I той дзень надыйшоў (на белорусском языке)
Шрифт:
– Хiма, ты сьпiш?
– Дзе там за табою засьнеш! А што?
– Ды нiчога.
Глядзiць у вакно:
– Хутчэй - машына пад'ехала!
– Да нас?
– Дура, хто да нас пад'едзе - да сельсавету пад'ехала! Глядзi - вылазяць.
Хiма кiнулася да вакна: у сельсавет увайшло чатыры чалавекi, двое - з вiнтоўкамi: ражном тырчаць.
– Ну, нешта-ж будзе.
– Каб што кепскае не пачалося, - устрывожылася Хiма.
На Вусьцiнавым двары забрахаў сабака - чуе прыежджых. Пiлiп i Хiма прылiплi да шыбы - углядаюцца.
– Гэнымi днямi яны, як ня тыя - i старшыня, i сакаратар, i фiнагент. Нечага хаваюцца. Вiдаць, нешта ведаюць, але маўчаць. Сельпо на замку. Вяркееў шнуруе туды i сюды. Бугроў - i той, разьвесiўшы свае лыпы, не адыходзiцца ад старшынi - слухае, нешта на вус наматвае.
– Ну што ты ета так пра чалавека гаворыш. Зяцем яшчэ тваiм можа быць.
– Каб ты згарэла з сваiмi зяцямi. Табе толькi зяцi наўме. Глядзi, каб усе твае зяцi не загрымелi. Бачыш, нездарма заварушылiся.
З сельсавету выйшлi два чалавекi. Iдуць да Пiлiпавай хаты. Хiма адскочыла ад вакна i дзьверы - на кручок.
– Адкладзi. Сам старшыня i нехта яшчэ з iм.
Увайшоўшы, старшыня просiць прабачэньня, што разбудзiў.
– Ды мы й так ня спалi, - лагодна адказаў Пiлiп.
– Пiлiп! Вось што! Пакладзi дзе-небудзь во таварыша з раёну. Няхай пасьпiць у цябе гадзiну-другую. Яму рана ў дарогу. Усiм у дарогу.
– Што ён сказаў - "усiм у дарогу?" - цiха запыталася Хiма.
– Чаму ты ня спыталася ў яго? Адкуль я ведаю?
А раненька ў сельсавеце былi ўжо ўсе старшынi калгасаў. З iмi прыбылi iхныя рахункаводы. Настаўнiкi ўсiх школаў. Увесь сельскi актыў. "Таварыш з раёну" сапраўды падняўся рана i не разьвiтваючыся, пакiнуў Пiлiпаву хату.
Пiлiп выйшаў з хаты паслухаць, што чуваць. Чаму гэтак сыйшлiся i зьехалiся сюды людзi? Iмi была занята ўжо ўся пляцоўка - "Цэнтр". Сюды пачалi зьбiрацца з суседнiх хатаў - мужчыны i нават жанчыны. Сонныя, яны нечым напалоханыя. Як-бы iм хто нешта ў вушы ўвёў. На сход iх не загонiш, а тут - як па камандзе. Сюды, на гэтую пляцоўку - Цэнтр прыйшоў з сваёю пугаю i трубой пастух. Стаўшы ў гэтым канцы вулiцы, ён, звычайна, пачынае трубiць, абуджаючы такiм спосабам гаспадыняў, каб яны выганялi яму з двароў свой статак. Цяпер-жа, угледзеўшы столькi народу, ён не распачынаў свае iгры - зьдзiўлена пазiраў на грамаду.
На сельсавецкi ганак узыйшоў сакратар раённай партарганiзацыi:
– Таварышы! Сёньня ўначы вераломна напала на нашу краiну Гiтлераўская Германiя. Фашысцкiя самалёты ськiнулi бомбы на нашыя гарады, у тым лiку на сталiцу Савецкай Беларусi - Мiнск. Гiтлераўскiя полчышчы перайшлi нашу гранiцу, уварвалiся на тэрыторыю Савецкага Саюзу. Нашая гераiчная Чырвоная армiя наносiць сакрушальныя ўдары па ворагу. Ды ня гледзячы на гэта, ворагу ўдалося ўжо захапiць некаторыя нашыя населеныя пункты. Магутны бронятанкавы кулак Гiтлера нацэлены ў самае сэрца нашай радзiмы - Маскву. Таварыш Сталiн заклiкаў па радыё не паддавацца панiцы. Ён пераняў камандваньне ўсiмi збройнымi сiламi Савецкага Саюзу на сябе. У сваёй прамове зьвернутай да ўсяго савецкага народу, Сталiн накрэсьлiў баявую праграму: не за якую цану ня ўступаць ворагу анiводнай пядзi нашай зямлi, а калi-б тую пядзю давялося пакiнуць - пакiнуць яе спаленай, мёртвай, пустой. Макавага зерня ня мусiць папасьцi ў ненасытную глотку Гiтлера. Строгi наказ Сталiна - таптаць, палiць збожжа, уганяць жывёлу, капаць супрацьтанкавыя канавы-валы. Загад Сталiна усё на абарону! Усё на выратаваньне радзiмы. Усё на зламаньне гiтлераўскага карку. Таварыш Сталiн выказаў цьвёрдую ўпэўненасьць - перамога будзе за намi! Але для гэтага патрэбна, каб нiводная душа не заставалася ў баку, каб кожны ўзяў на сябе як найбольшы цяжар, калi трэба - ахвяраваў сабою ў iмя перамогi над акупантам. Вораг зьнiшчае на сваiм шляху ўсё жывое - палiць, забiвае, вешае, гвалцiць.
Цяжкая доля выпала нам, дарагiя браты i сёстры, найбольшае ў гiсторыi выпрабаваньне. Пакуль у нас ёсьць яшчэ час, бярэмся за работу. Мы знаходзiмся ў стане вайны i мусiць таму быць закон вайны - нiчога не шкадаваць для перамогi. Няма такой цаны, якую-б мы не заплацiлi ў iмя радзiмы. Вораг пасягнуў на нашае сьвятое сьвятых - на самое нашае жыцьцё. Быць нам, або ня быць. Гэтак, дарагiя мае, стаiць пытаньне. Нашым баявым лёзунгам мусiць быць: Сьмерць акупантам! За радзiму! За Сталiна!
Пiлiп, стоячы ў натоўпе, спадзяваўся пачуць пра ўсё, што хочаш, толькi не пра войну. Вайна для яго была нечым немагчымым. Стаяў. I ня верыў. Чуткi хадзiлi пра вайну, але што яна будзе, ня верылi. I вось табе вайна. Напалi. Зьдзiўлена i з страхам слухалi прамоўцу. Пад канец прамовы прывалiла столькi народу, што ўжо яго ня мог зьмясьцiць "Цэнтр". Дзiўна - калi i хто iх сюды паклiкаў? Гэтак рана. Адкуль яны дачулiся?
Сакратара партарганiзацыi зьмянiў на ганку прадстаўнiк з ваенкамату:
– Я, таварышы, па сваёй часьцi. Нам навязана вайна, i каб баранiцца, нам патрэбна зброя i людзi. Патрэбны сродкi вайны. Гэтым сродкам у першую чаргу зьяўляюцца людзi. Мы мусiм мець людзей, здольных карыстацца зброяй. У нас ёсьць добра абвучная i ўзброеная армiя. Але ў умовах вайны, якой-бы вялiкай нi была наша армiя, яе недастаткова. Таму паўстае патрэба агульнай, пагалоўнай мабiлiзацыi насельнiцтва. Гэта ваенны закон. Ён няўхiльны, абавязкавы i татальны. Гэтым загадваю правесьцi ў Макранскiм сельсавеце агульную абавязкавую пагалоўную мабiлiзацыю, як яна ўжо праводзiцца па ўсiм Савецкiм Саюзе. Правiльна сказаў таварыш сакратар партарганiзацыi - нiякай панiкi! Але i нiякага адвалыньваньня! Перамога за намi, але яна будзе дарагой i крывавай. Хаваць гэта было-б недарэчна. Плачу, роспачы, сьлязам няма мейсца. Мы сабралiся тут, каб як найлепей i як найхутчэй правесьцi пагалоўную мабiлiзацыю ўсяго мужчынскага насельнiцтва адпаведных гадоў. Фронт чакае салдат.
Напалоханыя, зьнямелыя, жанчыны стаялi моўчкi, няздольныя яшчэ поўнасьцяй уяснiць пачутае: настолькi яно было для iх неспадзяваным.
– Я сказаў - фронту патрэбны людзi, салдаты. Але людзей патрабуе i тыл. Вось-жа салдатамi тылу, яго працаўнiкамi i абаронцамi будзе жаночае насельнiцтва. Перад намi, таварышы, татальная мабiлiзацыя. На кiраўнiцтва вашага сельсавету, на партыйцаў i ўвесь актыў ускладваецца заданьне - у трохдзённы тэрмiн закончыць адпраўку мужчынскага насельнiцтва на станцыю ў Касьцюковiчы. Фронт крычыць, фронт чакае людзей. Насколькi пасьпяхова i ў тэрмiн вы справiцеся з гэтым заданьнем, настолькi будзе забясьпечанае нашае процiвастаяньне ворагу. Усякае ўхiленьне караецца паводля ваенных законаў. На падмогу вам - людзi ўжо ў дарозе з раёну. Спадзяюся, ўсё ясна. Я скончыў.
Старшыня сельсавету паклiкаў да сябе ў канцылярыю старшыняў калгасаў, iхных рахункаводаў, брыгадзiраў, настаўнiкаў, актыў. За зачыненымi дзьвярыма, з удзелам прадстаўнiкоў раёна, пачалася нарада, распрацоўка канкрэтных мерапрыемстваў па ажыцьцяўленьню суцэльнай мабiлiзацыi.
Мокрае Першае i Мокрае Другое, як-бы перасталi iснаваць - з iх забралi галоўную сiлу - мужчын. Засталiся жанчыны, дзецi i нямоглыя старыя. Хаты стаяць, як абрабаваныя. Iх пакiнулi людзi, гартам якiх яны трымалiся. З кожнай з iх як-бы вылецела душа - птушка, што кармiла птушанят. Дамы-гнёзды засталiся пакiнутымi i асiрацелымi, стаяць няўпэўненыя ў павароце тых, хто iх пакiнуў. Мабiлiзацыя, быццам якая чума, прайшлася па вёсках, апустошыла, зьнявечыла iх, пакiнуўшы толькi тых, хто ёй непатрэбен - у сьлёзах, у роспачы, у чаканьнi Божай мiласьцi. З нядзелi пад панядзелак, калi з абодвых Мокрых мусiлi новабранцы ад'ехаць, у хатах-гнёздах ня спалi, або калi й спалi, дык вельмi мала i трывожна: гэта была апошняя ноч, ноч разьвiтаньня, ноч болесьцi, ноч спачуцьця, ноч любасьцi i страху перад будучыняй. Вулiцы замёрлi, хаты стаiлiся, пад iхнымi стрэхамi варушылася неразгаданае ў сваёй iснасьцi жыцьцё, найбольш у гэтую ноч глыбокае ў сваiм выяўленьнi. У гэтую ноч вусны шэптам сказалi тое, чаго яны яшчэ нiколi ня гаварылi. Неба высока стаяла ў гэтую ноч, у iм гаварылi-радзiлiся зоры, лiлi з вышынi спагаду людзям пад стрэхамi. Мiгцелi, быццам варажылi пра лёс, што напаткаў гэтых людзей.
Сельсавет ператварыўся ў сваеасаблiвы штаб - адсюль выходзiлi загады i распараджаньнi. У гэтым штабе ўлада фактычна належыла ўжо не старшынi сельсавету, а ваенным, што сядзелi ў гэтым штабе. Функцыi старшынi зводзiлiся ўсяго да выкананьня загадаў ваенных: накiраваньня ў раённы цэнтр прыгодных павозак з коньмi, калгаснага статку - кароў, авечак, сьвiньней, эвакуацыя маслазаводу, адпраўка на станцыю насеннага фонду. Але для ўсяго гэтага ў старшынi не хапала ўжо людзей - паслугоўвацца трэба было толькi старыкамi, калекамi i жанчынамi. Да таго-ж ня было ўжо цягла - лепшыя, прыгодныя для працы конi i валы былi забраныя. Калгасы засталiся абяззброенымi, разгромленымi, паралiзаванымi. На старшыняў калгасаў старшыня сельсавету насядаў, як толькi мог, за невыкананьне ягоных распараджаньняў пагражаў ваеннымi законамi, хоць добра ня ведаў i сам, якая палiтыка вышэйшых уладаў адносна гаспадарчай дзейнасцi калгасаў: абрабляць зямлю, сеяць, цi таптаць, палiць ужо пасеенае i вырашчанае. Адносна загаду Сталiна - пакiдаць ворагу спаленую зямлю, старшынi калгасаў вагаюцца: а што-ж будуць есьцi тыя, што засталiся ў калгасе - жанчыны, дзецi i ўсе нямоглыя старыя? Што iм памiраць з голаду? Праўда, былi i такiя старшынi калгасаў, што выконвалi загад Сталiна: тапталi, палiлi жыта, што пайшло ўжо было ў колас. Жанчыны-салдаткi ўсяляк змагалiся з такiмi старшынямi - проста выходзiлi з дзецьмi на поле: тапчы i нас, палi, калi ты такi бязьлiтасны i крыважэрны.
Да штабу належылi, апрача старшынi сельсавету, упаўнаважанага, людзей з ваенкамату, таксама некалькi актывiстаў, сярод iх Вяркееў i Мiкола Бугроў. Гэта ўсё так званая "бронь", незмабiлiзаваная, пакiнутая на мясцох для наладжаньня гаспадарчай, хоць i вельмi абмежаванай, дзейнасьцi калгасаў, а галоўнае - для мацаваньня грамадзянскай абароны супраць ворага. У дадатак бронь як-бы ўвасабляла сабой савецкую ўладу, што застанецца тут у падпольлi нат i тады, калi ворагу ўдасца заняць гэтую тэрыторыю. На выпадак акупацыi, ў раёне Макранскага сельсавету мяркуецца стварыць ядро першай партызанскай групы, якое складзецца з раённага начальства, у тым лiку першага сакратара райкому партыi. Для падпольля ўмовы ў Макранскiм сельсавеце як найлепшыя непраходныя балоцiстыя лясы, аддаленасьць мясцовасьцi ад шляхоў зносiн: чыгункi, шасэйных дарог, дарог наогул. Немец ня здолее ўстанавiць тут свайго кантролю. Штаб ужо мае i такую-сякую зброю. Старшыню сельсавету можна было бачыць на вулiцы з вiнтоўкай. Зброя як-бы падмацоўвала ягоны аўтарытэт, сьведчыла, што ён не абы якi чалавек, а носьбiт улады, якая не папусьцiцца нiчым. Жаночае апалчэньне, як цяпер называлi жанчын, глядзела на старшыню з вiнтоўкай з зьдзiўленьнем i пагардай. Але старшыня - улада i нiчога не папiшаш. Штаб дае яму загады i ён iх выконвае: гонiць гэтае апалчэньне на акопы, часам далёка, за некалькi кiлямэтраў, аж на раку Бесядзь, там капаюць даўгую - на цэлыя кiлямэтры - глыбокую канаву, у якой застрануць фашысцкiя танкi. На рэчцы Бесядзь ваенныя стратэгi мяркуюць затрымаць немцаў i даць iм бой, калi яны надыйдуць сюды. На гэты стратэгiчна важны пункт сагналi жанчын i хлопчыкаў-падлеткаў з розных вёсак сумежных сельсаветаў. Камандуюць гэтай апэрацыяй ваенныя. Жанчыны iх называюць лейтэнантамi. Адзiн з такiх лейтэнантаў стаiць на кватэры ў Пiлiпа. Гэта, як потым выявiлася, той самы малады чалавек, якога прывёў быў Пiлiпу старшыня сельсавету i якi, праспаўшы колькi гадзiн у сенцах, невядома куды зьнiк. Цяпер-жа ён атабарыўся ў Пiлiпа, як належыцца. Сьпiць позна, мыецца, холiцца, сьнедае не сьпяшаючыся, падцягвае сваю партупею, гаворачы Хiме "спасiба, мамаша" i выходзiць. Едзе, разам з палiтруком, на Бесядзь. Што яму вайна? Яму добра на акопах, у жаночым тыле. Ён бронь. Прозьвiшча ягонае - Сьмiрноў. Iмя - Сашок. Гэтак яго называе палiтрук. Пiлiп чамусьцi ня ўмее правiльна вымавiць ягонае iмя, i замест "Сашок", у яго выходзiць "Шашок". Прыехаў Сьмiрноў Сашок у Касьцюковiчы з Каломны толькi нядаўна. Раён i прыслаў яго ў Мокрае, як ваеннага спэцыялiста. Ён таксама належыць да макранскага штабу, Стаўкi, як жартлiва называе гэты штаб Вусаты Якаў, старэйшы чалавек, iнвалiд Першай сусьветнай вайны.