Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Героі Элады

Смирнова Вера Васильевна

Шрифт:

Калі арганаўты падышлі да Крыта, велікан не пусціў іх на бераг і пачаў шпурляць у іх цяжкія камяні. Але Медэя сваёй чароўнай сілай усыпіла велікана, вочы яго заплюшчыліся. Ён спатыкнуўся на востры камень і ўпаў. Цвік выпаў у яго з пяткі, і кроў лінула з адтуліны. Разам з крывёю велікан страціў сваю жывую сілу і ператварыўся ў вялікую медную статую.

Арганаўты прычалілі да берага і пераначавалі на Крыце, а раніцай рушылі далей.

І яшчэ раз яны трапілі ў буру. Ды гэта было ўжо апошняе выпрабаванне, і багі не далі ім загінуць.

Сам Апалон з залатога лука пасылаў у мора святлівыя стрэлы і паказаў арганаўтам астравок, каля якога яны маглі схавацца.

Потым вецер сціх, неба ачысцілася, мора паспакайнела, і ўдалечыні паказаўся грэчаскі бераг. Плаванне арганаўтаў канчалася. «Арго» вяртаўся дадому.

Смерць Язона

Скончыліся святкаванні і банкеты ў гонар арганаўтаў, якія шчасліва вярнуліся пасля далёкага і доўгага плавання. Цудоўны карабель «Арго» адслужыў сваё - ветразі яго былі пашматаны бурамі, змылася пазалота на носе, і хвалі шматлікіх мораў стачылі яго драўляны корпус. Арганаўты выцягнулі з вады абшарпаны каркас «Арго» і паставілі на беразе на памяць людзям.

Потым адважныя героі разышліся па розных гарадах і заняліся кожны сваёй справай.

Залатое руно ляжала ў палацы іолкскага цара. Але Язону яно не прынесла шчасця.

Стары Пелій не ўзрадаваўся, што Язон вярнуўся, і не аддаў яму царскую ўладу. «Няхай вырашае народ, няхай сам народ скажа, каго ён хоча бачыць царом у Іолку», - гаварыў ён Язону. А народу Пелій гаварыў: «Хочаце, каб вашай царыцай была чужаземка, да таго ж яшчэ і чараўніца? Яна зачаруе вас, як зачаравала Язона».

Людзі з апаскай пазіралі на Медэю і абміналі палац Язона. Неўзабаве зусім не засталося ў яго сяброў у Іолку. Медэя бачыла гэта, ёй было горка і крыўдна, і яна парашыла адпомсціць Пелію і аддаць царства Язону.

Яна расказала іолкскім жанчынам, што багі далі ёй сілу вяртаць маладосць старым, і, каб ёй паверылі, зарэзала старога барана і зноў ажывіла яго, ператварыўшы ў ягня.

Тады дочкі Пелія пачалі прасіць чараўніцу зрабіць маладым іх старога бацьку.

Яны забілі цара, але ажыўляць яго Медэя не захацела, адмовілася.

Смерць Пелія не памагла Язону. Царом у Іолку стаў сын Пелія - Акаст. Ён прагнаў Язона і Медэю з горада і не дазволіў ім жыць у Фесаліі. Пеша, нібы той апошні жабрак, зганьбаваны, выгнаны з роднага краю, пайшоў Язон з Іолка шукаць прытулку на суседняй зямлі.

У гэты час у Карынфе правіў стары сябар бацькі Язона - Крэонт. Ён даў прытулак выгнаннікам у памяць старой дружбы.

Яны пасяліліся ў беднай хаціне на ўскраіне горада, жылі ціха некалькі гадоў, і Медэя нарадзіла Язону двух сыноў.

Але не было шчасця ў іх доме. Людзі не любілі і баяліся Медэі, чараўніцы і чужаземкі. Жанчыны не заходзілі да яе ў дом пагаманіць за прасніцай пра гарадскія навіны, пра свае хатнія справы; іх дзеці не хацелі гуляць з маленькімі сынамі Медэі, дражнілі іх і білі.

Медэя гневалася і тужыла і скардзілася Язону, але яму дакучалі гэтыя скаргі. Ён часта сыходзіў з дому і ішоў у госці да Крэонта, які заўсёды ласкава сустракаў сына свайго сябра, але ніколі не запрашаў Медэю.

У Крэонта была дачка-красуня. Яна заўсёды радасна сустракала Язона, калі ён прыходзіў у палац, сама налівала яму віна і слухала цэлымі гадзінамі яго расказы пра арганаўтаў і іх плаванне па чужых морах на караблі «Арго».

Аднойчы цар сказаў Язону:

– Я не маю сына, і наследнікам маім будзе той, хто ажэніцца з маёй дачкой. Ажаніся з ёю - і ты будзеш царом у Карынфе.

Збянтэжаны Язон адказаў, што ў яго ўжо ёсць жонка - Медэя.

Але цар засмяяўся і сказаў:

– Паводле нашых законаў, гэта не жонка, а рабыня, паланянка-варварка. Кінь яе, і ты будзеш жыць у палацы, у дастатку і ў пашане. Ніхто не будзе напамінаць табе пра мінулае.

І Язон здрадзіў Медэі. Ён забыў пра сваю клятву ў страшны начны час на беразе Фазіса, калі пагібель пагражала яму і ўсім арганаўтам і дзяўчына-варварка выратавала іх. Але ён не асмеліўся сказаць Медэі праўду: выдумаў, што цар узяў яго да сябе на службу і таму ён павінен перасяліцца ў палац.

Медэя па-ранейшаму кахала Язона і ні аб чым не здагадвалася, пакуль не прыйшлі і не сказалі ёй, што ён жэніцца з царскай дачкой і што прызначаны ўжо дзень вяселля.

Медэя была зняважана, і яна вельмі разгневалася.

«Язон забыўся пра сваю клятву, забыўся, што я выратавала яму жыццё і гонар, што праз яго я пакінула родны край, парушыла волю бацькі! Ён хоча пакінуць мяне з дзецьмі адну сярод чужых людзей, без дапамогі, без апоры!»

Ад гневу і тугі Медэя не знаходзіла сабе месца, не ведала, што рабіць. Раптам прыйшоў слуга ад цара з загадам, каб яна зараз жа пакінула Карынф - яе праганялі.

Тады яна вырашыла:

– Усё скончана! Бывай, каханне і мірнае шчасце! Прыйдзі мне на дапамогу, Геката! Памажы адпомсціць!

Медэя прыкінулася пакорлівай і ціхай. Яна папрасіла не выганяць яе з Карынфа ўсяго яшчэ адзін дзень, памірылася з Язонам, і ў знак поўнай пакоры паслала яго нявесце цудоўны падарунак - прыгожае вянчальнае пакрывала і залатую карону, якую бог Сонца калісьці падарыў цару Калхіды.

Красуня нявеста ўзрадавалася падарунку, адразу ж надзела на галаву карону і захуталася ў пакрывала. Раптам ёй зрабілася цяжка: залатая карона сціскала, пякла ёй галаву, чароўнае пакрывала душыла яе.

Яна хацела скінуць з сябе ўбранне, але адзенне на ёй у адно імгненне ўспыхнула, і агонь ахапіў яе ўсю. Яна закрычала.

Бацька прыбег ёй на дапамогу, пачаў зрываць з яе палаючае адзенне - агонь перакінуўся на яго, і яны абое, ахопленыя полымем, нібы жывыя вогнішчы, кідаліся па палацы, і ніхто не мог ім памагчы.

З жахам убачыў Язон іх абвугленыя трупы. Сэрца яго сціснулася - страшна яму зрабілася і сорамна. Ён пабег дадому, хацеў абняць сыноў. Позна! Медэя ў шаленстве забіла сваіх дзяцей, і крылатыя драконы знеслі яе з Карынфа.

Язон застаўся адзін-адзінюткі на свеце. Ніхто не хацеў жыць разам з ім, ніхто не слухаў больш яго расказаў.

Ён хадзіў з горада ў горад і нідзе не мог знайсці сабе ні занятку, ні спакою.

Аднойчы ён прыйшоў на бераг мора. Перад ім на пяску, амаль увесь разбураны, абадраны, стаяў на падпорках карабель. Язон пазнаў яго: гэта быў «Арго», гэтакі ж адзінокі і ўсімі забыты, як ён сам. Язон абышоў яго, агледзеў і, стомлены, лёг у засені карабля, пад кармой. Ён ляжаў і ўспамінаў шчаслівыя дні паходу: адважных таварышаў, далёкія чужыя землі, і ўпершыню за шмат дзён у яго было лёгка і спакойна на душы.

Поделиться с друзьями: