Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Гронкі гневу

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

Маці наламала сухога голля, усунула ў печку, і яно хутка загарэлася ад гарачага вуголля, што засталося пасля гатавання вячэры. Руці і Ўінфілд выпаўзлі з-пад коўдры, як ракі-самотнікі са сваіх шкарлупін. Першыя хвіліны яны паводзілі сябе сціпла, стараючыся разведаць, даравалі ім іхнія правіннасці ці не. Пераканаўшыся, што ніхто не звяртае на іх ніякай увагі, яны асмялелі. Руці праскакала на адной назе да дзвярэй і назад, не дакранаючыся да сценкі.

Маці сыпала ў міску муку, калі Ружа Сарона паднялася па сходках у вагон. Яна выпрасталася ў дзвярах і насцярожана пайшла да маці.

— Што здарылася? — запыталася яна.

— У нас навіна! — усклікнула маці. — Зараз мы наладзім маленькі банкецік з выпадку заручын Эла і Эгі Ўэйнрайт.

Ружа Сарона застыла на месцы. Яна паволі перавяла позірк на Эла, які стаяў разгублены, усхваляваны.

Місіс Уэйнрайт крыкнула з другога канца вагона:

— Я памагаю Эгі надзець свежую сукенку. Мы зараз.

Ружа Сарона паволі павярнулася, падышла да шырокіх дзвярэй вагона і асцярожна спусцілася па сходках. Ступіўшы на зямлю, яна паволі пабрыла да рэчкі, а там пайшла сцежкай, што цягнулася па беразе. Яна ішла туды, куды незадоўга перад тым хадзіла маці, — у густы вярбняк. Вецер дзьмуў цяпер амаль без парываў, і вецце роўна шапацела. Ружа Сарона апусцілася на калені і на карачках палезла ў самы гушчар. Галінкі драпалі ёй твар, чапляліся за валасы, але яна не зважала на гэта. Яна спынілася толькі тады, калі вецце апляло яе з усіх бакоў. Ружа Сарона легла на спіну і адчула цяжар дзіцяці ў сваім улонні.

У цёмным вагоне заварушылася на сваім матрацы маці, потым адкінула коўдру і паднялася. Праз расчыненыя дзверы ў вагон слаба цадзілася шараватае святло зорак. Маці падышла да дзвярэй, спынілася ў праёме і абвяла позіркам наваколле. На ўсходзе зоркі пачалі ўжо бляднець. Слабы ветрык шастаў у густым вербалоззі, ціхі гоман вады даносіўся з рэчкі. Амаль увесь лагер спаў, толькі каля адной палаткі разгаралася невялікае вогнішча, і вакол яго стаялі людзі. Маці бачыла іх твары, асветленыя слабым яшчэ, няроўным полымем. Людзі паціралі азяблыя рукі, потым павярнуліся спінай да вогнішча і выставілі рукі назад, да цяпла. Вецер раз-пораз налятаў парывамі, у паветры адчувалася набліжэнне першых замаразкаў. Маці зябка пакурчылася і таксама пацерла рукі. Яна ціхенька вярнулася ў вагон і каля ліхтара намацала запалкі. Віскнуў шчыток. Маці запаліла кнот і, калі разгарэўся сіні агеньчык, крыху падкруціла кнот, і ў ліхтары засвяціўся жоўты круглаваты язычок агню. Маці панесла ліхтар да печкі, паставіла на пліту і, наламаўшы сухіх вярбовых галінак, усунула іх у топку. Праз момант гучна загуў у трубе агонь.

Ружа Сарона цяжка перавярнулася на бок і села на матрацы.

— Зараз я ўстану, — сказала яна.

— Паляжала б яшчэ крышачку, пакуль не сагрэецца, — параіла маці.

— Не, я ўстану.

Маці наліла з вядра вады ў кафейнік і паставіла яго на пліту, потым паставіла на агонь патэльню, шчодра змазаную салам, каб яна добра нагрэлася пад цеста для кукурузных праснакоў.

— Што з табой? — ціха запыталася маці.

— Я пайду, — сказала Ружа Сарона.

— Куды?

— Бавоўну збіраць.

— Нельга. Табе ўжо хутка раджаць.

— Яшчэ можна. Я пайду.

Маці ўсыпала каву ў ваду.

— Разашарна, ты ўчора не ела з намі аладак. — Ружа Сарона маўчала. — І чаго табе ў голаў прыйшло збіраць бавоўну? — Зноў маўчанне. — Гэта праз Эла і Эгі? — Маці пільна паглядзела на дачку. — Ды што ты, Разашарна! Табе хадзіць у поле няма ніякай патрэбы.

— Я пайду.

— Што ж, добра. Толькі не ператамляйся. Уставай, бацька! Прачніся, падымайся!

Бацька залыпаў вачамі і пазяхнуў.

— Не выспаўся, — прастагнаў ён. — Учора ў гадзін адзінаццаць леглі.

— Давайце, хутчэй падымайцеся, усе ўставайце, ідзіце мыцца.

Жыхары вагона мала-памалу ажывалі, вылазілі з-пад коўдраў і, пацепваючыся ад холаду, нацягвалі адзежу. Маці наразала скрылікамі саланіну на другую патэльню.

— Ідзіце мыйцеся, — падганяла яна.

У другой палове вагона ўспыхнула святло, пачуўся трэск сучча.

— Місіс Джоўд! — данёсся голас місіс Уэйнрайт. — Мы ўжо збіраемся. Хутка будзем гатовыя.

Эл прабурчаў:

— І нашто ў гэткую рань падымацца?

— Там усяго дваццаць акраў, — сказала маці. — Трэба прыехаць як найраней. Бавоўны мала. Трэба паспець, а то без нас збяруць. — Маці прыспешвала іх адзявацца, старалася, каб хутчэй паснедалі. — Ну, піце каву, пара ехаць.

— У цемры ж бавоўну не збіраюць, ма.

— Раней світання мы туды і не дабяромся.

— Там, пэўна, мокра.

— Дожджык быў дробны. Хутчэй піце каву. Эл, паснедаеш, рыхтуй машыну, — сказала маці і крыкнула: — Місіс Уэйнрайт, вы гатовыя?

— Канчаем снедаць. Праз хвілінку выходзім.

Лагер прачнуўся, ажывіўся. Каля палатак гарэлі вогнішчы. Над вагонамі клубіўся дым з труб.

Эл залпам выпіў каву і набраў поўны рот гушчы. Ён збег па сходках, адплёўваючыся на хаду.

— Місіс Уэйнрайт, мы ўжо гатовыя! — крыкнула маці. Яна павярнулася да Ружы Сарона: — Ты тут заставайся.

Ружа Сарона сцяла зубы.

— Я паеду таксама, — сказала яна. — Мне трэба ехаць, ма.

— У цябе ж мяшка няма. Ды і цягаць яго табе нельга.

— У твой буду класці.

— Паслухай мяне.

— Паеду.

Маці ўздыхнула:

— Што ж, буду за табой наглядаць. Добра было б доктару цябе паказаць.

Ружа Сарона ўсхвалявана захадзіла па вагоне. Надзела свой лёгкі жакет, зняла яго.

— Коўдру вазьмі, — параіла маці. — Захочаш адпачыць, не азябнеш. — За задняй сценкай вагона пачуўся гул матора. — Мы першыя паедзем, — зарадавалася маці. — Ну, бярыце свае мяшкі. Руці, не забудзься на кашулі, я іх зашыла, будзеце збіраць у іх.

У змроку Ўэйнрайты і Джоўды забраліся на грузавік. Пачаў марудна займацца бледны золак.

— Паварочвай налева, — сказала маці Элу. — А там будзе аб'ява.

Яны паволі ехалі па цёмнай дарозе. За імі ішлі іншыя машыны, а там, у лагеры, заводзіліся новыя маторы, людзі сем'ямі садзіліся ў кузавы, і машыны выязджалі на шашу і паварочвалі налева.

Да паштовай скрынкі з правага боку дарогі быў прымацаваны кавалак кардону з надпісам сінім алоўкам: «Патрабуюцца зборшчыкі бавоўны». Эл збочыў у вароты і пад'ехаў да гаспадарчага двара. На ім было ўжо шмат машын. Круглы электрычны ліхтар з краю белай адрыны асвятляў групу людзей — мужчын і жанчын, якія чакалі каля вагаў сваёй чаргі, трымаючы пад пахай скручаныя мяшкі. Некаторыя жанчыны накінулі мяшкі на плечы, прыкрываючы канцамі грудзі.

— Аказваецца, не так ужо мы і рана прыехалі, — сказаў Эл. Ён падвёў грузавік да агароджы і спыніў яго там. Абедзве сям'і злезлі на зямлю і далучыліся да людзей, што стаялі каля вагаў, а машыны ўсё зварочвалі з дарогі і спыняліся каля адрыны, і людзей усё прыбывала і прыбывала. Седзячы пад ліхтаром, гаспадар запісваў зборшчыкаў.

— Хоўлі? — перапытаў ён. — Х-о-ў-л-і? Колькі?

— Чацвёра. Уіл…

— Уіл.

— Бентан…

— Бентан.

— Эмілія…

— Эмілія.

— Клэр…

Поделиться с друзьями: