Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Грот афаліны

Мисько Павел Андреевич

Шрифт:

— О-ой, Я-янг?! — нібы праспявала Натача. — Ты хіба з неба зваліўся? — і засвяцілася ўся, засаромелася. — Мама, глядзі, а Янг вырас! Дальбог, вусікі нават пазначыліся.

Тут ужо і Янг засаромеўся: ну але, яшчэ што выдумала. А ўголас сказаў:

— Мне дванаццаць гадоў сёння.

І лепш не гаварыў бы: гэтая круцёлка падхапілася на ногі і… цмок Янга ў шчаку, цмок у… Не, у другую не паспела, Янг адхінуўся — і яшчэ больш засаромеўся.

— Я віншую цябе!.. Мы з мамаю віншуем. Толькі падарыць табе няма чаго. На, хоць копры пагрызі… Мо яшчэ не снедаў сёння.

— Калі тое было… Але я не хачу есці,— сказаў Янг, а сам падставіў прыгаршчы, узяў Натачын пачастунак. Апусціўся каля іх на траву, памалу супакойваючыся. Не думаў, што гэтак расхвалюе сустрэча з Натачай!

— Ну, расказвай, Янг, дзе вы цяпер і што парабляеце, — папрасіла лагодным голасам Прэма, Натачына маці.— А мы во, бачыш, дзе апынуліся. Буданы тут парабілі з галля — недалёка. Малыя там спяць… А пачнуцца дажджы, то не ведаю, як будзе. Але дзякуй Вішну, хоць гэтае месца знайшлі. Плацяць толькі бацьку нашаму і во таму мужчыну, што сячэ на палавінкі… Ну і зборшчыкам. А мы ўжо так тут памагаем бацьку, бо запарка ў іх. Трэба і арэхі рыхтаваць для сушкі, і агонь глядзець, і варочаць-сушыць, і выкалупваць са шкарлупін, запакоўваць у мяхі. Ад тоны копры плацяць, а на тону трэба тысяч сем-восем арэхаў. Без рук астацца можна.

Янг слухаў прыгожую Натачыну маці, думаў, што Прэма 16 — вельмі падыходзіць для яе імя. Крадком любаваўся і Натачаю, параўноўваў іх твары і бачыў, што Натача і кропелькі матчыны пабрала. Ён адчуваў, што пасля Раджа яны самыя блізкія і дарагія яму людзі. На пытанні адказваў паволі, стараўся гаварыць самавіта, як дарослы. Нават пахваліўся, што цяпер працуе ў дэльфінарыі і Судзір-дрэсіроўшчык не можа без яго абысціся. Натача шчыра рагатала над фокусамі Бобі, яна ўжо завочна палюбіла гэтае хітранькае дэльфіня.

16

Прэма — каханне (сінгал.).

— Ідзі ўжо, дачушка, адпачні трохі, пабегай з Янгам, — адпусціла іх Прэма.

Натача ўзрадавалася.

— Піць хочаш? — спытала ў Янга: убачыла, як цяжка ён плямкае губамі, варочае языком, жуючы копру. І не дачакалася адказу, ухапіла ў зубы свой нож, задрала галаву: на якую пальму залезці б? Ага, вось на гэту, крыху нахіленую… І ламанула цераз кусты да пальмаў. Неўзабаве Янг убачыў яе паўзверх кустоў — караскалася на пальму спрытна, як малпа. Праз колькі хвілін на зямлю загупалі арэхі. А хутка і сама з'явілася з кучаю арэхаў на руках, задыханая, вочы гараць.

— Калена вунь… абдзёрла, — не знайшоў што сказаць Янг.

— А-ат… — абыякава махнула рукою і пабегла з арэхамі да дзядзькі з парангам. — Ссячыце ім макаўкі!

Дзядзька ссякаў, а Натача раздавала: Раджу… бацьку… самому рубшчыку… А тры ўскрытыя прынесла да кустоў, самы вялізны працягнула Янгу.

— Дачушка, ты гэтак больш не рабі. Не дай бог, плантатар убачыць… Распараджаешся, як на сваёй плантацыі.

— Дык што ж нам — смагнуць? Ды не збяднее ён з-за шасці арэхаў! — адмахнулася Натача. Дачакалася, пакуль Янг высмакча свой арэх, ухапіла яго за руку: — Пабеглі!

— Пачакай, — засупраціўляўся Янг. — Я пагляджу, як у вас тут зроблена… — і завярнуў пад павець.

Пакуль глядзелі, Натачына маці выграбла пад кустом велікаватую ямку, пазносіла туды выпітыя арэхі, прысыпала зямлёю і лісцем. Так будзе спакайней.

