Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Гронкі гневу

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

— Клэр. Хто наступны? Карпентэр? Колькі?

— Шасцёра.

Ён запісваў прозвішчы ў канторскую кнігу насупраць графы, у якой адзначалася вага сабранай бавоўны.

— Мяшкі ёсць? У мяне толькі некалькі штук. З вас будзе даляр. — А машыны адна за адной заязджалі ў двор. Гаспадар наставіў каўнер скураной курткі на аўчыне і закрыў ім горла. Ён заклапочана паглядзеў на пад'язную дарогу. — Мае дваццаць акраў нядоўга прастаяць пры такім наплыве народу, — сказаў ён.

Дзеці караскаліся на вялікі прычэп для перавозкі бавоўны, чапляючыся наскамі чаравікаў за абцягнутыя дробнай сеткай барты.

— Прэч адтуль! — крыкнуў гаспадар. — Злазьце! Яшчэ дрот парвяце. — І дзеці нехаця злазілі з прычэпа, маўклівыя, засаромленыя. Настала шэрае світанне. — Давядзецца збаўляць на расу, — сказаў гаспадар. — Калі ўзыдзе сонца, буду прымаць поўнай вагой. Зрэшты, калі хочаце, тады і пачынайце. Ужо досыць развіднела.

Зборшчыкі паспяшаліся на баваўнянае поле і разабралі рады. Яны прывязалі мяшкі да пояса і паляпвалі рукамі, каб разагрэць скарчанелыя пальцы, ад якіх патрабавалася спрытнасць. На ўсходзе неба над узгоркамі паружавела. Зборшчыкі доўгім ланцугом пайшлі па радах. А машыны ўсё зварочвалі з шашы і заязджалі на двор, пакуль ён зусім не перапоўніўся, і новыя машыны спыняліся ўжо за варотамі, выстройваючыся абапал шашы. У полі гуляў свежы вецер.

— І як гэта вы ўсе даведаліся? — гаварыў гаспадар. — Быццам бяздротавы тэлеграф. Гэтых дваццаці акраў не хопіць і да поўдня. Прозвішча? Х'юм? Колькі?

Зборшчыкі ланцугом перамяшчаліся па полі, і моцны заходні вецер раздзімаў іх адзежу. Пальцы жвава беглі да пушыстых каробачак, хуценька прабіраліся ў доўгія мяшкі, якія ўсё цяжэлі, цягнучыся ззаду па зямлі.

Бацька загаварыў да свайго суседа справа:

— У нашых краях такі вецер амаль заўсёды прыносіць дождж. Але цяпер ужо халаднавата на дождж. Вы даўно тут, на Захадзе? — Ён гаварыў, не адрываючы вачэй ад свайго куста.

Сусед адказаў, таксама не падымаючы галавы:

— Ужо хутка год.

— Як думаеце, будзе дождж?

— Прабачце, не скажу. Людзі тут усё жыццё жывуць і то ўгадаць не могуць. Як толькі збор, так і чакай, што дождж перашкодзіць. Вось як тут кажуць.

Бацька кінуў хуткі позірк на захад. Над узгоркамі пад гонам ветру шпарка плылі вялікія чорныя хмары.

— Як быццам дажджавыя, — сказаў бацька.

Яго сусед пакасіўся ў той бок.

— Хто іх ведае, — сказаў ён. І ўсе, хто быў на полі, азірнуліся і паглядзелі на неба. І яшчэ ніжэй сагнуліся спіны, рукі шпарчэй забегалі па кустах. Людзі збіралі бавоўну нібы навыперадкі, стараліся апярэдзіць час і хутчэй набіць мяшкі, апярэдзіць дождж і адзін аднаго — як мага больш сабраць, як мага больш зарабіць грошай. Прайшоўшы поле з канца ў канец, яны кінуліся разбіраць новыя грады. Цяпер ужо вецер дзьмуў ім у твар, і яны бачылі густыя шэрыя хмары, што беглі па небе насустрач узыходнаму сонцу. А новыя машыны спыняліся на абочынах, і новыя зборшчыкі падыходзілі да гаспадара запісвацца. Людзі з ліхаманкавай хуткасцю перамяшчаліся па полі, неслі мяшкі да адрыны, адзначалі вагу ў гаспадара, запісвалі і сабе ў кніжкі і беглі назад займаць рады.

Да адзінаццаці гадзін бавоўну ўсю сабралі — праца скончылася. Зацягнутыя сеткамі грузавікі ўзялі на буксір аплеценыя сеткамі прычэпы, выехалі на шашу і пакіравалі да бавоўнаачышчальнай машыны. Бавоўна вытыркалася праз вочкі сетак, і маленькія белыя воблачкі ляталі ў паветры, пушыстыя касмылі чапляліся за прыдарожны бур'ян і кудзеліліся на ветры. Зборшчыкі паныла пабрылі да адрыны і станавіліся ў чаргу на аплату.

— Х'юм Джэймс — дваццаць два цэнты. Ральф — трыццаць цэнтаў. Джоўд Томас — дзевяноста цэнтаў. Уінфілд — пятнаццаць цэнтаў. — Грошы былі складзеныя слупкамі — асобна манеты ў дзесяць цэнтаў, асобна пяціцэнтавікі, асобна цэнты. Атрымліваючы плату, кожны зборшчык зазіраў у сваю кніжку. — Уэйнрайт Эгнес — трыццаць чатыры цэнты. Тобін — шэсцьдзесят тры. — Чарга рухалася паволі. Людзі моўчкі ішлі да сваіх машын і няспешна выязджалі з двара.

Джоўды і Ўэйнрайты сядзелі на грузавіку, чакаючы, калі ачысціцца дарога да варот. На зямлю ўпалі першыя кроплі дажджу. Эл высунуў руку з кабіны, ловячы кроплі. Ружа Сарона сядзела пасярэдзіне, маці з краю. Вочы ў Ружы Сарона зноў патухлі.

— Не трэба было табе ехаць, — сказала маці. — І сабрала ты ўсяго дзесяць — пятнаццаць фунтаў. — Ружа Сарона глянула на свой выпнуты жывот і нічога не адказала. Раптам яна задрыжала і падняла галаву. Маці пільна паглядзела на яе, разгарнула свой баваўняны мяшок, накінула дачцэ на плечы і прыхінула яе да сябе.

Нарэшце праезд быў свабодны. Эл запусціў матор і выехаў на шашу. Рэдкія, але буйныя кроплі дажджу імкліва падалі ўніз і пляскалі па бетоне, і чым далей ехаў грузавік, тым кроплі рабіліся драбнейшыя і гусцейшыя. Дождж так гучна барабаніў па даху кабіны, што яго дробат быў чуваць скрозь грукат старога, спрацаванага матора. Уэйнрайты і Джоўды накінулі сабе на галовы і плечы мяшкі.

Ружа Сарона калацілася ўсім целам пад рукамі ў маці, і маці крыкнула Элу:

— Хутчэй, Эл. Разашарна прастыла. Ёй трэба ногі ў гарачую ваду.

Эл прыбавіў газу, матор загрукатаў яшчэ гучней, і, прыехаўшы ў лагер, Эл падвёў грузавік бліжэй да чырвоных вагонаў. Яны яшчэ не паспелі спыніцца, а маці ўжо раздавала загады.

— Эл, — камандавала яна, — ты, Джо і бацька сходзіце ў лазняк і прынесяце ўсё, што там ёсць сухога. Трэба добра нацепліць вагон.

— А дах не цячэ?

— Думаю, не. У нас будзе добра, суха, трэба толькі запасціся галлём. У вагоне павінна быць цёпла. Вазьміце з сабой Руці і Ўінфілда. Яны таксама трохі сучча прынясуць. Нешта сястрыца ваша занядужала. — Маці вылезла з кабіны, Ружа Сарона памкнулася за ёю, але калені ў яе падагнуліся, і яна цяжка апусцілася на падножку. Місіс Уэйнрайт убачыла гэта.

— Што такое? Ёй час прыйшоў?

— Не, думаю, яшчэ не, — адказала маці. — Яна празябла і, можа, прастудзілася. Дай мне руку.

Абедзве жанчыны ўзялі Ружу Сарона пад локці. Яна зрабіла некалькі крокаў, і сілы вярнуліся да яе — ногі прынялі цяжар цела.

— Мне ўжо лепш, — сказала яна. — Гэта толькі хвілінку было.

Жанчыны не адпускалі яе.

— Ногі ў гарачую ваду, — павучальна сказала маці. Яны памаглі Ружы Сарона падняцца па сходках у вагон.

— Вы разатрыце яе добра, — параіла місіс Уэйнрайт. — А я ў печы запалю. — Яна ўсунула ў топку апошняе сучча і распаліла моцны агонь.

Дождж ужо ліў як з вядра, па даху забегалі патокі вады. Маці падняла вочы ўгору.

— Дзякуй богу, дах цэлы, — сказала яна. — Палаткі, якія б яны ні былі добрыя, усё роўна працякаюць. Многа вады не стаўце, місіс Уэйнрайт.

Ружа Сарона нерухома ляжала на матрацы. Яна дазволіла зняць з сябе туфлі і расцерці ногі. Місіс Уэйнрайт нахілілася над ёю:

— Боляў не адчуваеш?

— Не. Проста нездаровіцца. Нядобра мне.

— У мяне ёсць болесуцішальнае і солі, — сказала місіс Уэйнрайт. — Калі трэба, бярыце, прашу вас. Калі ласка.

Ружа Сарона закалацілася ўсім целам.

— Укрый мяне, ма, мне холадна. — Маці сабрала ўсе коўдры і наваліла на дачку. Дождж гучна барабаніў па даху.

Вярнуліся збіральнікі паліва з вялікімі ахапкамі сучча. З іх капелюшоў і пінжакоў сцякала вада.

— Ну і лівень! — сказаў бацька. — Мігам вымачыў наскрозь.

Маці сказала:

— Вы б яшчэ схадзілі. Сушняк хутка прагарыць. Як бачыш сцямнее. — Руці з Уінфілдам прыйшлі мокрыя да ніткі, скінулі свае ношы на кучу сучча і павярнуліся да выхаду. — Не ідзіце больш, — спыніла іх маці. — Хадзіце да печкі, пасушыцеся.

Поделиться с друзьями: