Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Хрыстос прызямліўся ў Гародні
Шрифт:

— Былы махляр. Найлепшы на свеце махляр. І няхай нават не можаш сказаць ім гэта. Усё адно.

— Позна. Не павераць. Дый ці не ўсё адно?

— …З Богам было б горш. Божа мой, гэтыя два тыдні! Нібыта ўся я — ты.

— І я. Раней здавалася — мне мала зямлі. Цяпер я свет бласлаўляю, што нічога ў мяне няма, акрамя яе, акрамя цябе.

Ён увесь прынікнуў, прыціснуўся да яе. І так яны стаялі, няўлоўна пагойдваючыся, пад гэтым небам, што ўсё мацней і мацней расцвітала зорамі.

Ворагі між тым былі не так далёка, як думалі ў вольным горадзе. На жаль, прыказка: «Я пад табою на тры сажні бачу» — заставалася ўсяго толькі прыказкай. Калі б Юрась валодаў такой якасцю і мог прабіць позіркам пласт зямлі і каменнае абліцаванне падземнага хода — ён бы ўбачыў відовішча, якое кінула б яго ў жудасць.

Убачыў бы ён, што ў тым месцы, дзе падземны ход утвараў невялічкую пячору і разыходзіўся на некалькі хадоў — да замка, да ратушы, да драўлянага, з галерэямі, лямуса на Рыбным рынку, — стаіць і чакае маўклівая гурма, збольшага ў латах. Ваўкавыская падмога.

Стаялі Лотр, Балвановіч, грубы Камар, Жаба, Карніла з Пархверам. А за імі, у цьмяным святле некалькіх паходняў, мігцела медзь шаломаў і сталь мячоў. Лотр аддаваў апошнія загады:

— Будзеце рэзаць. Без галасу. Хапком.

— Ясна, — сказаў Камар. — Гульня наша не задалася. Дык тут ужо — карты пад стол ды па зэмбах.

— І ты, Карніла, пойдзеш і схопіш яго і прывядзеш у ланцугах.

— Няладна, — змрочна забубніў Карніла. — Ён жа зняў ланцугі з паноў. Нешта не верыцца, каб гэта — злачын…

— Дужа ты разумееш, — сказаў Балвановіч. — Таму і страшны, што зняў.

— Зроду такога не было, — задуменна сказаў Лотр. — Гэта што ж будзе, калі ўсе так рабіць пачнуць?… І таму пойдзеш. Клятву даваў?

— Даваў, — змрочна сказаў Карніла. — А толькі няладна. То — Хрыстос, то — самі ж — самазванец.

Усмешка Лотрава была страшнаваценькая:

— А гэта заўсёды так. Сёння — князь, заўтра — гразь. Заўзятых, хто памятае, пераб'ём…

— А памяць? — буркнуў Карніла.

— Памяць, калі над ёй сякера, гэта глупства, — падаў голас Пархвер. — Хай памятаюць. А дзеткам іншую памяць прышчэпім: шалбер, злодзей, хаты паліў, краў.

— А татары?

— Усё запісана, як трэба, — усміхнуўся Лотр. — Ну і потым… суд. Таму і забіваць нельга. Раз судзілі, раз асудзілі — значыцца вінаваты, значыцца лжэ-Хрыстос. Каму там прыйдзе ў галаву сумнявацца праз сто год? А гэтых прымусім паверыць. Колькі ў цябе людзей?

— Семсот з нечым. А — непарадак. Столькі дзіваў зрабіў. Ведаюць, што Хрыстос, а мы… А можа, і…

— Дурань. Чым больш ён Хрыстос, тым больш шкодны. І таму — забіваць усіх, хто прызывае імя Божае.

…Ворагі былі не толькі пад зямлёй. У цёмным завулку ля Ростані Басяцкі, пераапрануты нямецкім госцем, гаварыў з Хлебнікам і яшчэ некалькімі гандлярамі:

— Зараз пойдзеш да лямуса і ўдарам у пліту папярэдзіш, каб вылазілі і разыходзіліся па месцах. Паходні гатовыя?

— Гатовыя.

— Крыжы на рукавы нашылі?

— Нашылі. Іначай чорт яго разбярэ, хто свой, а хто чужы. Сутычка ж.

— Сігнал — агонь на пераходзе ад дамініканскай званіцы. Па ім ідзіце, біце ўсіх у мечаных дамах. Дзе крыж на браме ці на дзвярах.

— Шасціканечны?

— Буду я паганскую эмблему крэсліць. Наш. Чатыры канцы. І ўлічыце: не выпускаць жывых.

Хлебнік змрочна ўсміхнуўся:

— Гэта мог бы і не папярэджваць, бацька. Нам такі Хрыстос — на якога д'ябла? Усё вымеў. З васковым унь як спакойна было.

— Таксама піці-есці прасіў, — сказаў Рыбнік. — Ну дык гэта не тое. Хаця другім не даваў. Дык мы на яго, як на мядзведзя, адным махам.

— Ойча, — сказаў нехта. — А як на вуліцы чалавека сустрэнеш? Як даведацца, ці ерэтык.

Сябра Лайёлы ўсміхнуўся.

— А на гэта ўжо Арнольд Амальрык адказаў. Калі ў Францыі ерэтыкоў білі.

— Ну?

— «Забівайце, забівайце ўсіх! Бог сваіх пазнае!» Вас колькі?

— Нешта чалавек пяцьсот, — сказаў Хлебнік, гуляючы кордам. — Н-ну д-добра, ойча. Мы гэтай сволачы пакажам рыбы ды хлябы.

— Давайце, сыны мае. Кліч усе ведаюць?

— Вялікдзень, — сказаў нехта з цемры.

…Хрыстос між тым дагнаў сваіх. Усе ўтраіх яны ішлі вуліцамі соннага горада. Ноч выдалася нечакана гарачая, можа, апошняя такая перад прыходам восені. Таму людзі спалі не толькі ў хатах, але і ў садках пад грушамі, і на галерэях, і проста, выцягнуўшы з хаты пасцілку, ля вадамётаў, якія парушалі цішыню няўмоўчным плёскатам вады.

— Яны ўдома? — спытаў Хрыстос.

— Удома, — сказаў Фама. — Піва з гарэлкай жлукцяць. Вячэра.

— У іх, скажу я вам, тая вячэра… яна-ткі з самай раніцы, — сказаў Іуда.

Крокі будзілі цішыню.

— І нешта цяжка мне, хлопцы. Непамысна мне нешта. Не хачу я ісці да іх.

— А трэба, — сказаў Фама. — Па лычах ім надаваць трэба. Імя толькі ганьбяць. Пальцам аб палец на ўмацаваннях не стукнулі. Зброяю валодаць не вучацца. Адно п'юць, ды за бабамі… ды кепікі з тых, хто працуе, строяць. Збіць іх на горкі яблык ды сказаць, каб вымяталіся з горада, калі не хочуць.

— Згода, — сказаў Хрыстос. — Так і зробім.

Іуда зарагатаў:

— Слухай, што мне сёння сівавусы сказаў. Я, кажа, стары, ты не зразумееш гэтага так, нібыта я падлашчваюся да Хрыста. Якая ўжо тут ліслівасць, калі ў кожнае імгненне можам на адзін эшафот трапіць. Дык вось, кажа, здаецца мне, што ніякі ён не Хрыстос. І д'ябал з ім, мы яго і так любім. Чаму, пытаю, засумняваўся? Гэ, кажа, ды ён паноў замест каб павесіць — у Нёман загнаў. Не смейся, кажа. У Бога гумару няма. Ён чалавек сур'ёзны. Іначай, чым да сотага калена, не помсціць.

Сябры зарагаталі.

…Апосталы размясціліся асобна ад Хрыста з Анеяй, наводшыбе, аж у слабадзе за Каложскай царквою. Так было зручней і з жанчынамі, і з пітвом. Прынамсі, не трэба цягацца праз увесь горад, на вачах у людзей. Яны ўзялі сабе кінуты нейкім багатым уцекачом будынак, драўляны, белены знадворку і знутры, крыты моцным, навек, шчапяным дахам. Было ў ім нешта з дзесятак пакояў, і размясціліся ўсе раскошна.

Урэшце, Тумаш з Іудам рэдка калі і начавалі там, увесь час прападалі на мурах, у складах, на прыстані або на пляцы.

Поделиться с друзьями: