Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Калядны харал

Дыкенс Чарлз

Шрифт:

Яны нават не ўвайшлі ў горад — хутчэй сам горад наскочыў на іх і атачыў з усіх бакоў. Яны апынуліся ў яго сэрцы, на Біржы, сярод гандляроў, якія бегалі туды-сюды, і пазвоньвалі манетамі ў кішэнях, і нешта абмяркоўвалі, і пазіралі на гадзіннікі, і задуменна гуляліся з масіўнымі залатымі пячаткамі — і гэтак далей, Скрудж бачыў усё гэта не раз.

Дух спыніўся ля невялікае групкі дзялкоў. Заўважыўшы, што прывідная рука паказвае на іх, Скрудж падышоў і прыслухаўся да гаворкі.

— Ды не, нічога асаблівага я не ведаю, — прамовіў вялікі тоўсты мужчына з пачварным падбароддзем. — Ведаю толькі, што ён памёр.

— Калі? — спытаў другі.

— Здаецца, мінулай ноччу.

— Што з ім магло здарыцца? — пацікавіўся трэці, беручы з вялізнае табакеркі надзвычайную панюшку. — Мне здавалася, ён ніколі не памрэ.

— Бог яго ведае… — прамармытаў першы і пазяхнуў.

— А як наконт яго грошай? — спытаў чырванатвары джэнтльмен з абвіслай нарасцю на носе, якая трэслася, як у індыка.

— Нічога пра гэта не чуў, — адказаў чалавек з вялікім падбароддзем, зноў пазяхаючы. — Відаць, пакінуў фірме. Мне дык дакладна не пакінуў, а больш я нічога не ведаю.

Жарт сустрэлі гучным рогатам.

— Пахаванне будзе, мабыць, вельмі сціплым, — працягнуў чалавек з падбароддзем. — Шчыра кажучы, не ўяўляю, хто б туды пайшоў. Можа, збярэм кампанію ахвотнікаў?

— Я не супраць, калі чакаюцца хаўтуры з пачастункам, — адзначыўся спадар з нарасцю на носе. — Калі ўжо я іду, мяне трэба карміць.

Зноў рогат.

— Што ж, відаць, я сярод вас самы бескарыслівы, — сказаў чалавек з падбароддзем, — бо чорных пальчатак не нашу і ніколі не ем другога сняданку. Але калі хтосьці далучыцца, то пайду, бо атрымліваецца, што я быў ледзь не найлепшым яго сябрам: пры сустрэчы мы заўсёды спыняліся і гаманілі. Да пабачэння!

Слухачы і суразмоўцы разышліся і перамяшаліся з іншымі групамі. Скрудж ведаў усіх прысутных і, чакаючы тлумачэння, глядзеў на Духа.

Прывід выплыў на двор. Яго палец паказаў на дваіх, якія толькі што сустрэліся. Скрудж зноў прыслухаўся, спадзеючыся нешта зразумець.

Гэтых дваіх ён таксама цудоўна ведаў. Абодва дзялкі, багатыя і ўплывовыя. Скрудж вельмі цаніў іх добрае да сябе стаўленне — з дзелавога, з выключна дзелавога гледзішча.

— Добры дзень, — сказаў адзін.

— Дзень добры, — адгукнуўся другі.

— Ну што, — прадоўжыў першы, — стары спрут атрымаў урэшце сваё, га?

— Кажуць, што так, — адказаў другі. — Холадна, каб яго!

— Самае тое для Калядаў. Вы, напэўна, не аматар канькоў?

— Не-не, што вы! І без таго хапае чым заняцца. Добрага вам дня!

І больш нічога. Вось так сустрэліся, пагаварылі і разышліся.

Спачатку Скрудж быў гатовы здзівіцца, што Дух надае значэнне такой дробязнай размове, але потым падумаў, што тут ёсць нейкі схаваны сэнс, а таму пастанавіў разабрацца, у чым жа рэч. Наўрад ці гэта звязана са смерцю яго старога кампаньёна Джэйкаба, бо той памёр даўнавата, а вотчынай Духа была будучыня. Ён не ўспомніў больш нікога са свайго атачэння, пра каго магла б весціся гэтая гаворка. Але не сумнеючыся, што словы гэтыя, каго б яны ні датычылі, нясуць глыбінную мараль, важную для яго ўдасканалення, Скрудж вырашыў захаваць, як скарб, усё, што пачуў, усё, што ўбачыў, і асабліва тое, што будзе звязанае з ценем яго ўласнай будучыні, як толькі ён з’явіцца. Ён чакаў, што яго будучыя паводзіны дадуць яму ключ, якога цяпер так не хапае, і дапамогуць лёгка развязаць усе гэтыя загадкі.

Ён шукаў на Біржы свой цень, але ў яго звычайным куце стаяў іншы чалавек, хаця гадзіннік сведчыў, што Скруджу самы час быць на месцы. Сярод дзялкоў, якія натоўпамі ўвальваліся праз парадны ўваход, ён не заўважаў нікога, падобнага да сябе. Аднак гэта не надта яго здзівіла: усе яго думкі круціліся вакол чаканых пераменаў, а таму ён спадзяваўся, што бачыць вынікі ўжо прынятага рашэння.

Змрочна і маўкліва стаяў ля яго прывід з выцягнутай рукой. Калі Скрудж адарваўся ад задуменнага пошуку сябе, яму ўявілася, што нябачныя вочы пільна на яго глядзяць — бо на яго цяпер паказвала прывідава рука. Скрудж скалануўся і адчуў, што ледзянее.

Пакінуўшы тлумную Біржу, яны апынуліся ў аддаленым раёне Лондана, дзе Скрудж ніколі раней не бываў, хаця ведаў пра яго існаванне і дрэнную славу. Вуліцы тут былі вузкія і агідныя, крамы і дамы — бедныя, людзі — ледзь апранутыя, п’яныя, неахайныя і брыдкія. Незлічоныя памыйныя сцёкі арак і завулкаў вывяргалі на бязладныя вуліцы смурод, бруд і людзей, як праклён, і ўвесь квартал прасмярдзеў злачынствамі, распустай і жабрацтвам.

У глыбіні гэтага берлагу кепскае славы стаяла нізкая, нібыта прыціснутая да зямлі аднасхільным дахам крамка, дзе закуплялася жалеззе, рвань, бутэлькі, косткі і іншы зашмальцаваны хлам. Там на падлозе грувасціліся горы паржавелых ключоў, цвікоў, ланцугоў, дзвярных петляў, напільнікаў, чашаў і гірак ад вагаў і іншых самых розных жалезных адкідаў. У кучах незразумелага рыззя, камяках прагнілага тлушчу і цэлых магільнях касцей захоўваліся і выношваліся такія таямніцы, што няшмат знайшлося б ахвотных спазнаць іх. І сярод усяго гэтага тавару сядзеў ля вугальнае печкі, складзенай са старых цаглінаў, сівы махляр гадоў сямідзесяці, які адгарадзіўся ад холаду на дварэ смуродлівай фіранкай з разнабойных лахманоў, развешаных на вяроўцы, і курыў сваю піпку, цешачыся самотай і цішынёй.

Калі Скрудж і Дух наблізіліся да гэтага чалавека, у крамку акурат пракралася нейкая жанчына з важкім скруткам. Не паспела яна ўвайсці, як да яе далучылася яшчэ адна, гэтак жа нагружаная, а за ёй праслізнуў мужчына ў выцвілым жалобным строі — убачыўшы астатніх, ён здзівіўся не менш, чым перад тым яны, убачыўшы адна адну. Пасля нядоўгага здзіўленага маўчання, якое раздзяліў і стары з піпкай, усе трое выбухнулі рогатам.

— Хай падзённіца будзе першай! — усклікнула жанчына, якая з’явілася раней за астатніх. — Тады пралля будзе другой, а памочнік трунара — трэцім. Слухай, старэча Джо, вось дык штука! Мы ж прыйшлі сюды не згаворваючыся!

— Лепшага месца для сустрэчы не знойдзеш, — заявіў стары Джо, дастаючы піпку з рота. — Заходзьце ж у гасцёўню. Ты дарогу ведаеш даўно, дый гэтыя двое тут таксама не чужыя. Пачакайце, я зачыню дзверы. Авохці мне, ну яна і скрыпае! Няма ў крамцы іржавейшай жалезкі, чым гэтыя петлі, і старэйшых касцей, чым мае. Ха-ха-ха! Самае нам месца ў крамцы старызны, усе мы тут аднаго балота чэрці. То заходзьце ў гасцёўню! Заходзьце!

Гасцёўняй называлася частка пакоя за смуродлівай фіранкай. Металічным прутом ад лесвічнага дывана стары падгроб вуголле, пасля паправіў муштуком кнот на закуранай лямпе (быў позні вечар) і зноў засунуў піпку ў рот.

Жанчына, якая завяла гаворку, скінула скрутак на падлогу і ганарліва расселася на зэдліку, склаўшы рукі на каленях і з дзёрзкім выклікам пазіраючы на астатніх візіцёраў.

— Ну і што, місіс Дылбер? Якая ўжо цяпер розніца? — спытала яна. — Кожны мусіць клапаціцца пра сябе. Ён дык заўсёды клапаціўся!

— І тое праўда, — падхапіла пралля. — Больш, чым хто іншы.

— Ну тады не стой так, цётка, і не вылуплівайся на мяне, быццам кагосьці баішся! Хто пра гэта даведаецца? Гад гада не джаліць, так жа?

— Не джаліць, — у адзін голас адказалі місіс Дылбер і мужчына. — На гэта і надзея!

— Ну і цудоўненька! — усклікнула жанчына. — Тады хопіць пра гэта. Каму будзе горш ад парачкі зніклых рэчаў? Дакладна не мерцвяку!

— Твая праўда! — засмяялася місіс Дылбер.

— Калі б гэты чортаў жмінда так хацеў захаваць усё пасля смерці, — прадоўжыла жанчына, — чаму ён не жыў па-чалавечы? Знайшоўся б нехта за ім прыгледзець, калі яго сцапае кашчавая. І не здох бы ён так — зусім адзін.

— Праўдзівейшых словаў свет не чуў! — сказала місіс Дылбер. — Гэта яму пакаранне.

Поделиться с друзьями: