Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Героі Элады

Смирнова Вера Васильевна

Шрифт:

Геракла ўзлаваў яго змрочны выгляд.

– Чаго ты пазіраеш на мяне гэтак строга?
– спытаў ён.
– Твой гаспадар сустрэў мяне як сябра, а добры слуга павінен прывеціць таго, каго ласкава сустракае гаспадар. Падыдзі да мяне, выпі са мной, каб мне не было сумна піць аднаму. Выпі са мной і развесяліся!

Але стары слуга з дакорам паківаў галавой і сказаў:

– Нядобра смяяцца і піць, калі ў доме гора.

– Гора?
– здзівіўся Геракл.
– А што здарылася ў гэтым шчаслівым доме?

І пачуў у адказ, што жонка Адмета памерла і якраз цяпер яе хаваюць.

Загарэлася сэрца Геракла, і ён адважыўся на небывалы подзвіг.

Хутка накінуў ён на плечы свой плашч і заспяшаўся на магілу царыцы. Там ён спыніўся воддаль і пачаў чакаць.

Калі родныя, сябры і землякі беднай Алкесты разышліся ў жалобе, Геракл падышоў да магілы і схаваўся за дрэвам каля ўвахода. І як толькі Смерць з'явілася на магілу, каб аднесці ў падземнае царства бледны цень нябожчыцы, Геракл выйшаў з засады і рынуўся ў бой са Смерцю. З такой сілай напаў ён на яе, што Смерць разгубілася і ўпусціла свой меч на зямлю. Геракл схапіў Смерць за плечы сваімі магутнымі рукамі і не адпускаў да таго часу, пакуль яна не згадзілася аддаць яму Алкесту.

Адзінока сядзеў Адмет у сваім апусцелым доме. Раптам шумна і весела ўвайшоў Геракл, ведучы за сабою жанчыну пад доўгім пакрывалам.

– Годзе, Адмет, - сказаў Геракл цару, - чаго табе сумаваць? Суцешся! Паглядзі, я прывёў табе гэту жанчыну. Я адваяваў яе для цябе ў баі. Яна суцешыць цябе. Развесяліся ж і будзь шчаслівы, як і раней.

Адмет адказаў Гераклу:

– Я абяцаў сваёй каханай, што ніколі не вазьму сабе другую жонку. Выведзі гэту жанчыну з майго дома. Я не хачу глядзець на яе.

Тады Геракл зняў з жанчыны пакрывала, і Адмет убачыў Алкесту. Ён кінуўся да яе і спыніўся, бо страшна спалохаўся: яна ж памерла, ён сам пахаваў яе!

– Не бойся, - супакоіў яго Геракл.
– Яна жывая, Смерць аддала яе мне, і я вяртаю табе тваю сяброўку. Жывіце і будзьце шчаслівыя доўгія гады!

Радасныя, цар і царыца абняліся.

Дзівосная чутка імгненна разнеслася па палацы і па ўсім горадзе. Весялосць змяніла жалобу, жыхары Фер надзелі на свае астрыжаныя галовы ўборы, прыгожа аздобілі сваіх коней і наладзілі вясёлы баль.

А Геракл ужо крочыў далей, задаволены, што яму ўдалося прынесці радасць людзям.

Ён дайшоў да мора, сеў на карабель і паплыў у Фракію. Маракі, якія вандруюць па ўсім свеце і ведаюць больш за іншых людзей, расказалі Гераклу ўсё, што ведалі пра фракійскага цара Дыямеда і яго коней.

Гэты цар быў жорсткі і люты і не любіў чужаземцаў. Ён пабудаваў каля мора крэпасць з высокімі мураванымі сценамі і глыбокім ровам вакол яе і жыў там сярод воінаў, якія ахоўвалі яго.

Калі незнаёмы карабель паказваўся каля берага, Дыямед пасылаў сваіх слуг, каб яны запрасілі прыезджых у госці. Ён частаваў іх у сваім палацы і выхваляўся сваімі коньмі.

Чацвёра дзікіх коней меў цар Дыямед. Ніхто не мог ні ўтаймаваць іх, ні запрэгчы ў калясніцу. Жалезнымі ланцугамі яны былі прыкуты да стойлаў. Агонь і дым выляталі з іх пашчаў. Кармілі іх не травою, не збажыной, а свежай чалавечынай. Але пра гэта Дыямед не гаварыў гасцям. Калі ж госці выказвалі жаданне паглядзець на дзівосных коней, цар заводзіў чужаземцаў у канюшню і аддаваў іх на з'ядзенне сваім любімцам.

Вось што расказалі маракі Гераклу.

Цяпер Геракл больш не вагаўся: пазбавіць свет ад страшыдлаў коней і ад жорсткага цара Дыямеда было справай, вартай героя.

Калі Геракл падплываў да Фракійскай зямлі, ён сабраў самых смелых маракоў і, сышоўшы на бераг, загадаў цару Дыямеду аддаць яму коней. Цар паслаў супраць, Геракла войска, але Геракл з таварышамі перамог яго, забіў Дыямеда і кінуў цела ліхога цара яго коням-людаедам.

Потым ён пагрузіў коней на карабель і завёз цару Еўрысфею. Еўрысфей загадаў адвесці коней у Аркадзію, у Лікейскія горы, і выпусціць у лесе. Там іх разарвалі дзікія звяры.

Дзевяты подзвіг. Геракл заваёўвае пояс Іпаліты

У цара Еўрысфея была юная дачка Адмета. Аднойчы яна прыйшла да бацькі і сказала:

– Кажуць, далёка на ўсходзе ёсць царства, дзе пануюць жанчыны. Там жанчына - галава і апора сям'і і гаспадыня ў доме. Жанчыны там кіруюць гарадамі, гандлююць і судзяць, прыносяць у храмах ахвяры багам і вырашаюць дзяржаўныя справы. Узброеныя, імчацца яны на баявых конях і храбра ваююць з ворагам. Яны называюць сябе амазонкамі, пагарджаюць мужчынамі і выхваляюцца, што яны непераможныя. Мая заступніца Гера, жонка вялікага Зеўса, адкрыла мне, што ўся сіла ваяўнічых амазонак у скураным поясе, які бог вайны Арэс падарыў царыцы Іпаліце. Пакуль яна носіць гэты пояс, ніхто не можа перамагчы яе, а з ёю і ўсіх амазонак. Бацька! Я хачу быць непераможнай, як гэта жанчына, і цараваць, ні з кім не дзелячы ўлады. Я хачу мець пояс Іпаліты!

Цар загадаў Гераклу выпраўляцца ў краіну амазонак і здабыць пояс царыцы Іпаліты.

Царства амазонак было далёка на ўсходзе, у Малой Азіі.

Геракл падрыхтаваў у дарогу карабель, паклікаў з сабой сваіх верных сяброў - Іалая, афінскага царэвіча Тэзея і іншых. Яны паплылі той дарогай, якая была адкрыта для ўсіх мараплаўцаў адважнымі арганаўтамі. Доўга плылі яны; нарэшце па бурным Чорным моры прыплылі да ракі Фермадонту, падняліся па цячэнню і даплылі да горада Феміскіры - сталіцы амазонак.

Каля варот стаялі ўзброеныя жанчыны, скураныя шлемы былі на іх, кароткія кашулі і вузкія доўгія штаны да шчыкалатак; цераз плячо ў амазонак віселі шчыты ў выглядзе месяца, а ў руках яны трымалі сякеркі з двума лязамі.

Варта не пусціла Геракла з таварышамі ў горад, і яны размясціліся на беразе ракі, што цякла паблізу гарадской сцяны.

Неўзабаве да іх прымчалася на цудоўным кані сама царыца Іпаліта з атрадам узброеных дзяўчат. Сярод іх была прыгажуня Анціопа, любімая сяброўка царыцы.

Яе прыгажосць аднойчы ледзь не загубіла амазонак. Даўно задумвалі амазонкі паход у Грэцыю і вось, пераплыўшы мора, апынуліся пад сценамі Афін і асадзілі цудоўны горад. Афіняне не былі гатовыя да асады. Яшчэ крыху, і горад быў бы ў руках ваяўнічых жанчын. Але сярод афінскіх воінаў Анціопа ўбачыла царэвіча Тэзея, і ў сэрцы яе загарэлася любоў да яго. Тэзею таксама спадабалася красуня амазонка; з яе дапамогай ён спадзяваўся выратаваць родны горад.

Уночы ён пракраўся ўпотай у лагер амазонак - пабачыцца з Анціопай.

Поделиться с друзьями: