Героі Элады
Шрифт:
Гэты бык прыплыў калісьці да выспы Крыт, і крыцкі цар Мінас абяцаў богу мораў Пасейдону прынесці быка яму ў ахвяру. Але беласнежны бык з залатымі рагамі так спадабаўся Мінасу, што цар пакінуў яго сабе, а Пасейдону ахвяраваў другога быка. Бог мора ўгневаўся і наслаў шаленства на прыгожага быка. Бык ашалеў, вырваўся са стойла, уцёк з царскага двара і стаў гразой усёй выспы.
Геракл падаўся на бераг мора, сеў на фінікійскі карабель і паплыў на Крыт. Наляцела бура, доўга насіла карабель па бурным моры, нарэшце разбіла яго, і хвалі выкінулі абломкі на бераг чужой, незнаёмай краіны.
Тут раслі дрэвы, падобныя на пучкі вялікіх пёраў: проста са ствала выходзілі тоўстыя сцябліны, на якіх гайдаліся лісты, такія вялізныя, што пад кожным мог схавацца чалавек.
Геракл і яго спадарожнікі, што засталіся жывыя, адпачылі ў засені гэтых дрэў і пайшлі ўздоўж берага па гарачым жоўтым пяску. Доўга ішлі яны і нарэшце прыйшлі ў вялікі горад каля мора. У гавані было шмат караблёў, а на беразе стаялі высокія палацы і храмы.
– Вы ў Эгіпце, - сказалі ім жыхары, якія спяшаліся ў храм на свята, - а кіруе Эгіптам вялікі Бузірыс, магутны і грозны цар.
Геракл папрасіў адвесці яго да цара. Але толькі чужаземцы ўвайшлі ў палац, як іх схапілі і звязалі ланцугамі.
– Вы прыйшлі якраз у пару, - сказаў ім жорсткі ўладар Эгіпта, - сёння свята ў Эгіпце, і я ахвярую вас багам.
– Багі не прымаюць чалавечых ахвяр, - адказаў Геракл.
Але Бузірыс, смеючыся, адказаў:
– А вось мы праверым! Ты першы будзеш заколаты жрацом - паглядзім, ці пажадаюць цябе багі.
– І загадаў адвесці палонных у вялікі храм пасярод горада.
Геракла і яго спадарожнікаў прывялі ў храм, які быў поўны народу. Але як толькі запалілі агонь каля ахвярніка і стары жрэц узяў свой востры і доўгі нож, Геракл з усяе сілы напружыўся і разарваў ланцуг, якім быў звязаны. Абрыўкам ланцуга ён ударыў жраца і забіў яго. Потым у гневе расшпурляў царскую варту, адабраў у Бузірыса меч і закалоў ліхога цара. Уражаныя сілай героя, эгіпцяне не адважыліся падступіцца да яго. Геракл вызваліў сваіх таварышаў і заспяшаўся з імі на бераг мора. Там яны знайшлі карабель, які мог завезці іх на Крыт.
Хутка даплылі яны цяпер да берагоў Крыта. Геракл развітаўся са сваімі спадарожнікамі і адзін пайшоў па беразе. Неўзабаве ён убачыў шалёнага быка. Бразгаючы парваным ланцугом і злосна равучы, з налітымі крывёю вачамі, імчаўся на яго бык. Белая пена падала камякамі з разяўленай пашчы. Геракл схаваўся за дрэва і чакаў. Бык спыніўся, нагнуў галаву і пачаў рыць нагамі зямлю. Тады Геракл схапіў канец ланцуга, які цягнуўся па зямлі, і ўскочыў быку на спіну. Бык задрыжаў, пачаў брыкацца, стараючыся скінуць са спіны нечаканую ношу. Але Геракл абвіў яго рогі ланцугом і моцна трымаў яго. Бык жаласна зароў і памчаўся да мора. Ён кінуўся ў хвалі і паплыў. У моры шаленства пакінула яго, ён зрабіўся ціхмяны, нібы рабочы вол на полі, і паслухмяна прыплыў з Гераклам у Мікены.
Геракл сам адвёў яго на скацінны двор цара Еўрысфея. Але пастухі баяліся злоснага быка і не маглі ўтрымаць яго ў хляве. Ён уцёк ад іх і пачаў гуляць па ўсім Пелапанесе, нікому не даючыся ў рукі, пакуль яго не злавіў сябар Геракла, Тэзей, і не прынёс у ахвяру багам.
Восьмы подзвіг. Геракл здабывае коней Дыямеда
Зноў загадаў Еўрысфей Гераклу выпраўляцца ў дарогу - здабываць коней фракійскага цара Дыямеда.
Першы раз за ўвесь час сваёй службы цару Геракл разгубіўся. Ён не спалохаўся ні льва, ні гідры, ні доўгіх вандровак, ні цяжкай работы, ні крывавай бітвы, ні людскога каварства. Але заданне, якое цяпер даваў яму цар, здавалася яму ганебным для героя. Раздабыць у другога тое, што яму належыць па праву, - значыць, адабраць сілай або ўкрасці тайком, а Геракл не хацеў быць ні разбойнікам, ні злодзеем.
З цяжарам на сэрцы выправіўся ён у дарогу, парашыўшы, што шлях да Фракіі доўгі і ён паспее абдумаць, што яму рабіць.
Ён прыйшоў у Фесалію, у горад Феры, дзе цараваў шчаслівы і добры цар Адмет, любімец бога Апалона.
Бог святла калісьці ў гневе ўчыніў забойства, і за гэта Зеўс загадаў яму цэлы год служыць чалавеку.
Апалон прыйшоў да цара Адмета і цэлы год пасвіў яго статкі. І шчасце прыйшло да Адмета: шчодра радзіла зямля, статкі яго памнажаліся без ліку, мір і дастатак панавалі ў Ферах і ў палацы цара.
Але самым дарагім з усіх багаццяў была маладая царыца Алкеста, якую Апалон памог Адмету ўзяць сабе за жонку.
Бацька яе, Пелій, аб'явіў, што аддасць дачку толькі за таго, хто зможа запрэгчы ў калясніцу льва і мядзведзя разам і на іх прыедзе па нявесту. Апалон утаймаваў дзікіх звяроў, яны паслухмяна ўпрэгліся ў калясніцу Адмета і адвезлі яго да бацькі Алкесты. Алкеста стала жонкай Адмета; яны жылі шчасліва і мелі дзяцей.
Калі скончыўся час службы Апалона ў Адмета, бог святла, адыходзячы, захацеў зрабіць яшчэ што-небудзь добрае для цара. Па жаданню Апалона, Мойры, багіні лёсу, якія трымалі ў сваіх руках нітку кожнага чалавечага жыцця, згадзіліся адтэрмінаваць Адмету смерць, калі ў гэты час знойдзецца чалавек, які захоча яго замяніць.
І вось надышла часіна, калі ўладар царства мёртвых паслаў па Адмета Смерць, і Мойры спыталі:
– Хто хоча замяніць Адмета і памерці замест яго?
Ні сябры, ні верныя слугі, ні нават старыя бацькі цара - ніхто не хацеў развітвацца са сваім жыццём і паміраць за другога. Тады прыгажуня Алкеста сказала мужу:
– Мой мілы, я з радасцю пайду за цябе на смерць. Усё роўна мне не жыць без цябе на свеце. Няхай памру я, жыві ты. Толькі аб адным прашу цябе: не прыводзь у наш дом другой жанчыны. Абяцай мне гэта, і я памру спакойна.
Адмет паабяцаў ніколі не прыводзіць у дом другой жонкі.
Алкеста прыбралася ва ўсё чыстае, легла на пасцель і пачала чакаць Смерць, якая павінна была прыляцець па яе. Моўчкі стаялі вакол яе дзеці, муж і ўсе блізкія і з сумам пазіралі на яе апошні раз. І вось чорны цень упаў на твар царыцы, вочы яе заплюшчыліся, замерла дыханне.
Плач і стогны запоўнілі палац і горад. Жыхары Фер у знак жалобы астрыглі коратка свае валасы і грывы сваіх коней. За горадам пабудавалі прыгожую грабніцу і прызначылі дзень пахавання.
Якраз у гэты дзень Геракл, нічога не ведаючы, прыйшоў у палац Адмета і, як падарожнік, папрасіўся пераначаваць. Адмет, хоць і смуткаваў па жонцы, не мог адмовіць Гераклу ў гасціннасці; ласкава сустрэў яго, загадаў падрыхтаваць яму пакой у палацы і добра пачаставаць героя, а сам пайшоў на пахаванне Алкесты.
Стомлены Геракл адпачываў у чыстым пакоі, а падсілкаваўшыся і выпіўшы віна, развесяліўся, пачаў шумець, а потым зазлаваў, што няма з кім яму пагутарыць.
Стары слуга, які прыслужваў яму за сталом, глядзеў на яго сурова і не мог прыхаваць свой смутак.