Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Грот афаліны

Мисько Павел Андреевич

Шрифт:

Нагроб чарговае вядро, выбавіў на бераг. Аддаў Абдуле і Натачы, а сам сядзеў на сонцы, думаў. Не хацелася прызнавацца нават сабе, што ўся іх задумка з гэтым возерам і пошукамі золата — авантура. Хоць бы распыталі ў каго ці пачыталі дзе — як шукаецца гэтае золата, як «мыецца». Кажуць жа, яшчэ ёсць «залаты пясок» — а што гэта такое, на што ён падобны? Ці блішчаць пясчынкі-крупінкі? А калі і блішчыць штосьці, то ці ўсё тое золата, што блішчыць? Як пазнаць-упэўніцца, чым вызначыць? Бачыў жа золата ў выглядзе гатовых ювелірных вырабаў, упрыгожанняў… Хоць бы ў той жа донны Тэрэзы. Агнём гараць яе пярсцёнкі, завушніцы, кулоны, браслеты. Кожны дзень яна мяняла іх ці камбінавала па-новаму, асабліва калі збіралася на танцы.

Чаму той Піт з кампаньёнам, перш чым залазіць у возера, перагрэбваў пясок і гальку ў ручаях? Ці не таму, што там ужо сама вада папрацавала нямала, прамываючы і пясок і гравій, асаджаючы на дно самае цяжкае — метал?

Значыць, трэба і ручаі праверыць, не толькі глыбокую частку возера. Піт не дурны, калі гробся ў іх.

— Чэрці, ці ёсць у вас што жэрці? — не вытрываў Янг. — Не палезу больш, пакуль не накорміце добра.

Абдула шугануў рэшткі з тазіка ў возера, уздыхнуў.

— Гэта можна. Есці і я заўсёды гатовы.

— Янг, табе трэба добра падсілкавацца, — сказала Натача і пайшла пад навісь скалы, дзе ляжала торбачка. — Бывала, як накупаешся, папамокнеш у вадзе — і д'ябла з рагамі, здаецца, з'еў бы!

— Самы цярплівы — гэта я. У цябе торба вунь дзе, а мой скрутак пад майкаю, ужо мазоль нацёр на пупе, — і Абдула дастаў з-за пазухі свой пакунак. — Вось… прывітанне ад донны Тэрэзы.

У пакунку былі дзве надрэзаныя булачкі, з надрэзаў спакусліва тырчалі смажаныя лустачкі акулінага мяса.

А Натача дастала з торбы каструльку з пшанянай кашай, добра запраўленай какосавым алеем і смажанай цыбуляй, падсмажаныя кружочкі маньёкі, пяць бананаў, вузельчык, жменек на дзве, тоўчанага шпана, запалкі, нож-складанчык з адламаным дзюблем.

— З круп кашу заўтра зварым, а гэтую зараз разагрэем. Абдула, дровы трэба! — распарадзілася яна.

— У-у, я і так з'еў бы, — завёў Абдула, але Янг сказаў: «Схадзі, схадзі, я пацярплю…» — і той палез на кручу.

Калі Абдула адышоў настолькі, што пачуць іх не мог, Янг сказаў:

— Ты ведаеш, якое золата ў самародках на выгляд? Не… І я не ўяўляю. І Абдула… Дык вось, можа стацца, і не знойдзем нічога.

— Ну й што? Згарыць яно няхай! — рэзка адказала Натача.

— А я думаў, насміхацца будзеш.

— Янг, тут так цудоўна, таямніча… Пабудаваць бы хатку каля вады… Або вунь на тым востраве.

— Ага… Здорава!

— …і ўдваіх жыць… Я і ён, і нікога наўкол, адны птушкі спяваюць.

— А хто… ён?

— Адзін казачны прынц… на цябе падобны. Янг пачуў, як шчокі пачалі гарэць.

— Прынцы не жывуць у такой пустэчы. Ім сталіцы падавай, палацы, раскошу.

— А мой прынц не будзе каралеўскай крыві.

Янг паглядзеў на яе, і Натача не вытрымала, апусціла вочы і таксама пачырванела. Гэта і Янга збянтэжыла, і ён адвярнуў галаву ўбок. Але бачыў Натачу, хоць і не глядзеў на яе. Якая прыгожая яна, як пасуе да твару яе светла-ружовая, у жоўтыя і блакітныя кветкі сукенка! Шнурок завязаны трыма пялёсткамі…

— З чаго толькі пражывеш тут? Рыбы і то людскай няма. Каб можна было з рыбы тут жыць, людзі даўно б пасяліліся. Дый аднаму ці ўдваіх — здзічэць можна… Чалавеку людзі трэба.

— І ўсё роўна! Возера — гэта ты здорава прыдумаў. Такая прыгода ў нас… Я ніколі яшчэ такога не перажывала.

— Уляціць табе ад бацькі: кінула работу, прыгод захацелася.

— Я запіску пакінула, што праз суткі вярнуся і ўсё-ўсё ім раскажу.

— А яшчэ што напісала?

— Праўду напісала… Што ідзём з табою абследаваць возера. Толькі пра золата — ні слова!

— Ну і правільна… — пракашляўся Янг. — А я забыў… Раджу запіску… Эх, каб можна было разрывацца на дзве палавіны! Каб і тут пабыць, палазіць і паглядзець, як дэльфінаў ловяць.

— Не гаруй, будзеш жыць — пабачыш, — разважліва, нібы яе маці Прэма, сказала Натача.

— Абдуле нічога не гавары… пра сумненні нашы. Хай пакуль што верыць у золата.

З кустоў загукаў, забыўшыся, Абдула, і Янг пагразіў яму кулаком.

Калі ўрэшце сяк-так трохі пагрэлі, трохі прыпалілі кашу і сабраліся есці, выявілася, што лыжак няма, не ўзялі.

— Па-кітайску будзем, палачкамі. А можна і проста пяцярнёй… — Абдула першы запусціў пальцы ў каструлю — і задзьмуў на іх, замармытаў. Мабыць, апёк. — А лепш не палачкамі, а якія лапатачкі выстругаць. — Але ён не стаў рабіць ні палачак, ні лапатачак, зноў запусціў у каструлю пальцы.

А Янг ачысціў ад кары дзве палачкі, падаў Натачы, абстругаў і сабе. Сяк-так прыстасаваўшыся, похапкам елі. Пасля кашы Натача на закуску выдзеліла па банану. А потым большасцю галасоў было вырашана, што Янгу гэтага мала: ён жа мокне ў вадзе. Хай з'есць булачку. Патарокаўшыся, Янг згадзіўся, але мясам падзяліўся з Тота.

— Лыжкі што — ерунда. А от ліхтар падводны забылі, глыбінямер забылі — гэта кепска. — І, нечакана нават для сябе, Янг аб'явіў: — Паграбіцеся яшчэ ў ручаях, а я сплаваю на паўднёвы бок возера. У аквалангу паветра мінут на трыццаць, хопіць на адно глыбокае пагружэнне. З запаснымі балонамі заўтра буду лазіць… тут кругом… А вы ў ручаях. Добра праверце тыя месцы, дзе Піт з напарнікам лазілі… І вось што: давай і тваю майку, наверсе і ў трусіках перабудзеш, а там — холадна… — паказаў Янг на возера.

Абдула, як звычайна, працягнуў: «У-у-у…», але майку зняў.

— Паможа табе гэтая майка як кашаль хваробе. Яна ж усё роўна намочыцца! — здзівілася Натача.

— Зробім гідракасцюм «мокрага тыпу». Вада, што будзе пад адзеннем, нагрэецца ад цела, а свежая будзе марудна паступаць. Яго майка, мая рубашка — двайная праслойка атрымаецца.

Натача імклівымі рухамі разбэрсала шнуроўку, скінула з сябе сукенку, засталася ў сарочцы.

— На, трайную рабі. А ніз у штаны ўбярэш.

— Сукенку не буду надзяваць.

— Ну й дурань. Унь малайцы амаль усе ў спаднічках-саронгах ходзяць. Надзявай! — Натача зноў працягнула сукенку да Янга.

— Я не малаец.

Натача ўпілася зубамі каля пояса сукенкі — тр-р-р.

А потым яшчэ і рукамі рванула — доўга, на ўвесь размах. Сукенка перарвалася папалам.

— Во, блузка атрымалася і спадніца. Надзень блузку як кашулю, — падала яму верхнюю частку сукенкі.

— Дурная… Такую сукенку парвала. Правільна Абдула казаў: не трэба звязвацца з дзяўчынкамі,— выцягнуў шнурок з блузкі, кінуў Натачы.

Поделиться с друзьями: