Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Гронкі гневу

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

— На мінулым тыдні мяне і не было ў гэтым штаце, — сказаў Том.

— Ну і што? Цябе, можа, у другім штаце шукаюць. Лепш заткніся.

Падрадчык зноў павярнуўся да натоўпу мужчын:

— Вы гэтых чырвоных падлюг не слухайце. Падбухторшчыкі — яны бяду на вас наклічуць. Я вас усіх вазьму на работу ў Туларэ.

Людзі маўчалі.

Шэрыфскі агент павярнуўся да іх.

— Вам ёсць рацыя паехаць, — сказаў ён, і рэдзенькая ўсмешка зноў засвяцілася ў яго на твары. — Аддзел аховы здароўя распарадзіўся ачысціць гэты лагер. А калі тут у вас яшчэ і чырвоныя завяліся — глядзіце, каб бяды з кім-небудзь не здарылася. Добра зробіце, калі паедзеце ў Туларэ. Тут усё роўна работай не пахне. Я вам па-сяброўску раю. А калі не паедзеце, сюды неўзабаве ўваляцца малайцы, ды яшчэ, можа, з кайламі.

Падрадчык сказаў:

— Я ж кажу вам, мне людзі патрэбныя. Не хочаце працаваць, што ж, воля ваша.

Палісмен усміхнуўся:

— Калі не хочуць працаваць, ім у нашым штаце не месца. Мы іх хутка справадзім адсюль.

Флойд нерухома стаяў побач з палісменам, вялікія пальцы рук кручком зачапіліся за пояс. Том скоса глянуў на яго і ўтаропіў вочы сабе пад ногі.

— У мяне ўсё, — сказаў падрадчык. — У акрузе Туларэ людзі патрэбныя, работы шмат.

Том паволі падняў вочы і ўбачыў рукі Флойда з напятымі на кісцях жыламі. Рукі Тома таксама пацягнуліся ўгору і вялікімі пальцамі зачапіліся за рэмень.

— Так, гэта ўсё, — сказаў шэрыфскі памагаты. — Каб заўтра да раніцы тут ні жывой душы не было.

Падрадчык сеў у машыну.

— А ты, — сказаў шэрыфскі памагаты Флойду, — лезь у машыну. — Ён падняў вялікую пяцярню і схапіў Флойда за левы локаць. Флойд крутнуўся і вырваўся, а правым кулаком ударыў у шырокі твар і кінуўся наўцёкі, пятляючы між палатак. Агент захістаўся, і тут Том даў яму падножку. Палісмен грымнуўся на дол і пераваліўся на бок, хапаючыся за пісталет. Флойд бег, то хаваючыся за палаткамі, то зноў паказваючыся. Лежачы, палісмен стрэліў. Нейкая жанчына каля адной з палатак пранізліва ўскрыкнула і глянула на сваю руку — костачак як не было, а пальцы віселі, быццам на нітачках, на далоні, якая стала белая, бяскроўная. У далёкім канцы лагера мільганула постаць Флойда, які імчаўся да вербняку. Шэрыфскі агент прыўзняўся, сеў на зямлі, зноў падняў пісталет, і тут раптам з натоўпу выступіў прападобны Кейсі. Ён ударыў палісмена нагой па шыі і адступіў назад, пазіраючы на грузнага чалавека, які ў непрытомнасці ляжаў на зямлі.

Пачулася выццё матора, і «шэўрале» памчаўся прэч, узнімаючы клубы пылу. Машына ўз'ехала на шашу і, як куля, знікла з вачэй. Жанчына ўсё яшчэ пазірала на сваю пакалечаную руку. З раны паволі сачылася кроў. З горла жанчыны вырваўся перарывісты крык, і яна зайшлася істэрычным смехам, які з кожным пераводам дыхання рабіўся ўсё гучнейшы.

Шэрыфскі агент ляжаў на баку, уткнуўшыся ротам у пыл.

Том падняў з зямлі пісталет, выняў магазін і шпурнуў яго ў кусты. Потым выкінуў з патронніка зарад.

— Такім нельга даваць у рукі зброю, — сказаў ён і кінуў пісталет на зямлю.

Жанчыну з раздробленай кісцю рукі абкружыў натоўп. У прыпадку істэрыкі, якая ўсё мацней авалодвала ёю, яна цяпер віскліва смяялася.

Кейсі падышоў блізка да Тома.

— Ты зараз жа ідзі адсюль, — сказаў ён. — Схавайся ў вербняку і перачакай там. Ён не бачыў, хто яго ўдарыў, а тваю падножку бачыў.

— Нікуды я не пайду, — адказаў Том.

Кейсі прашаптаў яму на вуха:

— У цябе возьмуць адбіткі пальцаў. Ты парушыў абавязацельства. Пашлюць назад у турму.

Том ледзь чутна перавёў дух.

— А чорт! Я і забыўся.

— Не марудзь, — сказаў яму Кейсі. — А то ён ачуняе.

— Прыхапіць бы яго пісталет, — сказаў Том.

— І не думай. Ні ў якім разе. Калі ўсё абыдзецца, я табе свісну чатыры разы.

Том няспешна адышоў убок, потым прыбавіў кроку і неўзабаве знік у вербняку, якім зарос бераг ракі.

Эл падышоў да палісмена, які ляжаў на зямлі.

— А божухна мой! — усклікнуў Эл у захапленні. — Здорава ж ты яго!

Людзі ў натоўпе ўсё яшчэ пазіралі на непрытомнага чалавека на зямлі. І раптам аднекуль здалёку пачулася сірэна, завыла і сціхла, потым зноў завыла ўжо бліжэй. Людзі затрывожыліся. Патапталіся на месцы і пачалі разыходзіцца ў розныя бакі — кожны ў сваю палатку. Засталіся толькі Эл і прапаведнік.

Кейсі павярнуўся да Эла:

— Ідзі адсюль. Ідзі ў сваю палатку. Ты нічога не бачыў і не ведаеш.

— Я? А сам ты як?

Кейсі ўсміхнуўся яму шырокай усмешкай:

— Трэба ж каму-небудзь браць віну на сябе. Дзяцей у мяне няма. Ну пасяджу я ў турме. Ад мяне ўсё роўна карысці вам ніякай, кручуся толькі тут пад нагамі.

— Гэта яшчэ не прычына, каб…

— Ідзі, ідзі, — рэзка перабіў Эла Кейсі. — Не ўблытвайся ў гэту справу.

Эл заўпарціўся:

— Я нікому не дазволю сабой камандаваць.

Кейсі спакойна сказаў:

— Калі ты ўліпнеш у гэта, пацерпяць усе вашы, уся ваша сям'я. Пра цябе ў мяне клопаты малыя. А вось маці твая і бацька праз гэта могуць зведаць гора. Тома зноў могуць адправіць у Макалестар.

Эл на хвілінку задумаўся. Потым сказаў:

— Добра. А ўсё ж ты дурны, як баран.

— Ну і няхай, — адказаў Кейсі. — Дурны дык дурны.

Сірэна не пераставала завываць, і з кожным разам выццё яе набліжалася. Кейсі апусціўся на калена каля палісмена і перавярнуў яго на спіну. Той застагнаў і залыпаў вачыма, сілячыся што-небудзь убачыць. Кейсі сцёр пыл з яго губ. Людзі сядзелі па сваіх палатках, апусціўшы крыссе ўвахода. Вячэрняе сонца афарбавала паветра ў чырвань, а шэрыя брызентавыя палаткі ў бронзу.

На шашы віскнулі шыны, з яе з'ехала адкрытая машына і падкаціла да лагера. З машыны выскачылі чатыры чалавекі з вінтоўкамі ў руках. Кейсі падняўся і падышоў да іх.

— Што тут у вас робіцца? — запытаўся адзін.

— Я збіў вашага чалавека, — адказаў Кейсі.

Адзін з тых, што прыехалі, падышоў да распасцёртага на зямлі палісмена.

— А што здарылася?

— Ды вось, — сказаў Кейсі, — ён тут разбушаваўся, і я яго ўдарыў. Ён страляць пачаў — параніў жанчыну. І я зноў яго ўдарыў.

— А з чаго ўсё пачалося?

— Я не вельмі далікатна з ім гаварыў.

— Давай у машыну.

— Добра, — сказаў Кейсі і залез на задняе месца.

Двое з прыезджых памаглі палісмену падняцца з зямлі. Ён асцярожна пакратаў пальцамі шыю.

Кейсі сказаў:

— Там у палатцы жанчына крывёю сцякае ад яго меткай стральбы.

— Пазней зоймемся ёю. Джо, хто цябе ўдарыў — гэты?

Яшчэ не ачуняўшы як след, палісмен тупа ўтаропіўся на Кейсі.

— Нешта не пазнаю.

— Гэта быў я, што тут хавацца, — сказаў Кейсі. — Ты памыліўся — не на таго напаў.

Джо паволі пакруціў галавой:

— Не, па-мойму, гэта быў не ты. Ай, божа мой, як мне млосна!

Кейсі сказаў:

— Са мной усё ясна. Вы лепш ідзіце паглядзіце, што з той жанчынай.

— А дзе яна?

— У той вунь палатцы.

Старшы з памагатых шэрыфа з вінтоўкай у руцэ пакрочыў да палаткі. Падышоўшы, нешта сказаў праз брызент і ўвайшоў. Неўзабаве ён выйшаў, вярнуўся да машыны і з налётам гордасці сказаў:

— Во, чорт, што можа нарабіць сорак пяты калібр! Ёй жгут наклалі. Мы доктара прышлём.

Поделиться с друзьями: