ЖАНРЫ

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Кандрат прапаноўваў яму здацца. Абяцаў розныя даброты салодкім, аж самому брыдка было – такі ўжо Цукар Мядовіч! – голасам. Малы толькі соп.

Кагут са злосці нарваў крапівы і туга запхнуў лаз, а сам, паціраючы далоні, пайшоў у гумно, думаючы, што б гэта ўсё азначала.

А калі прыйшоў – браты біліся.

– Братам... на дарозе... стаў? – выдыхаў Андрэй.

– Не чакаць жа... пакуль вы яе... удвох... сівую... у манастыр паведзяцё, – соп Паўлюк.

Кандрат кінуўся разбараняць і атрымаў ад Паўлюка ў вуха, а ад Андрэя ў сківіцу. Раззлаваўся, насунуў Андрэю, бо той даў першы. І яшчэ ад яго атрымаў. Натхнёны гэтым, Паўлюк нападдаў і пачаў націскаць на Андрэя, пакуль той, адступаючы, не ўпаў за бервяно і не накрыўся нагамі.

І толькі тады Кандрат зразумеў, што пакрыўдзілі і яго. І зусім не Андрэй. Схапіў брата загрудкі, кінуў цераз нагу на салому.

– Ты? З ёю?

Прыціснуў у кут.

– З ёю, – адважна адказаў Паўлюк.

– Будзеш?

– Буду.

– Вочы твае дзе былі? Два гады яна нам дарагая.

– Я спачатку і чакаў. Да не чакала яна. Неахвотна ёй дваццаць год чакаць.

– Не зыгуй. Не нясі. Адступіся.

– Не. – Паўлюк навесіў Кандрату.

І ў гэты час на малодшага наваліўся Андрэй.

Біткі біліся моўчкі, сцяўшы зубы. Браты-блізнюкі адчувалі: насмяяліся з самага дарогога, што ў іх было. Паўлюк быў у ярасці: два на аднаго. Дык чорта ім дзеўка. Спыталі б, халеры, у яе.

Паўлюка прыціснулі да сцяны. Разважлівы і спакойны, ён мог часам выбухаць шалёнай ярасцю. І цяпер, ведаючы, што яго адольваюць і могуць так налупцаваць, што тыдзень да плота не пойдзеш, ён адчуў у вачах чырвоны туман.

Рвануўся між братоў і зняў са сцяны цэп: дубовы біч на адпаліраваным рукамі арэхавым цапільне.

– Гэн! – рыкнуў так, што браты адляцелі. – Сунецеся да яе – заб’ю... Саромеўся вас, а вы з кулакамі... Заб’ю!

І рынуўся на іх. Кандрат быў зарагатаў, але адразу адскочыў. Цэп урэзаўся ў ток ля самых ягоных ног.

– Дур-рыла! Ты што?!

Але Андрэй з белымі вачыма схапіў ужо другі цэп і бег на Паўлюка.

– Гэх-х! – цапы стрэліся ў паветры, закруціліся адзін за адзін.

Паўлюк вырваў свой. Кандрат непаразумела глядзеў, як браты лезлі адзін на аднаго. Гэта быў ужо не жарт. І тады ён таксама схапіў цэп.

Паўлюк ляцеў на Андрэя, і Кандрат падставіў цапільна, ірвануў цэп з рук у брата і адкінуў у кут... Андрэй, нібы не разумеючы, наляцеў на іх, падняў цапільна: біч звыкла круціўся ў паветры.

Кандрат ведаў: адзін удар – і смерць. Скокнуў, схапіў Андрэя за рукі. Тым часам Паўлюк зноў схапіў свой, а заадно і Кандратаў цэп. Кандрат пацягнуў Андрэя за сабою, разам з цэпам, і спіною прыціснуў Паўлюка ў кут. Не маючы змогі размахнуцца, яны гупалі аднымі бічамі то па сваіх руках, то па чужых спінах. Бічы боўталіся, як язык у звоне, і ляскалі мякка, але адчувальна.

Кандрат атрымаў ад кагосьці па галаве, вышэй падковы. Захістаўся. І ў гэты момант уварваўся ў гумно азярышчанскі пастух Данька. Гнаў каровы, хацеў папрасіць крэсіва і ўбачыў.

– Скачаце? – з лютым гумарком спытаў Данька. – Танцы?

– Аг-га, – нічога не разумеючы, – сказаў Кандрат.

– Ну, то я вам апошні зараз сыграю, – усміхнуўся Данька.

І шліхтануў, са стрэлам, цыганскай пугаю. Ды па ўсіх трох. Ды яшчэ. Яшчэ.

– Аюц, кноразы! Ашкір вам, бараны!

Урэшце да ўсіх трох дайшло, дый жыгала пуга, як гарачым жалезам.

Браты адпусцілі адзін аднаго. Кінулі цапы.

Няладна было ў гумне.

Не глядзелі адзін аднаму ў вочы.

– Вы што ж гэта? – спытаў белы як смерць Данька. – Ах, ёлупы, ах вы, дрэнь навалачная.

Кагуты маўчалі.

– І, пэўна, праз бабу. Я і то бачу: на вёсцы адзін смаляны плот ды тры балваны ля яго...Ды ёсць такая

баба , каб вартая была?!

Кандрат урэшце апамятаўся.

– До ўжо. Не чапай бабы.

– Я яе зачаплю, – пагрозліва сказаў Данька. – Не ўсё мне па жаўнерках ды ўдовах. Падумаю вось, падумаю, ды ў вас, казлы, і ў цябе, пісклюк, так яе смыкну з-пад носа...

Гожы Данькаў твар быў рэзкі. Нешта ястрабінае было ў вачах. Задрыжалі бровы:

– Браты. Ды вы, як пырнік, з адной сувалкі ўсе.. Ану мірыцеся!

Маўчанне было доўгае. Потым Паўлюк цяжка ўздыхнуў.

Я вінаваты, Кандрат... Вінаваты, Андрэйка.

– Чорта нам з таго! – сказаў Андрэй.

– Я сказаць хацеў – духу не хапіла.

– З табою яна хоча? – глуха спытаў Андрэй.

– Але... Не хацеў, браце.

Андрэй махнуў рукою:

– А, ды што там... Спаў ты, як сумленне раздавалі... Хадзем, Кандрат!

...Гадзінай пазней, седзячы на беразе, браты, усё яшчэ моўчкі, мачалі рукі ў ваду і прыкладалі да сінякоў і гузоў. Парушыў маўчанне Андрэй:

– Ну?

– Вось табе і ну. Праспалі.

–Ды што ж зробіш? Другому б бакі намялі. А тут... Брат усё ж...

І Андрэй разгублена ўсміхнуўся:

– Дурні мы с табою, дурні. Адразу б спыталі. Вось і дачакаліся.

– Свіння брат, – сказаў “на пяць хвілін малодшы”. – Пад’ехаў-такі.

Кінь, – сказаў Андрэй, – ён добры хлопец.

– Добры хлопец. – Кандрат паліваў вадою гуз. – Як даў, то я аж сем касцёлаў убачыў... Ганьба цяпер! Бож-жа ж мой!

– Праляпалі мы с табой, браце, – сумна ўсміхнуўся Андрэй. – Адно нам з табою суцяшэнне. Быць нам старымі кавалерамі ды чужых дзяцей глядзець... Добра, што хоць не міне нашай хаты тая нявестка. І дзеці будуць – Кагуты.

Ён усміхнуўся, але Кандрат разумеў, як брату дрэнна. І хоць Кандрату таксама было так, што аж сэрца

сціскала, ён пажартаваў:

– Ну не. У адной хаце я з ёй не змагу. Тут, братка, нам з табою або дзяліцца з бацькам, або па бязмену

ў рукі ды да Корчака.

Твар у Андрэя быў спакойны. Толькі хадзіў пад скурай адамаў яблык.

– Нездарма, брат, Адам яблыкам падавіўся, – казаў Кандрат, з усёй сілы хочучы развесяліць брата. –

Урэште, чорт яго ведае. Можа, мы яшчэ з табою радавацца будзем, скакаць кожны вечар, што яе не ўзялі. Вось пачакай, трапіць ён у гэтыя жорны ды да нас і скардзіцца прыйдзе. А мы яму, вольныя казакі, чарку, ды другую, ды ў вуха.

– Што ж, – сказаў Андрэй. – Да Корчака дык да Корчака.

Сабіна Марыч шукала сустрэчы з Алесем. Пецярбург, а потым Вільня не памаглі ёй. У Вільні яна кідалася-кідалася, а потым адшкукала Вацлава Загорскага і наведвала яго ледзь не кожны тыдзень. Прыносіла яму цукеркі і садавіну, пытала, як жыве, як вучыцца, што піша брат.

Поделиться с друзьями: