Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
Шрифт:
Ён сумна ўсміхнуўся.
— Гэта не цацкі, панове. Не рабі другому таго, што табе не міла. Не сунь пальцаў паміж дзвярэй. Мой Янка зрабіў з гэтых дзвюх прыказак адну: не сунь пальцаў, дзе табе не міла. Не будзь гарматным мясам для чужых капрызаў. Вы не слугі Кур'яна і не слугі маленькага капрала. Цяпер вы толькі метал пад молатам… Вы яшчэ не раз будзеце глытаць жоўць… Але тыя, белыя, унізе, не з вамі, і не з Капралам, і не з Кур'яном… І вось таму я не буду бараніць свае шкуры, іхняй і вашай, і ўсякай іншае крывёй, а проста пачакаю. Пачакаю сярод вашай магчымай пагарды, пакуль не прыйдзе Кур'ян, каб як мага даражэй прадаць сваё жыццё… Усё.
Частка дваран усё ж пайшла, узброіўшы сваіх мужыкоў і шляхту. Пачуўшы аб гэтым, ён паціснуў плячыма:
— Les sal — lari'es [53] .
Ён вымавіў гэта так, што ў слове выразна прагучала спалучэнне "sal" [54] .
Ах, маленькі капрал, спрытнюга, маленькі абабівач грушак чужымі рукамі! Чаму ж ты тады не збіў з дрэва і нас? Гэта ж так лёгка. У Францыі няма прыгону. Зрабі, каб яго не было і тут, і ў Расіі. Як адразу загрыміць Кур'ян! Ды не, куды табе. У цябе ёсць сілы, — і тое не заўжды, — каб сутыкнуць ілбамі людзей з рознымі славалюбствамі і рознымі страсцямі, але ты не можаш утаймаваць мора. Ты баішся, што яно разбушуецца. І гэта доказ таго, што ты вялікі палкаводзец, але не вялікі чалавек. Вялікі не спалохаўся б мора. А ты спалохаўся. Табе так дорага каштавала закілзаць гэта мора там, у сябе. Ты занадта добра помніш, як кошыкі пад гільяцінай рабіліся слізкія ад крыві. Ты баішся таго ж і ў нас. А чаму? Нашто табе шкадаваць маю галаву? Ты ж не пашкадаваў бы падставіць яе пад кулю на адным з незлічоных рэдутаў. Значыць, справа не ў маёй галаве… Проста ты лялечнік, што тузае ніткі марыянетак, як кожны тыран, у якім заўсёды ёсць і будзе нешта ад халуя. Лялечнік, а не Ладымер з казкі, той самы, што ўзараў нарогам мора.
53
Н-найміты (франц.)
54
Бруд (па сугучнасці) (франц.)
Ну і чорт з табою! Ты даў мне толькі адну добрую параду. Буду адбівацца, калі па мяне прыйдуць. Але я паспрабую таксама паторгаць за нітачкі, калі да мяне прыйдуць з хітрасцю. Паторгаю проста з цікавасці, каб паглядзець, як яшчэ нізка можа ўпасці чалавек. Я ведаю, што Кур'ян душыцель, але я не ведаю, ці падлюга ён. Я выпрабую гэта на яго халуях. Які гаспадар, такія і слугі.
А дарэмна ты не паспрабаваў раскілзаць мора, карсіканскі дурасліўчык. Дальбог, цікавей загінуць ад рукі мясцовага Рабесп'ера, крывавага і з віламі (на гільяціну ён выдаткавацца не будзе, трымай кішэнь), чым ад Кур'яна з мізэрным задам, зацягнутым у ласіны. Янка-Рабесп'ер, дык гэта хаця цікава. А ты не пажадаў. І вось за гэта накладуць табе аж па самае… І паляціш ты рылам у свой жа гной. І пачнуць жа цябе па замках цягаць, імя гразёю абліваць, узвялічваць, зноў абліваць, пакуль не прыйдуць да вываду, што было дадатнае, а было і адмоўнае, і толькі не вядома, што пераважае, дый наогул, ці варта гэтым займацца, тым болей што ўся твая справа даўно патанула ў цемры вякоў і, за непатрэбнасцю, занесена на антрэсолі архіва матухны-гісторыі.
Косткам і тое спакою не будзе. Павінен быў ведаць гісторыю маленькага Наварца [55] . Прыйшоў з поўдня, прамяняў Парыж на імшу, памёр, забальзаміравалі італьянскім спосабам, на вякі. Паклалі ў нейкае там абацтва… Сен-Дэні, ці што? А тут Рабесп'ер… Санкюлоты падумалі-падумалі. Добры, здаецца, быў кароль, песенькі пра яго спяваюць.
"Vive Henri guatre…" [56] Ды і работы чалавечай шкада… А потым, далей ад граху, у агонь, разам з Людовікам Адзінаццатым, Акаянным… Так і табе будзе. Тваю Вандомскую калону абавязкова нехта скіне рана ці позна. Твой прах, які, ты мяркуеш, пакладуць у дом інвалідаў, — нехта выкіне.
55
Генрых IV.
56
Віват Генрых Чацвёрты… (франц.)
Ну вось, ведаеш, а пнешся.
А дарэмна ты не паспрабаваў раскілзаць мора!..
Такім думкам аддаваўся Даніла Загорскі, усё яшчэ ўмацоўваючы камяніцу, рыхтуючы яшчэ адну хітрасць і п'ючы, бы ў пустыні. А потым, калі Карсіканец сапраўды загрымеў, з Пецярбурга прыехаў рэвізор, каб расследаваць справу пра манастыр, генерал-ад'ютант Баранаў…
"Эге, сілаю браць не будуць, — падумаў пан. — Справа за часам прыахалола і здаецца ўжо не такой важнай. Трэба рызыкнуць".
І ён рызыкнуў: запрасіў генерал-ад'ютанта ў Вежу. А там на вячэру. А там — у камяніцу.
Баранаў убачыў валы, порах, гарматы, узброеных людзей, а ў камяніцы бясцэнныя габелены, антыкі, карціны.
— Чаму гэта тут? — Баранаў успомніў бочкі з порахам у скляпеннях і здрыгануўся. — Жыццё вам, спадзяюся, не абрыдла?
— Я фаталіст. Трапіць дык трапіць.
— А калекцыі?
— Я не хачу, каб імі цешыўся нехта яшчэ. Зрэшты, вам магу падарыць гэтага фаўна.
Фаўн з часам прыдбаў высакародную цёмную паціну, уцёртую ў мармур. Яна не зніжала яго белі, а толькі надавала яму рэльефнасць і прыгажосць жывога цела.
Фаўн з'едліва ўсміхнуўся Баранаву. Генерал не помніў сябе ад радасці. Гэта было больш каштоўна, чым "Нерон" Юсупава, звычайны афіцыйны бюст рымскіх часоў. У Юсупава была толькі адна "ступа" з такой вось пацінай. А гэта… Элада! У яго, Баранава, ёсць ужо бюст Агрыпіны. Цяпер ён пераплюне і Юсупава з яго "ступаю" і Шарамецева з ягонай славутай пампейскай "Козачкай".
— Бярыце, генерал. Я вызваляю гэтага фаўна ад наканаванасці.
Загорскі ўбачыў, што клюнула. Некалькі такіх пастак, для кожнага тыпу людзей, было расстаўлена ў яго.
— Пашкадуйце гэта, князь, — узмаліўся рэвізор. — Выбух — і…
— Усё адно жывём на вулкане. Не я, дык нехта другі.
Баранаў зразумеў намёк. Ды гары яно гарам, каб праз вежу нейкага ідыёцкага манастыра загінула такое. Але яму было страшна: а раптам і на яго данос?
— Вы ведаеце, што на вас ёсць ананімны данос, князь?
— Магчыма. У мяне шмат ворагаў.
— Аб манастыры.
— Чуў і такое. Спадзяюся, не ігумен скардзіўся.
— Не, ён якраз маўчыць.
"Яшчэ б ён крычаў, — падумаў князь. — Хто яго, калі ён крычаць будзе, бітага на месцы пакіне".
— Бачыце, ветру з манастыра… мне баяцца не даводзіцца. Я ж кажу: плётка ворагаў.
— А дачка?
— Ды што дачка. Вы лепей спытайце ў яе і ў зяця. Жывуць. Пасаг — дзве тысячы душ. Чаго ім яшчэ?
Баранаў паспакайнеў.
— А хто ж манастыр спаліў?
— Французы, любы генерал, французы. Усё яны, фармазоны. Буанапартэ…
— А кляштар?
— Але, — сказаў Загорскі, — частавалі нас там, частавалі. Такія гасцінныя людзі!
І ўсхапіўся:
— Няўжо яны скардзіліся?
— Што вы. Наадварот, хваляць.
— Вось бачыце, генерал, як можна звяртаць увагу на данос без подпісу… Дый наогул, што гаварыць аб гэтым… Давайце лепей у фараон перакінемся.
"Сволач, — падумаў Баранаў. — Яшчэ дражніць. Ну, я ж табе зараз за фаўна грошы прагуляю. Адмовіцца не магу, па няшчаснай слабасці маёй да антыкаў, дык я ж зраблю так, што я ў цябе гэтага фаўна куплю. І рукі будуць вольныя".
— Калі ласка, князь.
"Дурань, — думаў Загорскі. — Ты ж не толькі дурань, ты яшчэ і сволач. Паглядзім, хто прайграе. Каб прайграць у час ды ўмела, на гэта лепшыя мазгі патрэбны, чым у цябе…"
Перад світаннем Загорскі ўстаў з-за стала ў страшэнным пройгрышы: прагуляў Загоршчыну. Баранаў, не разумеючы, як жа гэта так атрымалася, што ён узяў хабар, маліў яго не лічыць гульні ўсур'ёз.
— Радавы маёнтак, князь. Яго ж нельга прайграваць.
— Нельга. Але карты. Няшчасная слабасць!
— Давайце не лічыць.
— А гонар, генерал? Не, картачныя даўгі трэба плаціць.
Баранаў і верыў у хабар, і не верыў. Але нават калі і не хабар, хто паверыць, што не хабар. Радавы маёнтак таго, каго рэвізуеш. Дый не дазволяць! Апекаванне над "умственно несостоятельным" князем. Жах! Сведкі побач.