Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Гісторыя кахання

Сигал Эрик

Шрифт:

— Таму што я буду гуляць, — нібы абыякава адказаў я.

Настала маўчанне. Мне здалося, я чую, як падае снег.

— А за каго? — папыталася яна.

2

Олівэр Барэт IV,

Іпсвіч, Масачусэтс

Узрост: 20 гадоў

Рост: 5 футаў 11 цаляў; вага: 185 фунтаў

Каледж: Філіпс Эксэтэр

Курс: выпускны

Асноўная дысцыпліна: грамадскія навукі

Будучая спецыяльнасць: юрыспрудэнцыя

У спісе дзесяці лепшых на курсе: 1961, 1962, 1963.

Да гэтага моманту Джэні пэўна ўжо прачытала маю біяграфію: я тройчы нагадаў Віку Клэйману, нашаму менеджэру, каб ён перадаў ёй праграмку.

— Дальбог, Барэт, — сказаў ён мне адразу, — можна падумаць, у цябе першае дзяўчо!

— Заткніся, Вік, а то сваімі зубамі падавішся!

На размінцы я не памахаў ёй рукою (яшчэ чаго не хапала!). Нават у яе бок ні разу не глянуў. І ўсё-такі яна, мабыць, думала, што я пазіраю на яе. Не з павагі ж да сцяга зняла яна акуляры, калі выконвалі нацыянальны гімн?

У сярэдзіне другога перыяду мы выйгравалі ў Дартмута 0:0. Гэта значыць, Дэйві Джонстан і я павінны былі вось-вось распячатаць іхнюю брамку. Зялёныя казлы (у Дартмута зялёная форма) гэта адчулі і пачалі валіць нас. Яны маглі б пераламаць нам косці, перш чым мы пераломім іхнюю абарону. Фаны лямантавалі, прагнучы крыві. У хакеі гэта азначае кроў у прамым сэнсе альбо, як з крывёю не атрымаецца, — гол. Як кажуць, lа nоblesse oblige [4] , і я ніколі не прымушаў доўга заўзятараў чакаць ні таго, ні другога.

4

Lа nоblesse oblige (фр.) — становішча абавязвае.

Дартмуцкі нападнік-цэнтравік ірвануўся ў нашую зону, але я ўрэзаўся ў яго, адабраў шайбу і кінуўся наперад. Фаны зараўлі. Я ўбачыў злева ад сябе Дэйві Джонстана, але вырашыў забіваць сам: памятаў, што варатар у іх баязлівы — я нагнаў на яго страху, калі ён яшчэ гуляў за «Дырфілд». Але кінуць я не паспеў: на мяне наскочылі абодва дартмуцкія абаронцы, і, каб не страціць шайбу, я мусіў праехаць за брамку. Утрох мы сышліся за спінаю ў варатара і ўпячаталі адзін аднаго да борта. Мая звычайная тактыка ў такіх заварушках — уклейваць з усяе сілы па ўсім, што ў колеры праціўніка. Недзе ў нас пад канькамі мільгала шайба, але нам было не да яе — мы зацята выбівалі адзін з аднаго духі.

Рэферы засвістаў:

— Дзве хвіліны штрафу!

Я ўзняў вочы. Паказваў ён на мяне. Я? Што я такога зрабіў, каб мяне выдаляць?

— Што я зрабіў, рэф?

Аднак выдавала на тое, што настрою прадоўжыць наш дыялог суддзя не меў. Ён пад'ехаў да судзейскага століка, пракрычаў: «Нумар сем, дзве хвіліны!» — і паказаў рукамі, за што менавіта выдаляе мяне.

Я крыху паспрачаўся — такая ўжо завядзёнка. Якое б грубае ні было парушэнне, заўзятары чакаюць пратэстаў. Але суддзя адмахнуўся ад мяне, і я, перапоўнены абурэннем, пакаціўся да лавы штрафнікоў. Сеў на месца, звякнуўшы канькамі аб падлогу, і пачуў, як дынамікі гаркнулі на ўсю залу: «Олівэр Барэт, каманда Гарварда, выдалены на дзве хвіліны за затрымку суперніка». Трыбуны незадаволена загудзелі. Некалькі гарвардскіх заўзюкоў зараўлі, выказваючы сумленне ў добрым зроку ды справядлівасці арбітраў. Спрабуючы аддыхацца, я апусціў галаву і нават краем вока не глядзеў на лёд, дзе Дартмут мясіў нашых.

— Ты чаму тут адседжваешся, калі твае таварышы гуляюць? — пачуў я раптам голас Джэні.

Аднак не адказаў і пачаў падтрымліваць сваіх:

— Трымайцеся, хлопцы, спакайней!

— Чым ты правініўся?

Я азірнуўся і адказаў — усё ж такі Джэні прыйшла на матч дзеля мяне.

— Перастараўся крыху, — кінуў я і зноў прыліп вачыма да пляцоўкі, назіраючы за тым, як нашы спрабуюць стрымаць нападніка Дартмута.

— Гэта ганьба табе?

— Джэні, прашу цябе, мне трэба сабрацца.

— Сабрацца?

— Каб змяць гэтага казла, калі выйду на лёд, — кіўнуў я на лепшага нападніка Дартмута і зноў пачаў назіраць за гульнёю, ірвучыся ў чаканы бой.

— Ты любіш брудную гульню?

Погляд мой быў прыкуты да нашае брамкі, вакол якой так і кішэлі зялёныя казлы. Не было ўжо болей сілы чакаць выхаду на лёд. Але Джэні ўпарцілася:

— Можа, ты і мяне калі-небудзь захочаш «змяць»?

— Зараз жа, калі не змоўкнеш.

— Вось як? Бывай.

Калі я азірнуўся, яна ўжо знікла. Я падняўся, шукаючы яе вачыма, але пачуў у гэты момант, што скончыліся дзве мае штрафныя хвіліны, перамахнуў цераз борт і выскачыў на лёд.

Трыбуны гучна віталі маё вяртанне: з Барэтам гульня заладзіцца. Дзе б ні была цяпер Джэні, усё адно пачуе, як ажылі заўзятары пасля майго выхаду. А раз так, дык каго хвалюе, дзе яна цяпер?

Але дзе ж яна!..

Нападнік дартмутцаў зрабіў гарматны кідок, але наш варатар адбіў шайбу — і адбіў у бок нашага абаронцы, які кінуў яе ўперад мне на ход. Ірвануўшы за шайбай, я вырашыў, што ў мяне ёсць доля секунды, каб зірнуць на трыбуны і адшукаць Джэні. Так я і зрабіў. І адразу ўбачыў яе. Яна засталася.

У наступны ж момант я пляснуўся на лёд: двое зялёных бамбізаў урэзаліся ў мяне. Я ехаў задам па лёдзе і — Божа! — не ведаў, куды дзецца ад сораму: мяне так танна завалілі!.. Гарвардскія заўзятары стагналі ад крыўды, дартмуцкія раўлі: «Душы іх! Душы іх!»

Што яна там думае?!

Дартмут зноў прывёў шайбу да нашае брамкі. Наш варатар зноў адбіў шчаўчок, і абаронца пракінуў шайбу мне. Фаны аж шалелі. Трэба забіваць! Я падхапіў шайбу і на ўсёй хуткасці ўварваўся ў зону Дартмута. Абаронцы рушылі на мяне.

— Уперад, Олівэр, уперад! Урэж ім па чарапах! — перакрыў роў трыбун пранізлівы, нават ваяўнічы енк Джэні.

Я ўхіліўся ад аднаго абаронцы, садануў другога так, што ён ажно задыхнуўся, і потым, замест таго каб кінуць у падзенні, што было найбольш верагодным маім ходам, аддаў пас Дэйві Джонстану, які накатваўся справа, — і ён увагнаў шайбу ў сетку. Гарвард павёў!!!

Мы адразу кінуліся абдымацца — я, Джонстан, астатнія хлопцы. Ціскалі адзін аднаго, ляпалі па спіне, цалаваліся і падскоквалі. Нашы заўзятары зайшліся ад рову. А дартмуцкі абаронца, той самы, якога я збіў з ног, усё яшчэ не мог адклеіць зад ад лёду. Заўзятары кідалі на лёд праграмкі. Гэты ўдар літаральна пераламаў зялёным хрыбет…

У выніку мы размалацілі іх — 7:0.

Калі б я быў сентыментальны і захацеў павесіць на сцяну фатаграфію на памяць аб Гарвардзе, дык гэта была б не Царква Памінання, не якісьці іншы славуты будынак, а Дзілан-Філд-Хаўс. Калі і было ў Гарвардзе месца, дзе я адчуваў сябе як дома, дык гэта ў Дзілан-Філд-Хаўсе, нашым спарткомплексе. І няхай у мяне адбяруць за гэтае прызнанне дыплом, але Ўайднераўская, нашая, бібліятэка значыць для мяне нашмат меней за Дзілан. Кожнага вечара, усе мае ўніверсітэцкія гады, я ўваходзіў пад ягоны дах, вітаў прыяцеляў моцнымі слоўцамі, скідаў з сябе шалупінне цывілізацыі і ператвараўся ў байца. Як гэта было выдатна — нацягнуць шчыткі і кашулю з нумарам «7» (тады я марыў, што яго аддадуць мне навечна — аднак марна), устаць на канькі і нязграбна пасунуцца па калідоры на Ўатсан Рынк-пляцоўку.

Поделиться с друзьями: