Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Хатынская аповесць

АлесьАдамовіч Алесь

Шрифт:

Я пачынаю спускацца з сасновага ўзгорка да дарогі, што бялее ў вечаровым сутонні. Глаша, не заўважыўшы ці не жадаючы заўважыць маёй да нас прыкрасці, ідзе побач.

Неаднойчы было: да змяркання загуляўшы на гэтым узгорку, глядзеў я на вёску, вось гэтак жа ўспыхвалі агні ў розных канцах вёскі — у вокнах. Вось гэтак жа.

Дарога ціха, нібы чакала, прыняла мяне, калi мы сышлі ўніз, павяла, пабегла наперад, уперадзе… У нашага суседа Юстына ўтапіўся дарослы сын (перад самай вайной здарылася гэта), а Юстын вярнуўся аднекуль праз дзень, калі ўжо стаяла труна ў хаце: чалавек ідзе па вуліцы, ужо ведае пра сваё гора, да яго ціха падыходзяць i моўчкі ідуць побач людзі, суседзі,— вось так Глаша побач ідзе. А наперадзе ідзе белая дарога, паказвае, куды ісці, дзе тваё гора. Але пры гэтым яна не забывае рабіць усе свае даўнія павароты, нават непатрэбныя — каля даўно перасохлага ўзболатку, каля колішняга (спаліла маланка) калгаснага свірна. I я, як гэтая пакручастая дарога, усе ўцякаю ад думак пра маму, сястрычак, суседзяў, пра вёску — усё нешта пра другое, зусім пра другое…

Мая хата — у самым канцы вёскі, i мы ідзём туды. Успыхваюць ад ветру пагуркі, дзе стаялі хаты, а цяпер грузна бялеюць печы: водбліскі падаюць на мой i на Глашын твар — так адчуваеш чужы пагляд, хоць i не бачыш яшчэ, хто сочыць за табой. Нешта адвечна жаночае ёсць у гэтых знясілена белых, апалых печах. «А чый жа гэта? Ганны хлопец, Флёра? Ці гэта не ён?» Нібы стараючыся разгледзець ці паказаць нас, вуголле на агародах раптам успыхвае, разгараецца ярчэй. Апусцелыя двары адступілі ад вуліцы, пакінуўшы на ранейшым месцы толькі лавачкі, ды абгарэлыя платы, ды бярозы з закінутымі, як галовы, вяршалінамі. (Нешта белае перабегла вуліцу, жвава, па-сабачы, але я добра бачу, што гэта не сабака, a свіння, зусім як дзікая.) Каля гэтых бяроз, пад імі некалі праходзілі летнія вечары. Старэйшыя сядзяць, стаяць, кураць, вядуць гамонку — адпачываюць пасля рабочага дня, а мы, хлапчукі, носімся па вуліцы, па агародах, добра нам ад адчування, што ў дарослых гэткі ціхамірны вячэрні час, увесь свет чалавечы здаецца супакойным, добрым. Да гэтай пары ў істоце маёй, у нейкіх сотах захавана тое колішняе пачуццё, якое я сам адзначыў, спыніў, калі заскочыў па драбінах на гарышча, хаваючыся ад «сініх», паглядзеў уніз i ўбачыў на лаўцы пад бярозай бацьку i маці: сядзяць, як хлопец з дзяўчынай («цілі-цілі цеста, жаніх i нявеста»), смешна так сядзяць, i ён, думаючы, што ix не бачаць, цалуе яе каля вуха; яна, адпіхваючы, гладзіць яго твар далонню («Пеця, здурнеў, суседзі ж!»). Мне хораша, але вусцішнавата, нібы няма на свеце мяне, a толькі яны ўдваіх. Затаіўшыся, я глядзеў на свет, дзе мяне яшчэ няма. Сам не ведаю чаму, але я закрычаў, моцна, нібы працягваў гульню ў вайну, а на самай справе, каб зноў з'явіцца ў гэтым свеце, нагадаць пра сябе. Мама азірнулася, а бацька раззлаваўся:

— Ты што, як рэзаны?!

Сердаваў ён адразу, рэзка, i я яго любіў i баяўся. Наогул я заўсёды любіў суровых, няласкавых, можа, менавіта таму, што такім быў мой бацька. Нават ад'язджаючы на вайну ў Фінляндыю, бацька не пацалаваў мяне, a толькі сціснуў рукою плячо i паказаў на заплаканую маму i сястрычак-блізнят, абвязаных хусткамі пад пахі: «Глядзі ix!»

Цяпер я падыходзіў да таго самага месца, дзе гэта было, дзе наша хата. Тут агеньчыкі ўжо не поўзаюць па агародах, толькі каля печаў трымціць гарачы дух; значыцца, пачыналі з гэтага канца… Бяроза ўзвышаецца нада мной, задраўшы купчастую галаву ў чорнае неба. Ацалелі весніцы, прасла плота. Каля печы зямля прыцемнена свеціцца.

Глаша паціху накіравалася да печы, а я ўсё не заходжу ў расчыненыя весніцы. Хто, чыя рука ix расчыніла? I што было потым? Ад Глашыных ног застаюцца барвовыя, гарачыя сляды. Зачапіла вуголле ботам — коратка ўзляцеў рой іскраў… Як на той паляне… Пра што гэта я? Думка ўсё стараецца збочыць, не вяртацца да самага страшнага. Рашуча, пераканана, каб самому паверыць, кажу Глашы, што ўсе выратаваліся, усе ў лесе. Глаша нахілілася, разглядае нешта. Я кідаюся туды ад весніц i сам палохаюся свайго імпэту. О, я ведаю, што гэта такое, белае вуголле! А мне раптам здалося, што яно белае, — як згарэлыя косці. Не, не, гэта ад печы адсвечвае, ад пабеленай мамінымі рукамi нашай печы! I гарэлы пах бульбы i яблыкаў, толькi бульбы i яблыкаў! Яны схаваліся ў лесе, я ведаю, заўтра ix знайду, убачу…

Я падыходжу да печы, кранаюся яе, нечакана халоднай сярод неастылага вуголля. Боты мае, як вільгаць на балоце, выціскаюць з зямлі барвовасць, святло. Сляды згасаюць не адразу, тлеюць, успыхваюць ад ветру, па ix прабягаюць сінія i чырвоныя агеньчыкі.

За яблынямі плямай бялеецца печ Юстына — нашага суседа. На плоце нешта развешана белае, пачынае здавацца, што гэта людзі, жахліва нерухомыя.

Я пайшоў назад, да весніц. Глаша ўжо там, глядзіць мне насустрач. Села на лаўку, i я сеў побач. У Глашы нешта такое азначылася: жаночае, простае. Узяла маю галаву i паклала сабе на калені, а сваю мне на спіну. Потым я зусім лёг на доўгую лаўку, i не было дзіўна ці сорамна, што яна сядзіць, а мая галава ў яе на каленях, як не дзіўна i не сорамна параненаму. Час ад часу я расплюшчваю вочы, бачу Глашын твар, заўважаю, як вецер кратае вуголле на папялішчы i крывавыя водбліскі кідаюцца на дрэвы, знаходзяць i паказваюць яблыкі, чырвона-чорныя яблыкі. У галаве стукае, i гэты гук, як рэха — то стукае ўжо недзе на агародах, то вяртаецца ў мяне ж. Нешта пустое то напаўняецца, мною напаўняецца, то апаражняецца. Гэты стук, пахі гарэлых яблык, печанай бульбы завабліваюць мяне ўсё ў адзін i той жа сон — ён канчаецца i пачынаецца зноў. Раніца ў нашай хаце, на печы шэпчуцца i стрымана рагочуць тады-сяды блізняты, на кухні мама, я чую, як яна сячэ на дошцы мяса, як перастаўляе чыгункі, грукае патэльняй, i я баюся, што зараз яна ўвойдзе i ўбачыць мяне з Глашай— у ельніку, на лапніку…

Прахапіўся я пад яркай, сляпучай сінечай. У прахалоднай вышыні калышацца бяроза; жоўтая палавіна кроны — як раптоўная сівізна. Вераб'і, цёмная густая чародка, не зляцелі, а неяк ссыпаліся з бярозы на агарод. Я правёў ix позіркам i прачнуўся канчаткова. Унізе, на зямлі, на агародах — чорна i па-страхавітаму пуста. Печы не белыя, як тады, на змярканні, а брудна-шэрыя. Калі глядзеў на пажаўцелае голле, на вераб'ёў, здалося, што чую шум бярозы, вераб'інае чыліканне. Цяпер зноў усё наўкол анямела, i толькі ва мне самім шум. I пачынае нудзіць.

Я пашукаў вачамі вінтоўку, Глашу — не ўбачыў; нязграбна адштурхнуўшыся ад краю лаўкі, павярнуўся і, падымаючыся, абапёрся рукой… Нешта мякка хруснула пад далонню, i страшэнны ўдар у локаць, у патыліцу падкінуў мяне. Ротам, языком я злізваў, высмоктваў востры боль, што засеў у далоні. Глаша спалохана спынілася каля весніц з кавалкам чорнай бляхі ў руках, як з падносам, а на ім падгарэлая бульба i яблыкі. Паставіла «паднос» на траву i вінавата падбегла да мяне, але я вырваў з яе рук сваю балючую далонь i схапіўся за прыклад вінтоўкі — цёплая! Да жалеза прыклаў — не памагае. Траву памацаў — цёплая. Я круціўся, шукаў i не знаходзіў холад. Каблуком выбіў яму ў доле, уціснуў у яе далонь — боль адразу адступіўся, зямля яго адабрала, але недзе ён i застаўся, як пчалінае джала. Глаша вінавата кратае пальцам гарэлыя бульбіны, якія засталіся на лаўцы, нешта гаворыць, мусіць, папракае сябе, мяне. Боль зноў вяртаецца, i. я, ускочыўшы, выбіваю новую ямку ў доле, прыціскаю далонь, i боль зноў аціхае — пясок адбірае яго, як ваду. Тое, што я раблю, як я кручуся, ускокваю, б'ю нагой зямлю, хапаюся за яе, мусіць, вельмі выглядае недарэчна, i я злую, што не магу не рабіць гэтага. Глаша, выбраўшы момант, узяла маю руку, падзьмула на пачырванелую далонь.

— Ты што — цыганка? — я вырваў руку i зноў пачаў хаваць яе ў халодным доле. Глаша — нічога не заставалася — усміхнулася мне, а я ёй знізу, i мы заняліся кожны сваім: я сядзеў, прыкуты да зямлі, яна раскладала на лаўцы наш сняданак. Падышла да мяне, выняла з маіх ножнаў нямецкі штык-кінжал i пачала абшкрабаць бульбу, хукаючы на пальцы. Вунь з якога прыску набрала бульбы — адно вуголле! Час ад часу забіраю да сябе сваю руку, боль не адразу, але абавязкова вяртаецца, зноў укручваецца ў локаць, ў галаву, у патыліцу. Кладу далонь на жалеза вінтоўкі — памагае. Прыкладваючы далонь да ўсё новых, яшчэ не нагрэтых частак вінтоўкі, пайшоў на пажарышча, да печы. Боль перайшоў у печ, у яе глыбокі холад. Я трымаўся за гэты холад i разглядваў сваю хату: некалькі пачарнелых вялікіх камянёў на вуглах, жалезны ложак, веласіпедная рама, пагнутае вядро. Была яшчэ швейная машына, гэта добра, што яе не відаць. Вядро маглі не браць, стары веласіпед таксама, а машыну мама абавязкова ўзяла б — галоўнае наша багацце. Мы i да вайны жылі, апраналіся з мамінай машыны, a ў вайну — тым больш.

У печы стаяць чыгункі. У тым, які бліжэй, — чорнае вуголле. Я дастаў другі, там нейкая страва — вымлела ледзь не да дна. Чыгунок яшчэ цёплы, я нясу яго ў далонях, але болю не адчуваю, забыў пра боль. Стаўляю мамін абед на лаўку, дастаю з кішэні лыжку.

Каштую, з'ядаю трохі агорклага крупніку, перадаю лыжку Глашы i бяру з яе рук абшкрэбеную бульбіну. Глаша пакаштавала i ціхенька паклала лыжку.

Паснедалі, Глаша акуратна прыбрала з лаўкі лушпінне. Чыгунок я аднёс i паставіў зноў у печ. Боль вярнуўся ў руку, я ішоў па нашым садзе, шукаючы сярод яблыкаў неабпаленыя, цэлыя, зялёныя. Знайшоў адзін, надкусіў яго i прыклаў да далоні. Зямля ўся ўсыпана чорнымі яблыкамі. Ix столькі, што ідзеш па ix, наступаеш, як на жывое нешта… Вось што бялелася ноччу на плоце — клочча абгарэлай бялізны. Яе тут іскрамі абсыпала ад нашай i Юстынавай хаты. Але чаму яе не забралі з сабой: не змаглі, не паспелі? Трывога зноў працяла мяне халодным потам.

Глаша глядзіць у неба. Так, ужо лятае. Яна заўсёды над намі, калі нам дрэнна, — нямецкая «рама». Партызаны не раз спрабавалі збіць яе, але ніяк не ўдавалася. Кажуць, што на ёй браня.

«Рама» ляціць у бок лесу, нам таксама — туды.

Калі пасля вайны мне даводзілася лятаць у самалёце, увесь час не пакідала думка: вось так, вось такімі бачыла зямлю, хаты, нас, людзей, тая «рама», бачыў ён — нехта абагулена агідны. Ён, менавіта ён надта рана, не па праву бачыць зямлю, чалавека з такой вышыні, з якой ўсё здаецца нязначным, макетным, умоўным. Мусіць, нават не са злосцю, а весела ганяліся «месеры» за бежанцамі, калі тыя, як мурашкі, рассыпаліся з дарогі. Вось так бы цэлілі з чорнага космасу ў блакітна-шкляны шарык, якім любаваліся першыя касманаўты, шчаслівыя, што яны — людзі.

«…Паслухайце, Фларыян Пятровіч, што гэта ў вас зноў?»

З гэтымі словамі звычайна паяўляецца ў маёй кватэры Барыс Бокій, мой былы аспірант, а цяпер таксама кандыдат навук, псіхолаг. Я яго ніколі не бачыў, ведаю толькі голас, поціск тонкай моцнай рукі, жвавы крок, энергічныя, шумныя рухі: ён для мяне нешта чорненькае, бліскучае, вострае. Відаць, хударлявенькі, маленькі брунет з тонкім i вялікім носам, «вальтэраўскім». Я некалі адзначыў сабе, што людзі са смешным, птушыным тварам абавязкова іранічныя, хочуць, каб насмешка праменіла з ix, а не ix даганяла.

Поделиться с друзьями: