ЖАНРЫ

Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Грыма глядзеў на гаршчочак кашы з непамерным здзіўленнем. Выгляд у яго быў такі, што бліжэйшыя рады грымнулі смехам. Грыма неўразумела паглядзеў на іх. Рогат выбухнуў мацней.

Палічыўшы гэта рэакцыяй на свой неадольны гумар, прафесар перайшоў на пафас.

— Як у немцаў Германія вышэй за ўсё, так у нас наш гасудар вышэй за ўсё. І мы маем поўнае права крыкнуць: рукі прэч, і няхай будзе наш народ з яго гасударам вырашальнікам лёсу народаў!

Усяслаў урэшце здагадаўся, як быць з кашай. Выняў з вачніцы манокль і пачаў чэрпаць ім кашу.

І тут рады не стрымаліся: пакаціўся па лавах вышэй і ніжэй, захапляючы ўсё новыя сектары, неадольны, магутны, гамерычны рогат.

Калі Рунін зразумеў, што смяюцца зусім не з ягоных жартаў, было позна: смех апанаваў усіх да апошняга. Ён паспешна кінуў на пераноссе пенснэ і ўбачыў усё.

Ад рогату, ад магутных, як прыбой, перакатаў ходырна трэсліся рады.

Рунін пачаў падымацца па прыступках. І тады Алесь стаў, каб закрыць Грыму спіной. Адсунуў яго плечуком.

Чацвёрка памагатых разам з суседзямі схапіла Грыму стаў і пацягнула далей ад прахода. Ён супраціўляўся і крычаў, але рогат заглушыў яго крыкі… Хлопцы зацягнулі Усяслава далёка за спіны.

— Вы? — спытаў Рунін. — Вы, князь?

Некаторыя ўжо не маглі смяяцца і толькі пазяхалі, як рыба на пяску.

— Я з самага пачатку бачыў гэта, — сказай бледны Рунін. — Чаму вы зрабілі…

— Патрыёт стайні! — крыкнуў з-за спін Грым і здушана замыкаў.

— Хто яшчэ там? — спытаў Рунін.

— Хіба вам мала мяне аднаго? — спытаў Алесь.

— Я хачу ведаць, хто яшчэ?

— Як бачыце, усе.

Рогат рабіўся нясцерпны.

— Прычыны?

— Нежаданне бачыць вас тут. Нежаданне, каб нас вучыў розуму, — а праўдзівей — розуму— маразму, — такі, як вы… даносчык… цемрашал… згубіцель юных і чыстых…

— Без асабістых абраз!

І тады Алесь узняў руку.

— Жарты прэч… Нам абрыдзеў ваш панславіцкі смярдзёж… Абрыдла гэта маска драпежнасці… Нам абрыдлі вы. Вы пэцкаеце самае імя нашай радзімы, наша імя, наш незаплямлены гонар.

— Вы не патрыёты!

— Мы патрыёты больш на вас. Але мы не хочам велічы за кошт іншых народаў. Бо ўсе людзі зямлі — браты. І ўсе яны падобныя адзін на аднаго і на нас. На свеце няма горшых народаў… А калі ёсць, то іх робяць такія, як вы.

— Відаць, я яшчэ не скончыў ачысткі універсітэта.

— І не скончыце, — спакойна сказаў Алесь. — Я пайду адсюль, але пойдзеце і вы разам з вашымі ванітамі. Іначай вам на кожнай лекцыі будуць чыніць абструкцыю.

— Пасмешышча! — крычалі з радоў. — Квасны Платон!

Зноў успыхнуў рогат. Хлопцы з мясцовага зямляцтва зацягнулі па-руску забаронены пасля паўстання "Марш Кошута". Амаль без слоў, якія ведалі нямногія, але грозна ляцела мелодыя. У адказ ёй плесканулася недзе пад столлю марсельеза.

Амфітэатр віраваў. Кожны цяпер не разумеў, як маглі яны цярпець гэтую брыду і гніль хоць яшчэ адну хвіліну, як маглі забыць аб выключаных, як маглі мірыцца з прынізлівымі разважаннямі гэтай макрыцы.

Аўдыторыя выбухнула крыкамі.

— Ганьба! Мазгі лыкавыя! Вон! Вон!

Свіст, здаецца, ірваў муры і прымушаў дрыжаць шыбы.

Яны стаялі на пероне і, як заўсёды ў апошнія хвіліны, не ведалі, аб чым гаварыць.

— І ўсё ж гэта блазнаванне, — сказаў Кастусь. — Мужыкі з голаду ядуць траву, а ты дзеля няпэўнай асалоды звесці рахункі з гэтай старой малпай вылецеў.

— Хай яны мне з двума дыпломамі солі на хвост насыплюць, — сказаў Алесь. — Што ж, па-твойму, дазволіць яму атручваць мазгі і даносіць далей? А так яго прыбралі. Ды і з хлопцаў цяпер ніхто такому трызненню не паверыць.

— Добра, што Грыму не выдалі. Вось гэта была легкаважнасць, памятаючы нашу размову.

— Папусціцца Руніну было нельга. Стрывалі б гэта — сцярпелі б і большае.

Кастусь па чарзе пакусваў губы. Спачатку верхнюю — ніжнімі зубамі, потым ніжнюю — верхнімі. І раптам зарагатаў.

— Дурні вы… Дурні вы, але малайцы… Кашу — маноклем.

Другі ўдар звона разрэзаў халоднае паветра.

— І сапраўды, нічога не адбылося, — гаварыў далей Кастусь. — Выперлі гэтую сволач, пасмяяліся. Дыпломы — у цябе… Я гэта, уласна, таму, што сумна мне будзе. Але нічога… Можа, гэта і на лепшае. Патрэбна работа на месцах. Многія хлопцы нават кінулі універсітэт, у валасныя пісары ідуць… Працуй і ты, браце. Спадзяёмся.

— Буду, — проста адказаў Алесь.

З вагона вылез змрочны Кірдун.

— Час развітвацца, паніч?

— Як, Халімон, едзеш, значыцца?

— Еду, — буркнуў Кірдун. — Хто вас цяпер карміць будзе? Мне-то нічога, а ён вось трэцяга ніверсітэту не скончыў. Казаў яму, не звязвайся. З арэх таго дабра — на тры дні паху. А ўсё вы. Вы паніча збіваеце.

— Кінь, — сказаў Кастусь. — Абдымемся, ці што?

Кірдун выцер вочы.

— Ды што мне, самому вас не шкада? Маладыя такія, а без жыцця жывяце… Трэці звон.

— Убачымся, — сказаў Алесь.

— Убачымся. На справе.

Цягнік дыхаў парай на нізкае сонца, і яно, трапляючы ў сівыя клубы, мяняла колер. Рабілася атрутна-зялёнае.

Стары Вежа сустрэў унука, як заўсёды, знешне халаднавата:

— Адвучыўся? Ясна. Як кажуць, з прэндкім поврутэм.

— Выгналі, — сказаў унук. — Ну і сволачы!

Дзед прыкінуўся здзіўленым. Нават галавою пакруціў, шкадуючы наіўнасць і неабазнанасць унука. Пачаў цярпліва тлумачыць:

— Мы — нацыя вялікая, і дробныя сволачы нам у дзяржаве зусім без патрэбы.

Кірдун, які разам з Алесем атрымліваў маральную лазню — "нашто дапусціў", — раптам пачаў бурчаць. Пасмялеў у Пецярбургу, слухаючы размовы Алесевай кампаніі.

— До ўжо яму вучыцца. І так разумнейшы за ўсіх.

— І за мяне?

— Анягож, — сказаў Кірдун і асекся. — Не так мовіў, прабачце.

— Не, ты кажы. Кажы, калі пачаў.

Кірдун, як большасць простых людзей, не мог трываць натацый і катавання словамі.

— Вучыў многа… Многа пісаў… Шмат чытаў…

— Цік-кава, — сказаў дзед. — І што, хацелася б ведаць, вычытаў? Га, Халімон?

Раней Кірдун, напэўна, пачаў бы прасіцца, каб адпусцілі душу на пакаянне. А тут не вытрымаў:

— Вычытаў пра народы і пра роўнасць людзей.

— Ну-у? Не мож-жа гэтага быць!

— "Кішкай апошняга папа — апошняга цара… задушым", — раптам успомніў Кірдун. — Я яму, княжа, казаў: "Не варта, паніч, так уголас. Думайце сабе паціху, пакуль да кішак не дайшло".

— Яшчэ?

— "Айчыну, веру вярні нам, просім", — спадзеючыся толькі на заступніцтва Алеся, бубніў Халява.

— Бачыце вы. Яшчэ?

Поделиться с друзьями: