапіва. Мілы чалавек). Усё тут на сярэднім узроўні, і таму не адразу здагадаешся, за што трэба ўзяцца абедзвюма рукамі, каб падняць калгас у гору (У. Шахавец. Месца ў жыцці).

Поделиться с друзьями: