Хатынская аповесць
Шрифт:
Нас людзі заўважаюць у самы апошні момант: чалавечыя позіркі спатыкаюцца («Хто гэта? Чаму стаяць, не ўцякаюць?») i імчаць далей. А ззаду ix ужо зноў вочы, дзіцячыя вочы… Галоўкі дзіцячыя прытуліліся, прыпалі да пляча бацькі ці маці, глядзяць, глядзяць назад, на зарава.
I раптам у тым баку поля, куды ўсё імчыць, нешта адбылося. Доўгая траса куль разрэзала цемень, i стала відаць, што адтуль таксама бягуць: мусіць, другая вёска. Убачыўшы адны адных, людзі разгублена прыпыніліся i, можа, закрычалі (а можа, яны ўвесь час крычаць — мне не чутно). Замітусіліся i кінуліся, ужо ўсе разам, да лесу, з якога выйшлі мы з Глашай.
У лесе, куды, нарэшце, дабраліся мы, звыклым, партызанскім, дыхаць стала вальней. Лес нас прызнаў, павёў, аблізваючы па-сабачы дрыготкім, стракатым святлом нашы твары, рукі. Мы прайшлі яшчэ з кіламетр i селі адпачыць. Глаша прыхінулася спіной да дрэва i тут жа заснула, пакінуўшы мне аднаму i гэтую вайну, i ўвесь гэты свет: ёй надакучыла. Я сядзеў, глядзеў на яе капрызлівы сонны твар i ціхенька, нібы вар'ят, смяяўся, мабыць, ад стомы i сваёй недарэчнай глухаты.
Ад таго, што нельга было гэтага рабіць, а я таксама моцна заснуў (быццам паддаўшыся дзіцячаму Глашынаму настрою), i што нічога страшнага не здарылася, было весела прачнуцца i паглядзець на свет, у якім усё засталося на месцы.
Глаша адначасова са мной адарвала ад пляча галаву i расплюшчыла вочы, шчодра сыпнуўшы ў гэты свет сінькай. Мы нейкі час глядзелі адно на аднаго, усяму адкрытыя.
Усё ў лесе прапахла дымам: i папараць, i ігліца, i мае рукавы, i, напэўна, халодныя ад расы Глашыны кароткія валасы, якія во абгладжвае рукамі.
Сонца, дагэтуль нябачнае за дрэвамі, раптоўна, адразу ўварвалася ў лес, i тады дым, нібы жывы, заклубіўся па нерухомых, яркіх спіцах святла.
Мы пайшлі старым, сухім борам, збіраючы чарніцы, падсохлыя, падсалоджаныя жнівеньскім сонцам. Трэба хутчэй ісці адсюль, але Глашын голад нас не пускае, ён такі ж смешны, капрызліва-дзяцячы, як i сон яе, i мы, развесяліўшыся, нібы прагнаму трусіку капусту, скормліваем з далоняў, аддаём яму салодкія цеплаватыя ягады. Нешта перападае i мне, але трусік такі радасна-прагавіты, такі сінявокі, што цяжка ўтрываць i не аддаць яму.
Лес зачароўвае, трымае: ён прывідны з-за гэтага сінявата-аранжавага дыму, празрыста расцягненага на сонечных спіцах.
У нейкі момант мы паднялі вочы ад чарніц i ўбачылі, што ідзём па могільніку. Лясны, сярод сосен, стары, як сам бор, могільнік. Час i лішайнік так адфактурылі пяці-сяміметровыя крыжы, што спачатку тупа падумалася: «…Тут i крыжы растуць!» А ля ног крыжоў-волатаў валяюцца, параскіданыя, гнілыя, падобныя на маленькія цені волатаў, крыжы-дзеткі, крыжы-немаўляты. Дзе-нідзе засталіся разламаныя агароджы — чыгунныя i жалезныя. Жалеза зраслося з камлямі тоўстых сосен. Да самай сарцавіны ўрасло. I мох папоўз па чыгуну, робячы яго як бы часткай лесу.
Вунь як хавалі сваіх мёртвых: на кожнага такі крыж, чыгун! Крыжы нязвыклыя: можа, стараверскія ці каталіцкія…
…Так, Фларыян Пятровіч, вось тут бы вам i ляжаць! Касанула б кулямётная чарга, пырснуўшы вашай крывёю на чужы крыж, чужую агароджу. I з Глашай было б тое ж… Флёра выратаваў i гэты раз. Ca сваёй чорнай вінтовачкай, самаўпэўнены, нехлямяжы ў сваім нямецкім мундзірчыку, вёў ён вас на вачах у нямецкай засады, што чакала партызан на гэтых жа могілках.
Цяпер памяняліся ролямі: ужо я вяду таго партызана з вінтовачкай, працягваю, так сказаць. З якога толькі моманту, з якога месца? З таго хіба, калі скончылася вайна? А можа, пазней я яго падмяніў? Ці наадварот — раней?
Неяк у Бялградзе наш турыст пажартаваў у музеі (пакуль я быў відушчы, я стараўся як паболей ездзіць, глядзець, краем думкі ўсведамляючы, што раблю гэта ў запас) — прывёў зямлячку да шкла i паказаў ёй белы чэрап: маўляў, гэта Аляксандра Македонскага, калі яму было семнаццаць год.
— А дзе?.. — жанчына хацела даведацца, а дзе дарослага Македонскага чэрап, але тут жа ўцяміла, рассмяялася разам з усімі. A i сапраўды: дзе? Дзе мы мяняемся ролямі, месцамі,— напрыклад, я з Флёрам? Бо я ж яго абсалютна збоку бачу, памятаю, нібы ён — гэта нехта другі, з кім я быў, за кім я ішоў, хто мяне выводзіў i ратаваў гэтак жа, як Глашу.
О, гэта варта было бачыць Флёру ў тую хвіліну, калі з-за пахілай агарожкі яго погляду адкрыўся раптам кулямёт, што слепа, аднавока глядзеў на нас, а над кулямётам — нерухомы чорны чэрап каскі! А Глаша нічога не заўважае, яна ідзе наперадзе, кранае кончыкамі пальцаў абымшэлыя, аксамітныя тулавы крыжоў, што ў немым крыку ўзнялі над ёю рукі. На яе вялікае здзіўленне, Флёра пачаў раптам махаць рукой i крычыць у той бок, адкуль мы з'явіліся:
— Гэй, камандзір, сюды ўсе ідзіце! Усе сюды! Што мы знайшлі!
Дзіўнаватым голасам затрымаў, паклікаў Глашу:
— Глаша, пачакай, нешта пакажу…
Узяў Глашу за плячо (рука трымціць, а твар нібыта смяецца, але нейкі скамянелы), павёў яе ўбок, мармычучы нешта бессэнсоўнае. I зноў крыкнуў:
— Гэй, дзе вы там? Сюды ідзіце!
Мінулі лясную прасеку, пакідаючы могілкі: Глаша не разумее, што адбываецца, а ён на яе не глядзіць i не адпускае плячо (ёй нават балюча), ідзе жвавей. I раптам крыкнуў:
— Ды немцы ж, дурная, бяжы!
І, схапіўшы яе за руку, кінуўся ў густы арэшнік.
A калі адбегліся i калі яна зразумела, што там было, Глашу пачалі біць дрыжыкі. Флёра накінуў ёй на плечы пінжак з алавянымі нямецкімі гузікамі.
Разглядаючы свой зялёны кіцель на Глашы, Флёра сказаў:
— Маці не ведае, што я абмяняў паліто. Апошні раз зайшоў дамоў, яна спытала, чаму не прынёс. Там каўнер добры быў… А ведаеш, давай вернемся на хутар. Ты ж хочаш есці? I я хачу.
…Калі мы беглі пасля могілак, прыкмецілі на лясной паляне пагарэлы хутар ці лясніцтва — вуголле яшчэ дымілася. Бульбу, i нават печаную, знайсці там можна.
Але я раптам адчуў, што глухата мая баіцца лесу. Усё ўяўляецца чорны чэрап каскі i лупатае кулямётнае вока… А тут яшчэ са мной Глаша, побач!
Сказаў, назнарок зласліва (на той выпадак, калі пачне прасіцца), што я схаджу адзін, а яна пачакае ў ельніку. Глаша пазірае ўмольна, але пярэчыць не адважваецца.
А мне дык i падабаецца гэта — быць з ёю вось такім, вырашаць за абоіх. Быць па-мужчынску зласнаватым. У чалавека вясёлага, а тым больш няпрошана вясёлага выгляд заўсёды вінаваты. За панурасць ніхто не апраўдваецца. Наадварот, другія сябе адчуваюць вінаватымі перад такім.
З гэтым i звыкнуцца можна, на ўсё жыццё спадабаецца.
Знайшоў яду я хутка i проста на дарозе. Мне трэба было пераскочыць гэтую дарогу, свежа выбітую, распёртую танкавымі гусеніцамі,— я ступіў на яе, а проста ў вочы мне — кардонная каробка, такая нечаканая тут у лесе, нібы з другога свету. Я нават за дрэва памкнуўся схавацца, як ад небяспекі. Але тут жа кінуўся i схапіў яе, як бы баючыся, што насланнё мінецца. Схапіў каробку, падумаў, што гэта можа быць i пастка-міна, а, разрываючы кардон i надкусваючы акуратненькую галету, ляніва змікіціў, што яна, магчыма, атрутная. Галеты надта сухія, але галоднай слюны хапіла i на другую i на трэцюю. Я жую на хаду, п'янеючы ад кволага, нейкага далёкага хлебнага паху, i заспакойваю сваё сумленне тым, што трэба ж добра пераканацца, што яны не атрутныя. У мяне нават галава закружылася — у дадатак да звыклых млоснасці i шуму, якія не пакідаюць мяне з моманту кантузіі.