Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II
Шрифт:
Трэсліся вусны, падступаў аднекуль да горла кашаль, мяккія вочы ўтрапёна палалі. Нельга было не загледзецца на яго ў гэтую хвіліну.
– А Кірыла Тураўскі, а паданні? А тое, што наша друкаваная “Біблія” з’явілася раней, чым у многіх у Еўропе? А тое, што законы Статута літоўскага склалі мы? А тое, што Польшча сто год судзілася законамі, напісанымі на нашай мове, а калі пераклала іх, то пакінула ўсе нашы тэрміны і адсылала тых, хто не разумее іх, да арыгінала? А тое, што рукапіс меж паміж Польшчай і Літвой, які даследчыкі лічаць польскім, напісаны беларускай гаворкай? А тое, што трыста год мовай княства была беларуская мова?..
– У Статуце сказана не так...
– Ведаю. Чацвёрты раздзел, першы артыкул Статута. А якія, вы лічыце, гэта словы: “пісар маець”, “літарамі”, “позвы”, “не іншым языком і словы”?
– Рускія словы, – рэкнуў Ямант.
– Віншую, – з’іранізаваў Валеры.
– З чым?
– З добранабытай дурасцю, – сказаў Дамброўскі.
– А гэта што? – усміхнуўся Віктар. – “Заказала яму пад горлам, абы таго не казаць”, “беглі есмо да двара на конех”, “на ўрадзе кгродскім пінскім жалаваў, адпавядаў і пратэставаў се земляны павету Пінскага...”. Тры сказы – тры стагоддзі. Тры сказы – тры мясцовасці. А мова адна. Чаго яшчэ трэба? А Будны? А старажытны іканапіс?! Алесь, Юзаф тваёй дысертацыі не слухаў. Торкні яго носам... Продкі думалі не так.
– Адкуль вы ведаеце, як яны думалі? – спытаў Людвік.
– Вам ніколі не даводзілася перамалёўваць факсіміле? – спытаў Віктар. – Але што я, вы афіцэр, ваша рамяство – вайна. А шкада... Часам у старым рукапісе трапляецца неразборлівае месца. Для выдання яго трэба дакладна скапіраваць. І вось водзіш рукою, паўтараючы лініі, і раптам ловіш сябе на думцы, што ўсё, ўсё разумееш. Таму што твая рука паўтарае рухі рукі чалавека, які жыў за трыста год да цябе. Так і з падспуднай думкай продка, за якой сочыш, чытаючы стары рукапіс.
– Цікава, – з нечаканай сур’ёзнасцю сказаў Баброўскі.
– І нават каб нічога такога не было – адно адчуванне намі сваёй радзімы дае нам права на адпор афіцыйным патрыётам, – румянец плямамі ўспыхваў і згасаў на шчоках Віктара. – Што ж гэта за думка ў іх?! Хто яны?! Шляхта ў самым горшым сэнсе гэтага слова!.. Але вось яны, – Віктар абвёў вачыма сяброў, – і сотні іншых пацвердзяць, што мы супраць Польшчы магнатаў і за Польшчу простых людзей. Чые думкі выказваеш, Ямант? Думкі Веляпольскага?.. Выказвай, змыкайся з “правіцай” белых! Але ведай: мы для Веляпольскага і К° – не вотчына і не хлопы. Досыць з нас рабства... Братэрства, так, але не падначаленне! Роўнасць, і ні на волас ніжэй!
– Гэта сепаратызм, – успыхнуў Ямант. – Гэта заўчасны гандаль, гэта нож у спіну.
Віктар трымаў руку на грудзях:
– Наш Савіч дзейнічаў поплеч з Канарскім, і ніхто не кінуў яму папроку ў нявернасці і здрадзе. Мы – верныя людзі.
Сухі пакутлівы кашаль раздзёр ягоныя грудзі. Ён кашляў у хустку так, што Алесь з жахам чакаў: вось-вось з’явяцца чырвоныя плямы.
– Ямант, кінь, – сказаў Стэфан Баброўскі. – Ты што, не бачыш?
– Толькі не шкадаваць, – праз кашаль гнеўна пракрычаў Віктар. – Толькі не шкадаваць!
– Хто за адмаўленне ад правоў на ўскраіны? – спытаў Зыгмунт.
Акрамя крайняй “левіцы” беларускіх чырвоных узнялі рукі Урублеўскі, Дамброўскі, Стэфан Баброўскі і потым, зірнуўшы на Віктара, Зыгмунт Падлеўскі. Устрымаліся Авейдэ, Звяждоўскі і Серакоўскі. Рашуча супраць быў Ямант.
– Супраць – адзін.
– Два, – з клёкатам сказаў Віктар.
– Хто яшчэ?
– Падлеўскі! Пішыце і яго супраць. Мы тут не літасць вымольваем. Мы патрабуем тое, што нам належыць.
Кастусь, увесь пацямнелы з твару, глядзеў на Серакоўскага і чакаў:
– За што ж стаіш ты, Зыгмунт?
Серакоўскі глядзеў яму ў вочы спакойна і шчыра.
– Не за калонію.
– А аб’ектыўна?
Віктара ўсё яшчэ біў кашаль.
– За канфедэратыўную дзяржаву. За непадзельную Польшчу, у якую на роўных правах з палякамі ўвайшлі б беларусы, літоўцы і ўкраінцы... Мы не маем права паслабляць паўстанне, Кастусь.
– А ўсё ж робіце гэта.
– Чым?
– Словам “непадзельная”, – цяжка варухнуў сківіцамі Кастусь. – Чым ты тыды адрозніваешся ад белых?
– Ну, ведаеш...
– Што “ведаеш”? – Твар Кастусёў скамянеў, асіметрычныя вочы гарэлі халодным агнём. – Ваяводствы Мазавецкае, Кракаўскае, Літоўскае, Люблінскае, Беларускае, Украінскае. – І, нібы страшэнную поўху, кінуў: – Можа, яшчэ Крымскае? Цікава, што сказаў бы на гэта твой друг Шаўчэнка?
Зыгмунт сцепануўся.
– Чым ты адрозніваешся ад белых з гнюснай ідэяй “адзінай і непадзельнай”? Чым ты адрозніваешся ад...
– Кастусь...
– Я даўно Кастусь. І я ведаю, што пры словах “непарушны”, “непадзельны”, “адзіны”, калі іх гаворыць мацнейшы, сапраўдных людзей цягне разбіць непадзельнасць, разбурыць непарушнасць. Бо гэта замаскаваны ланцуг рабства.
Вочы ў Кастуся былі ўтрапёныя. Аблічча палала.
– Гэта не нож у спіну. Проста лепей загадзя дамовіцца аб усім, каб цвёрда ведаць, на што спадзявацца. Бо калі вам другараднае становішча – гэта большая ці меншая непрыемнасць, то ў нас пытанне стаіць іначай. Або воля, або не жыць.
– Я не пратэставаў, – сказаў Серакоўскі, – я ўстрымаўся. На маю думку, павінна быць так , але я нікому не навязваю гэтага. Я нават нікому не буду гаварыць пра яе. – Госас Зыгмунта гучаў суха: – Згода. Значыць, мы павінны пашырыць гэты погляд, прыняты цяпер большасцю рады, сярод памяркоўных і весці за яго спрэчку з белымі.
– Сорам! – выгукнуў Ямант. – Гэта падрыў агульнай моцы, грамадзянін Серакоўскі.
– Узаемадапамога! – сказаў Мілевіч.
– Сепаратызм! – сказаў Звяждоўскі.
Алесь зразумеў: нервовасць Кастуся можа сапсаваць справу. Прыйшоў час умяшацца:
– Большасць люзей не разумее, што прымусовасць, другараднае становішча, ланцуг – гэта вечная міна пад еднасцю, што ў такім стане нават між братамі расце пачуццё варожасці, а часам і нянавісці. Самастойнасць і магчымасць распараджацца сабою як хочаш – вось найлепшы грунт для братэрства.
– Чую, чым тут пахне, – сказаў Ямант пасля паўзы. – Рабесп’ераўшчынай, Дэмбоўскім, галіцыйскімі хлопамі, што пілавалі паноў піламі, Чарнышэўскім... Вось адкуль яны і ідуць, вашы крайнія, пачварныя погляды. З дому на Ліцейным.
– Якога? – спытаў Баброўскі.
– Што насупраць міністра дзяржаўных маёмасцяў. З дому гэтага карцёжніка, што піша вершыкі аб народзе, а сам нажыў маёнткі, і нават міністр унутраных спраў кажа, што ён не рэвалюцыянер, бо мае грошы.
Кастусь устаў. У яго пасмыкваліся вусны і шчака, дрыжала левае павека: