ЖАНРЫ

Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Цяпер Кірдун лупіў урывак з Ганкавага Краледворскага рукапісу. Лупіў на скажонай да апошняга чэшскай мове. У дзеда палезлі на лоб вочы.

— Ясна, — сказаў. — Ясна, чаму вы там вучыліся.

Алесь паспрабаваў быў заступіцца.

— Я не з табой гавару, — сказаў дзед. — Ну, Халімон, а мэта… мэта вашага з панічом навучання якая?

— Народ, — сказаў Кірдун. — "Спявайце гімн народу…", "Гэй, не сумуй, плынь шчасця цячэ. Народ твой ніць залатую тчэ…", "Звівайце вяроўку, гора-бяда. Для ворагаў пятлі нам не шкада".

— Ого, — сказаў з iранiчнай павагаю дзед. — Ты, Кiрдун, чэшскае, чэшскае нешта яшчэ нам такое. Надта ўжо добра ў цябе атрымлiваецца. Палiглот!

Кірдун дзёрзка і смела глядзеў у вочы пану Данілу:

— Не глытаў я ніяках палёў. Я чалавек бедны.

— Пачытай, Кірдун, — з раптоўнай злосцю сказаў Алесь. — Па-чэшску. Давай "Прароцтва".

Кірдун выпрастаўся:

— "Бачу я зарыва, цені сражэнняў, востры клінок скрывавіць твой рот. Спазнаеш ты беды і змрок запусценняў, але не тужы, мой вялікі народ".

— До, — сказаў Алесь. — Дзеду, вы ніколі не пакрыўдзілі простага чалавека. Але тое, што вы робіце, гэта панства.

І тут Халімон нечакана напаў на Алеся.

— Маўчалі б, паніч. Лаянку не ў торбе насіць… Дый якое тут панства? Каб гэта пан-дзед на мяне аднаго. А ён што, з вамі іначай размаўляе? З губернатарам? Дзеду восем дзесяткаў ды сем гадкоў, вам — дваццаць…

Алесь развёў рукамі.

Вежа схаваў рот у далонь.

— Кінь спяваць, — усё яшчэ іранічна сказаў ён. — Ведаем мы, што гэта такое.

Адступіць ён не мог. Але і Халімон і Алесь разумелі, што гэтае бурчанне ёсць адступленне.

— На-род, — сказаў Вежа. — Восенню ля разарыя заворваў зямлю дзед Тхор. Паварочваў рала, ды і ўваліўся з разоры проста ў ружы. Глебавічна на яго: "Што ж ты робіш, перачніца старая, гэта ж кветкі". А ён: "Кветкі развялі. Кве-еткі! Г… гэта, а не кветкі". Усю с… пакалоў!" Вось табе і твой народ. Вось табе і тэма для чарговага дыфірамба: "Ружы і Тхор".

Ніхто не ведаў, што Вежа патаемна выпісваў усе тыя кнігі, якія чытаў унук у Пецярбургу. Маладых дражнілі фалангістамі — дзед чытаў Фур'е. Маладых дражнілі гегельянцамі — дзед чытаў Гегеля, хоць яго і нудзіла ад падступнай папоўшчыны. Шмат чаго ён па распанеласці не падбаў зразумець, але адно яму спадабалася. Немец адказвае на тое, што было натуральным перакананнем дзеда, нормай ягонай думкі ледзь не з таго часу, як Вежа сябе памятаў, а асабліва з дня смерці жонкі.

Прыродна здаровым, зямным сваім розумам пан Даніла быў цвёрда перакананы, што свет не стаіць на месцы, што ёсць у ім і стаячая вада і плынь. Першае гніе і робіцца балотам, другая — з крыніцы робіцца ручаінай, ракою, морам, аблокамі.

І ён ведаў, што свет ідзе наперад, пакутліва спасцігаючы нешта вялікае. Назіраючы за людзьмі, ён разумеў, што тое, да чаго яны ідуць, — лепшае.

Новае пакаленне аніяк не магло быць горшае за папярэдняе. Дзеці зберагалі вопыт бацькоў, аналізавалі іх памылкі, і трэба было быць самаўлюбёнай свіннёй, каб не заўважаць гэтага.

Два радкі паэта балюча ўдарылі па нервах Вежы поўным супадзеннем думак з ягонымі.

И наши внуки, в добрый час, Из жизни вытеснят и нас.

Трэба было не ганарыцца. Трэба было проста растлумачыць ім, што не мінуць гэтай апошняй чашы і яны, што такі закон жыцця — "дыялектыка". І трэба было зразумець, што адзіны спосаб не стаць непатрэбным — змяняцца да смерці і да смерці разумець новае, а калі не разумееш, няздольны зразумець — ставіцца да яго з любоўнай верай.

І ўсё ж дзеду было сумна. Нелітасцівы і жорсткі быў — у вышэйшай сваёй справядлівасці — закон жыцця.

— Валіся дрэва на дрэва, — кінуў дзед вечную шкалярскую прыказку.

Кірдун сеў: спрачацца са старым панам не выпадала.

— Запiсваю на тваё iмя чатыры валокi зямлi з усiм, што да таго належыць. Адмаўляцца — не смей. Не твая справа. Прадаваць яе — забараняю: зямля — незалежнасць, карэннi. Атрымаеш з жонкай вольную. З такiмi думкамi — у прыгоне не ходзяць.

Халімон паспрабаваў паваліцца ў ногі.

— Вось яно. Думкі — думкамі, а з халопства не вырас. — Наліў чарку. — Паніча не кідаць… І як памру — не кідаць… Ён цябе шанаваць будзе.

— Нашто ж крыўдзіць, пане. Я ж ля яго амаль дзесяць год. Я яго во гэтанькага памятаю.

— Ну, кінь, кінь!

…Алесь нібы наноў знаёміўся з наваколлем, але асаблівых змен не адчуваў.

Гелена жыла ў новым доме, у Ведрычах, чакала, пакуль малыя Юрась і Тонька падрастуць, і лічыла за неабходнае ўдзельнічаць у кожнай п'есе, што ставіў тэатр у Вежы. Акруга хваліла яе і Вежу. Лічыла, што ён правільна зрабіў, аддаўшы ёй зямлю. Трэба было любой цаною ўтрымаць актрысу, якая рабілася гонарам Прыдняпроўя, калі ўжо яна была вольна. Чуткі аб ён пайшлі далёка. Зімой у Вежу прыйшоў ліст ад славутага Шчэпкіна: прасіў прыехаць на агледзіны, загадзя дамовіўшыся аб суме кантракту. Прыязджала таксама m-me Lagrange ад імя французскай трупы, што выступала ў Міхайлаўскім тэатры, тая самая Lagrange, што пазней здабыла лаўры аднолькава трагічнай і камічнай актрысы ў "Дурнях" і драме "Le fils de Giboyer" [35] . Слухала і глядзела "Антыгону" і, па-французску, ролю ў "Федры". Маўчала, нібы нават прыгнечаная, не знайшла хібаў у мове, акрамя лёгкага паўднёвага акцэнту (дзіцячае вымаўленне роднай вёскі лягло тонкай афарбоўкай на чужую мову), і скончыла тым, што запрасіла з сабою. Калі Гелена адмовілася, сказала, што разумее яе становішча, але як толькі, гм… прычыны стануць больш-менш самастойныя, яна можа смела ехаць: выпадак небывалы, але яе чакацьмуць.

35

"Сын Жыбуае".

Наваколле ўхваляла: малайчына, Вежа, нацягнуў нос французам!

Дзецям споўнілася па году, і дзеці былі чароўныя: усё аблічча матчына, а вочы — ягоныя, Алесевы вочы.

Найлепшым доказам таго, што яны ўсе адно — ад яго і да апошняга мужыка, было тое, што на гэтай зямлі не існавала іншых калыханак, акрамя мужычых. Хоць адны гулялі ў серсо, другія — у цыркі, а калыханкі былі аднолькавыя, і ён не ведаў іншых, хоць у дачыненні да панскіх дзяцей тое, што спявалі над іхняй зыбуляй, было, можа, і смешнае.

Калыханкі былі адны. Тыя, што мармытаў зараз ён:

Люлі, люлі, люлі, Пойдзем да бабулi, Дасць бабулька млечка І ў руку яечка. А як будзе мала, Дасць кусочак сала.

Дзеці вырастуць, і тыя самыя песні прагучаць над калыскамі іхніх дзяцей.

У параўнанні з гэтым усё астатняе здавалася лухтой. А Гелена глядзела на Алеся з усмешкаю і гаварыла, што вось, вядома, з Раўбічамі ранейшая варожасць, але гэта нічога, прымірацца. Таму што Міхаліна пазбягае Іллю, і бацька Яраш нездаволены гэтым, і Хаданскія ледзь не кіпяць. А Франсу няма да гэтага аніякай справы, бо ён па-ранейшаму прыхавана кахае Ядвіньку Клейну, а тая ўсё нібы пераконвае сябе, што малодшы Раўбіч харошы, і трымаецца ад яго на адлегласці.

Гэта было не тое. І ён, помнячы яе "ніколі", сказаў ёй пра гэта.

— Мы, здаецца, дамовіліся аб гэтым, Алесь? — ціха спытала яна. — І не трэба далей. Бо шчасце павінна быць і ў мяне, і ў вас.

…З Раўбічамі, сапраўды, было па-ранейшаму. Не віталіся нават у зборні. Калі на баль прыязджала адна сям'я, другой амаль ніколі не было. Пан Яраш рашуча забараніў дачцэ сустрэчы. Алесь бачыў Міхаліну вельмі рэдка, дый то з дапамогай Мсціслава.

Мсціслаў за год змяніўмя. Самастойнае жыццё наклала адбітак. Узмужнеў, вочы сталі суровыя і светлыя. Перавёў мужыкоў на аброк і падрыхтоўваў вызваленне. Патроху гаварыў з вернымі хлопцамі. А сам бавіў час амаль толькі за паляваннем. Гойсаў на кані з сабакам і стрэльбай па навакольных пушчах і паплавах, часта чамусьці заязджаючы ў Азярышча.

Поделиться с друзьями: