Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I
Шрифт:
З усёй гэтай кампаніі яму падабаўся адзін. Той, што напісаў кнігу такой страшнай моваю і якога за гэтую кнігу загналі ў Ілім. Кнігу гэтую пан Акім купіў за сто рублёў срэбрам і прачытаў, і не тое каб застаўся ў захапленні ад прапаноў аўтара, а проста так: спадабаўся яму чалавек. Смелы. Прыемна было б бачыць яго побач.
І вось таму ў галаве маладога Загорскага была мяшанка: рыцарскі кодэкс і кніга, купленая бацькам, абагаўленне царыцы і нянавісць да Пецярбурга, раман аб гожай пастушцы і вершы Війёна, песні, пачутыя на паляваннях, і галантныя раманы, вольныя разважанні і прыхаваная, не вельмі пачцівая вера.
А над усім гэтым – вольны дух першых год царавання Екацярыны: кнігі Мантэня, Дыдэрота, Бекана, Русо ў дзікім спалучэнні з куртуазнымі раманамі. І пры гэтым некаторая пагарда да кніг наогул, бо ён любіў абшары, бег каня, дзіду, што ўпіваецца на скаку ў шыю япрука – паміж чэрапам і першым пазванком.
Ён пагарджаў суседзямі. Раздураныя бабы! Халуі! Пагарджаў іхнім цярпеннем, рабалепствам і поўзаннем перад моцнымі. Пагарджаў іх паяздамі: карэтамі для дзяцей, карэтамі для дурняў, карэтамі для хворых сабак, карэтамі для прыгоннага гарэма, фурай для музыкаў, фурай для буфета і кухараў.
Тфу! Раней гэтага не было! І як не разумеюць, што сядло ў галавах зручней?.. Псяры!!!
Ён не піў віна. Яшчэ калі ён быў дзіцем, настаўнік аднойчы замкнуў яго ў камору за нейкае свавольства. Там ён налізаўся налівак. Ніхто не лаяў яго, але ён даў сабе слова заўсёды быць гаспадаром самому сабе.
Гэта быў адначасова чалавек вельмі харошы і вельмі дрэнны. Яго добрыя якасці былі прыродныя. Яго недахопы – недахопамі стагоддзя. І ўсё, што ён ні рабіў, сведчыла аб гэтым.
Ужо за год да смерці бацькі яго паважалі і баяліся як агню. Гэта пачалося так. У тысяча семсот дзевяноста чацвёртым годзе новаспечаная прыдняпроўская памешчыца Праскоўя Зубава папрасіла ў імператрыцы дазволу здаваць сваіх магілёўскіх сялян у рэкруты замест сялян з яе разанскіх вотчын, “равным образом и впредь так поступать”. Дазвол далі.
– Несправядліва, – сказаў Даніла, пачуўшы пра гэта. – Чаму павінна ўдвая ісці ў салдаты тых, хто яшчэ дваццаць два гады таму зусім не ведаў рэкруцтва? Што ж, выходзіць, мы не роўныя дзеці?
Прыклад Зубавай здаўся зманлівым. Магілёскія сяляне былі дзёрзкія. Пазбавіцца ад некаторых было проста дабротай. І вось, адразу пасля Зубавай, аб тым самым папрасілі яшчэ тры паны, у якіх маёнткі былі ў Прыдняпроўі і за яго межамі, – Дзмітрыеў, Іваноў і Суканевіч.
І тады пачалося незвычайнае. Даніла не сцярпеў. Ён скарыстаў губернскі баль і выклікаў усіх трох. Яны паспрабавалі апраўдвацца – і тады Загорскі даў Суканевічу поўху, а Іванову кінуў у твар пальчатку.
Сябры ўрэзоньвалі яго, але ён цадзіў праз зубы:
– Справядлівасць дык справядлівасць. Што-о гэта?
– А Зубава?
– Яна баба, чаго вы хочаце? Калі будзе такое рабіць – ёй самі мужыкі чырвонага пеўня пусцяць.
Назаўтра ён на месцы паклаў Дзмітрыева і Суканевіча стрэламі з пісталета, а Іванову пракалоў шпагай грудзі.
Новы звычай вывеўся адразу. Нават Зубава вымушана была адступіць.
Бацька нічога не сказаў, пачуўшы аб тым, што ўчора тры чалавекі далі сваю апошнюю сатысфакцыю яго сыну. Два з іх былі ваенныя і ўмелі бараніцца. Сын рызыкаваў, як і яны.
Даніла любіў бацьку. Бацька разумеў яго, як ніхто. І вось цяпер маўзалей і малахітавая глыба ля яго. Хоць бы хто побач!
Праз тры месяцы ён заблудзіў на паляванні, трапіў у маёнтак небагатага двараніна Багданоўскага, убачыў яго дачку, Ксені, і – былы летуценнік, які чакаў каралевы і таму ставіўся да іншых жанчын з лёгкай пагардай, – закахаўся ў яе з першай сустрэчы і праз тыдзень ажаніўся.
Маладая была прыўкрасная, як Куцеянская маці божая [52] . Доўгія вочы, бровы да скроняў, журботны маленькі рот. Але яна не паспела пакахаць мужа яшчэ і таму, што лічыла ўсё падобнае за грэх. Жэняцца дзеля дзяцей і каб не жыць век аднаму. А жадаць абдымкаў мужчыны, самой ісці насустрач ім – гэта немагчыма. Даніла пасмейваўся, але потым махнуў рукою. Праз год, якраз калі памерла імператрыца, нарадзілася дачка. Загорскі ўжо адзінаццаць месяцаў служыў ганаровым губернскім суддзёй і намерваўся нават падавацца ў вярхі: ён ведаў, што працавітасці і здольнасцей у яго хопіць.
52
Гэтая ікона з Куцейны (пад Оршай) лічылася раней узорам для тых, хто пісаў іконы: “Прыгажосць невыказная”.
І тут на прастол уступіў Павел, якога Загорскі не паважаў і на шэлег, насуперак усяму ўпэўнены, што ён не родны сын Той.
– Падменыш, – пры ўсіх казаў ён. – Зязюліна яйка.
Пачалася вакханалія. Імператар нюхаў падазроных, на Украіне секлі галовы, жанчынам рэзалі раброны, сустракаючы на вуліцы. Як вышэйшая непрыстойнасць, быў забаронены вальс. Палкі маршыравалі з разводу прамым ходам у Сібір. З кулінарных кніг выкрэсліваліся словы аб смажаных парасятах, якіх трэба, “не таміўшы, ставіць на вольны дух”.
Загорскі адышоў ад спраў. Дэманстратыўна заняўся пакланеннем таму, што ён разумеў пад екацярынінскім духам і што на самай справе было якабінствам.
Не дзіва, што на яго нехта склеіў і паслаў у Пецярбур данос. І дастукаўся б, пэўна, Даніла да Сібіры, але тут Паўла задушылі афіцэрскім шалікам.
– Ці далі б вы, пане Загорскі, свой шалік для такой мэты?
– Я ў свайго свінара, Янкі, шыла пазычыў бы, якім ён свінні коле, дый паслаў бы ім. Яны, мяснікі, іншага не варты… Дый ён, свіння, таксама.
На службу ён так і не вярнуўся. Тым больш што і без службы мог адным сваім словам паставіць на сваім, калі бачыў, што хочуць загубіць нявіннага.
Праз чатыры гады пасля смерці Паўла ён прадаў у дзяржаўнае ведамства і прыватным асобам свае паўднёвыя землі, атрымаўшы за іх нешта каля двух мільёнаў, і адразу выдаткаваў трыста тысяч на пашырэнне парку і розныя пабудовы ў сваім вежынскім маёнтку.
Чаго яму было жадаць? Уладар дваццаці тысяч мужчынскіх душ і бясконцых земляў на Магілёўшчыне, радавіты. І, аднак, поўнага шчасця не было. Жонка была прыгожая, добрая, але не кахала яго. Чыстая да святасці, святая да бязглуздасці. Зацяты вальтэр’янец змірыўся б з яе верай, толькі каб яна кахала яго.
Ён хацеў сына ад каханай, “сына кахання”, верачы, што такія дзеці асабліва ўдалыя.
Выпадак памог яму. Палюючы на япрукоў, яны натрапілі на статак іх і конна рынуліся на яго з аднымі дзідамі. Пан Даніла забіў ударам дзіды матку, і тут стары сякач кінуўся на каня і зваліў яго разам з коннікам.
…Загорскага прынеслі дадому непрытомнага, з трыма ранамі. І тут жонка зразумела, што патаемна, сабе не прызнаючыся, кахала яго ўсё больш і больш.
– Божа, каб толькі ачуняў! Божа, каб толькі ачуняў!
Яна цалавала яму рукі. Па некалькі разоў на дзень млела так страшна, што лекары баяліся за яе жыццё. Начамі прастойвала на каленях у малельні, але пры стогне параненага была ўжо ля яго.
– Маці божая, Ісусе найсалодшы! За што? Я дзеля вас яго забыла? Дайце магчымасць акупіць грэх грахом перад вамі.
Параненаму стала горш. І тады Загорская пачала блюзнерыць.
– Што вы можаце! Вы, напэўна, проста не можаце! Нават дзеля мяне! Дзеля той, хто праз вас яго забіў. Лепей ужо з д’яблам… Каб толькі ачуняў! І зірнуць бы на вас не зірнула.