Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Грот афаліны

Мисько Павел Андреевич

Шрифт:

Абдула за гэты час двойчы прагледзеў праграму прадстаўлення. Яго цяпер цяжка было пазнаць: і пагладчэў з твару (нават, здаецца, рот паменшаў), і адзенне новае яму донна Тэрэза справіла. Калі ж не глядзеў на дэльфінаў, ішоў на бераг паглядзець, як плаваюць Янг і Радж. Ад зайздрасці да братоў ушчуваў і муштраваў ні ў чым не вінаватага Тота: «Навязаўся на маю галаву!»

— Цярпі, душа, у рай трапіш! — крычаў яму Радж.

— Я і так у Раі! — адказваў Абдула і сам ужо крычаў з берага: — Янг! Янг! І ты, Радж… Ведаеце, што сёння было? Скандало грандзіёзо! Я абутак паперастаўляў пад дзвярыма! У гатэлі! Адны мужчынскія туфлі, мо сорак сёмага памеру прынёс цераз тры нумары і паставіў пад дзверы сіньёры Тэрэзы… Ха-ха! Што там было-о-о! Жонка з таго нумара прыбягала да Тэрэзы, у валасы ўчапілася… Многія пары перасварыліся — страх і жах! Збіраюцца на развод падаваць, раз'язджаюцца ў розныя гатэлі!

Янг і Радж ледзь не патапіліся, рагочучы. Павымалі з рота трубкі, павылазілі на бераг.

— А хай цябе… — пападалі зняможана на пясок, аддыхваючыся.

— А што? Я ім, буржуям праклятым, яшчэ і не такое падстроіў бы! — хваліўся Абдула.

— Абалдуй ты, а не Абдула! Ты хоць цяміш, чаго натварыў? — ушчуваў Янг. — Чорт не возьме гэтыя пары — памірацца. А от чысцільшчыка могуць прагнаць з работы. Падумае гаспадар гатэля, што ён вінаваты.

— Я так не хацеў…— аціх Абдула.

Аднойчы настаў момант, калі збылася мара Янга.

— Ну — так і быць, — сказаў Радж. — Тэарэтычна ты падкаваўся, акваланг ведаеш. Так і быць — палезем пад ваду… Касцюма, праўда, на цябе не падбярэш… Але не замерзнеш і голы: глыбока не палезем, доўга не будзем. Гууд?

— Йес, сэр! Сэнк'ю вэры мач! — Янг захваляваўся, адразу часцей задыхаў.

— Дыханне! Не забывай пра дыханне! — ушчаміў Радж пальцамі яго нос.

Брат памог яму начапіць пояс з грузіламі, надзець плечавыя рамяні, зашпіліць паясны. Прасачыў ужо на самым беразе, ці добра абуў і зашпіліў ласты. Сам, як заўсёды, меў на лытцы крыс, у руцэ шток з вострым наканечнікам.

Янг ужо нагледзеўся пад ваду і праз дно «Нептуна», і плаваючы з трубкай і маскай. А ўсё ж калі апынуўся пад вадою з аквалангам, нібы паранілі ў самае сэрца… Каб і можна было гаварыць пад вадою, то не мог бы вымавіць і слова. Ён адчуваў сябе знямелым малым дзіцём, якому хацелася да ўсяго дакрануцца, памацаць, а то і пацягнуць у рот. Казка, дзівосная казка!.. Ледзь паварушваў нагамі, а рукі трымаў перад сабою, як лунацік.

Кожны лісцік, кожная сцяблінка сачылі з сябе бясконцыя чэргі паветраных пухіркоў. Бліскучых, бы са срэбра: па-па-па-па-па… Удараюцца пухіркі аб цела, аб рукі, злёгку казычуць, паўзуць за спіну — і ўгору, угору, разбіваюцца аб паверхню.

Вывеў з утрапення Радж, паціснуўшы за плячо: «Далей, далей!»

Паплылі да каньёна-бездані, ён нібы страла скіроўваў на бераг, на прычалы. На самае «вастрыё» накідана бетонных кубоў-глыб, каб не так асядаў бераг.

Радж і Янг плылі каля самага бяздоння. Янгу здавалася, што ў гэтай бездані калыхаюцца, снуюць туды-сюды аграмадныя пачвары з агністымі вачыма і страшэннымі ратамі, і гэтыя пачвары здольныя праглынуць не толькі людзей, а нават і лодкі. Відаць былі расплывістыя контуры бетонных глыб. Яны пазарасталі ўжо водарасцямі, губкамі, актыніямі…

Раптам Радж штосьці заўважыў сярод бетонных глыб, паказаў Янгу рукою і пачаў планіраваць туды. Янгу здалося, што і ён распазнае там чалавечы сілуэт, галавы не відаць, занурана ўніз, а тулава і ногі ўсплылі, паварушваюцца…

Апусціліся — і сумненняў не засталося: чалавек, труп чалавека. Вакол яго віраць, як вараннё, рыбы. Чалавек адзеты і абуты, яшчэ не стары. Кавалак дроту ўеўся ў шыю, канцы дроту завязаны за мантажную пятлю куба. За гэтыя жалезныя арматурныя петлі некалі кран чапляў кубы і скідваў у мора. Янг баяўся глядзець у твар тапельца, баяўся скрануцца з месца, а Радж зрабіў круг вакол трупа і паказаў рукою наверх.

Калі ўсплылі, сталі на мелкім, Радж вызваліўся ад загубніка і маскі. Пахістваючыся ад удараў хваль прыбою, сказаў:

— Пуол гэта… Па ўсіх прыкметах — Пуол… Твар ужо раз'елі крабы, але можна пазнаць. Паліцыі трэба заявіць… — А выдыбалі на сухое, то горка ўздыхнуў і сплюнуў: — Даскакаўся землячок… Завялі крывыя сцежкі!

Пакуль дазваніліся з прахадной да паліцыі (кабінет Крафта быў зачынены), пакуль заявіліся два паліцэйскія і медэксперт, прайшла не адна гадзіна.

А потым давялося Раджу і аднаму паліцэйскаму, які ўмеў добра плаваць, прымацоўваць аквалангі і апускацца на дно, даставаць Пуола. Другі паліцэйскі і медэксперт заставаліся на беразе, спрабавалі дапытваць Янга. Але што ён мог асаблівага расказаць? Агляд трупа выявіў, што ў яго левым баку рана — якраз насупраць сэрца. Медэксперт дастаў з раны лязо нажа, сантыметраў дванаццаць даўжынёю. Ёсць такія нажы: націснуў кнопку — страляе лязом, за дзесяць метраў можа забіць чалавека.

2

Радж сцягнуў мокрае ад поту кімано і, пераадзяваючыся, моўчкі, запытальна паглядваў на Амару: ну як — спадабалася? Чакаў захаплення, ухвалы, чакаў слоў: «Буду і я прасіцца да Ромеша…» Але Амара нічога не гаварыў, моўчкі хадзіў з кута ў кут цёмнага, з адной слепаватай лямпачкай «прылазніка», падцінаў вусны і думаў. Радж устаў з нізенькай, на ўсю даўжыню сцяны лаўкі, пачаў складваць і запіхваць кімано ў сумку. І трохі сердаваў: для Амары ж стараўся, упрошваў Ромеша пусціць на заняткі пабочнага.

— Ну дык што? — урэшце не вытрываў Радж, яшчэ раз паглядзеў на Амару. — Улічы, што Ромеш скора будзе набіраць групу навічкоў.

— І рад бы ў рай, ды грахі не пускаюць, — уздыхнуў Амара.

— Калі ты пра аплату, то не думай. Упросім, каб плаціць у растэрміноўку.

— Не, Радж. Проста часу няма. У мяне ўсяго адзін выхадны вечар у тыдзень — па панядзелках. А Ромеш праводзіць заняткі па два разы. Каб хоць не па вечарах трэба было хадзіць, а ў першай палове дня… Але з-за аднаго мяне ён не будзе пераносіць заняткі.

— Хо! Дык ён жа якраз і будзе набіраць дзённую групу!

— Ну дык што з гэтага? Усё роўна мы не можам быць разам. Ты вечарам, а я ўдзень, ды яшчэ па розных днях.

Урэшце з сырога і душнага падвала выйшлі. Пяць прыступак угору, і ўжо вуліца. Радж першы выбраўся наверх і, чакаючы, то паглядваў уніз на Амару, то ўгору на яшчарку, якая асядлала заплеценую дротам лямпачку над уваходам і лавіла мошак і матылькоў, што ляцелі на святло. Яшчарка чмякала ротам гучна, з усхліпам, мабыць, выгаладалася за дзень.

— Ромеш гаворыць, што прагрэс народа і ўвогуле чалавецтва залежыць толькі ад фізічнай дасканаласці чалавека, — сказаў Радж, нібы пробны камень кінуў. Як зрэагуе Амара?

— Дасканаласць… Фізічная… Што толку з яе? — Амара добра зачыніў дзверы, выбраўся наверх. — Каб вы хоць вучыліся барацьбе па-сапраўднаму, а то… Ні разу ніхто нікога не стукнуў як след.

— Ні як след, ні нават крыху… За гэта штрафныя ачкі налічваюцца. Толькі імітацыя ўдару, толькі імітацыя! Удар сакрушальны, мо нават смяртэльны, але здолей спыніць кулак, ці рабро далоні, ці нагу за які сантыметр ад праціўніка, здолей паспець адбіць контрудар і тут жа зноў свой удар. Для гэтага трэба быць вельмі натрэніраваным фізічна, валодаць прыёмамі ў дасканаласці, мець дакладны разлік і востры зрок… Гэта табе здаецца, што толькі размахваем рукамі ці нагамі, прымаем стойкі і позы. Сто патоў выліваецца… Накладзі адну на адну некалькі цаглін, а добры каратыст трэсне рабром далоні, і ўсе разляцяцца. Такая сіла ўдару. Мо ты чытаў, а мо не… У Англіі быў выпадак… Муніцыпалітэт хацеў знесці адзін стары цагляны дом. Дык аддаў на злом каратыстам. Тыя за два дні голымі рукамі і нагамі размалацілі яго на друз!

Поделиться с друзьями: