I той дзень надыйшоў (на белорусском языке)
Шрифт:
Iшлi днi, тыднi, месяцы, паштар мiнаў хату Масея Лявонавiча, пiсьмаў на падваконьнiку ў сенцах ня клаў. У Масея Лявонавiча запала падазрэньне: пiсьмы затрымлiваюцца ў сельсавеце i яму не перадаюцца.
– Ведаю я гэтую банду, - жалiўся ён сваёй Маланьнi.
Маланьня яму нiчога не адказвала - што ёй тая "банда?"
Сэрца яе чула, яшчэ калi яна выпраўляла сына ў дарогу, што з iм нешта станецца. I от яно, вiдаць, сталася.
Масей Лявонавiч стаяў у нядзелю каля Сельпо: цiкаваў на фiнагента, свайго сваяка - цi ня ведае той што-небудзь пра сына. Калi Масей Лявонавiч улучыў момант i запытаўся ў яго, фiнагент адказаў:
– Што пытаешся? Я казаў яму... Няма чаго цяпер пытацца...
Сказаў i падаўся ў сельпо.
Пытаўся Масей Лявонавiч i ў Вяркеева, думаў можа яму сын напiсаў дружылi-ж. Вяркееў як-бы й паспачуваў Масею Лявонавiчу, але ўжо сам запыт, як вiдаць было, Вяркееву не спадабаўся.
Негаваркi наогул, Масей Лявонавiч зрабiўся яшчэ больш маўклiвым. Толькi часьцей пачаў брацца за свой кiсет - дастане з яго табаку, скруцiць папiроску, выкрасiць крэсiвам агонь, прыкурыць, зацягнецца. Свой кiсет ён заўсёды трымае за поясам, нават i тады, калi працуе. На перапынках, калi брыгада, лежачы на пракосах, адпачывае, Масей Лявонавiч, згорблены, сядзiць дзе-небудзь на воддалi, часьцей пад дрэвам, апiраючыся на яго сваёю зморанай сьпiною. У мужчынскiх жартах удзелу не бярэ. Мужчыны дзiвяцца, ад чаго Масей Лявонавiч гэтак перамянiўся. Пад'ялдыкваюць, пытаюцца, можа Маланьня разьлюбiла. Масей Лявонавiч маўчаў - кепiкi да яго не даходзiлi. А то, пакiнуўшы жарты i пад'ялдыкваньне, пыталiся - ужо сур'ёзна - што пiша з Менску сын. Масей Лявонавiч не прызнаваўся, што пiсьмаў ад сына няма, адказваў гэтак, быццам ён iх атрымлiвае:
– Што пiша? Жыў, здароў. I ўсё.
Ня было такой ночы, каб ня сьнiў сына. Сын стукаецца ў дзьверы, каб адчынiлi яму, пусьцiлi ў хату. Масей Лявонавiч падбягае да дзьвярэй, хоча адчынiць, ды ня можа адсунуць зялезны завал - цяжкi. Б'е кулакамi. Клiча на дапамогу Маланьню. Але дзьверы не паддаюцца. Сын-жа плача па той бок дзьвярэй, гаворыць: "Вы ня хочаце мяне пусьцiць. Вы ня любiце мяне. Дык я й пайду ад вас". I яны чуюць ягоныя крокi, як ён адыходзiць. Просяць вярнуцца. Але крокаў больш ня чуваць, i яны, балесныя, бездапаможныя, ня ведаюць, што рабiць, пачынаюць сварыцца, упiкаць адзiн аднога за няўдачу.
Iшлi днi, iшлi месяцы i ў нейкi дзень паштар паклаў на падваконьнiк пiсьмо. Масей Лявонавiч, заўважыўшы, баяўся браць яго ў рукi, нiбы яно магло абпячы. Нёс у хату асьцярожна, баяўся пакамечыць. Палажыў на стол. Не адкрываў. Прачытаць яго ён усё роўна ня можа - з такой мудрасьцяй ён не спазнаўся. Трэба чакаць, пакуль прыйдзе дачка - адзiны, што застаўся ў хаце, грамацей. Масей Лявонавiч усё-ткi не ўцярпеў - адкрыў i быў надта зьдзiўлены: у канвэрце быў усяго маленькi лiсток, сьпiсаны толькi з аднаго боку. Паклаў назад у канвэрт - да прыходу дачкi.
Дачка з мацi прыйшлi з поля пазьней, як звычайна - дажыналi сваю, адмераную брыгадзiрам дзялянку.
Дачка, глянуўшы на канвэрт, дастала з яго лiсток i ледзь пасьпеўшы схапiць вачыма некалькi радкоў, кiнула лiсток на стол - пiсьмо было ад Агапкi з Менска. З лiстка дачка прачытала наступнае:
"Добры дзень, дзядзька Масей Лявонавiч!
Не хацела-б вас засмуцiць, ды дзела ня важнае - сын ваш у турме. Ня знаю, за што. Хадзiла ў iнтэрнат, дзе ён жыў - нiчога не дазналася. Нi кажуць. Пiшу вам, думаючы, што вы нi знаеце яшчэ пра ета. Нi гаруйце, можа яго яшчэ выпусьцяць. Нiчога-ж ён такога нi зьдзелаў. Калi што больш разузнаю напiшу вам. Сама я вучуся ў цехнiкуме. Нi лёгка. Ды самi знаеце, лёгкага хлеба нiма. Перадаю вам i вашай жонцы паклоны i самыя лучшыя прыветы.
Агапка".
...Сьвет - як правалiўся. Рэчы набылi iншы выгляд. Важнае зрабiлася няважным. Масей Лявонавiч ня плакаў - душа зайшлася жалем, болем, сьцiснулася ў камячок. А пра Маланьню няма чаго й гаварыць - сланяецца з кутка ў куток, а чаго - ня ведае. Як палувумная! Ноч ня спала, а ранiцай паплялася на могiльнiк - паспавядацца, пажалiцца, расказаць пра сваё гора мацi, паплакаць на ейнай магiлцы. Нiхто так не зразумее, як мацi. Для Маланьнi яна ўсё яшчэ жывая. У яе яна шукае збаўленьня i ратунку.
Дачка, Дар'я, моўчкi, ня еўшы, пайшла капаць бульбу - наказаў брыгадзiр.
Сам-жа Масей Лявонавiч заставаўся ў хаце, на працу ня йшоў. "А чаму не пайшоў?
– падумаюць.
– Захварэў? Нешта надумаўся рабiць сваё? На калгас яму напляваць? А мо ў якой адлучцы? Таго глядзi - прыйдуць у хату праверыць, што робiш? Дзе дзеўся? Дазволу застацца ў хаце ў брыгадзiра ня пытаўся-ж? Не, ня выдавай свайго гора. Iдзi з касою, як хадзiў".
Пад павецьцю, на бальцы, вiсяць косы - свая i сынава. Масей Лявонавiч зьнiмае сваю. Сынава застаецца вiсець. Сын ужо ня пойдзе з iм. Ня стане з iм у пары. I тут Масей Лявонавiч ня вытрымаў - хлынулi сьлёзы.
Масей Лявонавiч ня мог дакасiць да вечару - зьнямог. Усё не хацеў паказаць свае слабасьцi, хацеў як-небудзь дацягнуць да канца дня. Аблiваўся потам, ногi падкошвалiся, рукi, як трэба, не хадзiлi, касцы ззаду насядалi, швыргалi косамi ля самых пят, i Масей Лявонавiч выйшаў з строю - здаўся. Прыйшоў дахаты. Лёг. У сваiх думах ён не iснаваў. Яны завалодалi iм, клумiлiся самi па сабе, плылi адвольна, быццам ён не быў iхнаю прычынаю, а ўсяго толькi нейкiм пабочным iструмантам, як i яны, ён сплываў разам з iмi ў нейкi нябыт. Але з таго нябыту думы вярталiся зноў i ня было канца гэтаму кругавароту. Так i ляжаў Масей Лявонавiч у паўзабыцьцi, пакуль не заснуў, не адыйшоў у поўнае забыцьцё.
З могiлак Маланьня пайшла на поле i поруч з дачкою заняла сабе баразну. Дачка адносiла кошыкi ў гурт - i свае, i матчыны. I макавага зерня ня было яшчэ ў роце ў Маланьнi: як толькi нагнецца - цямнее ў вачох, няма сiлы на гэтую работу, i яна баялася, каб не завалiцца i самой у баразну.
Увечары, як маглi, гатавалi вячэру - трэба-ж жыць. Даядалi ўжо бульбу, як прыбег Вяркееў. Яшчэ з парогу загрымеў:
– А мне й не сказалi. Два Мокрых чутка абляцела - Масеевага сына арыштавалi. Масееў сын у турме. Масеевага сына няма.
Чакаў, што скажа яму "Лявонавiч". А "Лявонавiч" маўчаў - нi пацьвярджаў, нi адмаўляў. Маўчалi таксама Маланьня i Дар'я. I Вяркееву зрабiлася не па сабе. Яго прысутнасьць была лiшняй. Зьбiты з панталыку, Вяркееў памулiў да парогу. На ягонае "дабранач" ён не пачуў адказу.
Ня было праходу нi Масею Лявонавiчу, нi Маланьнi, нi Дар'i - пыталiся, што здарылася, а яны, зацятыя, ня прызнавалiся, удавалi, што нiчога ня сталася. Ды пагалоска, што Масеева сына пасадзiлi, ня сьцiхала. "Ня можа быць". "За што?" "Шкада хлопца, калi праўда". "Што ета на сьвеце дзеецца - нявiнных людзей саджаюць". "Крый ты божа".
Чым болей Масей Лявонавiч хаваўся, не казаў праўды, тым больш пачалi вяскоўцы верыць, што з ягоным сынам здарылася нешта сапраўды нядобрае. Нават вокны ў хаце Масея Лявонавiча сьведчылi пра тое - на iх лёг цень пахмурнасьцi i журботнасьцi. Праходзiш вулiцай - бачыш, што хата ня тая - шшупуленая, зморшчаная, апусьцiлася на адзiн зруб нiжэй.
А бывала, калi Масей Лявонавiч ня верыў пiсьму Агапкi. "Можа гэта злы жарт. Падвох". I ў яго ўзьнiкалi розныя здагадкi i меркаваньнi адносна сына, ён нават дапускаў, што нiчога кепскага з сынам ня здарылася. "От можа чым заняты пiльным. Можа й загуляўся. Спахопiцца - дасць знаць пра сябе".