ЖАНРЫ

Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Адкасніся ад яго, — раптам рэзка сказаў брату Кастусь. — Чаго вы ўсе да яго з пытаннем гэтым ідыёцкім. "Како веруеш?" Ён не горшы за цябе патрыёт.

Віктар разгубіўся ад нападу.

— Гэта хто?? рэзка паказаў Кастусь у бок аднаго з гасцей.

— Сляпцоў. Венгерскі герой.

— Ну і дурань,? рэзка сказаў Кастусь.? А той?

— Эверс, дарадца міністэрства замежных спраў.

— Гэты нашто?

— Ён і яшчэ унь той, Чарткоў, шталмайстар, ды яшчэ тая порхаўка, сенатар Княжэвіч, міністр фінансаў — шырма. Каб не было блакітных "сяброў" з адпаведнага дома.

— Нядрэнна прыдумана. А той?

Іваноў трыццаты.

— Ты што, жартуеш? — абурыўся Алесь.

— На самай справе. Ад'ютант для асобых даручэнняў пры пецярбургскім ваенным генерал-губернатары.

— Што, таксама маска?

— Ды не. Чамусьці прасякся павагаю да Людвіка. Цягаецца ўсюды разумныя размовы слухаць… А там унь Шчарбіна, паэт. Бачыце, якое аблічча… А той, у акулярах, з бакенбардамі, стары, — былы сябра Пушкіна. А цяпер таварыш, здаецца, міністра народнай асветы. Вяземскі Пётр Андрэевіч. Паэт. Шкада, хлопцы, старасці.

— А той хто, на вераб'я падобны? На вялізнага вераб'я.

— Талстой. Феафіл. Музычны крытык… А той — раганосец Феактыстаў, пёс ланцужны, намеснік Фадзея Булгарына. З маладых, ды ранні. І, скажы ты, не паспее стары падлец здохнуць, як ужо на ягонае месца новага рыхтуюць.

Адзiн з гасцей асаблiва прыцягнуў увагу Алеся. Не вонкавым выглядам — урэшце, бадай звычайным, — а нейкай падкрэсленай незалежнасцю рухаў.

Колькі яму магло быць год? Пэўна, далёка за пяцьдзесят. Ва ўсякім разе, аб гэтым неабвержна сведчылі вельмі сівыя вусы, склератычны румянец на шчоках і скронях, нос, што калісьці, відаць, быў вастраваты і трошкі задзёрты, а цяпер, з гадамі, абвіс і зрабіўся ўжо нават трохі чырвоны. Дый бровы былі як у старога: кусцістыя, суровыя бровы.

Незнаёмы сустрэўся з Алесем вачыма і, відаць, зразумеў, што той разглядае яго як цікавы і загадкавы экземпляр роду чалавечага. Вусы варухнуліся, але нават калі б гэтага не было, аб усмешцы можна было б здагадацца па вачах.

Вось што маладзіла чалавека: вочы! Залаціста-карыя і, дальбог, пякуча-сінія, як паўдзёнае неба.

У вачах нейкая пакутлівая вечная думка, якая катавала і нават у хвіліну весялосці не давала палёгкі. Цяжкі, знясілены нейкай неадчэпнай думай, змардаваны і грозны твар.

— А таго ты не ведаеш? — спытаў Алесь, збіраючыся ўжо ісці назад у курыльню.

— Ведаю.

— Хто?

— Шаўчэнка.

Алесь міжвольна зрабіў два крокі назад. Раней чым мозг паспеў дадумаць, што гэта непрыстойна. Але ўсё адно было позна: густа-сіняга сурдута нідзе не было відаць.

…З курыльні большасць народу ўжо разышлася. Сядзелі ля агню толькі хлопцы, з якімі ў першы вечар пазнаёміўся Алесь, ды Малахоўскі, Мілевіч і Зыгмунт. Але затое набралася іншай моладзі. Некаторых Алесь ведаў. Унь тыя таксама землякі, з акадэміі мастацтваў. А той — сябра Урублеўскага па лясным інстытуце, цельпукаваты Яневіч, беларус з-пад Мядзеля. А той таксама свой, Антось Іваноўскі, сябра Віктара па працы і ідэях… Некаторых Алесь бачыў на пасяджэннях "Агула".

— Што ты мне, чалавеча, звягаеш аб музыцы, — злаваўся Эдмунд Вярыга.

Яго апанент, па ўсім відаць, студэнт-белападшэўнік, сядзеў, незалежна закінуўшы нагу за нагу.

Пыхаты твар, пагардлівыя вусны, залатыя брэлокі на ланцужку гадзінніка.

Цадзіў словы, нібы з судзейскага крэсла, цвёрда ведаючы: добра ўсё, аб чым бы ён ні сказаў. Што ён "левы", сведчыў хіба што адзін з брэлокаў: залатое сэрца з рубінавай кропляй крыві. "Сэрца Айчыны".

— Кажу, што аднастайная музыка, сумная. Як мова, — адказаў той.

І тут Алесь зразумеў, што брэлок з "Сэрцам Айчыны" — хлусня.

— А ты ведаеш аб дыяпазоне мужчынскіх галасоў у беларускіх хорах? — спытаў Вярыга. — Напэўна чуў, што так званы "падводка" ёсць толькі ў беларускіх хорах? З усіх славян толькі ў беларусаў ды яшчэ ў данскіх казакаў.

— Гэта яшчэ што?

— Прыемна спрачацца са знаўцам музыкі. Гэта самы найвышэйшы, які толькі магчымы, саліруючы мужчынскі голас. Спявае, а табе здаецца, што на небе б'юць срэбныя званы. Ад іх і да самай нізкай актавы — вось табе і аднастайнасць… Што, сумна?.. А вось гэта што?

Эдмунд праспяваў музычны сказ, мяккі голас пяшчотна закалаціўся ў сцены пакоя і сціх.

— Ну, гэта адзін дурань не ведае. Пачатак славутай арыі "Галькі".

— Гэта, хлопча, песня: "Стала б ты калінай, абняў бы цябе я…" А гэта?

— Арыя Антаніды.

— Гэта "Выйду я на бо… на болані гуляць". Спяваюць яе на Полаччыне, Віцебшчыне… А гэта?

Гукі загулі бадай што страшна. Голас Эдмунда ўдаваў бас.

— Н-не ведаю… Арганам гучыць. Што, нехта са старых немцаў?

— Ды не, — сказаў Вярыга. — Гэта "пан бог, цвярдыня мая". Стары харал. Маеш рацыю, аднастайнасць. Манюшка, Глінка і… каго ты яшчэ там выбраў?.. Баха?

Людзі пырскалі па кутох.

— Ну што, яшчэ будзеш ці, можа, ужо досыць, зробім перадых? — Вярыга так і сказаў. — Думаю, досыць. Нецікава мне нешта з табою спрачацца.

— Я нядаўна сустрэўся з адным "італьянцам", — як заўсёды, хаваючы ў шчыліны павек вочы, загаварыў страшны Малахоўскі. — То ён казаў, што на польскія і беларускія словы нельга пісаць музыку. Маўляў толькі паўнагалосныя мовы даюць добры тэкст для песні. Ён кампазітар. Свіння, — успыхнуў раптам Малохоўскі. — Я ніколі яму гэтага не дарую. Жарэ наш хлеб ды нас жа і лае. Прапанаваў яму верш Дуніна, верш Славацкага ды беларускі верш Сыракомлі. "Толькі папрасіце каго-небудзь перакласці. Да гэтых моў музыку пісаць нельга. Адна занадта шыпіць, другая занадта звініць". Прапанаваў мне падшукаць яму паэта, каб той напісаў яму словы для харала падзякі гасудару імператару…

— А ты што? — спытаў Кастусь.

— Я спачатку хацеў быў… А потым падумаў, што яшчэ да суддзі трапіш… Не стаў звязвацца. Але праз месяў прынёс яму вершы… Гляджу, вылазяць вочы, вылязяць… "Ты што ж гэта прынёс? Мужыцкія вершы?"

— Чые вершы? — спытаў змрочны Валеры.

— Нашага "грамадзяніна князюхны", — пырснуў Малахоўскі.

Алесь збялеў.

— Ты што… Ты якое меў права? Ды я і вершаў не пішу.

— А хто ў Кастуся аднойчы сшытак забыў і толькі на другую раніцу прыбег?

— Ды не пішу я, хлопцы, — Алесь вачыма маліў сяброў, каб падтрымалі. — Маніць ён.

— Увага! — сказаў Малахоўскі. — Князь Загорскі пры ўсіх кажа, што я — манюка. А я заяўляю, што ён — нізкі эгаіст і сябелюбца. Бо трымаць патрэбныя ўсім вершы ў сшытку і не чытаць іх…

— Змоўкні! — крыкнуў Алесь.

— То што, мне прачытаць ці папросім яго?

Валеры і Каліноўскія запратэставалі былі, але іх галасы заглушыў агульны крык:

— Просім! Просім!

— Я не паэт!

І тут ціхі голас з мяккім акцэнтам сказаў у раптоўнай цішыні:

Поделиться с друзьями: