Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Хрыстос прызямліўся ў Гародні
Шрифт:

Перад ім паставілі бурмістра Юстына. Вочы ягоныя цяпер не гарэлі вуголлямі з-пад у скобку падстрыжаных валасоў. Яны нібы згаслі, але глядзелі мужна.

— Нашто дазволіў папам правіць старой радай і горадам?

— Яны прыйшлі з каралеўскім войскам, — цвёрда сказаў Юстын. — І рада здалася. Я не хацеў больш за ўсіх. Але я чалавек. Я слабы.

— Брэшаш, пёс, — сказаў Юрась. — Ты вось на гэтых зірні. Вось слабасць чалавечая. Выкінулі вас, як гной са стойла.

Суровы, нягледзячы на разбэшчанасць, пасечаны шнарамі і адзначаны ўсімі распустамі Юстынаў твар не ўсміхнуўся.

— Яны яшчэ прыйдуць. Хутка, — хутчэй з сумам, чым з пагрозай, сказаў ён.

— Я зачыніў усе брамы. Зныня зямля Гародні — зямля справядлівасці.

— Ці надоўга?… Але… мне шкада, што я не здолею паглядзець, як гэта будзе.

— Чаму?

— Таму што — а раптам чалавек не такая свіння, як я думаў.

— Добра, — пасля паўзы сказаў Хрыстос. — Развяжыце яго.

— Дарэмна ты гэта. Я б забіў. Таму што, калі яны вернуцца, я ж буду такі, як раней.

— Ну і шчасліва. І, потым, я не ты.

Бурмістр павесіў галаву.

— А гэтых — на шыбеніцы, — злосна сказаў Пятро.

Хрыстос глядзеў на людзей і з нейкай палёгкаю бачыў у іхніх вачах збянтэжанасць.

— Ну… гэта… чаго вы? — спытаў дурыла Піліп.

З маўчання пачалі вылузвацца асобныя гукі.

— Чорт яго…

— Не даводзілася.

— Ты сабаку паспрабуй павесь.

— Ды няхай бы, хто можа. Вось ты, Янук.

— Ідзі ты ведаеш куды… Вось-вось.

Братчык пакасіўся ўніз. Чорныя з сінявою вочы з пострахам глядзелі то на яго, то на шыбеніцы. Нехта захутаў Анею, разам з лахманамі манашага адзення, у сваю шырокую чугу.

Яна глядзела ўмольна, але Юрась чакаў.

— Разарваць іх! — крыкнуў нехта. — Бог ты мой, ды няўжо чалавека не знойдзецца?!

Але чалавека нешта не знаходзілася. Кожны, хто стаяў тут, сёння рызыкаваў сабою, біўся і забіваў, і, напэўна, забіў, калі ўжо стаяў тут жывы. Але звязаных вешаць не хацелася нікому. І Хрыстос усё з большай цеплынёю аглядаў гэтыя абліччы. Так, ён не памыліўся. На гэтых закураных, пасечаных, зморшчаных галечай тварах былі вочы. І ў гэтых вачах было столькі таго, што нагадвала вочы тых, з ягонага сну. Ён разглядаў гэтыя твары. На хвіліну яму здалося, што мільгануў між іх твар Басяцкага, але ён адразу ж зразумеў, што памыліўся: гэта проста размаўляў з дробным гандляром — мяркуючы па вопратцы — нейкі нямецкі госць.

— Дык унь жа кат! — раптам радасна загарлаў нехта. — Вось няхай ён!

Кат стаяў у сваёй клетцы і паступова зноў набіраўся пыхі:

— А чаго, я магу. Клетку толькі разбіце. Я чаму і кажу, што кату нельга ў клетцы.

— Можаш павесіць іх? — з абрыдлівасцю спытаў Братчык.

— Дык… Пане Божа. Служба ж такая. Фах.

Братчык бачыў, як дрыжэлі вейкі Анеі.

— Праца, зноў жа, — меланхалічна сказаў кат. — Таму што не можаць етага на нашай зямлі быці, каб не было ў ката шырокага кола знаёмстваў, і высокіх і нізкіх. І, зноў жа, не было такога ўладара, каб абышоўся без ката.

Хрыста перасмыкнула.

— А не было… наколькі я ведаю.

Сціснуліся ў кулакі пальцы. Вялікім намаганнем волі ён стрымаўся, не ўдарыў. Вось і гэты лічыць…

— Не было. Але павінна быць. Будзе. І давайце, людзі, пачнём. Камусьці ж трэба пачаць, га? Падлу гэтую ў спадчыну браць — чаго мы тады вартыя? Дый рукі аб яго пэцкаць — брыдка.

Выскаліўся весела:

— Ану, кідайце яго з клеткаю ў Нёман. Можа, хаця трохі адмыецца.

Дзесяткі рук падхапілі клетку, пацягнулі з адхону, разгайдалі, кінулі. Яна нырнула, а пасля з шумам усплыла ў струменях вады. Кат сядзеў у ёй па грудкі. Клетку закруціла плынню, памчала. Забляяла ёй наўздагон дуда.

— Сам пакаштуй! — крычаў Кірык.

— Клетка для жаб! — захлынаўся Зянон.

— І гэтых у ваду ганіце, — узвысіў голас Хрыстос. — Каб не смярдзела тут.

Схопленых пагналі ў ваду, дрэўцамі дзід саштурхнулі з берага. І вось паплыла, паплыла, паплыла ракою чарада разубраных у золата людзей: вартыя жалю, адвіслыя вусы; рукі ў парчы працуюць па-сабачаму.

— Гусі-гусі… — з берага загарлаў Тумаш.

Ад рогату, здаецца, скалыхнуўся бераг. І Хрыстос зразумеў, што гэта, магчыма, самая вялікая з яго перамог. Цяпер можна было казаць усё. Слухаць — будуць. І ён узняў рукі:

— Слухайце, хлопцы! Што, так мы і крыўдзіць адзін аднаго давеку будзем? Ці, можа, не? Дык вось што я вам кажу. З дня гэтага Гародня — зямля праўды. Пакрыўджаных не будзе. Усім роўна — і ні ў кога болей. Галодных не будзе. За веру кагосьці забіваць — хай яны лузнуць. Пакаранне адно — выгнаць да тых, да ваўкоў.

Ён пашукаў вачыма і выдраў з рук у кагосьці паходню. Паднёс яе да чорнага, прасмоленага глаголя шыбеніцы. Паступова пацягнуліся ўгору, пачалі лізаць смалу языкі полымя.

— Чуеце? Шы-бе-ніц больш не бу-дзе!

У адзіным імпэце, у пачуцці нейкага дзіўнага ачышчэння людзі кінуліся да мярзотных спаруд. Падносілі паходні, крычалі і плакалі.

Сотні глаголяў палалі над вялікай ракой.

РАЗДЗЕЛ ХLІІІ ЗЯМЛЯ СПРАВЯДЛІВАСЦІ

У другую краіну, у шчаслівы край

Залаты адчыніўся ўваход.

Плач Пятра — Аратая

З тых часоў, калі Пракопі Візантыйскі пісаў аб славянах, што жывуць яны ў народапраўстве і няма ў іх большага, упершыню, магчыма, поўная роўнасць запанавала на беларускай на Гародзенскай зямлі. Мінулі тры бяды: нашэсце, голад і кардынал Лотр. І ўсе ўжо ўспаміналі пра яго ледзь не са смехам. Гвалціў баб — дык кожны робіць тое, што ў ягоных сілах. Заваліў усю краіну дзярмом — дык кожны робіць толькі тое, на што здатны. Чорт ужо з ім! Спаймаем — вылегчаем!

Поделиться с друзьями: