Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Гісторыя кахання

Сигал Эрик

Шрифт:

У нас была чарговая, як я іх называю, «антыразмова». Ад усіх папярэдніх яна адрознівалася хіба што жудасным лухтавізмам.

— Бацька, ты ж і слова не сказаў пра Джэніфэр.

— А што тут гаварыць? Ты паставіў нас перад фактам, ці ж не?

— Але я хачу ведаць, што ты пра яе думаеш, бацька.

— Я думаю, што Джэніфэр — дзяўчына выдатная. Прабіцца ў Рэдкліф з яе засценка — гэта ўжо нешта значыць…

Усё мне ясна, бацечка, з гэтай тваёй дэмагогіяй наконт «працаваць трэба, цярпець…». Палямі-агародамі ўхіляешся ад адказу.

— Бацька, гавары шчыра.

— Ну а калі шчыра, дык юная лэдзі тут зусім ні пры чым, — сказаў ён. — Справа ў табе самім.

— Вось як?

— Справа ў тваім бунце. Ты ўсяго толькі бунтуеш, сын.

— Бацька, дык, па-твойму, жаніцьба з прыгожай і разумнай студэнткаю Рэдкліфа — бунт? Яна ж не якая-небудзь прыпыленая хіпуля.

— Ёй багата чаго не хапае.

Ага, пачынаецца. Бацюхна ты мой, не грузі лепш гэтага смецця!

— Скажы, бацька, што цябе больш за ўсё ў ёй раздражняе — што яна каталічка ці што яна бедная?

— А што цябе больш за ўсё вабіць у ёй? — амаль прашаптаў ён, падаўшыся да мяне.

Мне захацелася ўстаць і пайсці, і я яму гэта сказаў.

— Заставайся на месцы і гавары па-мужчынску, — сказаў ён.

А як я гаварыў дагэтуль? Як хлопчык? Як дзяўчо? Як мышанё? І ўсё ж я застаўся.

Ад таго, што я не падняўся з-за стала, Сукінага Сына ажно распірала ад задавальнення. Мяркую, ён расцаніў гэты факт як сваю чарговую перамогу нада мною.

— Я толькі прасіў бы цябе крыху счакаць, — прамовіў Олівэр Барэт III.

— Скажы, калі ласка, «крыху счакаць» — гэта колькі?

— Пакуль не закончыш Юрыдычнай школы. Калі ў вас сапраўднае пачуццё, дык яно павінна вытрымаць гэтае выпрабаванне.

— Гэта сапраўднае пачуццё, але, выбачай, якога чорта я павінен яго яшчэ выпрабоўваць?

Я, па-мойму, ясна яму ўсё выказаў. І не хацеў здавацца перад ім, перад ягоным вечным судзействам, знаходзіцца пад ягоным няспынным прыгнётам ды кантролем.

— Олівэр, — пачаў ён новы раўнд. — Ты яшчэ непаўна…

— «Непаўна…» — хто? — Чорт, я ўжо пачаў шалець.

— Непаўналетні. Табе няма дваццаці аднаго года. Паводле закона ты яшчэ не з'яўляешся дарослым чалавекам.

— Пляваць я хацеў на тваю законную балбатню!..

Мабыць, наведнікі, якія сядзелі ў суседстве, пачулі, што я яму сказаў. Акурат у процівагу майму выкрыку Олівэр III сцебануў мяне шэптам-свістам:

— Ажэнішся з ёю цяпер — не дам табе больш ні цэнта. Дорага табе абыдзецца гэтае глупства.

— Бацька, а я не баюся такой адплаты, — адказаў я і пайшоў з ягонага жыцця, каб пачаць сваё ўласнае.

9

Цяпер нам трэба было наведацца ў Крэнстан, штат Род-Айлэнд, — гарадок, які знаходзіцца крыху далей на поўдзень ад Бостана, чым Іпсвіч — на поўнач. Пасля правалу маёй спробы ўвесці Джэні ў дом яе будучых сваякоў («Ці называць мне іх цяпер сваякамі?» — спыталася яна), я чакаў спаткання з містэрам Кавілеры з пэўнай асцярогаю. Мне ж зноў прыйдзецца сустрэцца з італійска-міжземнаморскім сіндромам шчадралюбства дый яшчэ ўскладненым тымі фактамі, што Джэні — адзіная дачка, што вырасла яна без маці і, значыцца, вельмі моцна хінецца да бацькі. Словам, наперадзе ў мяне быў шквал эмоцый, варты даследавання псіхааналітыкаў.

Нарэшце, цяпер я не меў грошай.

Давайце ўявім сабе на нейкую хвілю якога-небудзь Олівэро Барэто, добрага італійскага хлопца, што жыве ў Крэнстане, штат Род-Айлэнд, на адной вуліцы з Джэні. Аднаго дня ён прыходзіць да містэра Кавілеры, працаўніка і галоўнага крэнстанскага пірожніка, і кажа: «Я хачу ажаніцца з вашай адзінай дачкою Джэніфэр». Пра што найперш папытаецца бацька? Ведама ж, не пра тое, ці кахае ён, Олівэро, ягоную дачку, бо, ведаючы Джэні, не кахаць яе нельга — гэта непазбежнасць. Не, пытанне містэра Кавілеры будзе прыкладна такое: «А як ты, Барэто, будзеш забяспечваць сваю жонку?»

А зараз уявім рэакцыю шаноўнага містэра Кавілеры на паведамленне Барэто, які скажа, што ўсё будзе якраз наадварот, прынамсі, у бліжэйшыя тры гады: не ён будзе яе забяспечваць, а яна — яго. Ці не пакажа тады шаноўны містэр Кавілеры жаніху на дзверы, а то і зусім — выпхне яго з дому, калі толькі Барэто не ўдаўся ростам ды вагою з Барэта.

Так ці інакш, у дурное становішча трапіць няўдалы прэтэндэнт на руку адзінае дачкі містэра Кавілеры.

Мабыць, таму, апанаваны невясёлымі прадчуваннямі, я пакорліва выконваў усе прадпісаныя дарожнымі знакамі абмежаванні хуткасці, калі мы з Джэні кацілі травеньскай нядзеляю ў Крэнстан. Дайшло да таго, што Джэні, якой увогуле спадабаўся выбраны мною тэмп, здзіўлена заўважыла, што там, дзе дазвалялася хуткасць сорак пяць міль у гадзіну, я збавіў да сарака. Я адказаў, што машына дрэнна адладжаная, аднак яна не паверыла.

— Джэн, раскажы яшчэ раз, што ў вас была за размова? — спытаўся я, маючы на ўвазе яе апошні тэлефонны званок бацьку.

Такая рыса, як цярпенне, Джэні ўласцівай ніколі не была, і яна не стала падбадзёрваць мяне, а паўтарыла ўсе свае ранейшыя адказы на мае дурныя пытанні…

— Ну калі ласка, Джэні. Апошні раз.

— Я патэлефанавала яму. Сказала. Ён адказаў: «О'кэй». Па-ангельску, бо, як ты ўжо ведаеш, хоць, здаецца, ні ў чым не хочаш мне верыць, з італійскіх слоў яму знаёмыя хіба што некалькі праклёнаў.

— Але што азначае гэтае «о'кэй»?

— Ты хочаш сказаць, што Гарвардская юрыдычная школа можа залічыць у свае студэнты чалавека, не здатнага нават даць вызначэнне слову «о'кэй»?

— «О'кэй» — не юрыдычны тэрмін, Джэні.

Яна дакранулася да маёй рукі. Гэты жэст я, дзякаваць Богу, зразумеў. Аднак з «о'кэй» трэба было высветліць усё.

Я мусіў ведаць, што мяне чакае.

— «О'кэй» можа таксама адзначаць: «Ну, сцярплю як-небудзь».

Нарэшце яна ўсё-такі злітавалася і каторы ўжо раз паўтарыла ва ўсіх драбніцах сваю размову з бацькам. Ён узрадаваўся. Ён і праўда ўзрадаваўся. Вядома, ён і не разлічваў, калі выпраўляў сваю дачку вучыцца, што яна вернецца, каб абвянчацца з суседскім сынам (які, дарэчы, зрабіў ёй прапанову перад яе ад'ездам у Рэдкліф). Спярша ён не паверыў, што яе жаніха завуць Олівэр Барэт IV, і адразу загадаў дачцэ не парушаць адзінаццатага запавету.

— Гэта якога ж? — спытаўся я.

— Не тлуміць галаву бацьку.

— А-а.

— І гэта ўсё, Олівэр. Праўда.

— Ён ведае, што я бедны?

— Ведае.

— І яго гэта не бянтэжыць?

— Прынамсі, цяпер у вас ёсць хоць нешта агульнае.

— Аднак ён быў бы шчаслівейшы, калі б я меў хоць нейкія бабкі?

— А ты — не?

Я змоўк і больш ужо не сказаў ні слова да самага канца дарогі.

Вуліца, на якой жыла Джэні, называлася Гамільтон Авэню. Праспект гэты ўяўляў сабою доўгую чараду драўляных дамкоў, каля якіх валтузілася дзятва. Было яшчэ колькі чэзлых дрэваў. Едучы тут і азіраючыся па баках, я адчуваў сябе ўсё роўна як на іншае планеце. Пачаць хоць бы з таго, што вакол была процьма народу. Гэта калі не лічыць дзяцей. На верандах сем'ямі сядзелі мужчыны й жанчыны самага рознага ўзросту. Выдавала на тое, што лепшага нядзельнага занятку, ніж пазіраць на тое, як я паркую свой «МГ», ім не знайсці.

Поделиться с друзьями: