ЖАНРЫ

I той дзень надыйшоў (на белорусском языке)
Шрифт:

Але Масей Лявонавiч ведаў, што гэтым ён толькi сябе падманьвае, што на самай справе яго напаткала няшчасьце, самае вялiкае гора, якое толькi можа напаткаць чалавека.

Iшлi днi, тыднi, месяцы, а ад сына ўсё ня было нiякiх весьцяў, i Масей Лявонавiч вырашыў паехаць у Менск, даведацца асабiста пра лёс свайго сына. Маланьня сабрала яго ў дарогу. Брыгадзiр ня даў каня, i Масей Лявонавiч пайшоў на станцыю пяшком. Адгакаў трыццаць вёрст. Купiў бiлет. Сеў на цягнiк. Паехаў.

А тут на падваконьнiк паклаў паштар пiсьмо. Пiсьмо ад сына. Дар'я чытала яго i плакала. Чытала i плакала. Мацi слухала, але быццам ня ўспрыймала чутага, цi не разумела, i каб ня сьлёзы, што самi цяклi з яе вачэй, можна было-б падумаць, што яна няжывая i што тое, што было ў пiсьме, яе ня тычыцца. "Ня можа быць, каб сын так пiсаў". Настолькi гэта неверагодна, нязвычайна. Строй, гучаньне пiсьма ня тое. Ня тыя словы.

"Дарагiя мае мацi, бацька, сястра!

Ведаю, здагадваюся - даўно чакаеце ад мяне пiсьма. Ня было такога, каб я гэтак доўга маўчаў. Шкадуючы вас, не хацеў вам пiсаць. Не падумайце, што са мною сталася нешта безнадзейна дрэннае. Я здоровы, жывы i нiчога мне не бракуе. Я не галодны, сыты, адзеты. Бялiзны, што ты мне, мацi, надавала перад ад'ездам, хопiць надоўга. Добра й тое, што ты ўгаварыла мяне ўзяць з сабою цёплае палiто. Яно мне дужа ў нагодзе. Табе, сястрыца, дзякую за ручнiкi, вышытыя табою. На iх пеўнiкi сапраўды, як жывыя, проста гатовыя засьпяваць. Цешыць гэта мяне вельмi. Мне здаецца, што я ў хаце, бачу, як яны бегаюць па двары. Бацька, ведаю, слухае i ня верыць у тое, што я пiшу. Думае, што я пацяшаю вас. Можа яно i так. Я-ткi вас трохi пацяшаю. Не хачу вас пужаць зьнянацку. Тут - я так думаю - выйшла непаразуменьне. Мяне ўзялi i трымаюць у Спраўдоме, па старому - турма. Але вы не палохайцеся, ня тужыце па мне. Я буду выпушчаны з Спраўдому. Закончу сваё навучаньне i вярнуся да вас. Не вiнаваты-ж я. Ты, бацька, не сярдуй, што я не паслухаўся цябе. Шануй сваё здароўе. Я табе буду ў падмозе. Пойдзем яшчэ разам з табою касiць. Не аддавай нiкому мае касы - спатрэбiцца.

Ну што яшчэ вам напiсаць? Пэўна, зьдзiвяцца нашыя, як даведаюцца, што я ў спраўдоме-турме. Казаць, дзе я, няма патрэбы, але-ж усё роўна даведаюцца. Гэтага не схаваеш. Не крыўдуйце на мяне. Прычынiць бяды я вам не хацеў i вы надта не бядуйце. Усё неяк уладзiцца. Я вам буду пiсаць, але можа ня так часта, i ў выпадку доўгай нячутнасьцi, ня турбуйцеся - гэта ня будзе азначаць, што мне дрэнна, або што мяне няма ўжо на сьвеце. Я прыду да вас i мы ўсе пабачымся. Толькi ня трэба сумаваць па мне. Асаблiва ты, мацi, ня будзь мне такой гаротнай. Ад усьведамленьня, што ты ня будзеш такой, мне будзе куды лягчэй.

Заставайцеся здаровы. Да пабачаньня. Абнiмаю вас крэпка. Цалую. Ваш Мiкола".

Масей Лявонавiч вярнуўся з Менску з нiчым - пра сына ён нiчога не даведаўся. Ён ня мог справiцца ў горадзе з цяжкасьцямi: ня мог знайсьцi месца пераначаваць, затрымацца, ня ведаў, з чаго пачаць пошукi сына, да каго зьвярнуцца. Ён кiнуўся з хаты ў дарогу, добра не падумаўшы, як сьлед, не падрыхтаваўшыся - кiнуўся ў дарогу з болю i роспачы. Масею Лявонавiчу паказалi ў Менску турму, але там ён нiчога не даведаўся, з iм нават не хацелi гаварыць. Нейкая з жанчынаў, што стаялi з перадачамi ля варот, парадзiла яму зьвярнуцца ў НКВД, але ён нават добра ня ведаў, што гэта такое. Усё-ж ягоны язык дапытаўся, дзе было тое НКВД. Зноў-жа, i там яго не дапусьцiлi да "начальнiка", якога ён патрабаваў. Калi ён сказаў, што хацеў-бы дазнацца пра свайго сына, цi ён у iх, ён пачуў, што ў iх ня толькi сыны, а й дочкi. "Калi ваш сын у нас, вас павядомяць. Паяжджайце дахаты, бацька".

Масей Лявонавiч хацеў яшчэ зайсьцi ў iнтэрнат, дзе жыў сын - можа-б там што сказалi - але ў яго ня было адрасу. Ня ведаў, куды падацца яшчэ. Грошы канчалiся, i ён ня мог больш заставацца ў горадзе. Павярнуў дахаты. "Каб я быў граматным, дабiўся-б. Зарэзала мяне мая сьлепата".

Пiсьмо сына, якое яму чытала дачка некалькi разоў, пераканала яго канчальна, што ўсё скончана i што трэба сьмела глянуць праўдзе ў вочы. Масей Лявонавiч ужо не таiўся, гаварыў, што сына-ткi пасадзiлi, надаваў гэтаму факту нейкае асаблiвае значэньне, даваў зразумець, што абы каго не саджаюць. "Мой-жа сын ня ўкраў i ня ўбiў. Дык за што яго тады пасадзiлi? Падумайце! Разважце! Я газэтаў ня чытаю, але-ж мы чулi ўсе - пасадзiлi вунь-ка якiх людзей. Усiх, хто ў пачоце ў Ленiна быў, хто стаяў за людзей. Да аднаго - усе вялiкiя галовы. Не, дурняў ня садзяць".

Масея Лявонавiча падтрымлiваў такi ход думак, яму як-бы станавiлася лягчэй ад усьведамленьня, што "абы каго ня садзяць", што ягоны сын належыць да такiх людзей, што "стаялi за людзей".

У Масея Лявонавiча зьявiўся нават гонар за сына, зьявiлася зразуменьне ягонай годнасьцi. "Пiша-ж. У газэтах яго iмя стаiць. Ня пiша-ж ён супраць людзей, а за людзей. Дык можа за ета яго й пасадзiлi?"

Боль за сына, аднак, ад такога ўсьведамленьня ня сьцiхаў, рабiўся яшчэ больш пякучым - марнуецца-ж нi пра што, нi за што чалавек."

Старшыня калгасу, брыгадзiры, здавалася яму, глядзелi на яго цяпер iншымi вачыма - ён як-бы вырас у iхных вачох, набыў большую вагу. Аднак вонкава ставiлiся да яго нязьменна паранейшаму - пасылалi на агульныя, ня самыя лёгкiя работы. Як быў, так i застаўся ён для iх - касцом.

Масею Лявонавiчу i Маланьнi, а таксама й дачцы людзi выказвалi сваё спачуваньне - адныя шчыра, спагадна, iншыя - каб захаваць толькi звычай: спагадаць чалавеку ў няшчасьцi. Адно было вiдавочна - арышт Масеевага сына быў для ўсiх неспадзеўкай, успрыймаўся, як няшчасьце для чалавека, пагатоў такога маладога. Але людская спагада яшчэ больш вярэдзiла душу, выклiкала яшчэ большы жаль. Спачуваньне даводзiла Маланьню да сьлёз, дарма, што яна глытала iх, каб не паказацца перад людзьмi такой слабой.

Што сына цяпер няма ў хаце - гэта ня ўпяршыню. Гэта было й раней. Але цяпер ягоная адсутнасьць адчувалася асаблiва. Пра адсутнасьць сына ў хаце сьведчыла ўсё: стол, дзе ён не сядзiць, пасьцель, дзе ўжо ён ня сьпiць, кнiжкi на палiцы, да якiх ён не дакранаецца, забыты гальштук на цьвiчку, фатаграфii ягоных сяброў, што вачыма iз сьцяны шукаюць яго, нават само паветра ў хаце здаецца больш разрэжаным.

Дасюль, калi ня было сына, ён усё роўна як быў. Ён прыяжджаў на канiкулы на Каляды, а потым на цэлае лета. Ягоная прысутнасьць нiколi не канчалася. У хаце быў ягоны дух. Цяпер такога адчуваньня няма. Прысутнасьць яго скончылася. Без яго апусьцела ня толькi хата, а й панадворак: ён ня колiць там дроў, ня пiлуе з бацькам на сталюзе дошкi. Нiдзе ня чуваць ягонага голасу.

А то ў нядзелю глядзiць Масей Лявонавiч у вакно: насупраць, праз дарогу, ля вясковага клюбу тоўпiцца моладзь - хлопцы i дзяўчаты, сынавы равесьнiкi. I сярод гэтага гурту няма сына. Яны жартуюць, сьмяюцца, танцуюць, весела праводзяць сваю маладосьць. Ах, лепш-бы гэтага ня бачыць - чыстая пакута!

Ня раз зьмянiлiся поры году, наступiла вясна - каторая гэта ўжо?
– а сына няма. Ня прыехаў i гэтай вясною на канiкулы. Нават ня прыслаў пiсьма. Праўда, гаварыў-жа, што часта пiсаць ня зможа, што калi ня будзе доўга ад яго пiсем, дык гэта яшчэ ня будзе азначаць, што з iм кепска. Але-ж, напэўна кепска, што дасюль нi слоўка няма. Казаў, што выпусьцяць, разьбяруцца. Вось i разабралiся - нi слуху, нi духу.

Апусьцеў мост над рэчкаю Сьвiнкай. На iм ня вiдаць Масеева сына. Унiзе, пад самым мостам, дзе глыбей, боўтаецца, як i раней, дзятва - дае нырца, выплывае наверх, пырскаецца. Загарэлая, вылазiць на бераг, каб пагрэцца на сонцы. Але ўнiзе, там на поплаве, не пасуцца ўжо гусi i ня вiдаць iхнай пастушкi. Хiма гаворыць, што Дуся ўжо завялiкая, каб хадзiць з хварасьцiнаю за гусямi. Дуся ўжо блiзка нявесты, гаворыць Хiма. На яе ўжо хлопцы заглядваюцца. Ёй трэба вучыцца вышываць, а ня гусей пасьвiць. Чатырнаццаты годзiк мiнае. Ладная ўжо дзеўка i саромiцца з гусямi быць.

Хiма наводзiла спраўкi пра Масеевiча. Нiчога ня чутно пра яго. Ах, як шкада хлапца! Ня коцiць ужо з горкi, ня вiтаецца. Няма. У хату ўжо не забяжыць. Хлiпцеў ён па нашай Дусьцы. Дый i яна... ня можа забыць яго. Вунь усё нешта пiша. Не паказвае, хаваецца. Ды ад мяне не схаваеш - усё бачу. З свайго хавала дастае фатаграфiю - углядаецца. А то нешта чытае ў кнiжацы. Шэпча. Ты, стары, усяго гэтага ня бачыш. А я бачу. Ня сьмейся, у iх была ўжо любоў. Млеў ён па ёй i яна. Нясьмелая, малая, а ўжо чула яго, лiпла. Ды ён чэсны хлопец. Я давярала яму Дуську. Падрасьце, думала, - нявеста будзе для Масеевiча. Яна-ж у нас удалася - прыгожанькая. Уся ў мяне. Ня лыпай - чаго ты? З iх была-б добрая пара. Ён браў-бы навукай, а яна - хараством сваiм.

Поделиться с друзьями: