Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
Шрифт:
"Гасподня зямля і іспалненіе яе, сусвет і ўсі жывучыя на ім…"
Няшчасны колас! Няшчасны колас пад невядомым сярпом. Ды і хіба пад адным?.. За што?..
І паколькі на адно гэта пытанне, толькі на адно, не было адказу, гнеў усё нарастаў. У пекла дык у пекла. І ідзі ты з тваёй хвалёнай літасцю, калі ты не мог злітавацца над адной, адной-адзінай сваёй авечкай. Не над ваўком, над авечкай. Можа ж быць так, што і авечка, ратуючыся, паспрабуе ўкусіць? Дык ваўкам дазволена кусаць безліч разоў, а яна паспрабавала адзін раз, і яе за гэта — касой па горле.
…Малельня была забітая, поп выгнаны ў Мілае, у старую царкву-крэпасць, самую непрытульную і сырую з усіх цэркваў, якія былі ў яго ўладаннях. Хутка туды ж накіраваліся і папы з Вежы, Святога і Вітахмо.
— Буду плаціць вам удвая, абы духам вашым не смярдзела бліжэй чым за дваццаць вёрст.
Ён ненавідзеў папоў, ненавідзеў цяпер бога, ненавідзеў салдат і жандараў, тых, ад якіх тхнула потам, даносам і крывёй, тых, якія арыштоўваюць людзей за настроі і гэтым зводзяць у магілу стварэнне, якое нікому не прычыніла зла. Ён ненавідзеў маладога цара, які зрабіў так, што людзей, дваран, якія адказваюць за свае палітычныя погляды, хапаюць у іхняй крэпасці.
Ён закамянеў. Ён песціў дачку, адараў грашыма, уборамі, каштоўнасцямі. І зусім не цікавіўся, што яна там робіць на сваіх балях. Ён ведаў, што ёй належыць дзве тысячы душ і што знойдзецца прыстойны чалавек, які будзе кахаць яе. Што можа знайсціся і непрыстойны, ён не падумаў. Дачка ўцякла з маладым афіцэрам размешчанага ў Сухадоле палка…
Пан Даніла цяпер спаў удзень, а ўначы чытаў, моўчкі гуляў па парку або слухаў у музычным павільёне "Рэквіем" Моцарта. Заўсёды адну і тую ж частку, "Лакрымоза". Граў, седзячы за глухой шырмай, арганіст, якога прывезлі з Сухадола. Пан слухаў з сухімі вачыма. Парушаць яго спакой баяліся і таму абвясцілі аб уцёках дачкі позна.
Прыступ гневу ў яго быў страшны. Дагэтуль спакойны, стрымана-моцны, пан быў у ярасці, быццам адразу хацеў выплюхнуць свой гнеў.
Яна! З кім?! З афіцэрам!
І гэта перапоўніла чашу ягонага гневу.
— Дзе?!
— У грэка-расійскім манастыры ў Ліпічах, — адказаў Кандраці, юнак, малочны брат, адзіны, хто не спалохаўся.
Ясна. Манахі заўсёды рады напаскудзіць яму. Чорныя божыя пацукі!
— Напэўна ўжо звянчалі, — сказаў Кандраці. — Позна.
— Позна?! — Крык быў такі, што палац замёр ад жаху. — Я ім дам, позна. Людзей! Шляхту!!! Мужыкоў узброіць!!!
— Не пойдуць, — сказаў Кандраці. — Збаяцца!
— А мяне яны не збаяцца? — крычаў пан. — Не пойдуць — шляхту выганю і няхай здыхае з голаду! Не пойдуць — кожнага дзесятага ў руднікі прадам! Кандраці, пляшку гарэлкі кожнаму! Мужыкам па тры рублі! Шляхце па пяць! Сем'ям забітых пенсіі! Коней! Гарматы!!!
Кавалькада з шасцісот чалавек рынула на Ліпічы. Грукаталі, падскокваючы на камянях, гарматы, вецер ірваў полымя паходняў. І ў п'яных людзей, якія скакалі за панам, усё ўзрастаў бязмэтны гнеў, наліваліся крывёю вочы.
Манастыр атачылі апоўначы. Манахі з муроў убачылі паходні, полымя падпаленых стагоў, якое рвалася ў неба, пачулі гігатанне коней. Яны чакалі гневу, але не такога.
Ігумен выйшаў на мур і ўбачыў проста перад брамай расхрыстанага пана з ашклянелымі вачыма.
— Дачка… — сказаў пан.
— Тут, — не схлусіў ігумен.
— Адвальвай браму, пёс.
— Не апаганьвайце абіцелі, — сказаў ігумен. — Манастыр не можа адмовіць рабам божым, якія ўмаляюць аб прытулку.
— А гарэць твой манастыр можа?
— А ў Салаўкі на затачэнне хочаш? — спытаў ігумен.
Ён адчуваў за сабою сілу дзяржавы, сілу муроў, чатырохсот манахаў і дзесяці гармат. Не адвучылася яшчэ брація з тых часоў, калі манастыр быў памежнай крэпасцю.
— Лізаблюд, — гнеўна сказаў пан. — Халуй пецярбургскі!
— Анафему накладуць, — сказаў келар. — Ты, быдла. Дзе?кала недабітае.
— А я вось дам вам анафему. Зводнікі! Па колькі капеек з ложка бераце?
— Не зневажай бога, прычакань Салавецкі, — сказаў ігумен.
— Гэта хто бог? Ты? Казёл ты!
У адказ з муроў рыгнула гармата.
— Д-добра, — сказаў пан. — Т-так. Добра вам будзе з нябёс на мяне ў Салаўках глядзець.
Спалоханы гэтым спакойным тонам, ігумен хацеў быў паклікаць утрапёнага Данілу, але той пайшоў ужо ў крывава-чорны змрок. А праз пяць хвілін адтуль зараўлі гарматы. Сорак штук.
Стралялі гадзіну, не па людзях, а па сцяне. Аконам хапаўся за галаву. Няхай бы білі ў браму, яе і аднавіць лёгка. Не, б'юць у мур.
…А пан з закамянелым тварам загадваў пушкарам сыпаць падвойны парахавы зарад:
— Нічога, не разарве! Сып! Бі… І вось што, распаліце ядры. Біце імі па дахах! Па дахах!
Манахі спачатку стралялі, а потым кінулі. Відаць было, як яны ўздымалі да неба рукі, стоячы на мурах. У барвяным зарыве твар пана стаў жахлівы…
Палалі шчапяныя дахі… І вось са страшным грукатам абурылася, упала ў хмарах чырвонага дыму кутняя вежа.
Абложнікі ўварваліся ў ахоплены полымем манастыр.
Манахі не абараняліся. Аконам ірваў на сабе валасы. Айца келара, які схаваўся на дражніку, за абразу торкалі носам у конскі гной.
Перад брамай, на голай зямлі, два мужыкі праяўлялі ініцыятыву, хвасталі айца ігумена, папярэдне зняўшы з яго кукаль.
Дачку і яе мужа вывалаклі за муры, скруцілі і кінулі ў розныя вазы.
Пану было мала. Гнеў душыў яго, той гнеў, якога ён не мог пазбыцца столькі часу.
Страшная кавалькада рушыла назад. Па дарозе ўзялі без бою, толькі выламаўшы браму, каталіцкі кляштар і за суткі выпілі ў ім усе віны і лікёры.
Святкавалі. І з гора таксама.
Манахі, узрадаваныя ганьбе канкурэнтаў, самі частавалі ваякаў. Чорт з імі, з лікёрамі! Будуць яшчэ. Але ж пан схізматув поперал. І таму сталы аж ламаліся.
Падступалі потым, п'яныя, і да манастыра манашак-візітак і гразіліся ўзяць, але пашкадавалі жанчын. Віску многа!
…Маладую, калі прыехалі дадому, пан загадаў замкнуць у далёкіх пакоях. Маладога — кінуць свойскаму мядзведзю.
Пан сеў і думаў гадзіны дзве. Потым загадаў прывесці маладога. Таго вызвалілі з мяккіх абдымкаў мядзведзя ўсяго аблізанага, ружовага.
Пан Даніла сустрэў яго, седзячы за сталом, на якім стаяў дзьмуты зялёны штоф.
— Выпі. Палегчае.
Той выпіў.