Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Грот афаліны

Мисько Павел Андреевич

Шрифт:

Натача і праўда прывяла на смуродную гарадскую звалку — зарослую па баках кустамі катлавіну паміж пагоркамі. Некалькі грыфаў з голымі шыямі і брудна-шэрых буслоў марабу, цяжка махаючы крыламі, неахвотна ўзляцелі на засохлую акацыю.

Стрымліваючы дыханне ад смуроду, Натача вывела хлопцаў на заходні бок катлавіны, ускарабкалася на адну скалу, на другую. «Во!» — паказала сабе пад ногі. Хлопцы пакідалі груз унізе, палезлі за ёю. Абдула расчаравана свіснуў.

— І з гэтым хламам вы думаеце нешта намыць?!

Каля Натачыных ног ляжала ў яміне рыжае ад іржы некалі ацынкаванае вядро з прабітымі ў дне дзіркамі. Ляжаў і эмаліраваны тазік, эмаль з дна ўся паадбівана. Дзірачкі ў тазе былі прабіты драбнейшыя і больш густа. Усе зазубрыны вытыркаліся вонкі, не так, як у вядры — усярэдзіну. Абдула футбальнуў нагою вядро, і яно са звонам паляцела на дно катлавіны, выпудзіла худога сабаку, які падцяў хвост і кінуўся ў кусты.

— Ты што? — раззлаваўся Янг. — Бяжы, футбаліст, за «мячом».

— А на чорта яно! У ім нельга перагрэбаць, рукі паабдзіраеш.

— А насіць чым будзеш? У прыгаршчах? Рукамі чэрпаць з дна, у руках насіць? — Натача пакрыўдзілася: гэтак старалася, усе пальцы паадбівала, а тут…

— Давай! — падштурхнуў Янг Абдулу са скалы. — Любіш біць, любі і мячы падаваць.

У Янга апошнім часам неяк разам паявілася самастойнасць, пабольшала рашучасці. Можа, паўплывала тое, што пачаў працаваць у дэльфінарыі, сам зарабляць на жыццё? А мо і тое, што адчуў сябе дарослым. Нічога, што росту яму яшчэ не хапала, быў ніжэй за брата ледзь не на галаву.

Натача злітасцівілася, забрала ў Абдулы вядро, кінула ў яго сваю торбу і збегла са скалы.

— Не спяшайся, цяпер першы пайду я, — сказаў Янг.

Узвалілі на сябе груз, пакрочылі гужам на заходнюю ўскраіну горада. Пакуль трапляліся загарадныя вілы і бунгала багацеяў, стараліся ісці па сцежках-дарожках ці каменных прыступках, пракладзеных да іх. Але скончыліся сцежкі-дарожкі, а горы пачалі крута дыбіцца, загароджваючы шлях, — і пачаліся сапраўдныя пакуты. Тады з Амараю лезлі-карабкаліся з пустымі рукамі, і то Янг гатовы быў язык высалапіць як сабака. А цяпер валаклі вялікі груз, і ногі ажно падкошваліся, балелі ў сцёгнах і лытках. Паветра лавілі шырока разяўленымі ратамі, а яго ўсё роўна не хапала, задыхаліся.

Адпачывалі ўсё часцей і часцей. Горш было Натачы: хоць і груз меншы, але абедзве рукі занятыя, няма чым хапацца за камяні і галіны, карчы, карані. Спрабавала пасадзіць Тота ў вядро на торбу і вызваліць такім чынам адну руку. Але сабачку там не сядзелася, некалькі разоў ён выкульваўся ў самы нечаканы момант, і нельга было яго падхапіць ці ўлавіць. Тота стукаўся, скочваючыся з каменя на камень, абдзіраў бакі і галаву аб калючы кустоўнік, енчыў-плакаў. Урэшце Натача дадумалася: торбу выняла, наслала на дно пабольш лісця, каб не калоліся задзірыны, пасадзіла ў вядро сабаку, а верх запляла маладзенькімі ліянамі. На заплёт паклала торбачку і сама ўзрадавалася: добра атрымалася. Так і перастаўляла вядро перад сабою з глыбы на глыбу, з выступу на выступ. Адзін раз і вядро скацілася, прагрымела ўніз разам з Тота.

— Яму да канца дзён будзе сніцца гэта прагулка… — Абдула ледзь гаварыў ад стомы, яму не хацелася ўжо і золата.

— Хлопчыкі, а мо перакусіце трохі? — спытала Натача. — Я захапіла таго-сяго.

Перакусіць не шкодзіла б, вымерхаліся добра. Але абодва ў адзін голас заявілі: «Не, не! Там — на возеры…»

— І ў мяне ёсць перакусіць, во! — палопаў Абдула па адтапыранай спераду майцы. — Каб Янг не прыляцеў нечакана, то і больш чаго прызапасіў бы.

— Сітуацыю трэба было скарыстаць. Судзір яшчэ на досвітку падагнаў катэры, паехалі дэльфінаў лавіць. Я таксама мог бы з імі, Радж запрашаў… Вельмі ж цікава! А я кажу: жывот баліць, рэжа… Момант нельга было ўпусціць! — Янг памяў свой жывот. — А ён і напраўду баліць, халера.

— З галадухі гэта. І ў мяне так бывала, а з'ясі што ці нальеш поўны жывот вады — перастае, — заўважыла Натача.

— Абдула, што мы купім Натачы, як золата знойдзем? — спытаў жартам Янг.

— Дом трохпавярховы ў Кампонгу… Не, лепш у Свійттаўне! Машыну легкавую, слуг ноймем тузін… Ну й замуж аддамо за прынца. І яна адразу нас забудзе, задзярэ нос.

Натача кінулася на Абдулу з кулакамі. А той упаў з рогату на спіну, наставіў рукі і ногі, баронячыся:

— Ратуйце-е-е!!!

— Цс-с-с, асталоп! — Янг шлёпнуў ластам па адтапыраным задзе Абдулы. — Яшчэ хто прыбяжыць… Пайшлі! А то і да вечара не дацягнемся, — ён пачапіў на плечы акваланг, пабраўся вышэй.

Ужо чуваць было булькатанне ручая, і ахвоты ва ўсіх прыбавілася. Янг пачаў пазнаваць мясціны і хутка вывеў на невялічкае пласкагор'е, дзе стромая скала дзяліла ручай на два рукавы. Павярнуўся да сваіх спадарожнікаў:

— Я дасюль вам нічога не гаварыў пра небяспеку, — сказаў ціха, амаль шэптам. — А яна можа чакаць нас на кожным кроку. Той раз, як былі мы тут з Амараю, па ручаях і ў возеры шнарылі двое англічан ці амерыканцаў… Па-англійску гаварылі… Пітам аднаго зваць… Калі ім удалося знайсці тут золата, то яны і абараняць будуць яго. Могуць пусціць у ход зброю… Мы ж супраць іх зусім бяззбройныя. Каб не напароцца знячэўку на іх, я спачатку схаджу ў разведку. Калі што, будзем абыходзіць берагам, пойдзем на супрацьлеглы бок. А мо і на востраў давядзецца плысці.— Янг зняў на дол акваланг. — Папільнуйце… І нікуды не высоўвайцеся!

Як усё добра помніцца… Вунь з той навісі скал яны любаваліся возерам. Адтуль і за Пітам наглядалі, і за яго спадарожнікам, бачылі, як разглядалі яны тое, што вынеслі з дна возера, як спрачаліся.

Пайшоў да тых навіслых скал угнуўшыся, а на самы краёчак выпаўз на жываце, вытыркнуў нос…

Нічога падазронага… Толькі прарэзліва крычаць нейкія падобныя на чаек птушкі, шуміць вадаспад.

Асцярожна спусціўся да самай вады. Патаптаўся на камянях, азіраючыся, пакратаў пальцамі камякі шумавіння. Пераскокваючы з каменя на камень, прайшоў крыху ўправа. Нідзе ніякіх свежых слядоў…

Мабыць, Пітава кампанія перастала тут бадзяцца, мо знайшла дзе лепшае месца. А калі рыхтуюцца да больш грунтоўнай экспедыцыі сюды? Яны і сёння могуць быць тут, скажам, на тым баку возера, дзе-небудзь за востравам. Але там няма нізкага берага, скалы крута абрываюцца ў ваду.

«Хай сноўдаюцца там, хай боўтаюцца, мы ім не замінаем. А мы тут спачатку палазім…»

2

Пра яду забыліся. Кожнае вядро каменнага друзу і гравію, галькі перагрэбалі ўтраіх. Янг не спяшаўся пад ваду. Некаторыя падазроныя галушачкі таўклі камянямі на плітах-кавадлах.

Нідзе не бліскала ніводнай металічнай іскрынкі.

— Амара казаў, што самародкі золата зверху не блішчаць. Правярайце кожны галышок, а я — паплыў! — Янг зноў браў вядро, клаў у яго камень-грузіла і шлэпаў асцярожна ў ваду.

Круг пошукаў штораз пашыраў, зачэрпваў грунт з рознай глыбіні. Заплывы рабіліся ўсё даўжэйшыя. Чым далей ад берага, тым менш было гравію і галькі, усё большалі камяні-наплывы, часцей трапляліся трэшчыны, запоўненыя амаль даверху мулам. Вада мутнаю не была, але бачылася ўсё горш, чым у моры. Не было і той расліннасці, каляровых каралаў і губак, актыній, мала было і рыб. А самае галоўнае — тут было халадней, чым у моры.

Поделиться с друзьями: