Гронкі гневу
Шрифт:
Усё навокал серабрылася ад дажджу, мокрыя сцежкі блішчалі. Кусты бавоўніку з кожнай гадзінай рабіліся ўсё чарнейшымі і быццам скурчваліся. Бацька, Эл і дзядзька Джон зноў і зноў хадзілі ў вербалоззе і вярталіся адтуль з абярэмкамі ламачча. Яны скідалі яго каля дзвярэй у кучу, пакуль яна не паднялася пад самую столь, і толькі тады вырашылі больш не хадзіць і падышлі да печкі.
Вада з капелюшоў сцякала ім на плечы. Крыссе пінжакоў было мокрае, хоць выкручвай, у чаравіках пры хадзе хлюпала.
— Ну добра, хопіць. А зараз скідайце з сябе ўсё, — скамандавала маці. — Я вам каву зварыла. Пераапранайцеся — вунь сухія камбінезоны. Ну давайце, не стойце.
Змерклася рана. Людзі забіліся ў вагоны і сядзелі там, прыслухоўваючыся да шуму і плёскату вады на дахах.
Раздзел дваццаць дзевяты
З боку акіяна насунуліся і паплылі над высокімі гарамі і над далінамі ўзбярэжжа шэрыя хмары. Увышыні вецер дзьмуў шалёна і бязгучна, у хмызе ён свістаў, у лясах завываў. Хмары цягнуліся рванымі шматкамі, клубамі, слаямі, прымалі выгляд шэрых скал, а потым зліліся ў адно і нізка павіслі на захадзе над зямлёю. Раптам вецер сціх, пакінуўшы пасля сябе густую, шчыльную навісь хмар. Спачатку дождж налятаў перагонамі — то перастане, то хлыне ліўнем, а потым мала-памалу ён стаў раўнамерным: дробныя кроплі і іх аднастайны дробат — дождж нібы шэрая заслона перад вачамі, дождж, які ператварыў дзень у вечар. Сухая зямля ўсмоктвала вільгаць і паступова чарнела. Зямля піла дождж два дні, пакуль не наталіла смагу. Тады пачалі ўзнікаць лужыны, а ў нізінах на палях — азярыны. Мутная вада ў іх падымалася ўсё вышэй і вышэй, і ўпарты дождж хвастаў яе бліскатлівую паверхню. Нарэшце горы перанасыціліся вадой, і па схілах пабеглі ручаі, зліліся ў патокі, якія з ровам хлынулі па цяснінах у даліны. А дождж усё хвастаў і хвастаў. Ручаі і невялікія рэчкі ўзнімаліся ў берагах, падмывалі дрэвы, вымушаючы вербы нізка згінацца і тапіць свае лозы ў вадзе, вырывалі з карэннем таполі і валілі іх. Каламутная вада віравала і бурліла, падступала да самых берагоў і нарэшце хлынула на палі, у сады, на ўчасткі, дзе чарнелі голыя кусты бавоўніку. Роўныя палі ператварыліся ў азёры, шырокія, шэрыя, і дождж безупынна рашаціў іх паверхню. Потым заліло шашэйныя дарогі, машыны марудна рухаліся па іх, рассякаючы носам ваду і пакідаючы за сабой каламутны, пеністы след. Зямля ціха гаманіла пад ударамі дажджу, а ручаі і рэчкі раўлі пад напорам бурлівых патокаў з гор.
Калі дождж толькі пачаўся, вандроўнікі-перасяленцы згрудзіліся ў палатках і, седзячы там, гаварылі: гэта ненадоўга. І пыталіся: колькі ж гэта будзе доўжыцца?
А калі заблішчалі лужыны, мужчыны выйшлі пад дождж з рыдлёўкамі і насыпалі вакол палатак невялікія дамбы. Дождж сек па брызенце і нарэшце прамачыў яго наскрозь, і струменьчыкі вады пабеглі з унутранага боку. Потым земляныя валы змыла, вада прарвалася ў палаткі і намачыла матрацы і коўдры. Адзежа на людзях была мокрая. Тады паставілі скрыні адна на адну і паклалі між імі дошкі. На гэтых дошках людзі сядзелі дзень і ноч.
Каля палатак стаялі старэнькія машыны, і вада папсавала правады ад магнета, вывела са строю карбюратары. Маленькія шэрыя палаткі стаялі ў азёрах вады. І нарэшце людзі зразумелі: трэба выбірацца адсюль. Але маторы не заводзіліся, бо замкнуліся правады, а тыя машыны, у якіх маторы яшчэ працавалі, заселі коламі ў глыбокай гразі. І людзі пайшлі прэч па вадзе, несучы ў абярэмку мокрыя коўдры. Яны ішлі, плюхаючы па гразі, і неслі на руках дзяцей і драхлых старых. І калі дзе на высокім месцы стаяла якая адрына, яна была набітая людзьмі, азяблымі і поўнымі адчаю.
Некаторыя ішлі ў камісіі па выдачы дапамогі і сумныя вярталіся з горада да сваіх.
Тут правіла такое: каб атрымаць дапамогу, трэба пражыць у гэтым штаце не меней як год. Кажуць, урад збіраецца дапамагчы. А калі, невядома.
І непрыкметна да іх падкралася самае жахлівае, што можна сабе ўявіць.
Цэлыя тры месяцы працы не будзе ніякай.
Людзі сядзелі пад павецямі, у адрынах, збіўшыся ў кучу; на іх насоўваўся жах, і твары ў іх пашарэлі ад яго прадчування. Галодныя дзеці плакалі, а карміць іх не было чым.
Потым прыйшлі хваробы — запаленне лёгкіх і адзёр з ускладненнямі на вочы і на вушы.
А дождж ішоў не перастаючы, і вада залівала шашэйныя дарогі, бо маставыя трубы ўжо не паспявалі прапускаць яе.
І тады з палатак, з перапоўненых адрын сталі выходзіць прамоклыя да касцей людзі ў рванай адзежы, у разлезлых, аблепленых граззю чаравіках. Яны ішлі, плюхаючы па вадзе, у гарады, у пасялковыя крамы, у камісіі па дапамозе — ішлі вымольваць харч, вымольваць грашовую дапамогу, красці, як выпадзе шанц, і ілгаць. Ад гэтых мольбаў, ад гэтых прыніжэнняў у сэрцах у іх затлела бяссільнае абурэнне. І ў маленькіх гарадках жаль да прамоклых наскрозь людзей змяніўся злосцю, а злосць на гэтых галодных уступіла месца страху перад імі. Шэрыфы прыводзілі да прысягі свой штат — так званых шэрыфскіх памагатых, спешна рассылалі заказы на стрэльбы, на газ і на боепрыпасы. А галодныя тоўпіліся на задніх дварах бакалейных крам і прасілі хлеба, прасілі гнілой гародніны і пры выпадку кралі.
Ашалелыя людзі калацілі ў дзверы лекараў; але лекары заўсёды занятыя, несвабодныя. І прыгнечаныя горам людзі ішлі ў пасялковыя крамы і прасілі перадаць следчаму па справах аб смерці — коранеру, каб ён прыслаў машыну. А ў коранераў часу хоць адбаўляй. І закрытыя машыны задам пад'язджалі па гразі куды трэба, бралі нябожчыкаў і адвозілі.
А дождж настырна сек і сек, і рэчкі выходзілі з берагоў і затаплялі палі.
У людзей, што набіліся ў адрыны, у людзей, што ляжалі на прамоклым сене, голад і страх параджалі азлабленне. Падлеткі разбрыдаліся па наваколлі, але не жабраваць, а красці; і мужчыны нясмела разбрыдаліся — паспрабаваць што-небудзь украсці.
Шэрыфы набіралі новых памагатых, пасылалі заказы на новыя стрэльбы; а забяспечаныя людзі, якія жылі пад добрымі, надзейнымі дахамі, прасякліся спачатку жалем да перасяленцаў, потым агідай да іх і пад канец нянавісцю.
У адрынах з дзіравымі дахамі, на мокрым сене, жанчыны, задыхаючыся ад запалення лёгкіх, нараджалі дзяцей. А старыя, скурчыўшыся, валяліся ў закутках і паміралі там, і коранеры не маглі потым распраміць іх скарчанелыя целы. Па начах апанаваныя роспаччу людзі забіраліся ў куратнікі і выкрадалі курэй, якія нема кудахталі. Калі ў гэтых людзей стралялі, яны не кідаліся бегчы, а змрочна плюхалі па вадзе далей, і калі куля трапляла ў іх, яны стомлена валіліся ў гразь.
Дождж сціх. Палі былі залітыя вадой, у якой адбівалася шэрае неба, і ўсё наваколле поўнілася ціхім, як шэпт, плёскатам. Мужчыны выйшлі з адрын, з павецяў. Яны прыселі на кукішкі, пазіраючы на затопленыя палі. І маўчалі. Толькі зрэдку ціха перамаўляліся між сабой. Працы не будзе да вясны. Ніякай. А не будзе працы — не будзе ні грошай, ні ежы. Вось ёсць у чалавека коні, ён на іх арэ, і барануе, і косіць, а калі яны стаяць без справы, яму і ў голаў не прыйдзе выганяць іх на галодную смерць. Тое коні, а мы — людзі.
Жанчыны не спускалі вачэй з мужчын, хацелі выведаць, зламаліся яны ці не. Жанчыны стаялі моўчкі і сачылі за мужчынамі. І там, дзе мужчыны збіраліся купкамі па некалькі чалавек, страх пакідаў іхнія твары, уступаючы месца злосці. І жанчыны ўздыхалі з палёгкай, бо ведалі, што цяпер ужо не страшна, — мужчыны не зламаліся і ніколі не зломяцца, пакуль страх можа перарасці ў гнеў.
Маленечкія стрэлкі травы выбіваліся з зямлі, і праз некалькі дзён схілы ўзгоркаў бледнай зеленню адзначылі набліжэнне наступнага года.
Раздзел трыццаты
Лагер вакол таварных вагонаў патанаў у лужынах, а дождж усё плюхаў і плюхаў па гразі. Рэчка спакваля падымалася па беразе, падбіраючыся да паляны.
На другі дзень пасля пачатку дажджу Эл зняў брызент, які вісеў пасярод вагона. Ён панёс яго да грузавіка, прыкрыў ім капот, вярнуўся ў вагон і сеў на матрац. Цяпер, калі не стала брызентавай перагародкі, абедзве сям'і з'ядналіся. Мужчыны сядзелі разам, змрочныя, прыгнечаныя. Маці падтрымлівала невялікі агонь у печцы, зрэдку падкідваючы галінкі, — яна берагла паліва. Патокі дажджу залівалі амаль зусім плоскі дах вагона.