Калядны харал
Шрифт:
— У гэтых дварах, — адзначыў Скрудж, — праз якія мы цяпер імчым, — мая кантора, я даўно там працую. А вось і яна! Дазволь зірнуць, што чакае мяне ў будучыя дні!
Дух спыніўся, але рука яго паказвала ў іншы бок.
— Вось жа гэты дом! — усклікнуў Скрудж. — Чаму ты паказваеш не туды?
Няўмольны палец не варухнуўся.
Скрудж паспяшаўся да акна свае канторы і зазірнуў усярэдзіну. Гэта ўсё яшчэ была кантора — але не яго. Іншая мэбля, іншы чалавек у крэсле. Прывідная рука паказвала ўсё ў той жа бок.
Скрудж зноў далучыўся да здані і разам з ёй дабраўся да жалезнае брамы, не разумеючы, чаму і куды знік ён сам. Перад тым як увайсці Скрудж спыніўся і агледзеўся.
Цвінтар. Дык значыць тут, на могілках, ляжыць няшчасны, чыё імя ён зараз даведаецца. Годнае месца! З усіх бакоў аточанае дамамі, захопленае травой і пустазеллем, што буялі не жыццём, а смерцю, перапоўненае магіламі, тлустае і ўкормленае. Годнае месца!
Дух стаяў сярод магілаў і паказваў на адну з іх. Скрудж падышоў, дрыжучы. Прывід заставаўся ўсё той жа, але Скрудж з жахам убачыў у яго ўрачыстым абліччы новы сэнс.
— Перш чым я падыду да каменя, на які ты паказваеш, — прамовіў Скрудж, — адкажы мне на адно пытанне. Гэта цені падзеяў, якія адбудуцца, альбо падзеяў, якія толькі могуць адбыцца?
Але Дух маўкліва паказваў на магілу, ля якой стаяў.
— Калі ўпарта трымацца абранай дарогі, яна няўхільна прывядзе да вызначанага канца, — сказаў Скрудж. — Але калі чалавек з яе збочыць, то і канец будзе іншы. Скажы, што гэтак жа і з карцінамі, якія ты мне паказаў!
Дух, як і раней, стаяў нерухома.
Скрудж, скаланаючыся ўсё больш, падабраўся да магілы і, паглядзеўшы туды, куды паказваў Дух, прачытаў на занядбаным помніку ўласнае імя: Эбенэйзер Скрудж.
— Дык гэта я ляжаў на тым ложку? — усклікнуў ён, падаючы на калені.
Дух перавёў палец на яго, а потым зноў на магілу.
— Не, Дух! О не! Не!
Палец Духа не варухнуўся.
— Дух! — крычаў Скрудж, хапаючыся за яго саван. — Паслухай мяне! Я не той, кім быў раней! Я не буду тым, кім мог бы зрабіцца, не сустрэўшыся з Духамі! Навошта мне гэтыя мроі, калі надзеі больш няма?
Першы раз прывідная рука зварухнулася.
— Добры Дух, — працягваў Скрудж, распасцёршыся перад ім на зямлі, — сама твая натура ўступаецца за мяне і шкадуе. Скажы, што, змяніўшы сваё жыццё, я магу яшчэ змяніць цені, якія сёння ўбачыў!
Рука спачувальна задрыжала.
— Я буду ўсім сэрцам шанаваць Каляды і паспрабую цэлы год быць добрым, як у калядны час. Я буду жыць мінулым, цяперашнім і будучыняй. Усе тры духі будуць умацоўваць маю душу. Я не забуду іх урокаў. О, скажы, што я магу сцерці напісанае на гэтым камяні!
Скрудж роспачна ўчапіўся ў прывідную руку. Дух паспрабаваў вызваліцца, але Скрудж, прагнучы выратавацца, не адпускаў. Дух, аднак, аказаўся мацнейшым і адштурхнуў яго.
Падняўшы рукі ў апошнім маленні за свой лёс, Скрудж убачыў, як убранне здані змянілася: яно зморшчылася, асела — і Дух ператварыўся ў слупок ложка.
Страфа пятая. Чым усё скончылася
Так-так! І гэты слупок ложка быў яго! І ложак быў яго, і пакой быў яго. Але самым цудоўным было тое, што будучыня, якую можна палепшыць, таксама была яго!
— Я буду жыць мінулым, цяперашнім і будучыняй! — паўтарыў Скрудж, выкараскваючыся з ложка. — Усе тры духі будуць умацоўваць маю душу! О, Джэйкаб Марлі! Хай жа славяцца святыя нябёсы і Каляды! Я кажу гэта ўкленчыўшы, стары Джэйкаб, укленчыўшы!
Добрыя намеры так узрушылі і натхнілі Скруджа, што голас яго дрыжаў і амаль адмаўляўся слухацца. Яшчэ размаўляючы з Духам, стары моцна разрумзаўся, і твар яго быў мокры ад слёз.
— Ніхто яго не сарваў! — крычаў Скрудж, хапаючыся за полаг ложка. — Ніхто яго не сарваў, вось кольцы і ўсё астатняе! Полаг на месцы, я на месцы, і цені таго, што можа здарыцца, яшчэ не позна развеяць! Я развею іх! Я дакладна ведаю, што развею!
Скрудж ніяк не мог даць рады касцюму: выварочваў яго, надзяваў дагары нагамі, блытаў рукавы і штаніны і вычвараў кучу іншых бязглуздзіцаў.
— Ну і што мне цяпер рабіць? — смеючыся і плачучы, усклікнуў Скрудж, змагаючыся з панчохамі, як Лаакаон са змеямі. — Я лягчэйшы за пёрка, я шчаслівейшы за анёла, я весялейшы за хлапчука-гарэзу! Я бесклапотнейшы за выпіваку! Вясёлых Калядаў кожнаму дому! Шчаслівага Новага году ўсяму свету! Гэй-гэй! Ура! Гэй-гоп!
Ён праскакаў у гасцёўню і цяпер стаяў там, зусім задыхаўшыся.
— Вось і рондаль з кашай! — крычаў Скрудж, зноў падымаючы вэрхал і соўгаючыся ля каміна. — А вось і дзверы, праз якія прыйшоў дух Джэйкаба Марлі! Вось кут, у якім сядзеў Дух Сёлетніх Калядаў! А праз гэтае акно я бачыў прывідаў-блукальцаў! Усё правільна, усё як мае быць, усё гэта насамрэч было! Ха-ха-ха!
Смех быў цудоўны, проста выдатны, асабліва для чалавека, які ўжо столькі гадоў не практыкаваўся. Гэта быў смех — пачынальнік цэлай кагорты іншых звонкіх і радасных смехаў.
— Яшчэ б ведаць, які сёння дзень, — прамовіў Скрудж. — Цікава, колькі часу прабавіў я разам з Духамі? Я ўжо ні ў чым не ўпэўнены. Зусім як дзіця. Але нічога. Гэта ж дробязь. Гэта цудоўна — быць дзіцем! Гэй! Ура! Гэй-гоп!
Але тут царкоўныя званы перарвалі Скруджавы скокі, зазваніўшы так гучна, як не званілі ніколі раней. Бім-бом-бум, дзінь-дзілі-дон. Дон-дзілі-дзінь, бум-бом-бім! Цуд, які цуд!
Скрудж падбег да акна, адчыніў яго і высунуў галаву вонкі. Ніякага туману, ніякае імжы, ясна, светла, бадзёра, мітусліва, холадна, мароз, які змушае кроў танчыць пад сваю дудку, залатыя блікі сонца, сіняе неба, салодкае свежае паветра, вясёлыя званы. Цуд, які цуд!
— Які ў нас сёння дзень? — пракрычаў Скрудж хлопчыку, што ў святочным убранні бадзяўся ўнізе і аглядаўся па баках.
— Чаго? — перапытаў хлопчык, бязмежна здзівіўшыся.
— Які ў нас сёння дзень, мой дарагі сябра? — паўтарыў Скрудж.
— Сёння?! — усклікнуў малы. — Дык сёння ж Каляды!
— Каляды? — прамармытаў Скрудж. — Значыць, я іх не прапусціў. Духі справіліся за адну ноч. Яны могуць усё, што захочуць, няма ніякіх сумневаў. Ніякіх. Гэй, мілы хлопча!
— Чаго вам?
— Ці ведаеш ты гандляра птушкай праз вуліцу, на рагу? — спытаў Скрудж.
— А як жа! — адказаў хлапчук.
— Якое кемлівае дзіця! — узрадаваўся Скрудж. — Проста цудоўны хлопец. Можа, ты яшчэ ведаеш, ці прадалі яны тую шыкоўную індычку, што вісіць на вітрыне? Толькі не маленькую, а самую вялізную.