Хатынская аповесць
Шрифт:
А мы, калі ix не стала відаць, ускочылі на ногі i пабеглі. Бегчы не мела сэнсу i нават небяспечна было: мы ж не ведалі, што, хто перад намі паявіцца праз пяцьдзесят, праз сто метраў, але ў нас прарвалася назапашанае за гэтыя хвіліны пачуццё, жаданне быць як мага далей ад таго месца, дзе мы цяпер. Але вось небяспека мінула тут, затое паўстала, чакаючы, наперадзе…
«Пастаіш — бяда нагоніць, пабяжыш — напрэшся на яе!» — гэта Рубеж любіў паўтараць, Цімох Рубеж — смешны, дзіўны чалавек, з якім мы сустрэліся праз два дні… У нашым аўтобусе ніхто яго не помніць, яны яго не ведалі, Рубяжа. Сышлася мая дарога з ягонай на нейкім невялікім адрэзку, а далей пайшла толькі мая, а яго абарвалася. Мусіць жа, i акрамя нас з Глашай яго помняць, нехта недзе (сям'я ў яго была), але ўсё роўна такое пачуццё, што з жывых толькі я ды Глаша ведаем, што ён быў, i пакуль мы яго ўтрымліваем у сабе — гэта праўда, што ён быў.
Дзіўна, што людзей, якія зараз у аўтобусе, я ўспрымаю як пасрэднікаў, праз ix я звяртаюся, як да жывых, да тых — Косці, Зуёнка, Вядзмедзя, якіх ведаў, бачыў многа год назад. I Косця-начштаба — вось гэты шумны, смяшлівы, i Касач, што маўчыць усю дарогу, i Сталетаў — усе яны як бы проста адтуль, з 25-гадовай далечы. Дзіўна, калі памяць вось так раптам робіцца явай, рэальнымі галасамі… Відушчыя павінны напружвацца, каб у сённяшнім убачыць таго, хто чвэрць веку назад быў «Касачом», «Зуёнкам», «Сталетавым», «Косцем-начштаба». А мне намагання не трэба ніякага: толькі тых, ранейшых, i бачу. A сённяшнія толькі пацвярджаюць, што ўсё — праўда.
…Глаша сядзіць на кукішках, прысланіўшыся да дрэва. Пасля шалёнага бегу на шчоках яе плямамі распаўзаюцца бледнасць i румянец, a ў немігатлівых вачах цёмны спалох i разгубленая ўсмешка. Я стаю над ёй, сушу на сваім твары казытлівы пот i насцярожана азіраюся. Глаша паказвае, што страляюць усюды, кругом.
Так, у лагер нам не праскочыць. Ды i няма там нікога.
— Здзівіцца Касач: дзе ты? — кажу я.
Глаша нацягнула аж на калені шэры світэр, зняла з мысіка бота бярозавы ліст, разглядвае.
— Восень ужо, — сказалі яе вусны i вочы, што зірнулі на мяне. I я ўзяў ад яе зжоўклы, але яшчэ мяккі, жывы ліст, быццам яна немаведама што важнае i значнае гаворыць.
Калі. пачалася сапраўды блакада — значыцца, усё гэта: страляніна, самалёты цяпер ужо i там, дзе мама, сястрычкі. Добра, калі здагадаюцца адразу пайсці на «востраў», у глыб балота. Вёска наша там i ў 41-м, i ў 42-м хавалася.
Глаша глядзіць на мяне i згаджаецца з тым, што я думаю. Фу, ды я ж уголас думаю! Размаўляю ўголас, не заўважаючы таго. Кажу далей, нібы нічога не заўважыў:
— Там, у сваім лесе, я на немцах катацца буду, як толькі захачу. Там яны не дастануць. А схлыне — дастаўлю цябе…
Я не сказаў: «Касачу». Яе пагляд замінаў называць гэта імя. Раней памагаў, патрабаваў, а цяпер чамусьці замінае.
Мы зноў ідзём праз лес, i зноў Глаша паказвае, дзе страляніна гусцей. Павярнулі да балотца, зялёнага, з палеглай доўгай травой. Я набраў у пілотку вады i, падняўшы над тварам, лаўлю губамі саланаваты ад поту струменьчык. Глаша п'е з далоні.
— Есці хочаш? — здагадаўся я. Яна жвава кіўнула i зірнула па-дзіцячы: нібы я зараз вось дастану з дрэва i падам ёй. Чорт, нават сумку сваю ў лагеры пакінуў, добра яшчэ, што вінтоўка ды граната пры мне. А Глаша зусім без нічога, хоць бы дзеля фасону Касач даў ёй які карабін. Цяпер прыклыпаем да маіх аднавяскоўцаў, а там падумаюць, што я проста з дзяўчынай, нявесту прывёў, дзень добры ў шапку вам!.. Заб'юць немцы, падыдуць i будуць разглядаць нас.
Я адняў у Глашы свой локаць, зрабіўшы выгляд, што мне трэба вярнуцца на прасеку, паглядзець.
Аўтобус наш дрэмле. Глаша, нахіліўшыся, пашукала ў сумцы, падала Сярожу бутэльку з вадой. Сказала строга: «Не абліся!» i цяпер глядзіць у акно: я адчуваю яе перацятае дыханне і, здаецца, бачу сіні мазок скасавураных вачэй, які i ззаду Касачу, мусіць, відзён. Касач за спіной у нас. Мы едзем, каб сустрэцца. На сустрэчу з самімі сабою едзем.
А вы ж, Фларыян Пятровіч, абавязаны партызану Флёру — саманадзейнаму, заклапочанаму, глухому, у абвіслых нямецкіх абносках, абавязаны тым, што выйшлі сюды, з Глашай выйшлі вось сюды… Часам я зусім збоку бачу таго Флёру — сябе васемнаццацігадовага. Быццам не ва мне ён, а там застаўся. I часамі здаецца, што мы з Глашай усё ідзём за ім, падпарадкоўваючыся яго сярдзітым знакам, а ён, заграбаючы лісце, шыгалле цяжкімі ботамі, то прападае за дрэвамі, то вынырвае з-за ix нешырокай худой спіной. А яму яшчэ пра маці трэба думаць, пра сяетрычак. Нясе, прыціснуўшы локцем прыклад, сваю нягеглую, чорную ад былой магільнай сырасці вінтовачку, быццам яна i на самай справе ўсім нам абарона.
…I тут мы ўбачылі людзей. Адразу пазнаць можна было, што гэта вёска, якая збегла ў лес, i менавіта сёння, можа, дзве гадзіны таму гэта адбылося. Hi буданоў, ні ям, ні абжытых дрэў, на якіх была б развешана розная апратка. Людзі як разбегліся, а потым як сабраліся, збіліся ў кучу, так i тоўпяцца, застылі, гледзячы ў адзін бок: там дагарае вёска. Саміх хат не відно, а толькі рвуцца з-за высокага поля ў неба розныя па колеру i гушчыні касмылі дыму, якія яшчэ не сталі адной суцэльнай сцяною пажару. Спачатку людзі, усе як адзін павярнуліся ў наш бок, таргануліся, гатовыя зноў сарвацца, бегчы, але выгляд наш адразу супакоіў ix. Толькі жанчына ў белай чыстай кофце кінулася да нас, лямантуе, крычыць зласліва, паказваючы на маю вінтоўку чыгунком, які чамусьці трымае ў руцэ.
Мы пастаялі з Глашай, як бы чакаючы, калі ў людзей прападзе да нас цікавасць, а потым паціху пайшлі. Падлескам. Не хацелася траціць яго, адваяванага ў страху, не хацелася зноў зашывацца ў лес, брысці наўздагад. Нам яшчэ поле кіламетраў ca тры адкрытых перасекчы трэба, перш чым пападзём у «мой» лес.
Да змяркання трымаліся падлеску i бачылі, як то ў адным, то ў другім кірунку, бліжэй, далей, вырастаюць новыя дымныя касмылі. A між ix — самалёты. Паяўляюцца то з аднаго, то з другога боку — быццам на гіганцкіх трапецыях гойдаюцца. Такой блакады ў нашых мясцінах яшчэ не было, каб столькі самалётаў!
Пад вечар неба зацягнула, загрузіла хмарамі. Дым уверсе распаўзаецца, як пад чорнай, нізкай столлю, варушыцца там. Раптам сыпануў дождж, а потым, нібы не тое зрабіў, сціх, i пасыпаўся сухі, калючы пясок — вецер недзе падняў яго i цяпер кідаў проста з хмар.
Зарава спачатку расцякалася па гарызонце, ціснулася да зямлі, a водбліскі падскоквалі пад цяжкое чэрава неба. Потым зарава пачало расці, расці i нарэшце ўчапілася за хмары, павісла на ix. Неба знізу нібы чарнейшае i цвярдзейшае робіцца, змрочнае ў сваёй глыбіні, у тоўшчы. Аграмадныя цені сутыкаюцца, папіхаюць адна адну.
Ночы не стала. I не было дня. Сусвет зрабіўся вузкай i доўгай, на ўвесь гарызонт, амбразурай, асветленай знутры. Спатыкаючыся, разрываючы нагамі картаплянік, мы хутка ішлі полем, спяшаліся да далёкага, акрэсленага заравам грабеньчыка лесу.
I тут раптоўна ўбачылі людзей — яны беглі па зараве, па самым гарызонце. Далёкія чорныя постаці, нібы згараючы, трапечуцца ў той амбразуры.
Людзі зноў выбягаюць, ужо бліжэй, з чарнаты, бягуць, гонячы перад сабой доўгія цені. Гэтыя ценi пранесліся во паўз нас, a самі людзі толькі падбягаюць. Другія, лявей, вырываюцца з жыта, што кіпіць, як ад рыбы сажалка, з якой хутка выцякае вада.