ЖАНРЫ

Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

На службу ён так і не вярнуўся. Тым больш што і без службы мог адным сваім словам паставіць на сваім, калі бачыў, што хочуць загубіць нявіннага.

Праз чатыры гады пасля смерці Паўла ён прадаў у дзяржаўнае ведамства і прыватным асобам свае паўднёвыя землі, атрымаўшы за іх нешта каля двух мільёнаў, і адразу выдаткаваў трыста тысяч на пашырэнне парку і розныя пабудовы ў сваім вежынскім маёнтку.

Чаго яму было жадаць? Уладар дваццаці тысяч мужчынскіх душ і бясконцых земляў на Магілёўшчыне, радавіты. І, аднак, поўнага шчасця не было. Жонка была прыгожая, добрая, але не кахала яго. Чыстая да святасці, святая да бязглуздасці. Зацяты вальтэр'янец змірыўся б з яе верай, толькі каб яна кахала яго.

Ён хацеў сына ад каханай, "сына кахання", верачы, што такія дзеці асабліва ўдалыя.

Выпадак памог яму. Палюючы на япрукоў, яны натрапілі на статак іх і конна рынуліся на яго з аднымі дзідамі. Пан Даніла забіў ударам дзіды матку, і тут стары сякач кінуўся на каня і зваліў яго разам з коннікам.

…Загорскага прынеслі дадому непрытомнага, з трыма ранамі. І тут жонка зразумела, што патаемна, сабе не прызнаючыся, кахала яго ўсё больш і больш.

— Божа, каб толькі ачуняў! Божа, каб толькі ачуняў!

Яна цалавала яму рукі. Па некалькі разоў на дзень млела так страшна, што лекары баяліся за яе жыццё. Начамі прастойвала на каленях у малельні, але пры стогне параненага была ўжо ля яго.

— Маці божая, Ісусе найсалодшы! За што? Я дзеля вас яго забыла? Дайце магчымасць акупіць грэх грахом перад вамі.

Параненаму стала горш. І тады Загорская пачала блюзнерыць.

— Што вы можаце! Вы, напэўна, проста не можаце! Нават дзеля мяне! Дзеля той, хто праз вас яго забіў. Лепей ужо з д'яблам… Каб толькі ачуняў! І зірнуць бы на вас не зірнула.

Загорскі ачуняў. Зажылі раны. І жонка стрымала слова: перастала і заглядаць у малельню, усю страснасць перанесла на мужа, на яго аднаго.

Пан Даніла ачуняў. Закінуў паляванне. Больш яму нічога не трэба было ад жыцця. Калі яна сама, упершыню пасля пяці год, прыпала да яго, здалося, што сэрца яго разрываецца. А тая, здаецца, з кожным днём рабілася ўсё больш пяшчотная, заўсёды хацела быць побач.

Ды ён, пасля яе хулы на бога, і сапраўды быў апошнім выратаваннем, тым, які абароніць ад цемры ўначы і не дасць злу ўдзень.

У шчасці прайшоў год. Ксені загрубела. Ён быў упэўнены, што будзе сын, і быў спакойны. А яе мучылі жахі, ёй здавалася, што яна памрэ. Цяжарнасць ударыла па хворым, збалелым сумленні той, якая баялася верыць, бо не чакала літасці за свой учынак. Ён супакойваў, цалаваў яе ў вочы і казаў, што ў сына абавязкова будуць такія самыя.

У сына, Юрыя, сапраўды былі яе вочы. Вежа грукатала гарматамі (у Загоршчыне не стралялі, зберагалі спакой парадзіхі). А пану Данілу хацелася абняць увесь свет.

І тут у маёнтак Багданоўскага прыйшлі ўначы салдаты на чале з афіцэрам і арыштавалі старога пана і сыноў, братоў Ксені, за сепаратызм і ўдзел у змове супраць гасудара-імператара і ўлад.

Гэта быў канец. У арышце бацькі яна ўбачыла перст божы. Дарэмна муж казаў, што ўсё натуральна, што ў людзей ёсць права паўставаць, калі ім не падабаецца ўрад, а ва ўрада ёсць права арыштоўваць тых, што паўстаюць. Дарэмна ён казаў, што зробіць усё, каб іх выпусцілі.

— Не, — казала яна, — гэта Ён хоча пакараць мяне.

І яе вочы мёртва глядзелі кудысь.

Загорскі зрабіў немагчымае: сувязямі і вялізнымі хабарамі дабіўся, што Багданоўскіх выпусцілі на парукі і абяцалі апраўдаць. Але не сказаў жонцы, што гэта зрабіў ён.

— Бачыш, іх выпусцілі. Усё добра.

— Так, усё добра, — сказала яна. — Ён літасцівы. Гэта Ён папярэдзіў мяне, каб я рыхтавалася.

Назаўтра ў яе пачалося нешта накшталт запозненай радзільнай гарачкі. Жанчына раставала, як воск.

— Адумайся, — маліў ён. — Не пакідай мяне.

— Што ты, — казала яна. — Ён літасцівы. Я акуплю ўсё пакутамі. А калі не — папярэджу цябе, дзе я, каб ты… потым са мной…

— Не пакідай, — трымаў ён. — Як жа мне тады верыць у людзей і бога?!

— А ты вер, — ціха казала яна. — Ты ведаеш, я ўдзячная Яму. Бо Ён даў мне саграшыць супраць сябе самой. Іначай я так і пражыла б без твайго кахання. А ён даў мне два гады. Няхай тады і пекла ўжо.

— Яна яшчэ дзякуе, — без слёз рыдаў ён. — Ды што ж гэта? Ды што ж гэ-та та-кое-е?!

Плоская, падталая, яна ўсё глыбей апускалася ў пярыны, у шоўк прасцірадлаў.

Калі вусны яе не пакінулі ніякай, нават самай маленькай, плямы на люстэрку, ён пасядзеў трошкі, падумаў, а потым пайшоў у малельню і стаў там перад фамільным вобразам Спаса Цёмныя Вачніцы. Малельня была радавая, і на сценах вісела зброя, па абяцанню пакладзеная пад іконы тымі з Загорскіх, што ішлі ў манастыры.

— Слухай, — сказаў Загорскі спакойна, як роўнаму. — Яна ж верыла ў цябе. Наблюзнерыла з гарачкі, але ўсё ж верыла. Яна верыла, а ты яе так, га?

Абраз маўчаў, распусціўшы па плячах залатыя валасы. Глядзеў цёмнымі вачніцамі, у якіх не было відаць вачэй.

Пагаварыўшы, ён зноў пайшоў у спачывальню і сеў ля яе. Ён сядзеў так і чакаў, аж пакуль старая нянька Яўдоха не падышла да яго:

— Загадаеце паклікаць абмывальшчыц, пане?

Ён узняў вочы і, як быццам толькі цяпер нешта зразумеўшы, махнуў рукой:

— Кліч.

Потым ён вярнуўся ў малельню, стаў перад Спасам і проста, як нябожчык бацька, спытаў:

— Пекла? Ну няхай бярэ дваіх, калі не хацеў…

У руках яго апынулася старая баявая сякіра — гізаўра. І ён раптам пусціў яе проста ў цёмныя вачніцы з такой сілай, што лязо на тры вяршкі ўпялася ў дрэва і затрымцела там.

— Дрыжыш? — спытаў ён. — Ну, дрыжы.

І выйшаў, зачыніўшы за сабою дзверы.

І ўвесь час, пакуль ён, знешне спакойны, хаваў яе, прымаў спачувальнікаў і насіў жалобу, у душы яго жыў нясцерпны гнеў. Нясцерпны гнеў і адно пытанне: "За што?" Яна нічога не зрабіла таму, яна была больш святою, чым святая Вольга, якая кідала людзей у яму, а зверху кідала човен, што трушчыў ім косці… Вось ускладаюць венчык у знак надзеі атрымаць вянец на нябёсах, — а ёй безудзельна абяцалі пекла. За што?.. Вось пасля паніхіды гасяць свечкі ў знак таго, што "жыццё наша, палаючае, як свяча, павінна згаснуць, часцей за ўсё не дагарэўшы да канца". Але хто ж думае аб канцы ў трыццаць тры гады? Ты, чыя ікона ў яе збалелых празрыстых руках? Ты мог, ты мужчына, ты за ўсіх. А за каго яна? За што?.. Вось служаць адправу, і яе аблічча звернута да алтара. Пры жыцці ты не пускаў яе ў алтар… За што? Яна жанчына. А твая маці не была жанчынай?.. А цяпер не пусціш у царства нябеснае. За што? За тое, што яна блюзнерыла, знемагаючы ад гора і ад любві да чалавека, ад той любві, за якую загінуў ты? "І ў зямлю адыдзеш…" Але не пакінеш быць "вобразам славы Божай". Калі ўжо такая слава, дык да д'ябла яе…

Поделиться с друзьями: