Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Казкi (на белорусском языке)
Шрифт:

I яна зноў пачала з iм размову i назадавала яму шмат цяжкiх пытанняў, на якiя i сама не змагла б адказаць. Цень зрабiў здзiўленую мiну.

– Дык вы не можаце адказаць мне?
– спытала прынцэса.

– Усё гэта я вывучаў яшчэ ў дзяцiнстве!
– адказаў цень.
– Я думаю, нават цень мой, якi стаiць ля дзвярэй, зможа адказаць вам.

– Ваш цень?!
– здзiвiлася прынцэса.
– Гэта было б проста незвычайна!

– Я, цi бачыце, сцвярджаю, - сказаў цень, - але думаю, што ён можа, - ён жа гэтулькi гадоў неразлучны са мной i трохi наслухаўся мяне! Але, ваша каралеўская вялiкасць, дазвольце мне звярнуць вашу ўвагу на адну акалiчнасць. Цень мой вельмi ганарыцца тым, што слыве чалавекам, i калi вы не хочаце сапсаваць яму настрой, вам трэба абыходзiцца з iм, як з чалавекам! Iначай ён не будзе ў стане адказваць як трэба.

– Што ж, гэта мне падабаецца!
– адказала прынцэса i, падышоўшы да вучонага, якi стаяў каля дзвярэй, загаварыла з iм пра сонца, пра месяц, пра знешнiя i ўнутраныя бакi i ўласцiвасцi жыцця чалавечай прыроды.

Вучоны адказваў на ўсе яе пытаннi добра i разумна.

"Што гэта павiнен быць за чалавек, - падумала прынцэса, - калi нават цень яго такi разумны! Для майго народа i дзяржавы будзе сапраўдным дабрадзействам, калi я выберу яго сабе мужам. Так я i зраблю!"

I хутка яны вырашылi памiж сабой гэтае пытанне. Нiхто, аднак, не павiнен быў ведаць нiчога, пакуль прынцэса не вернецца дамоў, у сваю дзяржаву.

– Нiхто, нiхто, нават мой уласны цень!
– настойваў цень, якi меў на гэта сваю прычыну.

Нарэшце яны прыбылi ў краiну, якой кiравала прынцэса, калi бывала дома.

– Паслухай, дружа!
– сказаў тут цень вучонаму.
– Цяпер я дасягнуў вышэйшага шчасця i магутнасцi чалавечай i хачу зрабiць тое-сёе i для цябе! Ты застанешся пры мне, будзеш жыць у маiм палацы, ездзiць са мной у каралеўскай карэце i атрымлiваць сто тысяч рыксдалераў у год. Але за гэта ты павiнен дазволiць называць цябе ценем усiм i кожнаму. Ты не павiнен i заiкацца, што быў калi-небудзь чалавекам. А раз у год, у сонечны дзень, калi я буду на балконе перад усiм народам, ты павiнен будзеш ляжаць ля маiх ног, як i патрэбна ценю. Трэба табе сказаць, што я жанюся на прынцэсе; вяселле - сёння вечарам.

– Не, гэта ўжо абы-што!
– ускрыкнуў вучоны.
– Не хачу я гэтага i не зраблю! Гэта азначала б - абманьваць усю краiну i прынцэсу! Я скажу ўсё! Скажу, што я чалавек, а ты толькi пераапрануты цень - усё, усё скажу!

– Нiхто не паверыць табе!
– сказаў цень.
– Ну, будзь жа разважным, а то я паклiчу варту!

– Я пайду да прынцэсы!
– сказаў вучоны.

– Ну, а я траплю да яе раней за цябе!
– сказаў цень.
– А ты пойдзеш пад арышт.

Так i сталася: варта падпарадкавалася таму, за каго, як усе ведалi, выходзiла замуж прынцэса.

– Ты дрыжыш!
– сказала прынцэса, калi цень зайшоў да яе.
– Што-небудзь здарылася? Не захварэй, глядзi! Сёння ж вечарам наша вяселле!

– Ах, я пражыў толькi што страшную хвiлiну!
– сказаў цень.
– Падумай... Ды цi шмат, па сутнасцi, патрэбна мазгам якога-небудзь няшчаснага ценю!.. Падумай, мой цень звiхнуўся, уявiў сябе чалавекам, а мяне называе - падумай толькi - сваiм ценем!

– Якi жах!
– сказала прынцэса.
– Спадзяюся, яго замкнулi?

– Вядома, але я баюся, што ён нiколi не апамятаецца!

– Бедны цень!
– уздыхнула прынцэса.
– Ён вельмi няшчасны! Было б сапраўдным дабрадзействам пазбавiць яго ад той часцiнкi жыцця, якая яшчэ ёсць у iм. А калi добра падумаць, дык, па-мойму, нават неабходна пакончыць з iм як найхутчэй i без шуму!

– Усё-такi гэта жорстка!
– сказаў цень.
– Ён быў маiм вечным слугой!
– i цень прытворна ўздыхнуў.

– У цябе высакародная душа!
сказала прынцэса.

Вечарам увесь горад быў iлюмiнаваны, грымелi гарматныя стрэлы, салдаты вiталi стрэльбамi. Вось было вяселле! I прынцэса з ценем выйшлi на балкон паказацца народу, якi яшчэ раз пракрычаў iм "ура".

Вучоны не чуў гэтай радасцi - з iм ужо ўсё было скончана.

БРЫДКАЕ КАЧАНЯ

Хораша было за горадам! Стаяла лета. На полi ўжо залацiлася жыта, авёс зелянеў, сена было складзена ў стагi; па зялёным лузе пахаджваў даўганогi бусел i балакаў па-егiпецку - гэтай мове ён навучыўся ад сваёй мацi. За палямi i лугамi цямнеў вялiкi лес, а ў лесе хавалiся глыбокiя сiнiя азёры. Так, хораша было за горадам! Сонца асвятляла старую сядзiбу, абкружаную глыбокiмi канавамi з вадой. Уся зямля - ад сценаў хаты да самай вады - зарасла лопухам, ды такiм высокiм, што маленькiя дзецi маглi стаяць пад самымi буйнымi яго лiстамi ў поўны рост.

У гушчары лопуху было гэтак жа глуха i дзiка, як у густым лесе, i вось там сядзела на яйках качка. Сядзела яна ўжо даўно, i ёй гэты занятак даволi-такi надакучыў. Да таго ж яе рэдка наведвалi, - iншым качкам было больш даспадобы плаваць па канаўках, чым сядзець у лопуху ды кракаць разам з ёю. Нарэшце яечныя шалупайкi затрашчалi.

Качаняты заварушылiся, застукалi дзюбкамi i высунулi галоўкi.

– Пiп, пiп!
– сказалi яны.

– Крак, крак!
– адказала качка.
– Паспяшайцеся.

Качаняты выкараскалiся сяк-так са шкарлупiны i сталi азiрацца наўкол, разглядваючы зялёныя лiсты лопуху. Мацi не перашкаджала iм - зялёны колер карысны для вачэй.

– Ах, якi вялiкi свет!
– сказалi качаняты.

Ну вядома! Зараз iм было куды вальней, чым у шкарлупiне.

– Цi не думаеце вы, што тут i ўвесь свет?
– сказала мацi.
– Ды не! Ён цягнецца далёка-далёка, туды, за сад, за поле... Але, шчыра кажучы, там я зроду не была!.. Ну што, усе ўжо выбралiся?
– I яна ўзнялася на ногi.
– Ды не, яшчэ не ўсе. Самае вялiкае яйка цалюткае! Ды калi ж гэтаму будзе канец! Я хутка зусiм страчу цярпенне.

I яна ўселася зноў.

– Ну, як справы?
– запытала старая качка, прасунуўшы галаву ў гушчар лопуху.

– Ды вось, з адным яйкам нiяк не магу справiцца, - сказала маладая качка.
Сяджу, сяджу, а яно ўсё не лопаецца. Затое зiрнi на тых малечаў, што ўжо вылупiлiся. Проста цуд! Усе, як адзiн, - у бацьку. А ён, нягоднiк, нават не наведаў мяне нi разу!

– Пастой, пакажы мне спачатку тое яйка, якое не лопаецца, - сказала старая качка.
– Цi не iндычынае яно, чаго добрага? Ну канешне! Вось менавiта так i мяне аднойчы ашукалi. А колькi клопатаў было ў мяне потым з гэтымi iндычанятамi! Ты не паверыш: яны гэтак баяцца вады, што iх не загонiш у канаву. Я й шыпела, i кракала, i проста штурхала iх у ваду, - не iдуць, ды i толькi. Дай хiба яшчэ раз зiрну. Ну, так i ёсць! Iндычынае! Кiдай яго ды iдзi вучы сваiх дзетак плаваць!

– Ды не, я, мабыць, пасяджу, - сказала маладая качка.
– Ужо столькi цярпела, што можна яшчэ крыху пацярпець.

– Ну i сядзi!
– сказала старая качка i пайшла.

I вось нарэшце вялiкае яйка трэснула.

– Пiп, пiп!
– запiшчала птушаня i вывалiлася са шкарлупiны. Але ж якое яно было вялiкае i брыдкае!

Качка агледзела яго з усiх бакоў i ўсплёснула крыламi.

– Жахлiвы вырадак!
– сказала яна.
– I зусiм не падобны на iншых! Цi ж не iндычанё гэта i на самой справе? Але ж у ваду ён у мяне патрапiць, хай сабе мне давядзецца спiхнуць яго туды сiлай!

Поделиться с друзьями: