Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I
Шрифт:
Загорскі ачуняў. Зажылі раны. І жонка стрымала слова: перастала і заглядаць у малельню, усю страснасць перанесла на мужа, на яго аднаго.
Пан Даніла ачуняў. Закінуў паляванне. Больш яму нічога не трэба было ад жыцця. Калі яна сама, упершыню пасля пяці год, прыпала да яго, здалося, што сэрца яго разрываецца. А тая, здаецца, з кожным днём рабілася ўсё больш пяшчотная, заўсёды хацела быць побач.
Ды ён, пасля яе хулы на бога, і сапраўды быў апошнім выратаваннем, тым, які абароніць ад цемры ўначы і не дасць злу ўдзень.
У шчасці прайшоў год. Ксені загрубела. Ён быў упэўнены, што будзе сын, і быў спакойны. А яе мучылі жахі, ёй здавалася, што яна памрэ. Цяжарнасць ударыла па хворым, збалелым сумленні той, якая баялася верыць, бо не чакала літасці за свой учынак. Ён супакойваў, цалаваў яе ў вочы і казаў, што ў сына абавязкова будуць такія самыя.
У сына, Юрыя, сапраўды былі яе вочы. Вежа грукатала гарматамі (у Загоршчыне не стралялі, зберагалі спакой парадзіхі). А пану Данілу хацелася абняць увесь свет.
І тут у маёнтак Багданоўскага прыйшлі ўначы салдаты на чале з афіцэрам і арыштавалі старога пана і сыноў, братоў Ксені, за сепаратызм і ўдзел у змове супраць гасудара-імператара і ўлад.
Гэта быў канец. У арышце бацькі яна ўбачыла перст божы. Дарэмна муж казаў, што ўсё натуральна, што ў людзей ёсць права паўставаць, калі ім не падабаецца ўрад, а ва ўрада ёсць права арыштоўваць тых, што паўстаюць. Дарэмна ён казаў, што зробіць усё, каб іх выпусцілі.
– Не, – казала яна, – гэта Ён хоча пакараць мяне.
І яе вочы мёртва глядзелі кудысь.
Загорскі зрабіў немагчымае: сувязямі і вялізнымі хабарамі дабіўся, што Багданоўскіх выпусцілі на парукі і абяцалі апраўдаць. Але не сказаў жонцы, што гэта зрабіў ён.
– Бачыш, іх выпусцілі. Усё добра.
– Так, усё добра, – сказала яна. – Ён літасцівы. Гэта Ён папярэдзіў мяне, каб я рыхтавалася.
Назаўтра ў яе пачалося нешта накшталт запозненай радзільнай гарачкі. Жанчына раставала, як воск.
– Адумайся, – маліў ён. – Не пакідай мяне.
– Што ты, – казала яна. – Ён літасцівы. Я акуплю ўсё пакутамі. А калі не – папярэджу цябе, дзе я, каб ты… потым са мной…
– Не пакідай, – трымаў ён. – Як жа мне тады верыць у людзей і бога?!
– А ты вер, – ціха казала яна. – Ты ведаеш, я ўдзячная Яму. Бо Ён даў мне саграшыць супраць сябе самой. Іначай я так і пражыла б без твайго кахання. А ён даў мне два гады. Няхай тады і пекла ўжо.
– Яна яшчэ дзякуе, – без слёз рыдаў ён. – Ды што ж гэта? Ды што ж гэ-та та-кое-е?!
Плоская, падталая, яна ўсё глыбей апускалася ў пярыны, у шоўк прасцірадлаў.
Калі вусны яе не пакінулі ніякай, нават самай маленькай, плямы на люстэрку, ён пасядзеў трошкі, падумаў, а потым пайшоў у малельню і стаў там перад фамільным вобразам Спаса Цёмныя Вачніцы. Малельня была радавая, і на сценах вісела зброя, па абяцанню пакладзеная пад іконы тымі з Загорскіх, што ішлі ў манастыры.
– Слухай, – сказаў Загорскі спакойна, як роўнаму. – Яна ж верыла ў цябе. Наблюзнерыла з гарачкі, але ўсё ж верыла. Яна верыла, а ты яе так, га?
Абраз маўчаў, распусціўшы па плячах залатыя валасы. Глядзеў цёмнымі вачніцамі, у якіх не было відаць вачэй.
Пагаварыўшы, ён зноў пайшоў у спачывальню і сеў ля яе. Ён сядзеў так і чакаў, аж пакуль старая нянька Яўдоха не падышла да яго:
– Загадаеце паклікаць абмывальшчыц, пане?
Ён узняў вочы і, як быццам толькі цяпер нешта зразумеўшы, махнуў рукой:
– Кліч.
Потым ён вярнуўся ў малельню, стаў перад Спасам і проста, як нябожчык бацька, спытаў:
– Пекла? Ну няхай бярэ дваіх, калі не хацеў…
У руках яго апынулася старая баявая сякіра – гізаўра. І ён раптам пусціў яе проста ў цёмныя вачніцы з такой сілай, што лязо на тры вяршкі ўпялася ў дрэва і затрымцела там.
– Дрыжыш? – спытаў ён. – Ну, дрыжы.
І выйшаў, зачыніўшы за сабою дзверы.
І ўвесь час, пакуль ён, знешне спакойны, хаваў яе, прымаў спачувальнікаў і насіў жалобу, у душы яго жыў нясцерпны гнеў. Нясцерпны гнеў і адно пытанне: “За што?” Яна нічога не зрабіла таму, яна была больш святою, чым святая Вольга, якая кідала людзей у яму, а зверху кідала човен, што трушчыў ім косці… Вось ускладаюць венчык у знак надзеі атрымаць вянец на нябёсах, – а ёй безудзельна абяцалі пекла. За што?.. Вось пасля паніхіды гасяць свечкі ў знак таго, што “жыццё наша, палаючае, як свяча, павінна згаснуць, часцей за ўсё не дагарэўшы да канца”. Але хто ж думае аб канцы ў трыццаць тры гады? Ты, чыя ікона ў яе збалелых празрыстых руках? Ты мог, ты мужчына, ты за ўсіх. А за каго яна? За што?.. Вось служаць адправу, і яе аблічча звернута да алтара. Пры жыцці ты не пускаў яе ў алтар… За што? Яна жанчына. А твая маці не была жанчынай?.. А цяпер не пусціш у царства нябеснае. За што? За тое, што яна блюзнерыла, знемагаючы ад гора і ад любві да чалавека, ад той любві, за якую загінуў ты? “І ў зямлю адыдзеш…” Але не пакінеш быць “вобразам славы Божай”. Калі ўжо такая слава, дык да д’ябла яе…
“Гасподня зямля і іспалненіе яе, сусвет і ўсі жывучыя на ім…”
Няшчасны колас! Няшчасны колас пад невядомым сярпом. Ды і хіба пад адным?.. За што?..
І паколькі на адно гэта пытанне, толькі на адно, не было адказу, гнеў усё нарастаў. У пекла дык у пекла. І ідзі ты з тваёй хвалёнай літасцю, калі ты не мог злітавацца над адной, адной-адзінай сваёй авечкай. Не над ваўком, над авечкай. Можа ж быць так, што і авечка, ратуючыся, паспрабуе ўкусіць? Дык ваўкам дазволена кусаць безліч разоў, а яна паспрабавала адзін раз, і яе за гэта – касой па горле.
…Малельня была забітая, поп выгнаны ў Мілае, у старую царкву-крэпасць, самую непрытульную і сырую з усіх цэркваў, якія былі ў яго ўладаннях. Хутка туды ж накіраваліся і папы з Вежы, Святога і Вітахмо.
– Буду плаціць вам удвая, абы духам вашым не смярдзела бліжэй чым за дваццаць вёрст.
Ён ненавідзеў папоў, ненавідзеў цяпер бога, ненавідзеў салдат і жандараў, тых, ад якіх тхнула потам, даносам і крывёй, тых, якія арыштоўваюць людзей за настроі і гэтым зводзяць у магілу стварэнне, якое нікому не прычыніла зла. Ён ненавідзеў маладога цара, які зрабіў так, што людзей, дваран, якія адказваюць за свае палітычныя погляды, хапаюць у іхняй крэпасці.
Ён закамянеў. Ён песціў дачку, адараў грашыма, уборамі, каштоўнасцямі. І зусім не цікавіўся, што яна там робіць на сваіх балях. Ён ведаў, што ёй належыць дзве тысячы душ і што знойдзецца прыстойны чалавек, які будзе кахаць яе. Што можа знайсціся і непрыстойны, ён не падумаў. Дачка ўцякла з маладым афіцэрам размешчанага ў Сухадоле палка…
Пан Даніла цяпер спаў удзень, а ўначы чытаў, моўчкі гуляў па парку або слухаў у музычным павільёне “Рэквіем” Моцарта. Заўсёды адну і тую ж частку, “Лакрымоза”. Граў, седзячы за глухой шырмай, арганіст, якога прывезлі з Сухадола. Пан слухаў з сухімі вачыма. Парушаць яго спакой баяліся і таму абвясцілі аб уцёках дачкі позна.