Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Хрыстос прызямліўся ў Гародні
Шрифт:

Падзялілі ўсе запасы з царкоўных і магнацкіх свірнаў. Кожны, хто браў горад, атрымаў па дзве тысячы фунтаў збожжа, акрамя іншага. Бедныя мяшчане атрымалі амаль па столькі. У горадзе застаўся яшчэ агульны запас на пяць год.

Падзялілі чароды багатых, лішнюю вопратку і грошы. Кожны чалавек на Гародзеншчыне мог цяпер бязбедна жыць з працы сваёй. Усе ведалі: засеяныя будуць палі, ніхто не будзе прымушаць, няма каго будзе баяцца, бо кожны будзе бараніць бязбеднае сваё жыццё.

Зброю раздалі ўсім, здатным яе насіць. Хрыстос не забываў: за кожным ягоным крокам сочаць і толькі і чакаюць, каб аступіўся. Удзень і ўначы рапаравалі муры, брамы, вежы, валы, усцягвалі на іх каноны. На Мечнай вуліцы збройнікі, пад наглядам Гіава Турая, удзень і ўначы кулі зброю. Ачысцілі студні, назапасілі паліва на ўсю зіму. Вястун і іншыя вучылі людзей бойцы да знясілення. На званіцы Дамініканаў увесь час сядзелі дудары і сачылі за дарогамі. Старым званарам не верылі. Чорт іх ведае, што надумаюць. На ноч брамы зачыняліся і каля іх ставілася падвойная варта.

Усе ведалі — без бойкі не абыдзецца.

І, аднак, за гэтыя лічаныя дні горад ажыў. Паўсюль жарты, смех, простыя смелыя позіркі, шчырыя размовы. Паглядзелі б на гэта Бекеш або Крыштофіч!… Але іх не было ў горадзе.

Амаль апусцелі храмы. Не было відаць мёртва п'яных. Патрэбы ў гэтым не было. Вечарамі на плошчах скакалі вакол вогнішча людзі, і песні ляцелі да ясных зор.

Стаяў канец жніўня, і ў гэтым была адна з пагроз. Прышлыя мужыкі снілі і трызнілі аб ворыве і пасеве. Што з таго, што гэтым можна было займацца са жніўня і аж да замаразкаў, абы зерне паспела ўзысці. Што з таго, што, магчыма, і лепей пасеяць пазней, а не раней. У прадчуванні бедаў мужыкі хацелі хутчэй кінуць зерне ў зямлю. Яна цягнула, як любая жонка, як каханая. Рукі снілі яе мяккасць, вочы марылі аб яе льсняным бляску, ноздры прымушаў пашырацца ўяўны, саладкаваты пах руні.

І настаў дзень, калі ўсё гэта выбухнула.

Зноў стаялі гурмы каля Лідскае брамы. Толькі на гэты раз ішлі яны, а заставаўся — ён. І мужык міжволі гуляў ятаганам, зноў насаджаным на дрэўца.

— Харошая сталь?

— У-у. Зірні, каса якая. Трохі выгнуў, падкляпаў.

Людзі стаялі перад ім, і ён нічога не мог сказаць ім. Яны мелі рацыю. Яны клапаціліся аб жыцці.

— Даруй, — сказаў нехта з натоўпу. — Яна чакае.

— Вартуй тут.

— Парадак наводзь.

— Па-Божы.

Вельмі непрыгожая жанчына падышла да іх:

— Я ўсё зрабіла дзеля цябе, Пане Божа. Цяперака адпусці.

— На што спадзяешся? — сумна ўсміхаўся ён. — Вёска ж спалена?

— Няшчасце дапамагло. У нас амаль усіх баб татары спалілі. Малюся і плачу за іх. Не хацела б сабе шчасця цаной такою. Але што зробіш, трэба жыць. Я знайду цяпер сабе мужа. Дзеці ў мяне будуць.

І тут яна заплакала. Ад гора за другіх і ад палёгкі за сябе.

— Ідзі, — сказаў ён. — Бывай шчаслівая.

І яшчэ адзін малады хлапец падышоў:

— І мяне баязлівым лічылі. Бык мяне ганяў. А цяпер я давёў. Бачыш, трох пальцаў няма. Шнар цераз аблічча. Шчасце ты даў мне. Няхай цяпер якая дзеўка мяне баязліўцам нарачэ.

— Ідзі.

Калека на мыліцах падышоў:

— І я шчаслівы. Праз слёзы, а шчаслівы. Адпусці. Мне ад цябе нічога больш не трэба. У нас цяпер усе, хто не пабіты — калекі. Я не горшы за іншых. Будзе дом, жонка, дзеці. Ёсць збожжа і хлеб.

І іншыя гучалі галасы:

— Конь у мяне. Татарскі. Першы. Рукі да сахі цягнуцца.

— А калі не адпушчу?

— Застануся. Слова даю.

— Ідзі, — змрочна, але цвёрда сказаў Юрась.

Расплываўся натоўп.

— У мяне пана забілі. Цяпер толькі й жыві.

— Хлеб.

— Шчасце, шчасце даў нам.

Урэшце людзі з вазочкамі і косамі расплыліся. Хрыстос стаяў ля брамы адзін, і толькі далёка за ягонай спіною стаяў натоўп мяшчан. Моўчкі. Хрыстос жа стаяў і глядзеў, як людзі кропкамі знікалі ў палях.

Ён любіў іх. Ён не меў права затрымліваць справу жыцця.

…Менавіта таму на муры ўвесь час цягнулі камяні, дровы і смалу.

РАЗДЗЕЛ ХLІV АПОШНЯЯ ВЯЧЭРА

Яд аспідаў на вуснах іхніх.

Пасланне Рымлянам, гл. 3, ст. 13

У той вечар ён ішоў вуліцамі з Анеяй, Раввуні і Тумашам. З ім ішлі яшчэ сівавусы, малады, дудар, Вус, Зянон і Вястун. На хаду ён аддаваў апошнія ў гэты дзень загады. Было яшчэ даволі рана, нават першая зорка не засвяцілася ў вышыні.

— Ты, Кірык, і ты, Зянон, ідзіце зараз на муры. Праверце яшчэ раз усіх.

Каваль зіркнуў ястрабінымі вачыма.

— Добра, — сказаў адстаючы.

— А ты, Вус, гэтую ноч не паспі. Чарга твая. Удзень адаспішся. Бяры дудара, «братачку», ды лезь на званіцу Дамініканаў. Сачыце, хлопцы, сурміце, хлопцы, равіце, хлопцы.

Здаравіла Братачка закінуў дуду за плячо:

— Дык, братачка, чаму ж. Ноч яно між тым месячная будзе.

Залатарукі і Дудар звярнулі.

— Турай дзе? — спытаў Хрыстос.

— Стары ў Мечнай. Працуюць. А малады з Кляонікам да дзевак, пэўна, на вячорку пайшлі. Кляоніка Фаўстына чакае, Марку…

— Добра, — засмяяўся Хрыстос. — Ах, як добра, цудоўна як!

— Нічога няма цудоўнага, — уздыхнуў сівавусы. — Разлайдачыліся. Спакой. Нібы і не ваўкі вакол.

Ля перадмостнага пляца людзі вадзілі вакол вогнішча кола. Чуўся смех.

Сядзіць, сядзіць яшчур

У гарэхавым кусце.

Хрыстос засмяяўся:

— Змрочны ты чалавек. Ну, што табе ў гэтым? Зірні — унь варта на мурах. Брама ахоўваецца — мыш не праскочыць.

— А я табе кажу — спяць занадта спакойна. Ложкі грэюць.

— Хай спяць да нападу.

— А ты падумай, як нашы папы з аточанага горада ўцяклі?

Юрасёва аблічча выцягнулася. Ён усё не мог звыкнуць да падазронасці.

— Ч-чорт! А можа, яны і не ўцякалі? Трэба заўтра патрэсці і замак і багатыя дамы.

— Трэба, брат. Што і кажу.

Насустрач ішоў з паходняй патруль. Размінуўся з імі ля самага дома, адведзенага Братчыку, невялікай хаткі на рагу Ростані і Малой Скідзельскай.

— А мне чамусьці страшна за цябе, — нечакана сказала Анея.

— Змоўч, — буркнуў Тумаш.

— Вечна гэтых бабскіх глупстваў… — загарачыўся Іуда. — Вось дом. І халодна. Хадзі ты туды. І ў нас-ткі справы. І ён прыйдзе.

— Ідзіце, хлопцы. Я вас даганю.

Яны засталіся ўдваіх. Якраз у гэты момант замігцела над горадам першая зорка. То белая, то сіняя, то вясёлкавая.

— Нікуды ад цябе не хачу, — сказаў ён. — І ў рай не хачу. Абы тут. З табою.

— І я…

— А я хто?

Поделиться с друзьями: