ЖАНРЫ

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

– Могуць не даць. Тут ужо – зрабіў дый стрэлу чакай.

– Вось так яно і ёсць.

Яны ішлі, абняўшыся за плечы.

– Як з маёй просьбай? – спытаў Кастусь.

– Я пагаварыў з усімі хлопцамі “Чартапалоху і шыпшыны”. Я кім пагаварыў, каму і напісаў. Хлопцы думаюць па-ранейшаму. “Братэрства” не распалася.

– Як добра!

– Мсціслаў, Пятрок Ясюкевіч, Мацей Біскуповіч, Усяслаў Грыма... ну, і я. Мы ўпяцёх узяліся за людзей, якіх ведалі. Разумееш, у хлопцаў справа пайшла весялей. А ў нас з Мсціславам нешта цяжка. Адчуваю: перашкаджае нешта. Ведаю, свой чалавек, з якім гавару, а ён муляецца ды ўсё некуды нібы хаваецца.

– Што, мяркуеш, прычынаю?

– Мяркую, у Прыдняпроўі ёсць яшчэ адна арганізацыя. І вялікая. Шмат людзей яднае... Нехта рыхтуе вялікі закалат... Нехта бунт рыхтуе.

Памаўчаў.

– Доўга думаў, хто мае дачыненне. Вырашыў глядзець, хто з сумленных людзей, з тых, хто бачыць падлейшую нашу сучаснасць, а ходзіць вясёлы і бадзёры. Бачу: Раткевіч Юллян, Біскуповіч Януш, іншыя. А гэта ўсё людзі Раўбічавага кола. Успомніў адну падзею, на якую ў той час не звярнуў увагі. I займеў вялікае падазрэнне, што не абыходзіцца там і без пана Яраша.

– Пагаварыў бы.

– Нельга, Кастусь... Смяртэльныя мы ворагі з Раўбічамі.

– Ты што? З панам Ярашам, з Франсам?

– Але...

– Ды ты што? Ды ты як? А Майка?

– Цяпер памірыліся цішком. Ніхто нічога не ведае.

Кастусь схапіў яго за плечы і патрос:

– I ты думаў, што вы нарабілі?! Ах, шкада якая! Ах, які жаль! – Кастусь, як заўсёды ў хваляванні, гаварыў цяжка, з запінкай, блытаў словы.

– До аб гэтым, – сказаў Алесь. – Паспрабуем самі потым разабрацца. Дык вось, гаварылі мы з хлопцамі многа. Між іншым, і з тымі, што за нас тады заступіліся. Выбіралі вельмі асцярожна. Рафал Ржэшэўскі згадзіўся. Яшчэ хлопцы... Сашка Волгін згадзіўся. Доўга думаў. А потым кажа: “Мне, хлопцы, акрамя вас, дарогі няма”.

Хлопцы ішлі праз светлую, празрыстую ноч.

– Колькі ў вас людзей? – спытаў Каліноўскі.

Алесь дастаў з кішэні сшытак без вокладкі.

– На... Мы пакуль што з'ядналі ў гурт сто шэсцьдзесят чатыры чалавекі.

– Надзейныя?

– Да канца, – вельмі ціха сказаў Алесь. – На жыццё дык на жыцце, а калі на смерць, то і на смерць.

– Я веру, што ты – да канца, – пасля доўгага маўчання сказаў Каліноўскі.– Ты павінен ведаць усё, дружа. Толькі ўлічы: пасля таго, што я табе зараз раскажу, дарогі назад не будзе... У нас ёсць свая арганізацыя, “накшталт зямляцтва”. Гэта – для іншых. Назва “Агул”. Гэта палякі з усяго захаду, нашы беларусы, літоўцы. Трохі менш людзей з Інфлянтаў. Скажам шчыра, зусім мала ўкраінцаў. Колькасць членаў-студэнтаў нешта каля пяцісот чалавек. Людзі розныя. Адны проста за паўстанне заняволеных, другія – за нацыянальны рух, трэція – за аўтаномію... Вонкава дзейнасць зямляцтва заключаецца ў самаасвеце і дапамозе бедным студэнтам. Таму ёсць свая каса, узносы, свая бібліятэка. Грошы сапраўды ідуць незаможным. З бібліятэкай больш складана. Там забароненыя творы Міцкевіча, Лелявеля, нашы ананімы, руская патайная літаратура. Герцэн, напрыклад, амаль увесь. I “Дылетантызм”, і “Лісты”, і амаль усе зборнікі “Полярной звезды”, а з гэтага лета і “Колокола”. Ну, а потым – Фур’е, немцы, іншыя... Шмат чаго ёсць. Тыя людзі, якія карыстаюцца гэтай часткай бібліятэкі, – ёсць ядро. Не думай, што трапіць так лёгка. Наогул, у нас тры ступені. Пяць членаў “Агула”, якія добра ведаюць адзін аднаго, рэкамендуюць у “Агул” чалавека, за якога могуць паручыцца... Пяць чытачоў падспуднай бібліятэкі могуць рэкамендаваць у яе чытачы таго з членаў “Агула”, якому яны вераць і якога ведаюць. Я гаварыў пра цябе. Сябры з верхняй рады пад маю асабістую паруку дазволілі мне, мінаючы ступень “Агула”, увесці цябе непасрэдна ў склад асабліва давераных. Я расказаў пра цябе як на духу. У нас не хапае людзей. Асабліва з Прыдняпроўя... Мы ставім цябе на асобае становішча чалавека, аб удзеле якога ў верхняй радзе амаль ніхто не будзе ведаць.

– Дазвольце спытаць, чым абавязаны?

– Цалкам наш. Не крыўдуй, я таксама быў у такім становішчы. Яшчэ і цяпер мяне ведаюць менш, чым іншых. Такому лягчэй звязваць людскія ніці ў адну сець. Ты і яшчэ некалькі чалавек будуць як рэзерв на выпадак правалу асноўнага ядра. Улічы, што табе вельмі вераць. Я сказаў, што ты думаў аб перавароце і пачаў рабіць першыя крокі да яго на некалькі год раней за мяне.

– Ну, што ты...

– Маўчы. Дык вось. Трэцяя ступень. Гэта скарбнік, бібліятэкар агульнай бібліятэкі, яшчэ два члены і бібліятэкар падспуднай бібліятэкі...

– Гэта хто?

– Я... А ўсяго, значыць, пяць. Гэтыя пяць складаюць верх “Агула”, ніхто не ведае, што ён ёсць. Наверсе толькі агульны бібліятэкар і скарбнік. Як усюды. Скарбнік і бібліятэкар маюць права рашаючага голасу. Але гэта ва ўсіх зямляцтвах так. На самай справе наша пяцёрка рэкамендуе людзей, да якіх прыгледзеліся, сувязному. Той займаецца з рэкамендаваным асабіста. Дае яму кнігі, спрачаецца па розных пытаннях і, падрыхтаваўшы, рэкамендуе далей.

– Гэта Віктар, – сказаў Алесь.

– Чаму так думаеш?

– Хто ж яшчэ можа лепей кіраваць чытаннем, раіць, якую кнігу чытаць?

– Маеш рацыю. Тут не толькі я, тут большасць абавязана яму... Выбраныя ім людзі трапляюць у гурток, назва якому, для дурных, “Літаратурныя вечары”.

– I ў гэтым гуртку ты, Віктар і яшчэ з тых, каго я ведаю, бадай, Валеры.

– Тфу ты, чорт, – сказаў Кастусь. – Ішоў бы ты на месца Пуціліна [25] , кучу грошай зарабіў бы.

– Кінь, Кастусь, я проста цябе ведаю. Я проста сем год пражыў са старым Вежам. А гэта, брат, школа. Ну, што “Вечары”?

25

Пуцілін Іван – наглядчык маскоўскай паліцыі, пазней начальнік вышукной паліцыі ў Пецярбургу. “Рускі Шэрлок Холмс”.

– Ты трапіш туды. Спадзяюся, хутка. Людзі там выключныя. Па-першае, галава: Зыгмунт Серакоўскі. Пра гэтага я табе пісаў. Сем год ссылкі, сем пядзяў у лбе, сем дабрачыннасцяў. Пра астатніх пакуль не трэба. Сам убачыш. Дый кола іхняе ўвесь час пашыраецца.

– Палякі?

– Розныя.

– Што думаюць пра нас?

– Частка думае вось так. Паўставаць – разам. Лёс Беларусі і Літвы – плебісцытам яе жыхароў. Значыць, або самастойная федэрацыя, або аўтаномія ў межах Польшчы, палітычная і культурная. Як скажа народ. Урублеўскі, напрыклад, лічыць, што плебісцыту нельга дапусціць ні ў якім разе пры цяперашняй слабой народнай самасвядомасці. Ён так і кажа, што проста Польшчы трэба адмовіцца ад правоў на Беларусь і Літву, паколькі ў свой час дваранства страшэнна скампраметавала самую ідэю такога саюза. Добрыя суседзі, браты – вось і ўсё.

– Чаму ты кажаш “частка”? – спытаў Алесь. – Хіба ёсць такія, што іначай думаюць?

Каліноўскі спахмурнеў.

– У тым і справа, што з самага пачатку існуе пагроза расколу. Я кажу: лепей з самага пачатку ад

згоднікаў, шавіністаў, патрыётаў ад касцёла і розгі – вызваліцца. Распусціцца для выгляду, а потым – верным і чыстым – ткаць сцяг нанава. Прынамсі, еднасць.

– Па-мойму, верна.

– Зыгмунт пратэстуе, – са скрухай сказаў Кастусь. – Залішняя вера ў суседа, залішняя даверлівасць.

– Хто б вінаваціў, – сказаў Алесь. – І ты не лепшы.

– Што? Праўда хіба? – спалохаўся Кастусь.

– На жаль, праўда.

– Разумееш, са свайго боку Зыгмунт мае рацыю. Занадта нас мала. Калі выкінуць іх – астанецца нас купка. І потым, да пэўнай мяжы нам з імі ісці адной дарогай. Мы за волю, яны за незалежнасць.

– А потым што – здрада?

– Я і кажу. Эдвард Дэмбоўскі [26] разумеў паўстанне як трэба. Перш за ўсё воля і роўнасць усіх людзей. Але мы пакуль што вымушаны ісці на саюз з імі. Мала нас. Ах, чорт, мала!

26

Глава кракаўскай рэвалюцыі 1846 года.

– Хто яны?

– Белыя. Так мы іх называем. “Ах, радзіма! Ах, веліч! Ах, слава!” Знаеш, нашто ім бунт? Каб прывілеяў сваіх не згубіць, каб да ўлады дарвацца.

– Досыць паскудна.

– Спяць і ў сне бачаць свайго караля, сваіх айцоў царквы, свае прыёмы, балі, сваю паліцыю, сваіх катаў на айчынных эшафотах. Хоць паршывае, ды сваё.

– Песня знаёмая, – сказаў Алесь. – Лізагубава песня. Дый сёння я яе чуў.

– Дзе?

– Ад Яманта. Не падабаецца мне Ямант, Кастусь.

– Ну, Яманта да іх не мяшай. Ямант ідэаліст.

Поделиться с друзьями: