Калыска чатырох чараўніц
Шрифт:
Аконам знікае.
Ах, быдла! Ах, якое паскуднае быдла!
Янка (крыху азадачаны). Вас так абразіла знявечаная мова польская?
Чаховіч. Ат, глупства... Аднойчы мужык у лесе ўбачыў, што маланкі б’юць у корч. Аж гэта бог ваюе з чортам, ды ніяк не трапіць. А чорт на кожную маланку – дулю, дулю ў неба. Мужык падумаў: “Трэба памагчы”. Зарадзіў стрэльбу срэбнай куляй ды я-ак пальне – чорт і пятамі накрыўся. Тут з неба голас: “Бэндзеш збавёны”. Мужык за галаву схапіўся: “Маці мая, і там палякі...” Я тутэйшы – мовы польскай. А жонка мая, Анэля Арамавічуўна, з польскіх лютэранак. Рэч ненатуральная. Усе адно як шчаслівы геній, смярдзючая ружа... манарх-дэмакрат... дыктатар-народалюбца... свядомы свайго паходжання тутэйшы. Дый дзеці мае... большыя католікі, чым папа рымскі. Больш самотнага ўявіць сабе нельга. Адзін. Чужы я. Усім.
Янка. Таму што калісь паверылі, нібы вы з сябрамі хочаце прыгон вярнуць, зноў людзей прадаваць?
Чаховіч. I таму. Гінулі за вас. А народ паверыў агульнаму нашаму ворагу (разглядае сухія кулакі). Шкада, што ў свой час не здолелі па-сапраўднаму ўдарыць. Нават не за сябе, не за мужыка шкада. Шкада дзеля таго, што ходзяць па зямлі вось такія хамуйлы. Разбэшчаныя сваім рабствам перад моцнымі. Сваёй “уладай” над слабымі. А была ж у нас агульная справа.
Янка. I загінула.
Чаховіч. Так, знайшліся кнігаўкі, канюхі. Памятаеш казку: усе звяры і птушкі капалі студні, рэкі, ручаінкі, каб на зямлі была вада. А канюх сказаў, што працаваць не будзе, што яму і расы хопіць. I бог сказаў яму: хоць бы ты здыхаў, то нават у паводку будзеш прасіць “піць”!
У гэты час зноў, яшчэ больш настойліва загучаў Голас:
“...Боская кара ўсіх мусіць спаткаць Тых, хто, баючыся цярпення і мукі, Не хоча папраўдзе для ўсіх працаваць. Дык ведайце ж, браткі, хто к працы вялікай З вас рук прылажыць не захоча сваіх, Такому бог скажа: “Піць!” Цэлы век клікай I будзь праклінаны ад браццяў сваіх”.Янка (схамянуўшыся). Вы сказалі нешта, пане Цыкмун?
Чаховіч (са здзіўленнем). Не... А... што такое?
Янка. Разумееце, галасы. Ні ўдзень ні ўначы не даюць спакою. Вырвацца хочуць, сказаць. Як хворы я.
Чаховіч (занадта ўважліва глядзіць на яго). Быць табе нечым або вельмі дрэнным, або надта добрым. Прапаведнікам, місіянерам сярод глухіх абэлтусаў... Паэтай.
Янка. Але яны... не па-польску... I... ні на якой іншай мове.
Чаховіч. А ты паляк?
Янка . Хто ведае. У касцёле... Дый там, як гэны аконам.
Чаховіч. Ну, гэта крый цябе божа.
Янка. Проста... тутэйшы я.
Чаховіч. Ну, гэта ўжо лепей. Але такога яшчэ ніхто не рабіў. Дый як рабіць? Гавораць – і я таксама – як з пушчы.
Янка. Гавораць прыгожа. Запісаць няма як.
Чаховіч. Запісаць?.. Ну-у.
Янка. Пане (бярэ кнігу), а вось тут у “Філасофіі гісторыі польскай”. Нейкія лісткі невялічкія. I... неяк больш падобна як у нас людзі гавораць.
Чаховіч (бярэ лісткі). А-ёй. А я яшчэ й гадаў, куды я іх тады засунуў. Глядзі, і пры вобыску не знайшлі. Ну-у, шчаслівы мой бог. А тое б не дванаццаць год катаргі, а... (Пацірае шыю.)
Янка . Словы незвычайныя – мароз па скуры.
Чаховіч. Словы звычайныя. Сэнс незвычайны – таму і мароз. “I як добра слуга глядзіць худобы гаспадарскай і слухае свайго гаспадара, так добры ронд, урад, глядзець павінен шчасця людзей, слухаць народу і рабіць так, як народаві лепей... бо не народ зроблены для ронду, а ронд для народу. А ў нас, дзецюкі, чы гэтак?” Ну так, так. Суды – воўчая яма. Войска – не каб людзей берагчы, а не дазволіць народу і застагнаць... “Дзяры з нас, цар, дзяры з нас, чыноўнікі яго, хаця да астатняй шкуры; но памятайце, што і на вас прыйдзе пара...” I салдатчына (бярэ другі лісток): “Забыці там трэба, што ёсць у нас наша бацькаўшчына... I аддаць жыццё не за дабро і шчасце ўсіх, а за ліха і вечную няволю нашых братоў”.
Янка. Хто гэта?
Чаховіч. Гэта мой сябар. Ліцвін, сепарыста. Тутэйшы.
Янка. Словы. Нашы словы.
Чаховіч. Сябе не помніў ад захаплення гэтым... I быў лепшы на свеце чалавек, якога мне даводзілася сустракаць... I быў павешаны за гэта.
Янка . Як... за слова?
Чаховіч. За справу і слова. Кастусь-Вікенці Каліноўскі. Дваццаці шасці год.
Янка. На сем год старэйшы. Няўжо ў такія гады можна зрабіцца настолькі страшным?
Зноў за акном грымоты, але чуюцца стрэлы, тупат ног, гарматныя залпы. I святло маланак як пажар.
Чаховіч. Якія раннія навальніцы ў гэтым годзе. Яшчэ ж і вясны амаль няма. Грыміць і грыміць.
Янка. Прарочыць нешта.
Чаховіч. Што нам можа нешта прарочыць? Знову кроў... I вось нічога. Нічога мы не здабылі тады сваёй крывёй. Бо чужыя. Не душою – словам... І вось лепшым – шыбеніцы. А тым, што крыху горай, – тачкі ў рудніках. Ведаеш, што такое Нерчынскія горы? Гэта свінцова-срэбныя шахты. Вось мяне – туды. А я ж быў толькі сябрам Кастуся. І экспедытарам паўстання. А ты ведаеш, што такое свінцовае атручванне? Гэта калі дыхаеш пылам, што змяшчае свінец. Дзясны аспіднага колеру... Нудзіць... Баліць... Колікі... Эпілептычныя сутаргі... Растройства розуму... Паралюш. Чаму на золаце пад Нерчынскам катаргу адмянілі, а на свінцы – не? Таму што нармальны чалавек на свінец не пойдзе.
Янка. I гэта – за слова?
Чаховіч. Слова. “Спачатку было Слова. І Слова было ў бога. І бог быў Слова”. Я да свінцовага скону не дайшоў. Лічылі: ідэаліст. Але, ідэаліст. Але ідэалізм у сэнсе адданасці ідэі – гэта не матэр’ялізм напхатага пуза...
Янка . I вось мужыкоў зганяюць з зямлі.
Чаховіч. Кідаюць яны свае верасовыя пусткі, ідуць у свет, галадаюць.
Янка (дастаючы хатулёк, муляецца). Пане Цыкмун... Вось тут... Сыру крыху. Прабачце... Масла... Ну, вяндліны...
Узнятая рука старога здрыганулася. Ён адыходзіць да акна. Маўчанне. Стары маўчыць, і ў яго калоцяцца худыя лапаткі.
Ды не біце вы мяне.
Чаховіч (справіўшыся). Нічога. Нічога. Гэта прайшло. Толькі мы будзем разам. Разам.
Яны раскладаюць ежу на століку. Янка толькі робіць выгляд, што есць.
Сынок... Дзякуй табе... Гэта мне ўзнагарода... За чужую жонку. Чужых дзяцей... Чужы народ... Нездарма мы... Я... I калісьці ўсе разам за адзін стол. Я не дажыву, можа, і ты. Але разам за адзін стол...