Янг убачыў, што прынцып сушылкі такі самы, як яны рабілі і на Біргусе. Толькі тут размах — не параўнаеш. Не нейкая ямка з вугалямі, перакрытая бамбукавымі палкамі, а доўгая канава… На дне гараць сухія шкарлупіны арэхаў, адзін жар, дыму амаль няма, над канаваю не памост з палак, а жалезная рашотка з тоўстага дроту. За раз можна раскласці мо тону арэхаў.

— Ну, пабеглі,— адарваўся Янг ад агледзін. — А куды?

— Куды вочы глядзяць!

Як гэта цудоўна — бегчы куды вочы глядзяць! І яны беглі спачатку ўздоўж какосавай плантацыі, блытаючыся ў зарасніках травы і кустоў. Дзе трапляліся сінія кветкі бугенвіляў ці чырвоныя махрастыя гібіскусы з доўгімі песцікамі, падобнымі на «ёршыкі», бутэлькі мыць, Натача зрывала і ўтыкала сабе ў кучары. Пад канец прагулкі галава яе нагадвала дзівосны, чароўны букет. Трохі і заблудзілі былі ў кустах, потым разабраліся, павярнулі назад. Янгава сэрца ажно дрыжала ад замілавання і любасці — такою прыгожаю ён Натачу яшчэ ніколі не бачыў.

Натачына светла-ружовая сукенка на грудзях зашнуроўвалася і завязвалася банцікам. Але пакуль лазілі па кустах, ён развязаўся, і кончыкі белага вітага шнурка целяпаліся.

— Давай я табе завяжу… — сказаў Янг і, не чакаючы згоды, узяўся вязаць. Вузялок атрымаўся як кветка з трох пялёсткаў. Схіліў галаву набок, палюбаваўся: ён адчуваў сябе шчаслівым, хоць яшчэ не разумеў, што з ім робіцца.

— Падабаецца?

— Ага… — усміхалася Натача. — Навучы і мяне. Янг і яе навучыў завязваць «кветкаю».

У парыве шчырасці расказаў ёй, як надумалі з Абдулою абследаваць з аквалангам возера на Горным, пашукаць на дне залатых самародкаў. Здзівіўся толькі, чаму Натача не загараецца гэтак, як некалі Абдула, а нават спужалася крыху.

— Янг, гэта ж вельмі небяспечна! А раптам што з аквалангам зробіцца? З вамі ж Раджа не будзе, не ведацьмеце, што рабіць, патопіцеся.

— Я адзін палезу, Абдула будзе наверсе. А я ўжо ведаю, як з аквалангам упраўляцца.

— А раптам тыя, што шукалі золата, нападуць? Яны ж, мабыць, узброеныя! Яны ж перастраляюць вас!

— Я цябе не запрашаю, калі баішся. А знойдзем самародкаў, то і з табою падзелімся.

— Не, я — пайду! — цвёрда заявіла Натача. — Вы ж там без мяне нічога не зробіце. Або ўлезеце ў якую шкоду, ведаю вас… Я вам абеды варыць буду!

— Ты думаеш, мы месяц там прабудзем? Дзень — не больш. Мы ж занятыя на рабоце, а ў містэра Крафта не вельмі вырвешся.

— Усё роўна без мяне вам не абысціся. Што трэба падрыхтаваць, узяць з сабою? Не будзеце ж усё з Рая валачы.

— Трэба вядро старое, дзірачак часта напрабіваць у дне цвіком. А тазік цынкавы — яшчэ лепш.

Натача спытала:

— А калі вы прыбудзеце? Я ж тут усяго не знайду, у Кампонг трэба будзе наведацца. Я там і прыхаваю, у Кампонгу, што дастану. Адтуль бліжэй несці будзе.

— Не ведаю калі. Буду старацца, каб хутчэй. Янг нават уявіць не мог, што ўсё адбудзецца вельмі хутка. Не мог уявіць і таго, што можа здарыцца ў дэльфінарыі.

Раздзел сёмы

1

Яшчэ здалёк убачылі: каля варот дэльфінарыя стаіць запрэжаны двума муламі вялізны брызентавы фургон. На паўкруглым перадзе буды на белай пляме намаляваны чырвоны крыж і чырвоны паўмесяц. Нават не паўмесяц, а так — нібы аблузаны банан. Мулы дружна скубуць з тоўста напакаванай сеткі траву, сетка важка пагойдваецца на дышле. З варот быў паказаўся паліцэйскі, за ім дзядзька ў белым халаце, пра нешта пагаварылі, азіраючыся на вароты. Дзядзька з фургона выцягнуў складзеныя насілкі — два бамбукавыя шасты з прымацаваным да іх брызентам, узяў іх наперавес і пайшоў у вароты, паліцэйскі — за ім.

Поделиться с друзьями: