Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Героі Элады

Смирнова Вера Васильевна

Шрифт:

І ён адкрыў запаветную бочку, зачэрпнуў віна сабе і Гераклу, і яны пілі і весяліліся.

Раптам каля пячоры пачуўся стук капытоў - пах віна прывабіў кентаўраў, і яны прымчаліся, змучаныя смагай. Дазнаўшыся, што нехта чужы прабраўся ў іх жытло і п'е іхняе віно, яны ўзлаваліся і з дзікім крыкам акружылі пячору.

Геракл з глыбіні пячоры пачаў кідаць у іх палаючыя галавешкі. Спалохаўшыся агню, кентаўры ўцяклі.

Геракл выйшаў з пячоры і хацеў падацца ў лес. Але кентаўры пільнавалі яго і, убачыўшы, што ён адзін, падбадзёрыліся і напалі на яго зноў. Тады ён пачаў пускаць у іх стрэлы, атручаныя крывёю Лярнейскай гідры, і адзін за адным яны мёртвыя падалі на зямлю.

Тут з пячоры выйшаў малады кентаўр, які частаваў Геракла, і са здзіўленнем пазіраў на мёртвых кентаўраў, што ляжалі вакол.

– Як! Гэты маленькі кавалачак дрэва забівае насмерць?
– спытаў ён.
– Гэтая тонкая палачка можа забіць?
– І ён выцягнуў стралу з цела аднаго з кентаўраў.

– Асцярожна!
– крыкнуў Геракл.

Ды ўжо было позна: кентаўр выпусціў стралу з рук, і яна ўпілася яму ў нагу. Кентаўр нават не войкнуў, не крыкнуў і ўпаў мёртвы.

Геракл перанёс целы забітых кентаўраў у пячору, заваліў яе вялікім каменем, нібы грабніцу, і пайшоў далей.

Ён лёгка высачыў у лесе вепра, параніў яго ў нагу, звязаў і, ускінуўшы сабе на плечы, вярнуўся ў Мікены і прыйшоў у палац Еўрысфея.

Дзікі вепр вішчаў на ўвесь палац, і цар Еўрысфей са страху залез у вялікі медны чан для вады, што стаяў на двары.

Геракл усё ж знайшоў яго. Але як толькі цар убачыў над краем чана страшную морду вепра, ён замахаў рукамі і закрычаў тонкім голасам:

– Ідзі, ідзі адсюль хутчэй!

Геракл пасмяяўся, пайшоў і загадаў закалоць вепра і наладзіць баль для народа.

Пяты подзвіг. Геракл разганяе Сцімфальскіх птушак

Бог вайны Арэс меў чараду дзікіх птушак. Кіпцюры і дзюбы ў іх былі жалезныя, а медныя пёры іх, выпадаючы з цела, ляцелі ўніз і забівалі, як стрэлы. Птушкі жылі ў гарах, у цясніне каля Сцімфальскага возера. Вада з гэтага возера цякла ў падземную пячору, а адтуль струменіў ручай у глыб зямлі, у царства мёртвых. У возеры нішто не жыло, і яго акружалі голыя скалы. Толькі на выспе пасярод возера рос высокі трыснёг, і тут жылі птушкі бога вайны. Яны харчаваліся чалавечынай і адсюль выляталі чарадой на крывавае паляванне.

Цар Еўрысфей загадаў Гераклу ісці да Сцімфальскага возера і прагнаць птушак Арэса далёка за мора.

Геракл паклікаў з сабой Іалая, узяў свой лук з атручанымі стрэламі і падаўся ў горы. Доўга яны блукалі па кручах, нарэшце прыйшлі ў цясніну, на дне якой ляжала Сцімфальскае возера.

Пуста і дзіка было вакол: голыя камяні, ні травы, ні кветак, ні дрэў. Вецер не маршчыніў гладкую паверхню возера, рыбка не плёскалася ў вадзе, яшчаркі не грэліся на сонейку паміж камянёў. Мёртвая цішыня панавала над возерам. Геракл і Іалай селі на камяні каля самай вады і пазіралі на нерухомае возера. Сум агарнуў іх, стома скавала цела, стала цяжка дыхаць.

– Са мной творыцца штосьці нядобрае, - сказаў Геракл сябру, - цяжка дыхаць, сэрца замірае, і лук выпадае з маіх рук...

Чарадзейны сон агарнуў іх.

Тады з астраўка пасярод возера са звонам узняліся адна за адной вялізныя чырвоныя птушкі. Яны кружыліся над возерам, над цяснінай і неўзабаве, нібы хмара, закрылі ўсё неба, і барвовы цень лёг на ваду.

Раптам штосьці ўпала каля Геракла, загрымела на камені, і ён прачнуўся.

Каля яго ног ляжала звычайная драўляная бразготка, якой сяляне праганяюць птушак з садоў і агародаў. Яе паслала герою багіня Афіна, мудрая настаўніца і памочніца людзей.

Геракл усхапіўся, пабудзіў Іалая, даў яму бразготку і загадаў трэсці яе. Яна бразгацела і грымела над сонным возерам, і горнае рэха ў сто разоў памнажала шум. Напалоханыя незвычайнымі гукамі, птушкі мітусіліся і разляталіся ў розныя бакі, губляючы пёры. Геракл схапіў лук і пускаў у птушак стралу за стралой. Падбітыя птушкі падалі ў возера, і цяжкае апярэнне цягнула іх на дно.

Накрыўшыся шкурай Нямейскага льва, якую не маглі прабіць ніякія стрэлы, Геракл бязлітасна страляў страшных Сцімфальскіх птушак. Шмат іх патанула ў чорных водах возера. Цяпер яно ўжо не было спакойнае: вада ў ім бурліла і віравала; белая пара падымалася да неба.

Птушкі, што засталіся жывымі, узняліся высока над возерам, сабраліся ў чараду і паляцелі прэч. Яны пакінулі Грэцыю і апусціліся далёка-далёка, на бязлюднай выспе ў бурным моры.

– Хутчэй хадзем адсюль, - сказаў Геракл, - пакуль нас не ахапіў смяртэльны сон.
– І, кінуўшы ў ваду бразготку Афіны, сябры пайшлі ад мёртвага возера.

Шосты подзвіг. Геракл ачышчае Аўгіевы канюшні

Невыказна багаты быў цар Эліды Аўгій. Незлічоныя статкі яго валоў і авечак і табуны коней пасвіліся ва ўрадлівай даліне ракі Алфея. Трыста коней з белымі як снег нагамі меў ён; дзвесце - чырвоных, нібы медзь; дванаццаць коней былі белыя, нібы лебедзі, а ў аднаго з іх блішчала на лбе зорка.

Аўгій столькі меў скаціны, што слугі не паспявалі чысціць хлявы і канюшні, і за шмат гадоў у кожнай з іх назбіралася гною пад самы дах.

Цар Еўрысфей хацеў удружыць Аўгію і зняважыць Геракла. І ён паслаў героя чысціць Аўгіевы канюшні.

Геракл прыйшоў у Эліду і сказаў Аўгію:

– Калі ты аддасі мне дзесятую частку сваіх коней, я вычышчу канюшні за адзін дзень.

Аўгій засмяяўся: ён думаў, што іх зусім немагчыма вычысціць. Таму цар сказаў Гераклу:

– Я аддам табе дзесятую частку маіх коней, калі ты за адзін дзень вычысціш мае канюшні.

Геракл папрасіў, каб яму далі рыдлёўку, і Аўгій, усміхаючыся, загадаў прынесці яе герою.

– Доўга ж табе давядзецца працаваць гэтай рыдлёўкай!
– сказаў ён.

– Адзін толькі дзень, - адказаў Геракл і пайшоў на бераг Алфея. Паўдня ён старанна працаваў рыдлёўкай. Зямля ляцела з-пад яе і лажылася высокім валам. Геракл запрудзіў рэчышча ракі і адвёў яе проста ў царскія канюшні. Воды Алфея імкліва пацяклі праз іх, зносячы з сабою гной, стойлы, кармушкі, нават струхлелыя сцены.

Абапёршыся на рыдлёўку, Геракл глядзеў, як добра працавала рака, і толькі зрэдку памагаў ёй. Да захаду сонца канюшні былі чыстыя.

– Не гневайся, цар, - сказаў Геракл, - я ачысціў твае канюшні не толькі ад гною, але і ад усяго, што струхлела і даўно згніло. Я зрабіў больш, чым абяцаў. Цяпер ты аддай мне тое, што абяцаў.

Але сквапны Аўгій заспрачаўся, пачаў сварыцца і адмовіўся аддаць Гераклу коней. Тады Геракл зазлаваў, пачаў з Аўгіем біцца і забіў яго.

Сёмы подзвіг. Геракл утаймоўвае Крыцкага быка

Шэсць разоў прыходзіў ужо Геракл у Мікены і па загаду цара Еўрысфея выпраўляўся ў небяспечную і цяжкую дарогу. Шэсць подзвігаў ён здзейсніў: забіў Нямейскага льва, знішчыў Лярнейскую гідру, злавіў Керынейскую лань, прынёс у Мікены Эрыманфскага вепра, прагнаў з Грэцыі Сцімфальскіх птушак і за адзін дзень вычысціў Аўгіевы канюшні. І вось зноў паклікаў героя Еўрысфей і загадаў яму плыць цераз мора на выспу Крыт і ўтаймаваць раз'юшанага быка, з якім ніхто з крыцян не мог справіцца.

Поделиться с друзьями: