ЖАНРЫ

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

– Што ж гэта яна? – жаласна спытала Майка. – Нашто знікла?

– Чакай, – сказаў Андрэй, – зараз будзе табе ўзнагарода.

І ўзнагарода з’явілася. На павуцінках, на росным верасе раптам з’явілася другая радуга. Выцягнутая, яна ляжала проста на траве, ззяла ўсімі вясёлкамі, уцякала ў бясконцасць ад іхніх ног.

– Ты адкуль ведаў? – спытала Майка з павагаю.

– Ведаў, – проста адказаў Андрэй.

Майка з павагаю ўздыхнула.

…А потым, як працяг гэтай феерыі, над верасам, над гарбамі, зарослымі лесам, з’явілася на збегу Папараці і другой рачулкі, на высокай гары паміж імі, вялікая руіна: тры вежы і рэшткі муроў.

Уброд перайшлі Папараць. Лазілі па каменнях. Майка, Алесь і Андрэй узлезлі нават на адну з веж. Кандрат і Мсціслаў з Янькай асталіся ўнізе.

Майка, Алесь і Андрэй стаялі ў вышыні і глядзелі на неабсяжны свет, які ўвесь, здавалася, належаў ім. Зубцы вежы сівелі палыном, рудыя ад іржы кавуны ядраў былі сям-там бы ўмураваныя ў кладку. А далей была Папараць, лугі, лясы, свет.

– Гэты замак аднойчы ўзялі мужыкі, – сказаў Алесь.

Майка міжвольна зірнула на Андрэя.

– А што ж, – сказаў Андрэй. – Што мы, зломкі?

А знізу маленькі Кандрат крычаў брату:

– Злазь ужо, галата! Злазь!

– Прывязка, – сказаў Андрэй.

– Злазь! – крычаў Мсціслаў. – Злазь, цівун Пацук! Тут цябе Ваўкалака з беларускім Ладымерам чакаюць.

Раззлаваны за “цівуна Пацука”, Андрэй палез уніз.

А яны сталі ўдваіх і глядзелі на зямлю.

– Ты атрымаў? – спытала яна.

– Атрымаў.

– Хораша тут?

– Вельмі… І… ведаеш што, давай будзем, як брат і сястра.

– Давай, – уздыхнула яна. – На ўсё жыццё?

– На ўсё жыццё.

Пасля таго як пад’елі ў ценю адной з веж, Андрэй прапанаваў падацца яшчэ далей у лес, бо там, на гэтай самай Папараці, жыве млынар, вядзьмар Грынь Паківач.

Сонца ўздымалася ўсё вышэй. Ярасны шар, калматы шар над зямлёй. На гарызонце лягла ўжо белая смуга, над якой плавалі ў паветры, ні на што не апіраючыся, верхавіны дрэў і вежы загорскай камяніцы.

Лес сустрэў холадам, звонам ручаін, сонечнымі зайцамі на салатавых плоскіх крыжыках заечай капусты.

Хутка Паўлюк заўважыў лясны ставок, маленькі, схаваны між дрэў. І тут усе зразумелі, што ніякі млынар ім не патрэбен. Распраглі коней, а самі разлегліся ў густой траве.

Над ставам ззяла сонца. Над люстранай паверхняй вады стракозы ганяліся за сваім ценем. Заміралі ў паветры, каб падмануць цень, а потым кідаліся. А ніжэй за іх слізгалі па паверхні вадамеркі. Іхнія лапкі апіраліся на ваду і прагіналі яе, і таму па дне стаўка ад кожнага малога канькабежца бегла па шэсць маленькіх плямак ценю з арэолам вакол кожнай плямкі.

Алесь і Майка, прыхапіўшы з сабою Яню, пайшлі вакол стаўка, каб паглядзець, адкуль ён бярэ ваду. Натрапілі на ручаіну, што бегла, такая чыстая, сярод свежых імхоў, і пайшлі ёй насустрач.

Вада бегла па дне вільготнага яра. Тут і дрэвы былі магутныя: сонца амаль не магло прабіць іхняй шыракалістай засені. Часам вада ўтварала зялёныя калёжкі.

…Гулка, як з гарматы, вырваўся з дрыгвяністай лежкі дзік. Кінуўся ў нетры.

Спалохаўшыся, яны ішлі далей, цяпер ужо не аглядаючыся на бакі. А на адным з валуноў, ледзь не над іхняй галавою, стаялі Корчак і Грынь Паківач, глядзелі, як маленькія фігуркі прабіраюцца ўсё вышэй і вышэй па цёмным дне.

Калі яны зніклі ў засені ляшчыны, бледны Корчак перавёў дыханне, сціскаючы ў руках Паківачову дубальтоўку.

– Аднаго ведаю, – шэптам сказаў ён. – Траюрадны пляменнік нашага Кроера. Гэтага б…

Паківач спалохаўся.

– Ты што?

На шчоках у Корчака хадзілі жаўлакі:

– Іх усіх – пад корань… панянят, княжат…

– Ну і дурань, – сказаў Грынь. – З імі сялянская дзяўчынка. Ды і самі яны чым вінаватыя, дзеці? Ты залішнюю злосць з сябе выпусці, задушыць.

– Залішняй злосці не бывае, – сказаў Корчак. – Хадзем адсюль.

Густыя зарасці ляшчыны і воўчага лыку прагнулі іх.

А дзеці тым часам знайшлі ў самай глыбіні яра, у растапыраных шатах арэшніку, праз які падаў у лонца вады адзіны прамень, крынічку.

Крынічка, спакойная на паверхні, выкідала з глыбіні сваёй пясчаныя фантанчыкі. Вечна жывыя пясчынкі рухаліся, расцякаліся па дне ад сярэдзіны жарала, скакалі. А побач другі малы “гейзер”, амаль на паверхні, таксама тужыўся нарадзіць ваду, але ў яго не хапала сілы, і ён толькі часам выпускаў з сябе сытыя бурбалкі.

– Бацька вады, – шэптам сказала Майка.

– Бацька вод, – паправіў Алесь. – Вось так і Дняпро пачынаецца недзе.

– Жывая вада, – сказала Яня.

І яна апусцілася на калені і зламала пальчыкамі крыштальную паверхню.

– Піце. Будзеце жыць сто год…

Яны ляглі на жываты і доўга, часам адрываючыся, пілі ваду, такую халодную, што яна абручом сціскала лоб.

А вакол быў зялёны і чорны паўзмрок, і толькі адзін прамень падаў між іхніх галоў на нябачную ваду, мякка залоцячы дно.

XIV

Усё праходзіць. Прайшлі і тыя шчаслівыя дні, калі ўсе былі побач, мала спалі: абуджаліся раней за птушак, сустракалі ўсход, праводзілі сонца, калі яно, нізкае, адбіваецца ва ўсіх вокнах, і вокны гараць расплаўленым золатам і дом нібы пылае ўнутры, і клаліся позна.

Паехалі. Толькі і засталося, што ўспаміны ды надзея. Бо нездарма ж Майка казала: “На ўсё жыццё”. Суцяшала гэта дрэнна.

Цэлымі днямі адзін – Фельдбаўха і француза ў сябры сабе не возьмеш, – маці чытае або вышывае другі ваздух, бацька цэлымі днямі на палях, а то на паляванні.

І вось у адзін з дзён, – стаяла сярэдзіна жніўня, – бацька і маці нешта доўга шапталіся за вячэрай, а твары ў іх былі ўстрывожаныя і ўрачыстыя. Урэшце, калі прыбралі са стала, матуля сказала:

– Дзядуля прыслаў з пасыльным ліст, сынок.

Алесь узняў вочы.

– Ён просіць, каб ты прыехаў да яго… Адзін.

Бацька выняў з пулярэса ліст паперы і прачытаў:

– “Мізантропія мая і хандра разгуляліся. Мне цяжка бачыць новых людзей. Таму і не зваў вас. Твар падабенства божага мне абрыдзеў, так мала ў ім божага. Але паколькі настрой гэты ўсё цягнецца і канца яму не відаць, а ў жываце нашым бог волен кожны дзень, то ўнуку майму Аляксандру належыць ведаць ва ўладанне чым ён уступіць пасля мае смерці і паспяховага адыходу ў тое, што пасля яе. Таму хай прыязджае да мяне на адзін-два дні…”

Поделиться с друзьями: