Гісторыя кахання
Шрифт:
Я схапіў яе за плечы. Можа, занадта груба, не ведаю.
— І даўно ты так вырашыла?
Упершыню за ўвесь час нашага знаёмства яна не змагла глядзець мне ў вочы.
— Олі, ну сам падумай, — сказала яна. — Гэта непазбежна.
— Што — «непазбежна»?
— Мы атрымліваем дыпломы, і кожны ідзе сваім асобным шляхам. Ты паступіш у Юрыдычную школу.
— Чакай. Ты думаеш, што ты кажаш?
Цяпер яна паглядзела мне ў вочы. Твар у яе быў сумны.
— Олі, ты будучы мільянер, а я сацыяльны нуль.
Я ўсё яшчэ трымаў яе за плечы.
— Ну што ты раптам пра нейкія асобныя шляхі? Мы ўжо разам, мы шчаслівыя.
— Олі, прашу цябе зноў, падумай добра, — паўтарыла яна. — Гарвард — гэта ўсё роўна як торба з падарункамі ў Санта-Клаўса. Напхаць туды можна чаго толькі хочаш, хоць сама вар'яцкіх цацак. Але калі свята канчаецца, цябе вытрасаюць з гэтай торбы… — Яна запнулася. — …і тады трэба сунуцца на сваё месца.
— Ты хочаш сказаць, што ты збіраешся пячы булкі ў свайго таты ў Крэнстане, штат Род-Айлэнд?
Я плёў абы-што.
— Пірожныя, — паправіла яна. — І не трэба смяяцца з майго бацькі.
— Не пакідай мяне, Джэні. Прашу цябе.
— А як жа мая стыпендыя? Як Парыж, якога я ніколі ў жыцці не бачыла?
— А як жа нашае вяселле? — Я сказаў гэта, хоць у той момант не зусім быў упэўнены ў тым, што адчуваў.
— А хіба мы калі-небудзь гаварылі пра вяселле?
— Я пра яго кажу. Я. Цяпер.
— Ты хочаш ажаніцца са мною?
— Хачу.
Яна схіліла галаву набок і запыталася — проста, не ўсміхнуўшыся, аднак з вялікай дапытлівасцю ў вачах:
— Чаму?
Я зазірнуў ёй у самыя вочы:
— А таму што.
— О-о, — сказала яна. — Дужа грунтоўная прычына.
Яна ўзяла мяне за руку (не за рукаў, як зазвычай), і мы моўчкі пайшлі ўздоўж ракі. А пра што яшчэ было нам гаварыць?
7
Маёнтак Барэтаў, Іпсвіч, штат Масачусэтс, знаходзіцца хвілін за трыццаць — сорак язды ад Містык-Рывэр-Брыджа, у залежнасці ад хуткасці, якую вы набіраеце. Мне не раз удавалася пераадолець гэтую адлегласць за дваццаць дзевяць хвілін. Адзін шаноўны бостанскі банкір сцвярджае, што ён праехаў яе яшчэ хутчэй, аднак калі гаворка заходзіць пра тое, што нехта здолеў абставіць тут мяне, дык дужа цяжка ў гэта паверыць. Асабіста я лічу дваццаць дзевяць хвілін неперасягальным рэкордам. Урэшце, калі гоніш па аўтастрадзе № 1, дык зважаеш на святлафоры.
— Ты нясешся што ўтрапёны.
— Гэта Бостан. Тут усе носяцца што ўтрапёныя, — сказаў я, спыніўшыся ля святлафора.
— Ты прыкончыш нас да таго, як нас расшкуматаюць твае бацькі.
— Паслухай, Джэні, мае бацькі — цудоўныя людзі.
Загарэлася зялёнае святло, і праз нейкія дзесяць секунд мой «МГ» даў шэсцьдзесят міляў у гадзіну.
— Нават Сукін Сын?..
— Олівэр Барэт Трэці?.. Добры чувак. Ты яго ўпадабаеш.
— Ты ўпэўнены?
— Ён усім падабаецца, — адказаў я.
— Чаму ж тады ён табе не даспадобы?
— Якраз таму, што ён даспадобы ўсім.
Навошта я ўвогуле павёз яе да сваіх бацькоў? Мяркую, без блаславення Стода я-то ўжо неяк абышоўся б. Аднак, па-першае, Джэні сама захацела («Так, Олівэр, робяць усе», — сказала яна), па-другое, і я меў у гэтым спатканні патрэбу: Олівэр Барэт III быў маім банкірам у сама літаральным сэнсе — ён плаціў за маё навучанне.
Значыцца, абед — неадменны. Сотmе іl faut [5] , нічога не скажаш.
5
Сотmе іl faut (фр.) — прыстойна.
І гэта ў нядзелю, калі аўтастрада № 1 мала не забарыкадаваная машынамі і кожны так і пнецца загарадзіць табе праезд. Я вырваўся з агульнага патоку і збочыў на Гротан-стрыт, па якой ганяў з чатырнаццаці гадоў, не прытарможваючы на паваротах.
— А дзе ж дамы? — спыталася Джэні, гледзячы па баках. — Тут жа адны дрэвы.
— Дамы за дрэвамі.
Калі едзеш па Гротан-стрыт, трэба быць дужа пільным, каб не праскочыць сваю паваротку. Ну а гэтым разам, вядома, я праехаў лішнія трыста ярдаў і толькі тады, зразумеўшы, дзе я, націснуў на тармазы.
— Чаму ты спыніўся? — запыталася Джэні.
— Паваротку праскочыў, — прамармытаў я…
Ці ж не сімвалічна, што я мусіў сунуцца назад ажно трыста ярдаў, каб дабрацца да нашае сямейнае крэпасці? Апынуўшыся на барэтаўскай тэрыторыі, я зменшыў хуткасць. Ад Гротан-стрыт да нашага маёнтка, Довэр-хаўс — сама меней паўмілі. Па дарозе да яго праязджаеш таксама… э-э, іншыя будынкі. Мяркую, той, хто бачыць гэтае відовішча ўпершыню, перажывае моцнае ўражанне.
— Божа! — ахнула Джэні.
— Што такое?
— Стой, Олівэр. Прашу цябе, спыні машыну.
Я затармазіў. Джэні ажно ўціснулася ў сядзенне.
— Слухай, я і падумаць не магла, што ты прывязеш мяне ў такую мясціну.
— У якую — «такую»?
— Такую шыкоўную. У вас, мабыць і прыгонныя ёсць?
Я хацеў дакрануцца да яе рукі, але адчуў, што ў мяне вільготныя далоні (гэтага ў мяне не бывае амаль ніколі), і паспрабаваў супакоіць яе словамі:
— Ну што ты, Джэні? Усё будзе добра.
— Можа быць, але мне раптам захацелася, каб мяне звалі не Джэні Кавілеры, а да прыкладу, Эблігэйл Адамс ці Ўэндзі Ўосп [6] …
6
Слова-абрэвіятура, якое азначае «стоадсоткавы амерыканец». «WASP»: White — белы, Anglo-Sахоп — англасакс, Protestant — пратэстант.
Далей ехалі моўчкі. Выйшаўшы з машыны, мы рушылі да параднага ўваходу. Я націснуў на званок, і тут Джэні зноў запанікавала:
— Олі, я не хачу! Паедзем адсюль.
— Спакайней, Джэн. Я ж табе сказаў: усё будзе добра.
Ну што яшчэ мог я сказаць ёй? Дзверы адчыніла Флоўрэнс, наша старая і ўсім сэрцам адданая нам служанка.
— Праходзьце, калі ласка, мастэр [7] Олівэр, — прывітала яна мяне.
Божа, як жа я ненавіджу, калі мяне так называюць! Аж шалею ад гэтага прыніжальнага намёку на вышэйшасць ад мяне містэра Стода.
7
Мастэр (англ. «master») — сінонім слова «містэр» у дачыненні да маладога чалавека.
Флорэнс сказала, што мае бацькі чакаюць нас у бібліятэцы. Джэні ашаломлена разглядвала сямейныя партрэты, якімі былі пазавешваныя сцены. І, думаю, галоўная прычына гэтае збянтэжанасці была не ў тым, што некаторыя з іх намаляваў сам Сінгер Сарджэнт [8] , (да прыкладу, выяву Олівэра Барэта II, якую калі-нікалі выстаўлялі ў Бостанскім музеі), а найбольш у тым, што Джэні нечакана даведалася: не ўсе мае продкі насілі імя Барэт.
Самавітыя прадстаўніцы жаночае лініі роду Барэтаў, удала выйшаўшы замуж, падарылі свету такіх адметных асоб, як Барэт Уінтроп, Рычард Барэт С'юэл і, нарэшце, Эбат Лоўрэнс Лаймэн, які рызыкнуў пражыць жыццё, прайсці, дарэчы, цераз Гарвард і стаць хімікам-лаўрэатам, не маючы ў сваім імені аніякага намёку на прыналежнасць да барэтаўскага клана.
8
Сінгер Сарджэнт (1856–1922) — вядомы амерыканскі мастак.