ЖАНРЫ

Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў

Лепешаў Іван Якаўлевіч

Шрифт:

Ад Адама. Агульны дляўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘з даўніх часоў, здаўна’ і ‘здалёк’. Бежанцы і голад на зямлі, ад Адама свет цяжэе страхамі (Р. Барадулін. Хто?). Пачаў ён здалёк, як кажуць, ад Адама, гаварыў вельмі агульнымі фразамі, устаўляючы шмат незразумелых слоў, глытаючы іх канцы (К. Крапіва. Мядзведзічы).

Узнік на аснове біблейскага аповеду, паводле якога першым чалавекам на зямлі быў Адам.

Ад а да я. Агульны для ўсходнесл. м. Ад пачатку да канца; цалкам. Сяргей злаваў на сябе, на начальства, нават на сваю работу, якую, здавалася яму, ён ведаў ад а да я (А. Кажадуб. Высока сонейка, высока).

Утвораны па мадэлі з ужо існуючым, сэнсава тоесным выразам ад альфы да амегі (гл.) з запаўненнем структурнай схемы назвамі першай і апошняй літар беларускага і рускага алфавітаў (ва ўкр. алфавіце апошняя літара — ь).

Ад альфы да амегі. Агульны для ўсходнесл. м. Ад пачатку да канца; цалкам. Аднойчы, усумніўшыся ў нейкай дробнай ісціне, я пачаў правяраць, і аказалася: усё — ад альфы да амегі — трэба мне вырашаць нанава (М. Танк. Шчаслівы дзень).

Склаўся на аснове фразеалагізма альфа і амега — запазыч. з царк. — слав. м., які ўзнік як спалучэнне назваў першай і апошняй літар грэч. алфавіта.

Адальюцца слёзы каму, чые. Агульны для ўсходнесл. м. Хто-н. паплаціцца за прычыненае каму-н. зло, крыўду. Я зняслаўлю цябе, рукі на сябе налажу. Паспрабуй тады пажыві… Адальюцца табе мае слёзы… (У. Карпаў. За годам год).

Паходзіць з прыказкі Адальюцца воўку авечыя слёзы. Захоўвае адваротны парадак кампанентаў і тыя ж сінтаксічныя сувязі (кіраванне і дапасаванне), якія ўласцівы адпаведным словам у прыказцы.

Адамаў яблык. Калька з ням. м. (Аdamsapfel). Другая назва кадыка ў мужчын. Жандар… задраў галаву. Пазіраў на сцяг — шыя была доўгая. Не ў меру выпучан… яго «адамаў яблык» (С. Баранавых. Калі ўзыходзіла сонца).

Паходжанне выразу звязваецца з павер’ем: калі біблейскі Адам стаў есці яблык, што дала яму Ева, сарваўшы, насуперак Богавай забароне, з дрэва пазнання дабра і зла, то кавалачак засеў у горле і назаўсёды ператварыўся ў выступ, які як кляймо грэху перадаецца ўсім мужчынам. Мяркуюць, што само павер’е з’явілася як домысел сярэдневяковых вучоных-медыкаў, якія памыліліся пры перакладзе выразу тапуах та адам з яўрэйскай мовы, дзе кадык, пры дакладным калькаванні, не адамаў яблык, а мужчынская шышка (адам у перакладзе з яўрэйскай абазначае ‘мужчына’, а тагтуах—‘шышка, плод’).

Адбівацца (адбіцца) рукамі і нагамі ад чаго. Агульны для ўсходнесл. м. Рашуча адмаўляцца ад чаго-н., усімі сіламі супраціўляцца чаму-н. Здагадваюся, што Аляксандр Кандратавіч рукамі і нагамі адбіваецца ад паездкі са студэнтамі ў падшэфны калгас (Я. Радкевіч. Сутокі дзён).

У аснове фразеалагізма — гіпербалізаваны вобраз.

Адбіцца рукамі і нагамі ад чаго. Гл. адбівацца (адбіцца) рукамі і нагамі ад чаго.

Адбіць хлеб у каго. Гл. хлеб адбіць у каго.

Адваротны (другі) бок медаля. Паўкалька з франц. м. (lе геvеrs dе mеdаіllе). Супрацьлеглы, ценявы, непажаданы бок якой-н. справы. Цяжкасці цяжкасцямі. Але ёсць другі бокмедаля… Засеяць травамі семсот гектараў… значыць, нейкім культурам месца не даць (Э. Ярашэвіч. Белыя Лугі).

Узнік у выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння. Маецца на ўвазе тое, што адваротны бок медаля звычайна апрацоўваецца чаканшчыкамі горш, чым знешні, вонкавы.

Ад варот паварот. Агульны для бел. і руск. м. Катэгарычная адмова. І чаму рабіць толькі адзін хор і аркестр? А калі хто не можа спяваць ці іграць, тады што — ад варот паварот? (П. Місько. Дзе Нёмана быстрыя воды…).

Першапачаткова гэты рыфмаваны выраз меў больш канкрэтны сэнс: выкарыстоўваўся толькі тады, калі гаворка ішла пра вынікі сватання і ў спалучэнні, напрыклад, з дзеясловам даць абазначаў ‘адмовіць таму, хто сватаецца’. 3 такім значэннем ён зрэдку ўжываецца і цяпер: «Глядзелі-глядзелі бацькі нявесты на жаніха, дый далі сватам ад варот паварот» (Б. Сачанка).

Адвейваць зерне ад паловы. Уласна бел. Аддзяляць добрае ад дрэннага, карыснае ад шкоднага, непатрэбнага. Калі яны [копіі лістоў] для Вас акажуцца непатрэбнымі, я тады, будучы ў Мінску, забяру назад. Але мне чамусьці здаецца, што Вы здолееце адвеяць зерне ад паловы (У. Дубоўка. Ліст да Дз. Бугаёва).

Мадэліраваны выраз, створаны на ўзор рускага отделять пшеницу от плевел з захаваннем структуры і заменай кампанентаў іншымі словамі. У бел. літаратурнай м. выраз ужываецца ў абедзвюх трывальных формах дзеяслоўнага кампанента і ў такіх варыянтах: адвейваць (веяць, адсейваць) зерне ад паловы (мякіны); адвеяць (адсеяць) зерне ад паловы (мякіны). Выток фразеалагізма отделять пшешіцу от плевел — евангельская прытча (Матфей, 13, 24–30). У ёй расказваецца, як да чалавека, які пасеяў пшаніцу, ноччу прыйшоў вораг і паміж пшаніцаю пасеяў плевелы (пустазелле). Калі ўзышла пшаніца з пустазеллем, рабы прапанавалі гаспадару павырываць зелле, але ён загадаў пакінуць усё, як ёсць, а ў часе жніва спачатку вырваць зелле і спаліць яго, а пасля сабраць пшаніцу. Зрэдку ў бел. творах можна напаткаць і выраз, тоесны з руск.: «Будзе зручная часіна, перагледзім іх [пракламацыі] і тады аддзелім плевелы ад пшаніцы» (Я. Колас).

Адвесці вочы каму. Гл. адводзіць (адвесці) вочы каму.

Адвод вачэй. Агульны для бел. і руск. (отвод глаз) м. Маскіроўка, падман, наўмыснае адцягванне ўвагі ад чаго-н. Прыпомніла [Стэпа], як пры спатканні з Рыгорам у яе хаце Пятрусь пільна распытваў пра Рыгу, пра жыццёў ёй. А мо яшчэ тады згаварыўся з Рыгорам над ’ехаць да яго [у Рыгу]. Пецярбург — проста адвод вачэй (Ц. Гартны. Сокі цаліны).

Утвораны на аснове прыслоўнага фразеалагізма для адводу вачэй (гл.), набыў прадметнае значэнне і граматычныя ўласцівасці назоўнікавых выразаў.

Адводзіць (адвесці) вочы каму. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. отводить глаза, укр. відводити очі). Хітруючы, адцягваць увагу ад чаго-н. Вунь! 3 пятага вагона ідзе. I яшчэ адна… Іх сустракае нейкі хлопец… Незнаёмы… Бач… Каб вочы адвесці (П. Галавач. Вінаваты).

Склаўся на аснове былога павер’я ў магічную сілу слова або пэўных дзеянняў, даступных ведзьмакам, знахарам, нібыта здольным знарок пераключыць чыю-небудзь увагу на што-небудзь іншае.

Адгароджвацца (адгарадзіцца) кітайскай сцяной ад каго, ад чаго. Агульны для ўсходнесл. м. Вельмі моцна, наглуха адасабляцца, адмяжоўвацца ад каго- ці чаго-н. Мы сабе добра жывём вялікай сям’ёй і адгарадзіліся кітайскай сцяной ад усіх. Як у манастыры жывём (З. Бядуля. Язэп Крушынскі).

Поделиться с друзьями: