Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Героі Элады

Смирнова Вера Васильевна

Шрифт:

Потым ён заснуў.

Пакуль ён спаў, наляцеў вецер, і стары «Арго» абваліўся і пахаваў пад сабою правадыра арганаўтаў.

Персей

У Аргосе жыў цар, якому прадказалі, што яго заб'е ўнук.

У цара была дачка Даная, такая красуня, што чуткі пра яе ішлі па ўсёй Грэцыі.

Цар спалохаўся, што Даная народзіць сына, які заб'е яго, і вырашыў ніколі не аддаваць яе замуж. Ён загадаў пабудаваць падземны дом з цвёрдага каменя, з меднымі дзвярамі, з моцнымі заваламі і замкнуў там дачку, каб ніхто з мужчын не мог убачыць яе.

Але Грамавержац Зеўс маланкай прабіў камень, залатым дажджом прасачыўся ў падзямелле, куды схавалі Данаю, і яна стала яго жонкай.

У Данаі нарадзіўся сын, яна назвала яго Персеем.

Аднойчы бацька Данаі, ідучы над тайніком, пачуў дзіцячы крык. Цар здзівіўся, адамкнуў уваход у падзямелле, спусціўся ў жыллё Данаі і ўбачыў на руках у дачкі прыгожага хлопчыка.

Страх ахапіў цара. Ён пачаў думаць, як яму пазбегнуць страшнага лёсу. Нарэшце ён загадаў пасадзіць Данаю з сынам у вялікую скрыню і тайком кінуць у мора.

Вецер доўга насіў скрыню па моры і прыгнаў да выспы Серыфа. На беразе рыбак лавіў рыбу. Ён закінуў сетку ў мора і злавіў замест рыбы вялікую скрыню. Бедны рыбак захацеў хутчэй даведацца, што гэта за ўлоў паслала яму мора, выцягнуў знаходку на бераг, сарваў са скрыні накрыўку - і адтуль выйшла красуня і з ёю хлопчык. Даведаўшыся пра тое, хто яны і што з імі здарылася, рыбак пашкадаваў іх і ўзяў у свой дом. Персей рос не па днях, а па гадзінах, вырас высокім, стройным юнаком, і ніхто ў Серыфе не мог з ім зраўняцца ў прыгажосці, спрыце і сіле.

Пачуў пра яго цар выспы Серыфа Палідэкт і загадаў Персею разам з маці з'явіцца ў палац. Прыгажосць Данаі зачаравала Палідэкта, ён ласкава сустрэў царыцу з сынам і пасяліў іх у сваім палацы.

Аднойчы застаў Персей маці ў слязах; яна прызналася яму, што Палідэкт прымушае яе выйсці за яго замуж, і папрасіла сына абараніць яе. Персей горача заступіўся за маці.

Тады Палідэкт вырашыў пазбавіцца ад Персея, паклікаў яго і сказаў:

– Ты ўжо вырас і ўзмужнеў і стаў такі дужы, што можаш цяпер адплаціць мне за тое, што я даў прытулак табе і маці. Выпраўляйся ў дарогу і прынясі мне галаву Медузы.

Персей развітаўся з маці і падаўся ў свет - шукаць Медузу, пра якую нічога дагэтуль не ведаў.

У сне да яго з'явілася багіня мудрасці Афіна і адкрыла яму, што Медуза - адна з трох сясцёр Гаргон, жывуць яны на краі свету, у Краіне Ночы, усе яны - пачварныя страшыдлы, але самая страшная - Медуза: замест валасоў на галаве ў яе звіваюцца ядавітыя змеі, вочы палаюць нясцерпным агнём і такія злосныя, што кожны, хто зірне ў іх, адразу ператвараецца ў камень. Афіна дала Персею свой шчыт, гладкі і бліскучы, нібы люстэрка, каб ён мог закрыцца ад страшных вачэй Медузы.

Потым на дарозе дагнаў яго шпарканогі Гермес, пасланец Зеўса: ён расказаў Персею, як яму ісці, і падарыў свой меч, такі востры, што ім можна было рэзаць, як воск, жалеза і камень.

Доўга ішоў Персей у той бок, куды заходзіць Сонца. Нарэшце дабраўся да Краіны Ночы. Уваход у гэту краіну вартавалі тры старыя бабулі - Грайі. Яны былі такія старыя, што на ўсіх трох мелі ўсяго адно толькі вока і адзін зуб. І ўсё ж такі яны добра ахоўвалі ўваход у Краіну Ночы і нікога не прапускалі туды. Па чарзе глядзелі яны адным вокам, перадаючы яго адна адной.

Персей ціхенька падкраўся да Грайяў, дачакаўся, калі адна з іх выняла вока, каб перадаць яго сястры, працягнуў руку і выхапіў у старой вельмі дарагое для іх вока. І адразу ж зрабіліся Грайі нядужымі сляпымі бабулькамі. Жаласна прасілі яны Персея аддаць ім іх адзінае вока.

– Пусціце мяне ў Краіну Ночы, скажыце мне, як знайсці Медузу, і я аддам вам ваша вока, - адказаў старым Персей.

Але старыя Грайі не хацелі пускаць Персея, не хацелі гаварыць яму, дзе знайсці Медузу, - Гаргоны ж былі іх родныя сёстры. Тады Персей прыгразіў старым, што разаб'е іх вока аб камень, - і Грайям давялося паказаць яму дарогу.

Персей аддаў Грайям іх вока і пайшоў далей на захад.

Па дарозе трапіліся яму тры добрыя німфы. Адна падарыла Персею шлем Аіда, уладара падземнага царства, - той, хто надзяваў гэты шлем, рабіўся невідзімкай; другая дала Персею крылатыя сандалі - той, хто надзяваў іх, мог лятаць над зямлёй, як птушка; трэцяя німфа ўручыла юнаку торбу, якая магла памяншацца і павялічвацца па жаданні таго, хто насіў яе.

Персей павесіў на плячо торбу, абуў крылатыя сандалі, надзеў на галаву шлем - і, не бачны нікому, узняўся высока ў неба і паляцеў над зямлёй. Неўзабаве ён дабраўся да края зямлі і доўга ляцеў над пустыннай роўняддзю мора, пакуль унізе не зачарнела адзінокая скалістая выспа. Персей пачаў кружыцца над выспаю і ўбачыў на скале Гаргон, якія ў гэты час спалі. У іх былі залатыя крылы, пакрытыя луской, і медныя рукі з вострымі кіпцюрамі.

Персей убачыў Медузу - яна была бліжэй за ўсіх да мора. Ён апусціўся на скалу побач з ёю. Змеі на галаве Медузы засыкалі, пачуўшы ворага. Медуза прачнулася, расплюшчыла вочы. Персей адвярнуўся, каб не зірнуць у гэтыя страшныя вочы і не ператварыцца навек у мёртвы камень. Ён узняў шчыт Афіны, бліскучы, нібы люстэрка, навёў на Медузу і, пазіраючы ў яго, дастаў меч Гермеса і адсек ёй галаву.

Тут прачнуліся дзве другія Гаргоны, распасцерлі крылы і пачалі кружыцца над выспаю, шукаючы ворага. Але Персей быў нябачны. Хуценька засунуў ён галаву Медузы ў сваю чароўную торбу, сапхнуў цела Гаргоны ў мора і паляцеў прэч. Ён спяшаўся дадому, хутка мінуў мора і паляцеў над Лівійскай пустыняй. Кроў з галавы Медузы капала з торбы на зямлю, і кожная кропля ператваралася на пяску ў ядавітую змяю.

Доўга ляцеў Персей, стаміўся і захацеў адпачыць. Убачыў унізе зялёныя лугі і чароды авечак, кароў і быкоў, убачыў вялікі цяністы сад, пасярод якога расло дрэва з залатымі лістамі і яблыкамі, - і апусціўся каля гэтага дрэва. Гаспадар саду, велікан Атлант, сустрэў Персея няветліва. Яму прадказалі, што аднойчы да яго прыйдзе сын Зеўса і ўкрадзе залатыя яблыкі з яго любімага дрэва.

Персей не ведаў гэтага прадказання і сказаў велікану:

– Я - Персей, сын Зеўса і Данаі. Я забіў грозную Медузу. Дазволь мне адпачыць у тваім садзе.

Пачуўшы, што перад ім сын Зеўса, Атлант раз'юшыўся.

– Злодзей! Ты хочаш украсці мае залатыя яблыкі?
– закрычаў ён і пачаў праганяць Персея з саду.

Зняважаны, Персей выхапіў з торбы галаву Медузы і паказаў яе велікану.

У адно імгненне скамянеў Атлант, ператварыўся ў каменную гару. Галава яго стала вяршыняй скалы, барада і валасы - густым лесам на вяршыні, плечы - крутымі скаламі, рукі і ногі - камяністымі выступамі. На вяршыню гэтай каменнай гары, на крутыя скалы лёг купал неба з усімі незлічонымі зоркамі. З таго часу стаіць там Атлант на краі зямлі і трымае на сваіх плячах неба.

Поделиться с друзьями: