Героі Элады
Шрифт:
Пераможна гучала залатая кіфара, спяваў Арфей, і людзі ў звярыных шкурах са здзіўленнем слухалі песні далёкай краіны.
Арганаўты ў Салмідэсе. Голуб Фінэя
Усё далей і далей на ўсход плыў «Арго». Ужо шмат дзён былі арганаўты ў дарозе. Яны мінулі другое мора і хутка павінны былі ўбачыць трэцяе - апошняе на іх шляху, самае шырокае, бурнае і невядомае мора. Нават спрактыкаваны марак Тыфіс нічога не ведаў пра яго. Арганаўты доўга шукалі праходу з Прапантыды ў гэтае новае мора і, перш чым рушыць у апошні пераход, вырашылі адпачыць і спыніліся паблізу фракійскага горада Салмідэса.
Незвычайная цішыня сустрэла іх на беразе. Гавань была пустая і закінутая, гарадскія вуліцы бязлюдныя, дамы зачынены наглуха.
Арганаўты прайшлі па бязлюдным горадзе і наблізіліся да царскага дома. Страшэннае запусценне панавала тут. Усе расліны ў царскім садзе загінулі. Куча агіднага бруду ляжала перад домам; сонца паліла яго, і нясцерпны смурод стаяў у паветры. На расчыненых варотах сядзелі дзве вялізныя худыя птушкі і, схаваўшы галовы пад крылы, спалі.
Са здзіўленнем глядзелі на ўсё гэта арганаўты і хацелі былі ўжо як мага хутчэй прайсці міма, як раптам пачулі чыйсьці слабы голас. Яны адгукнуліся. З дома выйшаў, хістаючыся, стары і рушыў да іх, працягнуўшы ўперад дрыжачыя рукі і асцярожна ступаючы, нібы сляпы. Ён і сапраўды быў сляпы і такі знясілены і худы, што страшна было глядзець на яго. Ён ледзь дайшоў да прышэльцаў, аслабеў і ўпаў перад імі на зямлю. Арганаўты паднялі яго, прывялі да ганка, пасадзілі і абступілі, чакаючы, што ён скажа.
Аддыхаўшыся, стары загаварыў ціхім і сумным голасам:
– Я пазнаў вас, героі Элады! Сэрца падказала мне, што вы - тыя, што адважыліся плыць па залатое руно цераз тры моры ў далёкую Калхіду. Арганаўты, таварышы і спадарожнікі Язона, гэта вы! Даўно ўжо я чакаю вас. Мне прадказана, што вы прыйдзеце і выратуеце мяне. Слухайце! Калісьці быў я царом у Салмідэсе. Маё імя Фінэй...
Пачуўшы гэтае імя, з крыкам кінуліся да старога Барэады, два крылатыя браты, сыны бога вятроў, і спыніліся, баючыся паверыць сваім вачам: гэта быў муж іх любімай сястры, фракійскі цар Фінэй.
– Так, я не чужы вам, - сказаў стары, - я быў жанаты на красуні дачцэ Барэя. Два мілыя сыны ў мяне былі, быў я багаты і шчаслівы. Я ўмеў прадказваць будучае, многія таямніцы былі мне адкрыты, але я не меў права таварыць пра іх. А я быў добры і мяккасардэчны і пачаў гаварыць людзям пра іх лёс. Багі загневаліся на мяне: я аслеп. Сям'я мая распалася, сыны сышлі ад мяне. Людзі пакінулі мяне аднаго, таму што багі паслалі сюды страшыдлаў, якія пільнуюць мяне і не дазваляюць нікому памагчы мне. Голад мучыць мяне, я паміраю ад знясілення... Выратуйце мяне, Барэады!
Арганаўтам зрабілася шкада старога, яны хуценька сабралі тое, што ў іх было з сабою - хлеб, кавалак сыру і крыху садавіны, - і палажылі старому на калені.
– Бяры і еш, - сказаў Язон.
– Падсілкуйся крыху, ды пойдзем з намі на «Арго», там мы накормім цябе ўдосталь.
Раптам пачуўся хрыплы і працяглы крык і лопат крылаў: птушкі на варотах прачнуліся і ўзнялі галовы. Арганаўты ўбачылі: птушкі мелі жаночыя галовы, на доўгіх голых шыях, брыдкія, кашчавыя старыя і страшныя твары. Ганарыста і прагна пазіралі яны на Фінэя і нецярпліва пераступалі лапамі з доўгімі кручкаватымі пальцамі.
Раптам яны ўзляцелі і з крыкам пачалі кружыцца над домам.
Стары спалохаўся і ўпусціў з рук ежу.
– Гэта Гарпіі. Хутка яны прыляцяць, - прамармытаў ён.
– Вось яны!
Як гнеў багоў, зляцелі няўмольныя Гарпіі на няшчаснага Фінэя, кіпцюрамі раздзіралі яму рукі і вопратку. Яны выхапілі ў яго хлеб і садавіну, у адно імгненне зжэрлі ўсё і паляцелі, апырскаўшы беднага старога смярдзючай гразёю.
Крылатыя сыны Барэя выхапілі свае мячы і паляцелі за імі. Гарпіі з крыкам памчаліся на захад, за мора. Барэады пагналіся за імі і неўзабаве зніклі ў марскім тумане. Тады з неба цераз усё мора перакінулася сяміколерная дуга, на зямлю сышла вястунка багоў багіня Ірыда і сказала Фінэю, што час яго пакарання скончыўся, багі даравалі яму і злосныя Гарпіі ніколі больш не прыляцяць да яго дома.
Убачыўшы, што Гарпіі паляцелі далёка за мора, салмідэскія жыхары пачалі выходзіць з дамоў. Хуценька вычысцілі яны двор і дом, памылі самога Фінэя і апранулі яго ў чыстае адзенне. На шпаркіх крылах сваіх вярнуліся назад Барэады і з радасцю абнялі Фінэя. Арганаўты прынеслі з карабля тлустую авечку, якую падарылі ім бебрыкі, згатавалі смачны абед, пакармілі Фінэя, елі самі і частавалі ўсіх, хто быў галодны ў Салмідэсе. А калі ўсе наеліся, паселі каля вогнішча, пілі віно, гаварылі пра тое, як ім далей плыць, пра невядомае мора, і пыталіся ў Фінэя, што чакае іх наперадзе. Удзячны Фінэй так адказаў сваім выратавальнікам:
– Я не магу сказаць вам, што з вамі будзе, - багі зноў загневаюцца на мяне. Але я магу даць вам параду. Калі вы пакінеце салмідэскую гавань і ўвойдзеце ў праліў, які злучае Прапантыду з другім морам, вы ўбачыце ў канцы праліва дзве скалы. Гэта Сімплягады. Яны не стаяць на адным месцы - увесь час то збліжаюцца, стукаючыся адна аб адну, то разыходзяцца. Ніхто з людзей смяротных яшчэ не праходзіў паміж Сімплягадамі, ні адзін карабель не праплываў паміж імі. Але вам нельга абмінуць іх: яны стаяць на вашым шляху. Зрабіце так. Вазьміце з сабою голуба і, як наблізіцеся да Сімплягадаў, пусціце наперад птушку. Калі яна паспее праляцець паміж скалаў, смела плывіце, толькі спяшайцеся, хутчэй вяслуйце - усё залежыць ад сілы і хуткасці вашых рук. Калі ж скалы раздушаць голуба, адразу ж вяртайцеся назад - значыць, няма вам далей дарогі.
Пачуўшы гэта, салмідэскія хлапчукі пабеглі, злавілі маладога голуба і прынеслі сляпому цару.
Фінэй абмацаў, ці дужыя крылы ў птушкі, і аддаў голуба Язону.
Назаўтра раніцай арганаўты развіталіся з Фінэем, селі на карабель і паплылі туды, дзе чакала іх удача або пагібель.
Паміж рухомымі скаламі
Арганаўты павольна плылі па вузкім, усыпаным падводнымі камянямі праліве, глядзелі ўперад і маўчалі, таму што ў час небяспекі дужы не хоча паказваць перад іншымі сваю трывогу і ў сабе самім шукае падтрымкі.
Праліў пашыраўся ў канцы; ужо віднеліся вялізныя сінія скалы, якія закрывалі выхад у мора, і чуваць было, як біліся аб іх хвалі.
– Сімплягады!
– сказаў урачыста Тыфіс.
І ўсе ўбачылі, як скалы раптам рассунуліся, разышліся, пакідаючы праход, нібы запрашалі «Арго» прайсці паміж імі. Хвалі з шумам рынуліся ў праход, несучы карабель уперад. Але тут скалы зноў сышліся, з грукатам стукнуўшыся адна аб адну. Мора вакол зашыпела, і белая пена ўскіпела на грабянях хваль.
Хвалі неслі «Арго» проста на скалы. На носе карабля стаяў Язон і трымаў у руках голуба. Як толькі скалы разышліся зноў, Язон выпусціў птушку ў праход; яна паляцела паміж скалаў, якія хутка сыходзіліся зноў, пагражаючы раздушыць маленькі белы камячок. З грукатам сутыкнуліся гмахі, і мора адкінула карабель назад. Ён закружыўся, нібы трэска. Зноў рассунуліся скалы, і арганаўты з радасцю ўбачылі, што белы голуб праляцеў Сімплягады. Яны гучна закрычалі.
Тыфіс загадаў веславаць з усяе сілы і як мага хутчэй.
Мора раптам уздыбілася пад караблём і кінула яго ў паток паміж скаламі. Насустрач «Арго» ішла другая хваля, яшчэ вышэйшая, і вёслы арганаўтаў сагнуліся ў дугу.
Тады Тыфіс загадаў: «Кіньце веславаць!» - і вёслы, узляцеўшы ўгору, спыніліся. Грозны вал пакаціўся пад кіль карабля і пачаў кідаць і круціць «Арго», а скалы ўжо сыходзіліся.
– О, царыца Алімпа, выратуй нас!
– пачалі маліць арганаўты.
І вось над бурлівым морам з'явілася сама багіня Гера. Левай рукой яна спыніла скалу, якая пагражала раздушыць карабель, а праваю моцна штурхнула «Арго» ўперад, і ён нібы страла праляцеў паміж скалаў.