ЖАНРЫ

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Пасля гэтых работ Сразнеўскі глядзеў на Алеся толькі з пяшчотай.

– Мой Веніямін, – казаў настаўнік калегам. – Самы малады і самы таленавіты. Божа мой, як падумаеш, колькі ён паспее зрабіць!

– Ён можа нічога не паспець, – змрочна сказаў Благавешчанскі, знаўца рымскай літаратуры і гісторыі. – Глядзіце за Веніямінам, Ізмаіл Іванавіч. Каб гэты Веніямін палітыкай не зацікавіўся. А гэта ў нас ведаеце чым канчаецца?

– Адкуль такія весткі, Мікалай Міхайлавіч?

– Выпадкова чуў, як ваш Веніямін расказваў такую гісторыю... Будачнік пачуў, як на вуліцы чалавек сказаў: “Дурак”. Падбег, схапіў яго за каршэнь і пацягнуў ва ўчастак. Той супроціўляецца, крычыць: “ За что?!” А будачнік яму: “Знаем мы, кто у нас дурак”.

– Ну, што вы. Ён жа малады. У таленавітых ды маладых – гэта ўжо заўсёды! – язык. Супраць гэтага і вальтэр’янцы нічога не гавораць.

– Вальтэр’янцы, можа, і не гавораць, а вось з... абавязкова скажуць.

Сразнеўскі здзівіўся грубаму слову. Мікалая Міхайлавіча за далікатнасць і вытанчаныя манеры ўсе называлі маркізам дэ Благавешчанскім.

Мабыць, дапякло і яму.

Сразнеўскі адмахнуўся ад гэтых думак. Чалавек ліберальны і, ад дабрыні, памяркоўна набожны, схільны верыць у маральны кодэкс усіх “добрых рэлігій”, чалавек, улюбёны ў сваю святую справу, ён не дапускаў, што такі бязмерна таленавіты, цікавы і ўчэпісты даследчык так вось возьме і схопіцца за тую палітыку.

І ён па-ранейшаму вылучаў Алеся. А калі той даў яму наступную, ужо даволі вялікую работу: “Прыдняпроўскія песні, паданні і легенды аб вайне, мяцяжу, рэлігійнай і грамадскай справядлівасці. Вопыт даследавання мэты [28] , сродкаў і мовы”, гэты саракашасцігадовы чалавек запрасіў Алеся да сябе і доўга глядзеў на яго разумнымі стомленымі вачыма. Вочы былі трохі вільготныя.

– Вы, спаядзяюся, дазволіце мне пазбегнуць у адносінах да вас звароту “милостивый государь”, – са старамоднай галантнасцю сказаў прафесар.

28

Пад словам “мэта” ў той час разумелі тое, дзеля чаго напісана кніга ці карціна, праспявана балада ці песня, – гэта значыць ідэю.

– Я спадзяваўся на гэта даўно.

Сразнеўскі гартаў лісты работы.

– Хлопчык мой, – сказаў ён. – Я не люблю празмерных пахвал. Але вы зрабілі незвычайнае. Вы адкрылі “вялікае Чыпанга”, як Марка Пола. Адкрылі новы, нязнаны свет. Адкрылі, магчыма, цэлы народ. Няўжо яны былі такія?

– Якія, пан прафесар?

– Усе ж кажуць аб крайняй забітасці, затурканасці, выраджэнні нашага краю.

– Гэта ёсць. Але ў гэтых выказваннях больш палітыкі, чым праўды.

– Як?

– Трэба было давесці, што народ вынішчалі, што толькі под эгідай Мікалая Раманава, Уварава і Аракчэева ён атрымаў магчамысць дыхаць.

Прафесар трохі спалохаўся. Благавешчанскі ў чымсьці меў рацыю.

Лінгвістыка не ведае палітыкі, мой друг.

– Лінгвістыка – гэта значна больш палітыка, чым усё натуразаўства. Не, народ не забілі. Ён жыве і чакае шчасця. І будзе жыць, як бы цяжка яму ні было... А наконт забітасці мяркуйце самі. Ладымер [29] едзе ламаць хрыбты крымчакам, восковая дзека розумам пабівае князя Ганю, мужык Ваўкалака піша на лубе лісты да каханай, таксама мужычкі, Любка з Копанога Рова, што пад Крычавам, звычайная дзяўчына з месца, грае ў шахматы з “царом чорных і рагатых” Рабедзяй і выйграе ў яго палонных. Або легенда аб лебядзінай келлі, ці аб явары і белай бярозе. Памятаеце, на магілах юнака і дзўчыны, раздзеленых царковой:

29

Тут і далей размова ідзе аб героях беларускага фальклору.

Дзесьці мае дзеці ў любові жылі. Раслі, раслі, пахіліліся, Цераз цэркву сушчапіліся.

Чаму “Трыстан і Ізольда” – адзнака вялікіх сіл, а гэта – прыкмета забітасці?

Памаўчаў:

– Так, быў і прыгнёт. Але прыгнёт нараджае не толькі рабоў. Са слабых – магчыма. Але з моцных ён нараджае волатаў.

– Сразнеўскі задумаўся. Відаць, хацеў быў паўшчуваць за небяспечныя думкі, але раздумаў. Схаваў твар у далонях. Потым апусціў далоні.

– Якія гордыя, моцныя і страшныя людзі! Якая страсная прага справядлівасці! Як гэта там, у вас?

А вайна была, вайна была, А ніўка зялезнай карой парасла, Зялезнаю, крываваю, Сталёваю, іржаваю.

І гэта – як дуды раўлі! І як тройчы стрэліў і на трэцім стрэле “сэрца стрэльбы разарвалася”! Што ж гэта, хлопчык?! Ці во гэта... Не, гэта:

А ўжо ж бяроза завіваецца, Кароль на вайну збіраецца. А ў каго сыны ёсць, дык высылайця, А ў каго няма, дык хоць наймайця.

І як за волю сцяг трымалі. А Ляўшун граў у рог. А Грышко Пакубяціна падскакаў і ўдарыў па медным горле, што спявала, кулаком. І воля

...Зубамі падавілася, Крывёю захлынулася.

А потым рог павезлі ў перакідных хустах, а ён сам граў. А? Як гэта?

Памаўчаў.

– Гэта – схавай. Маеш рацыю: надрукаваць гэта нідзе не надрукуюць, а людзей насцярожыш.

– Я гэтага і хачу.

– А я хачу, каб наступнай зімою, калі датэрмінова здасі экзамены за універсітэцкі курс – гэта стала тваёй дысертацыяй на кандыдата. З налёту іх возьмем. Каб не апамяталіся.

І Алесь убачыў малады, свавольны агеньчык у вачах прафесара. Не, проста ў вачах ціхмянага і добрага, але сумленнага чалавека.

Сразнеўскі раптам сказаў:

– Я не хачу, каб табе было цяжка.

– Чаму мне павінна быць цяжка?

– Ну вось гэтыя погляды. Непазбежнасць вайны за іх.

– Для мяне гэта не цяжар.

– І крайняя незалежнасць думкі, і рэзкасць, і тое, што ты адзін.

Паўза была доўгая і цяжкая. Потым прафесар ціха спытаў:

– Ты не верыш у бога, хлопчык?

– Чаму вы так думаеце?

– Ну вось гэтыя твае думкі. Спачатку вайна за волю, мяцеж за яе, страшны бунт Ваўкалакі, Вашчылы, Машэкі, Ляўшуна, Дубіны, Сымона-аршанца [30] . Дзіды, стрэльбы, бунчукі, страшныя, страсныя, жывыя людзі. І толькі потым рэлігійны рух, рэлігійныя паўстанні. Мяцеж віцяблян, Юр’ева ноч і “мост на крыві” [31] ў Воршы. Дый тое ты даводзіш, што біліся не за бога і рэлігійную справядлівасць, а за чалавека і справядлівасць грамадскую... І потым, гэтыя твае словы, што “рэлігія – справа дзесятая”.

30

Легендарныя і гістарычныя беларускія героі-паўстанцы.

31

Месца сутычак бедных і багатых у Оршы.

Алесь некаторы час маўчаў, пакусваючы суглоб указальнага пальца.

– Вы маеце рацыю, – урэшце сказаў ён. – Я не веру. Як сказаў нехта, не адчуваў дагэтуль патрэбы ў такой гіпотэзе. То бок, не кажу, што зусім пакідаю замест усяго гэтага пустое месца. Я хутчэй уяўляю яго сабе як нешта, з чым трэба весці спрэчку.

– Гэта і ёсць бог. Шначай ты не быў бы чалавекам. Памятаеш, як Іакаў усю ноч змагаўся з кімсьці, у каго не было аблічча?

– Калі я думаю, хто я, нашто, адкуль мы прыйшлі, куды мы ідзем, што такое наш свет, ці не атам ён нейкага арганізма, якому зараз дрэнна і які таксама частка чагосьці большага, і што ёсць там, за апошняй мяжой, пра якую мы не ведаем, – я адчуваю патрэбу ў кімсьці большым, хто растлумачыў бы, і веру ў тое, што ён ёсць. Гэта ад слабасці і няведання. Але нават у той час, калі я веру, я ведаю, што гэта не Хрыстос, не Ягова, не Магамет і не Буда. Гэта проста нешта вышэйшае, чаго я не магу дасягнуць. Даводзіў жа хтосьці з новых, што сусвет, разам з Млечным Шляхам і іншымі зорнымі астравамі, мае форму вялікага сэрца, якое ўвесь час пульсуе. Магчама, гэта сэрца таго, нязнанага. Мы так мала ведаем! Але, ва ўсякім разе, гэты вялікі ўладар сэрца не “всеблагий” , калі дазваляе тое, што адбываецца вакол... А можа, гэта ад яго і не залежыць. “Сусвет-сэрца...” Калі я гляджу на курчы і пакуты гэтага свету, на тое, як трапеча і задыхаецца кожная жывая плоць, – мне здаецца, што ў гэтага “сэрца” вось-вось будзе разрыў.

Поделиться с друзьями: