ЖАНРЫ

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

– Добра, – буркнуў Кандрат. – Зраблю. Яшчэ хто?

– Мне здалося, што я пазнаў вочы другога. Але гэта проста каб ведаў і сцярогся. Абяцай, што не будзеш забіваць, пакуль не ўпэўнішся.

– У імя бога... Хто?

– Здаецца, Кроер Канстанцін...

– Чаму Алесю не сказаў?

– Кінь, браце. І так у яго ворагаў многа.

– Я ўсё зраблю, браце, – сказаў Кандрат.

– А цяпер забудзь, – Стафан заплюшчыў вочы.

Няшчасці пачалі сыпацца як з мяха. За некалькі месяцаў бацька, маці, сварка з Ярашам, ліст ад Кастуся, што ў Віктара рэзка пагоршылася здароўе, дзейнасць “Ку-гі”, смерць Юлляна Лапаты і зверскае збіццё Стафана.

І, урэшце, як апошняе – новае здарэнне ў Раўбічах: папрок Іллі Хаданскага, што пан Яраш не трымае слова.

Разгневаны Раўбіч паклікаў дачку. Міхаліна сказала, што хоча вярнуць Хаданскаму слова.

– Не будзе гэтага, – сказаў пан Яраш. – Ніколі. Нізашто.

– Я кахаю Загорскага, – сказала Майка.

– Ён вораг.

– Вам – магчыма. Ды і тое не вам, а дурному гонару. Ён сябра вам, каханы – мне, брат – Франсу. Ён ніколі не думаў шкодзіць вам, нягледзячы на незлічоныя абразы. Бо ён чалавек, а вы... вы... вы – дваране, і не больш. Даю слова: ніколі не буду нічыёй жонкай, акрамя як яго. Усё аддам за яго. Ніколі не буду з ім жорсткая. Хай пакора, хай нават рабства, абы пакарацца яму. І ўсё. І на гэтым маё апошняе слова...

Кароткая шыя пана Яраша набрыняла крывёю.

– Убачым, – ціха сказаў ён. – Сілком пад вянец павяду. Гэта і маё апошняе слова...

– Вы можаце, вядома, зрабіць са мною ўсё. Але і я з сабою магу зрабіць усё. Я ведаю, поп згодзіцца вянчаць, нават калі вы прывядзеце мяне ў ланцугах. Ён усім абавязаны вам. Усім, і нават тым, што дваццаць год не служыць па новаму абраду, прыкрываючыся словам “хвароба”. Ён ведае, каму ён павінен дзякаваць за тое, што за ім сто разоў не прыйшлі і ён не здох у Салаўках на саломе. Ён “не зрабіў граху”, а вы “не паддаліся, не паступіліся гонарам”. І таму ён абвянчае. А сведкі, якія будуць бажыцца, што я ішла па сваёй ахвоце, таксама знойдуцца.

Голас яе зазвінеў:

– Я не буду ганьбіць вас і крычаць у храме. І гэта будзе апошняя падзяка за тое, што вы мяне нарадзілі

і з гэтай прычыны цяпер забіваеце... Апошняя. Таму што адразу пасля вяселля я заб'ю гэтага вылюдка. Сына вылюдка і шалёнай сцервы. А потым заб'ю сябе…

– Як хочаш, – сказаў пан Яраш.

Адразу пасля размовы ён загадаў прыставіць да пакояў Міхаліны верных людзей і сказаў Іллі Хаданскаму, што вяселле будзе праз два месяцы, у канцы кастрычніка, каб асталося тыдні тры да піліпаўкі. Да таго часу ён просіць графа Хаданскага не з’яўляцца.

Пан Яраш усё ж шкадаваў дачку, хоць яна сама была вінавата, даўшы слова. Ён спадзяваўся, што за два месяцы яе возьме одум, і разумеў, што прысутнасць Іллі прымусіць Міхаліну ўпарціцца. Дый новы член сям’і раздражняў Раўбіча сваёй самаўпэўненай мордай.

...Запіску аб усім гэтым перадаў Алесю пляменнік нянькі Тэклі. Яны часам сустракаліся ў тым самым бярозавым гаі.

Беды, крыўда і гнеў, несправядлівасць лёсу літаральна шматавалі яго.

Вечар быў цёплы. Вогнішчы гарэлі за ракою, а ў рацэ адбівалася вячэрняя заранка, куды больш яркая і барвяная, чым на небе. Ля вогнішчаў – там, відаць, начавалі жнеі – гучаў ціхі смех. Потым даляцела ціхая сумная песня.

За рэчанькай за быстраю ў цымбалы б’юць, А там маю каханую за ручкі вядуць, Адзін вядзе за ручачку, другі за рукаў, Трэці стаіць – сэрца баліць: кахаў ды не ўзяў.

І гэтая заранка, і безназдейная глыбіня ракі, і, галоўнае, словы песні раптоўна ўразілі яго вострай адпаведнасцю з тым, што рабілася ў ягоным сэрцы.

Алесь ведаў цяпер, што яму рабіць. Дарэмна ён дараваў. Заўтра ж ён пойдзе да Хаданскага і дасць яму поўху. Потым у зборні трэба дачакацца, пакуль пан Яраш і Франс будуць паасобку, і зрабіць тое самае з імі. На адзін дзень прызначыць усе тры двабоі. Будзе вельмі добра, калі Ілля загіне, а Франс зваліць яго. Тады Майка атрымае вызваленне, а крыўды ў яе на Алеся не будзе. І, магчыма, Раўбіч пашкадуе.

Нашто ж мы кахаліся, нашто сады цвілі, Нашто ж нашы пуціначкі травой зараслі? Другі з табой вянчаецца ў царкве залатой, А мне адно вянчанейка – з сырою зямлёй...

Раніцай, аднак, здарылася незразумелае і неверагоднае. Ён толькі на золку заснуў на якую гадзіну цяжкім кашмарным сном. Потым прачнуўся, успомніў учарашнія думкі, хацеў устаць і адчуў, што не можа. Гэта не была баязлівасць. Гэта было горшае: абыякавасць.

Успомніў Раўбіча і падумаў: усё роўна... Франса: усё роўна... Паспрабаваў уявіць гуллівыя, нібы ў кацяняці, вочы і рудаватыя валасы Іллі і адчуў: і гэта – усё роўна.

Твар Майкі ўсплыў перад вачыма. Краёчак вуснаў, ясныя, як марская вада, вочы. Зноў не адчуў нічога, акрамя абыякавасці.

Добра ведаў, што ён у спальні. Бачыў нават калоны і завесу, што калыхалася ад ветрыку. Але здавалася, што ён зноў бачыць гэта ў сне, дрэмлючы на нагах.

... Ён стаяў між узброеных людзей. Хто ў латах, кранутых іржою ад шматдзённай крыві, хто ў кальчугах, ад якіх тапырылася шырокая, тканая кветкамі і лістамі чартапалоху вопратка. Шугаў агонь. Фарбы былі такія яркія, якія яны ніколі не бываюць у жыцці: чырвань плашчоў аж гарыць, жаўцізна шчытоў – як золата і сонца.

Алесь і ўсе, хто побач з ім, бачылі вілы, доўбні і баявыя цапы натоўпу, што абкружаў іх. Зблытаныя валасы, магутныя, нецяперашнія сківіцы, жоўтыя, як мёд, і белыя, значна святлейшыя, чым цяпер, валасы, люты агонь у сініх вачах.

Замак палаў перад ім зыркім шалёным агнём. Ляцелі іскры.

А ён, Алесь, – а можа, і не ён, а нехта іншы, – драмаў, стоячы на нагах, бо чатыры дні ён і ўсе гэтыя людзі не спалі і чатырох хвілін.

Яму было бадай што ўсё адно, што з ім і іншымі зробіць натоўп.

Ён бачыў чалавека з разбітай галавой. Чалавек ляжаў наперадзе, сажні за чатыры перад імі.

– Патрусіце іхнія нівы сваім ячменем! – крычаў нехта.

– Смерць-смерць-смерць! – роў натоўп.

“Ды гэта ж Юр’ева ноч, – падумаў ён. – Як я там апынуўся? Чаму ўспамінаю нейкую невядомую мне дзяўчыну?

Які ён цьмяны, гэты сон, што я сасніў! Нейкая Загоршчына, якой не павінна яшчэ быць, нейкі чалавек супраць мядзведзя, нейкая дзяўчына!

І вось яшчэ нехта схіляецца ў сне нада мною, – страшэнна баліць галава! – высокі, стары, з хваляй карункаў на грудзях.

– Унуча. Любы, што з табою?

Які яшчэ ўнуча, калі ён мой прапраўнук?! Якое права мае на мяне гэты стары?!”

Зноў яркія колеры. Больш жыццёвыя, чым жыццё. Невялікі строй людзей, сярод якіх ён. Клінам стаяць перад імі людзі ў беласнежных плашчах з крыжамі. Іх многа. Трохі меней, чым людзей на ягоным баку, але на самай справе куды болей. Адзін з крыжастых варты пяці на ягоным баку. Так было і так будзе. Таму што на ягоных людзях раменныя шаломы, а на тых – сталь, за якую нельга нават учапіцца. Воіны з ягонага боку спяваюць, і ён заўважае, як святлеюць іхнія вочы і дрыжаць ноздры.

Поделиться с друзьями: