ЖАНРЫ

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

З Серакоўскім, вакол шахматнага століка, сядзела пяць чалавек. Два нібыта гулялі, хоць партыя даўно была забыта, астатнія нібы глядзелі, хоць глядзець не было на што, хіба толькі на тое, як адзін з ігракоў нахіляў фігуркі і адпускаў і кожны раз нібы здзіўляўся, што яны ўстаюць на “ногі”, бо ў донца кожнай заліты свінец. На тым, што гуляў фігуркамі, быў сціплы чыноўніцкі сурдут: ён служыў на чыгунцы і нават з аблічча быў тыповы служачы – ціхі, сціплы, светлавалосы, з трохі вінаватай усмешкаю. Ніхто не мог бы падумаць, што погляды гэтага чалавека схіляюцца часам ледзь не да анархізму.

– Кінь, Ільдэфонс, раздражняе гэты стук, – сказаў яму партнёр, чалавек з рэзкім уладным абліччам. – Будзем гуляць ці не?

– Відаць, не, – змяшаў фігуркі служачы. – Зараз зноў пачнецца размова. І зноў ты будзеш бараніць ідэю шляхецтва, велічы Польшчы. Ізноў мы з табою будзем лаяцца, Людвік. І Загорскі унь пакліча на дапамогу філалогію, а Віктор – гісторыю, а Кастусь – сацыялізм. І накладзе табе гэтая беларуская тройца па самае дзесятае, а я памагу.

Алесь усміхнуўся. Ільдэфонс Мілевіч і Людвік Звяждоўскі сябравалі, але заўсёды лаяліся між сабою. Звяждоўскі шмат у чым, нават у беларускім і ўкраінскім пытанні, кідаўся да белых, і Алесь толькі таму верыў гэтаму афіцэру ў бліскучым мундзіры, што бычыў яго чысціню і поўную адданасць справе. Была ў Людвіку шчырасць памылковай думкі. Была прага ў кожную хвіліну аддаць жыццё.

– Уладзю, – сказаў Людвік. – Барані.

Адзін з гледачоў быў бадай страшны абліччам. Як Марат. Жоўты, як у хворых на печань, колер скуры, чорныя і жорсткія, як конская грыва, валасы. Шырокі і вельмі грубы плоскі твар, вузенькія шчыліны калючых вачэй.

Чалавек гэты быў інжынер-пуцявік Уладзіслаў Малахоўскі.

– Не буду, – сказаў ён Людвіку. – Вас трэба хутчэй выхоўваць. Бо каб не давялося вас вешаць.

Другі афіцэр, побач з ім, быў цёзка Серакоўскага, Зыгмунт Падлеўскі. Ніхто тады яшчэ не мог прадбачыць ягонага лёсу. Проста ведалі, што чалавек ён цвёрды.

Затое нельга было не звярнуць увагі на апошняга з гледачоў. Сухі і прыгожы польскі твар, цвёрдыя мускулы на худых шчоках, вострыя невялікія вусы, стрыманасць у падабраным цвёрдым роце. І вочы як вугалі. Тлеюць суровым і добрым агнём.

Зацягнуты, як і Серакоўскі, у мундзір афіцэра Генеральнага штаба, увесь наліты спакойнай, але ў кожную хвіліну здольнай на імпэт сілай, ён сядзеў нібыта, нічога яго не датычылася, але чуў усё.

Звалі афіцэра Яраслаў Дамброўскі. Ён хутка быў прыкмечаны ў арганізацыі і стаў адным з яе кіраўнікоў.

У невялікім пакойчыку сядзела амаль ў поўным складзе кіраўніцтва нелегальнай арганізацыі.

– Што ж, – сказаў Дамброўскі. – Адпачылі ад крыку – бадай, час пачынаць... У гаспадара вось-вось госці збяруцца. Пачынай, грамадзянін Зыгмунт.

– Падсумуем, – сказаў Серакоўскі. – Сённяшняе пасяджэнне “левіцы” і “цэнтра” нашай арганізацыі аднагалосна згадзілася з тым, што дасягнуць нашай мэты, гэта значыць волі і дэмакратыі, нельга іначай, чым праз паўстанне.

Загорскі ўбачыў, як Кастусь схіліў галаву.

– ...Таму што дабіцца чаго-небудзь лаяльнымі шляхамі ў паліцэйскай дзяржаве немагчыма. І, акрамя таго, нездавальненне народаў Польшчы, Літвы і Беларусі гнюснай палітыкай імператара і ягонай камарыллі пераходзіць у ярасць. Цярпець далей ярмо мы не можам. Кожная лішняя гадзіна рабства разбэшчвае слабых і ганьбіць моцных... Таму з сённяшняга дня мы павінны зяпэўняць усіх, што без паўстання...

– Без рэвалюцыі, – сказаў Віктар.

– ...справа не абыдзецца... Акрамя таго, “левіца”, якую падтрымлівае частка “цэнтра”, прапануе, каб сацыяльная перабудова грамадства ішла побач з вызваленчым паўстаннем. Асноўныя іх тэзы: поўная раўнапраўнасць усіх грамадзян, уся зямля – сялянам, мова – народам. Прапанову ўнесла беларуская група рады ў складзе грамадзян братоў Каліноўскіх, грамадзян Вярыгі, Зянкевіча, Малахоўскага, ад імя якіх абвясціў прапанову складальнік яе, сакратар групы, грамадзянін Загорскі... Прапанову падтрымалі большасцю галасоў, хоць, улічваючы думку “правіцы” ў Пецярбургу, Вільні і Варшаве, трэба думаць, што яе праваляць.

Добрае, трохі разгубленае аблічча Віктара перасмыкнулася. Алесь перавёў вочы на змрачнаваты цёмны твар Кастуся. Кастусь знізаў плячыма, нібы сказаў: “Ну і што? А трымацца гэтага ўсё адно трэба”.

– Пачынаем апошнюю сённяшнюю праблему. Праблему аб нацыях так званых ускраін. Пытанне гэтае можна сфармуляваць так: “Воля ўскраінам. Самавызначэнне іхнім народам”. Яно абмяркоўваецца строга сакрэтна, і таму члены рады не павінны дыскутаваць яго сярод іншых, каб заўчасна не заводзіць звад. Уласна кажучы, увод нашага рашэння ў дзеянне адбудзецца толькі ў час паўстання і пасля яго перамогі.

– То нашто абмяркоўваць? – спытаў Звяждоўскі.

Пытанне ставяць таварышы з украін, – растлумачыў Зыгмунт. – Каб ведаць загадзя, на якіх умовах яны будуць змагацца поплеч з намі.

– На фарпосце паўстання, – удакладніў Вярыга. – Бо калі хто першы і атрымае свінцу, то гэта мы.

– Якія ўмовы? – спытаў Ямант.

– Поўная воля беларусам і літоўцам самім вырашаць свой лёс, – сказаў Алесь.

– Федэрацыя? – спытаў Дамброўскі.

– Магчыма.

– Незалежнасць? – спытаў Падлеўскі.

– Народы вырашаць гэта самі.

– Якія народы? – быццам непаразумела спытаў Авейдэ.

– Грамадзянін глухі? – спытаў Хвэлька. – Беларусы і літоўцы. Дзе нацыі, якія жывуць на землях...

– Якая беларуская нацыя? – спытаў Ямант, удаючы недасведчанасць.

– Ніколі не чуў? – спытаў Алесь.

– Чаму. Я чуў і аб беларусах і аб літоўцах, але заўсёды лічыў іх галінамі польскага племені. Мова – дыялект польскай.

– Ты б паспрачаўся аб гэтым з шаноўным панам нябожчыкам Уваравым, - іранічна сказаў Віктар. – А мы тым часам займаліся б сваёй справай. Нам вашу лухту слухаць няма часу.

Зграбныя, доўгія Віктаравы пальцы трымалі невялічкую няяркую кніжку ў папяровай вокладцы.

– Я заўсёды лічыў, што гэта дыялект непісьменных, – сказаў Ямант.

У той жа момант кніжка пляснулася яму на калені.

– Дыялект непісменных, – сказаў Віктар. – На, панюхай, гэта “Дудар беларускі” Дуніна-Марцінкевіча.

– Не бачу ў гэтым асаблівай небяспекі.

– А Кукальнік [34] бачыць. Вясной забараніў яго паэму “Халімон на каранацыі”.

– Гэта яшчэ не доказ, – Ямант адкінуў кнігу на сафу. – Адзін паэт – гэта не нацыя.

34

Царскі цэнзар.

– Ва ўсякім разе, рана яшчэ гаварыць аб нейкай асобнасці, – сказаў Звяждоўскі. – Нічога не зроблена вамі, хлопцы. І, я мяркую, паколькі пачатак вашага племені вядзецца здаўна – ёсць у вашым характары нейкая хіба. Нічога не зрабіць за семсот год – гэта трэба ўмець. А калі няздатныя – падпарадкоўвайцеся.

Алесь спалохаўся, убачыўшы твар Віктара. На запалых шчоках, плямамі, нездаровая чырвань, дрыжаць вусны, гараць з-пад чорных брывоў сінія, з залатымі іскрамі вочы.

...У наступную хвіліну старэйшы Каліноўскі накінуўся на апанентаў. Ён сек, хвастаў, не пакідаў каменя на камені, не даваў дыхнуць.

Поделиться с друзьями: