Калядны харал
Шрифт:
— За дзядзечку Скруджа! — падхапілі ўсе.
— Вясёлых Калядаў і шчаслівага Новага году гэтаму старому, дзе б ён цяпер ні быў! — працягнуў пляменнік Скруджа. — Ён не захацеў прыняць маіх пажаданняў, але нягледзячы ні на што, хай яны збудуцца. За дзядзечку Скруджа!
Незаўважна для сябе дзядзечка Скрудж так развесяліўся, а на сэрцы ў яго зрабілася так лёгка, што, калі б Дух даў яму яшчэ трошкі часу, ён абавязкова падняў бы тост за здароўе ўсёй сябрыны, якая не здагадвалася пра яго прысутнасць, і падзякаваў бы ёй, хай сабе і бязгучна, у адказ. Але як толькі пляменнік скончыў прамову, уся карціна знікла, і Дух са Скруджам прадоўжылі сваё падарожжа.
Шмат чаго яны пабачылі і шмат куды трапілі, шмат дамоў наведалі і паўсюль прынеслі шчасце. Дух падыходзіў да хворых — і тыя весялелі, да вандроўнікаў у далёкіх краінах — і тыя адчувалі цяпло дому, да людзей, што церпяць нягоды, — і тыя знаходзілі сілы трымацца і спадзявацца на лепшае, да нястачы — і яна рабілася багаццем. У прытулках для жабракоў, у турмах, у лякарнях — ва ўсіх кутках, дзе жыве пакута і дзе пыхлівы чалавек, ненадоўга надзелены ўладай, не зачыняе перад Духам дзвярэй, — паўсюль даваў ён сваё блаславенне і вучыў Скруджа сваім запаветам.
Доўга цягнулася гэтая ноч — Скрудж нават засумняваўся, што яна была толькі адна. Здавалася, за той час, які ён прабавіў з Духам, прайшлі ўсе калядныя святы. Дзіўным здавалася і тое, што, хаця сам Скрудж за гэтыя гадзіны вонкава не змяніўся, Дух старэў проста на вачах. Заўважаючы змены ў абліччы Духа, Скрудж нічога не казаў, пакуль яны не пакінулі дзіцячае свята ў вечар на Вадохрышча. Тады, стоячы на адкрытым паветры побач з Духам, Скрудж убачыў, што той зусім пасівеў.
— Няўжо жыццё духаў такое кароткае? — спытаў Скрудж.
— На гэтай зямлі жыццё маё нядоўгае, — адказаў Дух. — Сёння ноччу яно заканчваецца.
— Сёння?! — усклікнуў Скрудж.
— Так, апоўначы. Чуеш? Мой час блізкі.
У гэты момант гадзіннік на званіцы прабіў тры чвэрці дванаццатай.
— Прабач, калі я не маю права задаваць такое пытанне, — пачаў Скрудж, пільна ўзіраючыся ў адзежы Духа, — але я бачу пад крысом твайго ўбрання штосьці дзіўнае і табе не належнае. Што гэта — птушыная лапа ці кіпцюры?
— Хутчэй кіпцюры, бо на іх зусім няма плоці, — скрушна адказаў Дух. — Зірні.
Ён расхінуў складкі свае адзежы, і Скрудж убачыў дваіх дзяцей, няшчасных, жахлівых, агідных, брыдкіх і ўбогіх. Яны ўкленчылі ля ног Духа і ўчапіліся за край яго мантыі.
— О, паглядзі на іх, чалавеча! — усклікнуў Дух. — Паглядзі, паглядзі на іх!
Гэта былі хлопчык і дзяўчынка, зжаўцелыя, замораныя, нахмураныя, ваўкаватыя, пакорлівыя ў сваёй знявазе абадранцы. Чыясьці зморшчаная рука, нібыта старасць, загарнула іх у лахманы, высушыла і сказіла рысы іх твараў, якія пяшчотнае юнацтва мусіла наліць жыццём і разрумяніць свежымі фарбамі. Там, дзе мелі панаваць анёлы, стаіліся дэманы і злавесна аглядалі наваколле. Ніякія змены, ніякія выраджэнні, ніякія вычварэнні чалавецтва ніводнае эпохі пачынаючы з часоў загадкавага і чароўнага стварэння свету яшчэ не спараджалі такіх брыдотных і вусцішных пачвараў.
Скалануўшыся, Скрудж адхіліўся. Гэтыя істоты з’явіліся перад яго вачыма зусім нечакана, і калі ён паспрабаваў сказаць, што яны мілыя дзеці, словы захраслі ў яго горле, не жадаючы ўдзельнічаць у мане такога неймавернага размаху.
— Гэта твае дзеці, Дух? — толькі і змог выціснуць Скрудж.
— Яны — дзеці Чалавека, — адказаў Дух, пазіраючы на іх уніз. — І яны чапляюцца за мяне, ратуючыся ад сваіх бацькоў. Хлопчык — гэта Невуцтва. Дзяўчынка — Нястача. Сцеражыся іх абодвух і ўсяго, што з імі звязана, але больш за ўсё сцеражыся хлопчыка, бо на яго ілбе напісана “Пагібель” — і хлопчык напраўду прынясе яе, калі надпісу не сцерці. Адмаўляй гэта! — ускрыкнуў Дух, працягваючы рукі ў бок горада. — Выкляні тых, хто будзе папярэджваць! Выкарыстай невуцтва і нястачу дзеля свае мэты і распаўсюдзь іх! І чакай канца!
— Няўжо ў іх няма падтрымкі ці прыстанку? — запытаў Скрудж.
— Хіба ў нас не хапае турмаў? — пацікавіўся Дух, зноў звяртаючыся да Скруджа з яго ўласнымі словамі. — А працоўных дамоў?
Гадзіннік прабіў дванаццаць.
Скрудж азірнуўся, шукаючы Духа, але таго ўжо не было. Калі гудзенне апошняга ўдару сціхла, Скрудж успомніў прадказанне старога Джэйкаба Марлі і, падняўшы вочы, убачыў, як велічны прывід, захутаны ў плашч з капюшонам, плыве яму насустрач, як плыве над зямлёю туман.
Страфа чацвертая. Апошні дух
Прывід набліжаўся — маўкліва, марудна, сувора. Здавалася, што, рухаючыся ў паветры, ён развейвае змрок і таямнічасць, а таму, калі госць наблізіўся, Скрудж стаў на адно калена.
Дух быў захутаны ў непраглядна чорнае ўбранне, якое хавала яго галаву, твар, постаць — бачнай заставалася толькі працягнутая рука. Калі б не гэтая рука, Прывід амаль не выдзяляўся б на фоне ночы і зліваўся б з цемрай, якой быў аточаны.
Калі высокая велічная здань спынілася ля Скруджа, той адчуў, што яе таямнічая прысутнасць напаўняе яго святарным жахам. Нічога іншага ён не адчуваў, бо Дух нічога не казаў і не рабіў.
— Ці бачу я перад сабой Духа Будучых Калядаў? — спытаў Скрудж.
Дух прамаўчаў, але паказаў рукой удалеч.
— Ты збіраешся паказаць мне цень таго, што яшчэ не адбылося, але адбудзецца ў будучыні? — працягваў Скрудж. — Так, Дух?
Верхнія складкі прывіднага ўбрання на імгненне варухнуліся, нібыта Дух кіўнуў. Іншага адказу Скрудж не атрымаў.
Хаця за апошнія дні Скрудж прызвычаіўся да кампаніі духаў, гэтая маўклівая здань палохала яго да дрыжыкаў у нагах. Падрыхтаваўшыся ісці за Духам, Скрудж зразумеў, што зараз можа ўпасці. Прывід, нібыта заўважыўшы яго стан, на хвілінку затрымаўся і даў Скруджу прыйсці ў сябе.
Але Скруджу зрабілася толькі горш. Сама думка пра тое, што з-пад гэтага цёмнага савану за ім пільна сочаць прывідныя вочы, а ён, нават напружыўшы зрок, не можа разгледзець нічога, апроч рукі здані і вялікага згустку цемры, прымушала яго трымцець ад невыразнага і незразумелага страху.
— Дух Будучыні! — усклікнуў Скрудж. — Я баюся цябе больш за іншых прывідаў, якіх бачыў! Але я ведаю, што ты хочаш мне дабра, бо я спадзяюся стаць новым чалавекам, а таму гатовы далучыцца да цябе — і зраблю гэта з удзячным сэрцам. Ты нічога мне не скажаш?
Адказу не было, толькі рука ўсё гэтак жа паказвала наперад.
— Вядзі мяне! — прамовіў Скрудж. — Вядзі! Ноч хутка мінае, і я ведаю, што час дарагі. Вядзі мяне, Дух!
І Дух рушыў наперад — так, як прыляцеў да Скруджа. Скрудж паспяшаўся за ім у цені прывіднага ўбрання, якое, здавалася, трымала яго над зямлёю і цягнула за сабой.