Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II
Шрифт:
Паэт глядзеў на іх, схіліўшы галаву, вялікімі, цёмнымі ад паўзмроку вачыма.
VIII
Вялікая аўдыторыя універсітэта выбухнула смехам. Трохі падслепаваты, яшчэ ў вельмі сярэднім веку, Платон Рунін палічыў, што гэта вынік яго чарговага жарту, і з асалодай паўтарыў яго:
Так яны і сказалі, келар Арсен, скарбнік Снетагорскага манастыра Іона і ігумен Марцірый. Ворагі здольваюць, лезуць, а яны: “Не бойсь, праваслаўныя. Маці божая ідзе на дапамогу!”. Хіба вы не бачыце ў гэтым кранальнай прастадушнасці, нязломнай веры і баганоснасці, якой вызначаюцца славяне? Адзіная душа ў свеце асталася неразбэшчанай ідэямі гнілой дэмакратыі і пачварнымі поглядамі на аднолькавасць людзей – не перад богам, не, а тут, на зямлі! Гэта душа славяніна! Скажыце, хіба ёсць на свеце яшчэ нешта, акрамя гэтай душы, хіба ёсць яшчэ нешта, здатнае супрацьстаяць брудным патопам, што разліваюцца па зямлі?.. Каламутным хвалям мусульманскага, гальскага, аўстрыяцкага, польскага, жыдоўскага мора?! Няма!.. “Не бойсь, праваслаўныя. Маці божая ідзе на дапамогу!”.
Аўдыторыя зноў ухвальна зашумела і выбухнула смехам. Рунін зразумеў гэта так, што знайшоў ключ да душы большасці студэнтаў. Звычайна напаўпустая аўдыторыя сёння не мела ніводнага вольнага месца. Прафесар глядзеў на бясконцы амфітэатр і бачыў, як праз вэлюм, ружовыя плямы абліччаў.
…Рогат каціўся пакуль што яшчэ нясмелымі хвалямі. Студэнты ўрэшце пачыналі разумець, чаму сёння па бясконцых калідорах універсітэта хадзілі тры хлопцы з падазрона спакойнымі тварамі і шапталі: “На лекцыю Руніна... на лекцыю Руніна...” Ля дзвярэй у маленькі пакой, што вышэй лавак, на антрэсолях стаяў студэнт, прыкрываючы дзверы спіной. Чацвёрка нешта задумала і здолела, відаць, захаваць таямніцу, бо наглядчыкі нават не заходзілі ў нязвыкла набітую аўдыторыю.
З цікаўнасці прыйшлі людзі і з другіх факультэтаў. Чакалі – і не памыліліся ў сваім чаканні.
Нядаўна праз Руніна з воўчым білетам выгналі з універсітэта трох студэнтаў: рускага і двух палякаў. Выгналі за глупства, за звычайнае і нават не вельмі разумнае свавольства. Павярнулі справу так, нібы хлопцы блюзнерылі.
Студэнты – хто з лаянкай, а хто і смеючыся – прапаноўвалі самыя розныя планы помсты: пачаставаць англійскай соллю перад лекцыямі; прымусова на працягу трох тыдняў карміць абедамі са студэнцкай кухмісцерскай; наставіць яму рогі з маладзенькай і дурной жонкай...
Пасмяяліся і забылі. Выключаных не вернеш. І каму ахвота звязвацца на сваю галаву?
Традыцыйнасць і высакародны кансерватызм вераванняў, звычаяў, вопраткі, псіхікі, спосабаў весці гаспадарку... нават такіх, здавалася, дробязей, як кухня і побыт, – вось па чым пазнаюць славяніна. І таму славяне ад Лабы да Чарнагорыі, ад Баўцэна да Камчаткі павінны зліцца ў адзін народ пад уладай сіяцельнага дому Раманавых.
Аўдыторыя ашаломлена сціхла. Рунін вырашыў, што яе ўразіла навіна гэтай даўно спарахнелай ідэі.
Дык вось... Славянскі кансерватызм ёсць самая высакародная, замілавальная і прыемная з’ява на зямлі...
Такога маўчання, якое запанавала пасля гэтых слоў, напэўна не бывала ў будынку “дванаццаці калегій” [35] з самага дня яго пабудовы. Усе рады амфітэатра глядзелі ў бок дзвярэй.
Уражана разяўленыя раты, круглыя вочы.
З дзвярэй з’явіліся “кансерватыўныя славяне”. Іх было два, і кансерватыўныя яны былі да замілавання і глыбокай прыемнасці.
35
Будынак Пецярбургскага універсітэта быў спачатку пабудаваны як памяшканне “дваццаці калегій”.
У вышываных зрэбных кашулях, падпяразаных паясамі, у шарачковых портачках і новых бялюткіх анучках, светлыя тварам і валасамі, яны спускаліся сходамі на сярэдзіну амфітэатра да пяці вольных месцаў, якія чамусьці ніхто не заняў, і на іхніх нагах пераможна рыпелі пахучыя і навенечкія лубяныя лапці.
На лакцявых сугібах віселі зялёныя вярбовыя кашы з накрыўкамі, на паясах – грабянцы, крэсівы і дошчачкі, якія ўжываюць у глухіх мазурскіх вёсках, калі чэшуць галаву.
Шэравокія, светлавалосыя, іканапісныя, з вішнёвымі вуснамі і ненатуральна ружовымі шчокамі, яны вельмі нагадвалі аперэтачных пастушкоў.
...Нараджэнне панславісцкай ідэі наспела, – кідаў палымяныя словы падслепаваты Рунін. – Дальнабачнасць гэтай ідэі і пашырэнне яе сведчаць аб тым, што славянам даўно час заняць першае сярод усіх месца, належнае месца...
“Славяне” ўрэшце занялі “належнае месца”, шырока рассеўшыся на вольнай лаве.
Усе вакол сядзелі, як аглушаныя, не ведаючы, што рабіць.
Алесь і Грыма, як па камандзе, адчынілі вечкі кашоў, збіраючыся, відаць, “усмоктваць мудрасць”.
...разальецца, замест усяго гэтага, паток нашай традыцыйнасці, стойкага манархізму і праваслаўнай веры. Аб’яднаныя славяне возьмуць у свае рукі спадчыну дзядоў, Малую Азію, Цараград і пралівы. На святой Сафіі зноў пастануць крыжы, на браме заззяе Алегаў шчыт. Патрыярхі Антыёхіі і... іншых гарадоў павядуць далей справу хрысціянства ў сваіх землях, Палестына ўрэшце атрымае законнага гаспадара. Хіба не дурасць, сапраўды, што труна бога знаходзіцца ў руках язычнікаў?! Манастыры, з мудрымі Нестарамі і Піменамі, замест капішчаў...
Глядзі, – шапнуў нехта.
“Славяне” дасталі з кашоў “скруткі пергаменту”, склееныя, відаць, з папяровых аркушаў, скураныя чарніліцы і птушыныя пер’і, узвялі вочы ўгору і, памармытаўшы, пачалі пакрываць паперу вычварнай вяззю, не забываючы чырвонай фарбы для загалоўных літар. У Алеся было ў руцэ лебядзінае пяро, выкрадзенае ў заалагічным музеі універсіта. Грыма пісаў даўжэзным павіным пяром, здабытым, відаць, у нейкага фурмана.
Хартыі з ціхім шолахам спаўзалі на падлогу.
Людзі, нарэшце, пачалі разумець, што тут адбываецца. Помста такі прыйшла. Нечаканая, парадыйная, злая. Дык вось што яны задумалі! Малайцы! Не вытрымала, значыць, у людзей сэрца. Ёсць сапраўдныя хлопцы, што не дадуць нават малой подласці сысці без пакарання.
Сям-там у радах пачалі пырскаць.
Меўся адбыцца грандыёзны скандал, і толькі адчуванне гэтага стрымлівала пакуль што аўдыторыю ад гамерычнага рогату.
І што ж? – тэатральна ўзняў рукі прафесар. – На шляху высакароднай ідэі, адчуваючы яе небяспечнасць, сталі ворагамі. Туркі, сардынцы, французы, англічане… Але не толькі яны. Супраць ідэй перш за ўсё паўстала здрада! Здрада, якую патаемна неслі ў сэрцы найбольш утрапёныя элементы грамадства. Усіх іх яднала забыццё прынцыпаў народнай маралі і забыццё народных традыцый, гнілое заходніцтва, якое завялі ў нас Бялінскі, Гэрцэн і К°, пагоня за няпэўнымі і падазронымі навінкамі…
Два кансерватыўныя славяніны дасталі надмерана вялікія маноклі і спрытна паднеслі іх да вачэй.
Нехта ў апошніх радах зарагатаў, і гэта прагучала ў поўнай цішыні, дзе толькі душыліся ад прытоенага смеху людзі, дзіка, як смех фальклорнага героя на хаўтурах. Рагатуну, відаць, заціснулі рот…
...пагоня за моднымі плынямі чужой філасофіі, пагоня за сацыялістычнымі трызненнямі... Здраднікі выступілі супраць неабарачальнага і заканамернага вышэйшай заканамернасцю гістарычнага працэсу: працэсу ўтварэння аднаго панславянскага народа...
Відаць, кансерватыўныя славяне вырашылі падсілкавацца. З кашоў з’явіліся патрэсканыя і тугія, як гума, калёныя яйкі, скрылёчкі сала, дзве бутэлькі з журавінавым квасам і, нарэшце, гаршчочак з кашай.
“Славяне” лупілі яйкі і запівалі іх квасам, які пакідаў пад носам чырвоныя вусы. Елі сала, выціраючы рукі аб падстрыжаныя “страхою”, на купецкі манер, валасы.
Цяпер смяяліся, заціскаючы раты, дзесяткі людзей.
Украінафільства, якое падаграваюць аўстрыйскія агенты... Гэтая справа з Шаўчэнкам і нейкай Наталкай-Палтаўкай на чале... Абмежаваная колькасць фантазёраў, якія лічаць, што Маларосія, маларосы з’яўляюцца чымсьці асаблівым са сваёй нераспрацаванай гаворкай і сваімі чумакамі і могуць існаваць, не адчуваючы патрэбы ў агульнай славянскай айчыне, імператары і ўсходнім праваслаўі...